Вы тут

Віртуозы слова. Мележ, Броўка, Чыгрынаў... Што агульнага ў класікаў беларускай літаратуры?


У 1980 годзе Алімпійскія гульні (дарэчы, першыя на тэрыторыі Усходняй Еўропы) прайшлі ў Савецкім Саюзе. Спартыўныя спаборніцтвы прымалі Масква, Талін, Кіеў, Ленінград і Мінск. Самы непасрэдны ўдзел у арганізацыі прыёму спартсменаў у беларускай сталіцы браў... філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.


Сяргей Важнік: «Дэвіз філфака — «Роднае трэба берагчы!»

Міністэрства адукацыі БССР па просьбе «Інтурыста» прапанавала яго кіраўніцтву падрыхтаваць 85 гідаў-перакладчыкаў са славянскіх моў. Адпаведна, кафедры агульнага і славянскага мовазнаўства было даручана за паўтара года падрыхтаваць гідаў па польскай, чэшскай, сербахарвацкай і балгарскай мовах. Для заняткаў на курсах адабралі 15 хлопцаў і 70 дзяўчат. Інтэнсіўная падрыхтоўка студэнтаў-перакладчыкаў праходзіла з 2 да 12 чэрвеня 1980 года. Штодзённыя заняткі працягласцю шэсць гадзін уключалі практыку мовы і грамадска- палітычную тэрміналогію, а таксама цыкл лекцый па спартыўным жыцці ў СССР і за яго межамі. У сувязі з Алімпіядай навучальны год быў скарочаны. Заняткі ў другім семестры завяршыліся да 1 мая, а летняя сесія праходзіла з 3 да 29 мая. Гэтымі фактамі з журналістам «Звязды» падзяліўся дэкан факультэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт Сяргей ВАЖНІК. Напярэдадні стогадовага юбілею ўніверсітэта мы пагутарылі з ім пра ўнікальнасць філалагічнага факультэта і яго ролю ў развіцці гуманітарных навук.

Новая старонка ў гісторыі

— Афіцыйна, як асобная структурная адзінка, філалагічны факультэт быў аформлены ў 1939 годзе. Фактычна ў той час і адбылося станаўленне класічнага факультэта класічнага ўніверсітэта. Але, зразумела, яго слаўная гісторыя распачалася значна раней, — падкрэслівае Сяргей Важнік. — У 1921 годзе, літаральна з першых дзён функцыянавання БДУ, тут пачынаюць выкладаць мову і літаратуру: спачатку на этнолага-лінгвістычным аддзяленні факультэта грамадскіх навук, а пасля яго рэарганізацыі — на педагагічным факультэце.

У 1951 годзе (пасля чарговай рэарганізацыі) у склад факультэта ўваходзілі чатыры аддзяленні: беларускай мовы і літаратуры, рускай мовы і літаратуры, журналістыкі, логікі і псіхалогіі. У 1967 годзе аддзяленне журналістыкі было рэарганізавана ў самастойны факультэт і на філалагічным факультэце засталіся два аддзяленні: беларускай мовы і літаратуры і рускай мовы і літаратуры.

Філалагічны факультэт быў самым буйным ва ўніверсітэце. У 1968/1969 навучальным годзе на ім навучаліся 2652 студэнты. І на працягу наступных сарака гадоў гэтая колькасць заставалася амаль нязменная.

Новая старонка ў гісторыі факультэта распачалася ў 1991 годзе. Пасля таго як Беларусь стала незалежнай дзяржавай, змяніліся і задачы, якія стаялі перад вядучым універсітэтам краіны. Патрабавалася вялікая колькасць спецыялістаў па заходнееўрапейскіх і славянскіх мовах. У 1993 годзе ў нас распачалася падрыхтоўка славістаў, у 1994-м — быў праведзены набор на спецыяльнасць «Класічныя мовы і літаратуры», на наступны год — на спецыяльнасці «Беларуская і нямецкая мова», «Беларуская і французская мова», «Беларуская і англійская мова», а з 2001 года стартавала падрыхтоўка кітаістаў.

На сённяшні дзень філалагічны факультэт БДУ ўяўляе з сябе найбуйнейшы цэнтр беларусістыкі, русістыкі і славістыкі ва Усходняй Еўропе. І ў гэтым яго ўнікальнасць, бо з намі могуць параўнацца толькі Маскоўскі і Санкт-Пецярбургскі дзяржаўныя ўніверсітэты. Толькі ў нас вядзецца падрыхтоўка славістаў на спецыяльнасці «славянскія мовы» адразу па шасці напрамках: паланістыка, украіністыка, балгарыстыка, багемістыка, славакаістыка і сербістыка. У нас самая моцная школа беларусістыкі і русістыкі ў Беларусі: на факультэце працуюць 26 дактароў навук.

Таксама філфак БДУ — гэта яшчэ і цэнтр кітайскай філалогіі ў нашай краіне. Мы можам нароўні канкурыраваць і з Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам, і з Рэспубліканскім інстытутам Канфуцыя БДУ, але ў нас ёсць свая адметнасць — мы выкладаем не толькі кітайскую мову, але і літаратуру, невыпадкова спецыяльнасць называецца «кітайская філалогія». Толькі ў нас мова і літаратура выкладаюцца прыкладна ў аднолькавым аб’ёме, плюс вывучаецца культура Кітая. І толькі ў нас на выхадзе выпускнікі атрымліваюць кваліфікацыю «філолаг, выкладчык замежнай мовы і літаратуры, перакладчык»: так бы мовіць, «два ў адным» — і выкладчык, і перакладчык. Прычым не звычайны перакладчык, а літаратурны. Тое ж датычыцца славянскай, рамана-германскай і класічнай філалогій.

Фундамент чалавечай культуры

— Вы сказалі, што філалагічны факультэт БДУ — гэта класічны факультэт класічнага ўніверсітэта. Які сэнс укладваеце ў гэтыя словы?

— Па-першае, мы маем сёння традыцыйны для філфакаў універсітэтаў усяго свету спектр спецыяльнасцяў: у нас ёсць руская філалогія, беларуская, класічная, рамана-германская і ўсходняя філалогія. Але я хацеў бы асобна спыніцца на місіі філалагічнага факультэта і прыгадаць словы Дзмітрыя Сяргеевіча Ліхачова, які казаў, што філалогія ляжыць у аснове не толькі навукі, але і ўсёй чалавечай культуры. Граматыка і рыторыка ўваходзілі ў склад сямі свабодных мастацтваў нароўні з арыфметыкай, геаметрыяй, музыкай, астраноміяй і логікай. У Еўропе, у Сярэднявеччы, адукаваным чалавекам мог лічыцца толькі той, хто вывучыў курс сямі свабодных мастацтваў — спачатку ў школах, а затым больш глыбока ва ўніверсітэтах на факультэтах мастацтваў. Такім чынам філалогія складала фундамент універсітэцкай адукацыі. Фундаментальныя гуманітарныя факультэты, такія як філалагічны, гістарычны, філасофскі, шмат у чым прадвызначаюць тое, як чалавек спасцігае свет. Перад чалавекам, які атрымлівае філалагічную адукацыю, адкрыты ўвесь вопыт, назапашаны тысячагоддзямі сусветнай культуры. У нас у руках — слова і мы вучым слову, а без яго не могуць існаваць ні чалавек як асоба, ні народ як нацыя.

Часам даводзіцца чуць пагардлівыя выказванні накшталт таго, што «філалогія — гэта толькі знакі прыпынку і арфаграфія». Між іншым, лінгвістыка — вельмі глыбокая навука, тая ж матэматыка ці нават «сапрамат». Няхай скептыкі паспрабуюць асвоіць і здаць «агульнае мовазнаўства».…

Зноў прыгадаю словы Дзмітрыя Ліхачова: «Літаратура — гэта не толькі мастацтва слова, а мастацтва пераадолення слова, набыццё словам асаблівай лёгкасці... Над усімі сэнсамі асобных слоў у тэксце, над тэкстам яшчэ лунае нейкі звышсэнс, які і ператварае тэкст з простай знакавай сістэмы ў сістэму мастацкую».

У творчай атмасферы

— Сяргей Аляксандравіч, у нашай краіне няма спецыялізаванай установы, дзе б рыхтавалі пісьменнікаў і літаратурных крытыкаў. У Маскве ёсць Літаратурны інстытут, а ў расійскіх творчых ВНУ ёсць спецыяльнасць «Літаратурная творчасць». Чаму б філфаку не ўзяць на сябе такую місію?

— Насамрэч мэтанакіравана мы пісьменнікаў не рыхтуем, але філалагічны факультэт — гэта альма-матэр класікаў беларускай літаратуры. Восем народных пісьменнікаў і паэтаў Беларусі з 17 скончылі філфак БДУ або выкладалі на ім: гэта Якуб Колас, Кандрат Крапіва, Пятрусь Броўка, Іван Мележ, Іван Навуменка, Іван Чыгрынаў. Дарэчы, у 2018 годзе на факультэце адкрылася аўдыторыя «Народныя паэты і пісьменнікі Беларусі». Кабінет стаў не проста мемарыяльным комплексам памяці, але і інавацыйнай пляцоўкай для педагагічнай дзейнасці. Навучальны працэс там праходзіць з выкарыстаннем новых інфармацыйных тэхналогій.

Выпускнікамі філфака з’яўляюцца Алесь Разанаў, Генадзь Бураўкін, Алесь Бадак, Адам Мальдзіс, Людміла Рублеўская, Іван Чарота, Анатоль Бутэвіч і многія іншыя майстры літаратурнага слова. Можа быць, гэта звязана з тым, што тут створаны ўсе ўмовы, каб чалавек раскрываўся ў творчым і літаратурным плане. На філфаку пэўны час дзейнічала літаратурнае аб’яднанне «Узлёт», якое ўзначальваў колішні дэкан Алег Антонавіч Лойка. Менавіта з «Узлету» і выляталі ў свет «зоркі» беларускай літаратуры. А сёння на філфаку дзейнічаюць літаратурнае аб’яднанне «Альтанка», Школа маладога аўтара, Клуб аматараў фантастыкі, гурток «Роднае слова», гурток перакладчкаў кітайскай літаратуры на беларускую мову. Паспяхова працуе студэнцкая прэс-служба філалагічнага факультэта, выпускаецца газета «Слова». А злёт студэнтаў на малой радзіме народнага паэта Беларусі Янкі Купалы ў Вязынцы ўжо больш як 40 гадоў лічыцца галоўным святам філалагічнага факультэта. Між іншым, у 2000-х гадах патрыятычна-асветніцкая акцыя «Вязынка» набыла статус агульнаўніверсітэцкай.

Хачу дадаць, што на беларускай філалогіі у нас ёсць два асноўныя напрамкі: гэта літаратурна-выдавецкая дзейнасць і дзелавая камунікацыя. Дык вось, у рамках літаратурна- выдавецкай дзейнасці вядзецца ў тым ліку і падрыхтоўка будучых літаратараў.

«Профі» ў лінгвістычнай экспертызе

— А ў якіх увогуле сферах сёння запатрабаваныя выпускнікі філалагічнага факультэта?

— Спектр прымянення талентаў нашых выхаванцаў вельмі шырокі. І гэта не толькі сфера адукацыі. Напрыклад, выпускнікі «літаратурна-выдавецкай дзейнасці» працуюць у літаратурных музеях, архівах, рэдакцыях радыё, тэлебачання, газет, часопісаў, у выдавецтвах, у тым ліку і ў Выдавецкім доме «Звязда». Маладыя людзі, якія маюць навуковыя здольнасці, паступаюць у аспірантуру, потым іх чакаюць у Інстытуце мовы і літаратуры Акадэміі навук ці іншых навуковых установах. Шмат нашых выпускнікоў працуе ў Нацыянальнай бібліятэцы. Адна з арганізацый, дзе ахвотна прымаюць выпуснкікоў філфака, — Дзяржаўны камітэт судовых эспертыз. Апошнім часам вельмі запатрабаваны стаў такі напрамак, як лінгвістычная экспертыза. У нашых планах разам з юрыдычным факультэтам развіваць міждысцыплінарную, міжфакультэцкую вучэбную праграму, звязаную з падрыхтоўкай судовых экспертаў у галіне лінгвістычнай экспертызы.

Выпускнікі «Рамана-германскай філалогіі» могуць працаваць у міжнародных кампаніях у сферы дзелавой камунікацыі.

Дадам, што калі ідуць перагаворы Прэзідэнта Беларусі з лідарамі славянскіх краін, у якасці перакладчыкаў запрашаюць менавіта нашых спецыялістаў. І калі наш славуты барысаўскі футбольны клуб «БАТЭ» гуляў у Лізе чэмпіёнаў і Лізе Еўропы, каб праводзіць на належным узроўні прэс-мерапрыемствы, па дапамогу звярталіся таксама менавіта да нас.

Максім Багдановіч — на японскай мове

— А ці карыстаецца попытам філфак у замежных грамадзян? І наколькі цікавая замежнікам беларуская мова?

— На дзённай форме першай ступені вышэйшай адукацыі на «Рускай філалогіі» і «Рамана-германскай філалогіі» ў нас навучаецца больш як 500 студэнтаў з замежных краін: Кітая, Туркменістана, Турцыі, Ірана, Японіі, Паўднёвай Карэі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі і іншых. Да таго ж да 80 чалавек штогод прыязджае на стажыроўку на філфак з Польшчы, Бельгіі, Германіі, Чэхіі, Сербіі, Францыі, Венгрыі і краін Азіі. Увогуле, па колькасці замежных студэнтаў мы ва ўніверсітэце — лідары.

І да беларускай мовы цікавасць з боку замежнікаў таксама ёсць. Прычым не толькі ў студэнтаў, але і ў навукоўцаў. Беларускай мовай цікавяцца нават у Японіі. Усё ж такі гэта краіна — вельмі ад нас далёкая, а японская мова моцна адрозніваецца ад беларускай і сваёй графічнай сістэмай, і фанетычнымі асаблівасцямі. Тым не менш, дацэнт кафедры сучаснай беларускай мовы філфака БДУ Таццяна Рамза і Сіёры Кіёсава з універсітэта горада Цукуба стварылі дапаможнік «Спрабуйма!» — курс беларускай мовы для пачаткоўцаў — носьбітаў японскай. Сіёры Кіёсава праходзіла на нашым філфаку стажыроўку і цяпер выкладае беларускую мову студэнтам у Японіі.

Не так даўно на японскую мову пачала перакладацца паэзія Максіма Багдановіча. Напрыклад, прадстаўнік універсітэта з Токіа Кэн Сібата не так даўно пераклаў на японскую мову «Раманс» беларускага паэта. Яшчэ раней было праведзена даследаванне паэзіі Багдановіча з улікам традыцый японскай паэзіі «Паэзія Максіма Багдановіча ў перакладзе на японскую мову». У навуковым артыкуле параўноўваюцца санеты беларускага і японскага паэта Арыакэ Камбара. Праз гэта параўнанне выяўляецца падабенства і спецыфіка развіцця японскай і беларускай паэзіі ХХ стагоддзя. Прыведзеныя факты сведчаць на карысць актуальнасці перакладу твораў Максіма Багдановіча на японскую мову.

У рамках ХІХ Рэспубліканскай выстаўкі навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі філфак БДУ прэзентаваў праект «Наша Радзіма на картах і гравюрах XVІ-XVІІ стагоддзяў». Студэнты пераклалі з лацінскай на беларускую і рускую мовы легенды чатырох карт і гравюр з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея.

У бягучым годзе выдадзена першая кніга з серыі «Замежная беларусістыка» — «Выбраныя працы па беларускім мовазнаўстве» аўстрыйскага лінгвіста, намесніка старшыні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, прафесара Зальцбургскага ўніверсітэта Германа Бідэра. У апрадстаўлены больш за 50 публікацый, у тым ліку датаваны 1973 годам артыкул пра мову гістарычнага дакумента Статута Вялікага Княства Літоўскага 1529 года. У кнігу ўключаны таксама копіі рукапісу першай беларускай граматыкі Антона Луцкевіча, прызначанай для настаўніцкіх курсаў у 1915–1916 навучальным годзе.

Задуманая серыя «Замежная беларусістыка» дазволіць паказаць ролю замежных навукоўцаў у даследаванні праблем беларускай мовы і літаратуры. Запланавана выданне зборнікаў абраных работ вядомых навукоўцаў-беларусазнаўцаў Альдэнбургскага ўніверсітэта імя Карла фон Асецкага (Германія), Будапешцкага ўніверсітэта імя Лоранда Этвеша, Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, Лонданскага ўніверсітэта, Варшаўскага, Беластоцкага ўніверсітэтаў і іншых. Аўтары гэтых даследаванняў актыўна супрацоўнічаюць з Беларускім дзяржаўным універсітэтам, выступаюць з лекцыямі, удзельнічаюць у навуковых канферэнцыях і сумесных праектах, займаюцца вывучэннем беларускай мовы і літаратуры, культуры і гісторыі Беларусі.

— На філалагічным факультэце дзейнічае Школа юнага філолага. Што гэта за праект?

— Яго мэта — прафарыентацыя і папулярызацыя філалагічных ведаў сярод школьнікаў. Работа вядзецца па некалькіх напрамках: ёсць Школы юнага беларусіста і юнага русіста, Школа юнага літаратуразнаўца і фалькларыста, Школа літаратурнага блогера, школы юнага кітаязнаўцы, лацініста, італьяніста, германіста... Мы будзем працаваць нават з адным школьнікам, які праявіць цікавасць да таго ці іншага напрамку.

Заняткі ў школе — бясплатныя. Іх вядуць маладыя выкладчыкі — нашы аспіранты і магістранты. І робяць гэта цікава, па-сучаснаму. Яны па ўзросце бліжэйшыя да школьнікаў, больш разумеюць іх патрэбы і «пакуты выбару», бо нават у рамках філфака, улічваючы мноства напрамкаў падрыхтоўкі, зрабіць такі выбар няпроста.

— Вы згадалі Школу літаратурнага блогера. Блогерства — папулярная тэма сярод моладзі. Многія мараць быць імі. Але тут іншы ўхіл: трэба не проста ўмець фармуляваць свае думкі, каб «зачапіць» увагу сваіх падпісчыкаў, але пры гэтым быць яшчэ і начытаным…

— Сярод нашых выкладчыкаў ёсць людзі, якія прафесійна займаюцца літаратурным блогерствам, і ім ёсць, што расказаць і школьнікам, і студэнтам. Заняткі праводзяць таксама запрошаныя госці-эксперты. «Літаратура і медыя», «Маркетынг у літаратуры», «Літаратура і сеціва», «Пісьменнік у сеціве і чытач у сеціве», «Буктрэйлер як спосаб папулярызацыі кнігі», «Сторытэлінг», «Літаратура ў гарадской прасторы», «Новыя фарматы бібліятэк» — вось далёка не поўны пералік тэм, якія абмяркоўваюцца ў школе. Яе слухачы шмат чытаюць, сочаць за літаратурнай модай і кніжнымі навінкамі, вучацца пісаць і распавядаць пра літаратуру, весці кніжны блог, піярыць «крутыя» кнігі, ствараць літаратурныя падзеі.

Дарэчы, ва ўмовах пандэміі заняткі ў Школе юнага філолага ў нас не спыняліся, а праводзіліся дыстанцыйна. Хоць праект і разлічаны найперш на вучняў 8-11-х класаў, але да нас трапляюць і малодшыя дзеці. Любая цікаўнасць заахвочваецца. Мы прааналізавалі: сярод нашых абітурыентаў ёсць і выхаванцы «Школы юнага філолага». Гэта мэтанакіраваныя маладыя людзі, якія робяць свядомы выбар, што не можа нас не радаваць. Увогуле філфак жыве пад дэвізам «Роднае трэба берагчы!» Мы — самы творчы факультэт ва ўніверсітэце. І чакаем да сябе такую ж творчую і неабыякавую моладзь!

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.