Вы тут

На якой мытні не пройдзеш без анекдота


Аўцюкоўскія «Каласкі» і «Калінкі» зноў даказалі, што іх куточак на Калінкавіцкай зямлі — сапраўдная беларуская сталіца гумару. У чарговы раз аграгарадок Малыя Аўцюкі сабраў найлепшых гумарыстаў, жартаўнікоў-аптымістаў і вясковых «стэндапераў» з усіх рэгіёнаў Беларусі. Тут прайшоў юбілейны дзясяты фестываль народнага гумару «Аўцюкі-2021».


Дарэчы, самі тутэйшыя жартаўнікі сваю малую радзіму правінцыяй не лічаць. Яны папулярызуюць сваю мову, вераць, што ёсць у Беларусі асобная аўцюкоўская нацыя, а райцэнтр Калінкавічы — гэта ўсяго толькі прыгарад Аўцюкоў. Тое, што менавіта тут беларуская сталіца гумару, ужо прызнана не толькі ўдзельнікамі фестываляў, а і гасцямі з іншых краін. Прыцягальная і незвычайная дзёрзкасць аўцюкоўскіх гумарыстаў. Вядома ж, тутэйшыя «Каласкі» і «Калінкі», што кінулі выклік гарадскім папулярным жартаўнікам, узносяць беларускі народны гумар на новую арбіту — як нацыянальны брэнд.

— Кажуць адной аўцючцы: «Го, твайго Івана на Алімпіядзе наградзіў нехта каранавірусам». Яна ў адказ: — «Ды мой дурань усё роўна дадому не данясе, або згубіць, або прап'е», — жарты на злабадзённыя тэмы чуваць адразу ж на «ўваходзе» на фестываль. Так, у краіны гумару ёсць свая мытня. Каб прайсці яе, трэба прад'явіць «уваходны білет» — жарт, анекдот або прыпеўку. Вядома ж — замест пашпарта на аўцюкоўскай мытні правяраюць наяўнасць пачуцця гумару!

Нягледзячы на тое, што сёлета COVІD-19 прадыктаваў свае ўмовы (звычайна прыязджала да паўтысячы ўдзельнікаў з розных краін), фестываль традыцыйна выдаўся «гарачы» — ураджайны на жарты і весялосць. На аўцюкоўскай мытні, напрыклад, быў затрыманы «падазроны грамадзянін»:

— Новая форма артыста эстрады са старым зместам, — пераадзеты пад мясцовага «Каласка», выходзіць з вобраза госць фестывалю — майстар пародыі і гумару, нязменны Дзед Мароз Беларусі Уладзімір Радзівілаў. — Першы фестываль прапусціў з-за здымак, а ва ўсіх астатніх — абавязкова бяру ўдзел у журы. Магу запэўніць, што з кожным годам фестываль набірае сваю моц, збірае шмат людзей, якія шчыра любяць гумар.

Між тым, падлічана: за час правядзення аўцюкоўскага гумарыстычнага фэсту ў ім узяло ўдзел звыш 150 творчых калектываў і каля трох з паловай тысяч удзельнікаў, творчых дэлегацыі з Расіі, Украіны, Літвы, Балгарыі. За гэты час гасцямі фестывалю стала некалькі дзясяткаў пісьменнікаў, паэтаў, артыстаў. У Аўцюках на святах гумару прыдумана і агучана больш за тысячу анекдотаў.

У гонар юбілею свята была працягнута традыцыя закладваць сімвал фестывалю. Цяпер гэта камень-валун з захраслай у ім пілой, маўляў, «выканаць невыканальнае» можна толькі гуртом.

Афіцыйную частку форуму адкрылі парад-шэсце з песнямі пад гармонік і прывітанне-віншаванне творчых дэлегацый. Пасля ўрачыстага адкрыцця прайшла жартаўлівая каранацыя «гумарыстычнага манарха» Малых Аўцюкоў — беларускага пісьменніка, знакамітага ідэйнага натхняльніка фестывалю Уладзіміра Ліпскага.

— У Аўцюках усё ідзе ад душы і ад сэрца. Тут усе імкнуцца весяліцца так, каб хацелася жыць. Гэта народная мудрасць. Накормішся вітамінамі гумару, каб яны падсілкоўвалі ўвесь год, і павязеш з сабой, каб распаўсюджваць па ўсёй Беларусі, — звярнуўся да аматараў гумару Уладзімір
Ліпскі.

У інтэрв'ю журналістам ён прызнаўся: адно з галоўных дасягненняў свята у тым, што аўцюкоўцы паверылі — яны вызначаюцца незвычайнай якасцю.

— Яны шчыра чакаюць гэтага фестывалю, рыхтуюць новыя жарты, імкнуцца быць завадатарамі гумарыстычнага руху. Яны ўжо адказваюць за беларускі культурны брэнд, падаюць прыклад усім беларусам — давайце цаніць кожнае імгненне жыцця, цаніць яго «хвілінную стрэлку», давайце весяліцца, быць мудрымі, тады будзе хацецца жыць, як тут кажуць, — перадае зарад аптымізму Уладзімір Ліпскі.

Ён марыць, каб студэнты-філолагі прыязджалі менавіта ў гэты край у моўную экспедыцыю, бо варта сабраць і захаваць усе выслоўі. А такі збор, на думку пісьменніка, дасць глебу для творчасці літаратарам, тэатралам, «кіношнікам».

Гасцей і ўдзельнікаў фестывалю цёпла вітаў старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей.

— Кажуць: ёсць тры праявы Бога на зямлі — прырода, любоў і пачуццё гумару. Прырода дапамагае жыць, любоў — выжыць, а пачуццё гумару — перажыць. Жартуйце лёгка, па-добраму, з любоўю. Бо гумар, па сутнасці, лекі ад болю. Калі чалавек умее жартаваць, то ўсё яго жыццё становіцца прасцейшае і лепшае, — параіў кіраўнік рэгіёна.

Яму, прынамсі, на фестывалі было прысвоена пачэснае званне «Ганаровы аўцюк».

Гасцей чакалі традыцыйныя гумарыстычная падворкі. На адзін з іх вабілі гукі аўцюкоўскага «аргана». Па «легендзе» Алена Драпеза, супрацоўніца Дома культуры з вёскі Савічы Калінкавіцкага раёна, займаецца адборам артыстаў для ансамбля «Запойцы».

— Сёння ў нас жартоўныя пробы ў калектыў, будзем праводзіць кастынг талентаў і прэзентаваць новы інструмент — аўцюкоўскі «арган» з розных бутэлек. Сама перад фестывалем яго прыдумала, а муж дапамог сабраць, — дзеліцца Алена Драпеза і, скарыстаўшыся магчымасцю, прэзентуе журналістам
блок аўтарскіх матываў: «Што на бульбе каларады, пераспелі агуркі — не да гэтага нам сёння, бо едзе мы ў Аўцюкі!

Старшыня Капліцкага сельсавета Генадзь Кавальчук і старшыня Шыіцкага сельсавета Аляксандр Фралоў (Калінкавіцкі раён) напаткалі на падворку «Хутаране». Іх слоган — «Лепш круціць шуры-муры, чым шурум-бурум». Генадзь Кавальчук дае самую трапную характарыстыку, хто ж такія аўцюкоўцы:

— Аўцюк — гэта вельмі кемлівы чалавек. Яшчэ са старажытных часоў ведалі пра яго вынаходлівасць. Вось вам усе гавораць, што сёння дзясяты фестываль, а гэта не так. Нулявы фестываль адбыўся, калі нашы хлопцы-аўцюкоўцы пайшлі ў Юравічы тачыць нажы. Там такая невялікая «Швейцарыя», дзе аўцюк пускаў з гары камень, а пакуль ён каціўся ўніз, даганяў і аб яго нож вастрыў. Яшчэ, як вярталіся дадому, то па дарозе ўгналі ў юравіцкіх хлопцаў статак мамантаў — вось то быў першы фестываль!

З гонарам за землякоў расказвае Генадзь Віктаравіч, і як жывуць-працуюць сапраўдныя аўцюкі:

— У нас здаўна бульбу садзяць ноччу, каб жукі каларадскія не бачылі, дзе. А кідаюць бульбу ў зямлю з рагаткі, каб не таптаць градкі. І бульба расце экалагічна чыстая. Пакажу як: бераце такую сажалку — рагаціну, — га! (размахваецца) — бульба пасадзілася. А гэта бульбасаджалка ў нас саўгасная, брыгадная, здаровая. Тут ужо як махнеш, так махнеш.

Вядома, як на любых конкурсах, сярод падворкаў — свая канкурэнцыя. Чацвёрты раз бяруць удзел у фестывалі артысты тэатра народнага гумару «Спораўскі акалот» з аграгарадка Спорава (Бярозаўскі раён, Брэсцкая вобласць).

— Страшнавата ўдзельнічаць, бо думаеш, як не падкачаць, — дзеліцца Ніна Пашкевіч. — У сцэнарыі ж галоўнае — не баяцца смяяцца з сябе.

Удзельніца народнага тэатра мініяцюр «Веснік» з Зялёнкаўскага сельскага Дома культуры Алена Фурс прызнаецца, што полацкія гумарысты адчуваюць сябе ў Аўцюках як дома.

— Народны гумар жыве не толькі на сцэне. Толькі на гумары, як кажуць, і трымаемся. Беларусы ўвогуле такая нацыя, якая ўмее папрацаваць шчыра, а потым добра адпачыць, а які ж адпачынак без гумару, без жартаўлівай песні? І на сцэну гумар прыходзіць менавіта з жыцця. Мы з вёскі, таму ў нас і жарты пра працу ды мужыкоў, што не лянуюцца чарку выпіць і шкварку з'есці, на рыбалку вышмыгнуць. Жартуем і пра спрадвечнае жаночае пытанне, кажа Алена Мікалаеўна.

Удзельнікі фестывалю ўпэўненыя: культурная прастора Аўцюкоў — назаўжды цэнтр прыцягнення ўсіх аматараў гумару, які, як вядома, яднае! Ёсць у іх мара прыцягваць на свята жартаўнікоў-аматараў ад усіх малых народнасцяў, што жывуць на Беларусі, якія змогуць раскрыць у Аўцюках і свой адметны нацыянальны гумар.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».