Вы тут

Мемарыяльнаму комплексу на Востраве Слёз у Мінску спаўняецца 25 гадоў


Увекавечыць памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія вярталіся з Афганістана ў якасці «груза 200», было вырашана яшчэ тады, калі ішла вайна. Дзякуючы намаганням афганцаў, а таксама маці і ўдовам тых, хто загінуў на чужой зямлі, праз некалькі гадоў на штучным востраве ракі Свіслач каля Траецкага прадмесця з'явіўся помнік. 3 жніўня 1996 года мемарыял адкрыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.


Фота: БелТА

З таго часу двойчы на год — у пачатку жніўня і 15 лютага, у гадавіну вываду савецкіх войскаў з Афганістана, на Востраве Слёз, як яго называюць у народзе, надзвычай шматлюдна. Каб ушанаваць памяць воінаў-афганцаў, якія вярнуліся дамоў у цынкавых трунах, у суботу каля помніка сабраліся іх баявыя таварышы, ужо старыя маці і немаладыя ўдовы, дзеці афганцаў, многія з якіх не помняць сваіх бацькаў... Знаходзіліся тут і прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, сілавых структур, школьнікі, якія абавязкова павінны ведаць пра тую вайну, а таму добра ўсведамляць, што падобнае больш ніколі не можа паўтарыцца.

— Мы, воіны-інтэрнацыяналісты, маем месца, куды можам прыйсці і ўспомніць свае гады, праведзеныя ў Афганістане, і, вядома, ушанаваць памяць нашых баявых сяброў, якія выканалі свой воінскі абавязак да канца, — адзначыў старшыня савета Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Валерый ГАЙДУКЕВІЧ. — Што б ні казалі аб афганскай вайне, мы туды ўвайшлі па загадзе, па ім жа і выйшлі, не страціўшы гонар вайскоўца.

Як перакананы міністр абароны генерал-лейтэнант Віктар ХРЭНІН, рэха афганскай вайны з кожным годам сыходзіць усё далей, але гэта не значыць, што мы павінны забыцца пра подзвіг нашага народа. «Выконваючы баявыя задачы ў афганскай вайне, нашы людзі паказалі сапраўдны гераізм і здольнасць да самаахвяравання, — падкрэсліў кіраўнік абароннага ведамства. — Героямі Савецкага Саюза сталі сем нашых землякоў, больш чым дзве тысячы вайскоўцаў былі ўзнагароджаны баявымі ордэнамі і медалямі. Іх подзвіг і мужнасць вартыя захаплення.

Якая б ні была вайна, вялікая ці малая, яна заўсёды пакідае глыбокі след у душы народа, з пакалення ў пакаленне перадаецца памяць. І пакуль яна жыве ў нашых сэрцах, у розумах, мы захоўваем сваю нацыянальную годнасць, праяўляем жаданне жыць у міры і стабільнасці».

Па словах намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігара ЛУЦКАГА, у сённяшні няпросты час патрыятызм, выхаванне маладога пакалення становяцца на першачарговы план. «Воіны-інтэрнацыяналісты павінны быць у авангардзе патрыятычнага выхавання моладзі: яны — яркі прыклад таго, як трэба жыць, будаваць, ствараць і памятаць, — лічыць Ігар Луцкі. — Абарона такіх месцаў — стэлы, Кургана Славы, Вострава Слёз, тысяч іншых помнікаў — гэта наша першачарговая задача. Мы бачым, як спрабуюць зламаць гісторыю. Нават цяпер славу ў Вялікай Айчыннай вайне недаацэньваюць, спрабуюць навязаць іншыя каштоўнасці. І калі мы ўсе разам не станем адзіным строем, мы страцім усё тое, што стваралі».

У вайне, якая цягнулася амаль дзесяць гадоў, удзельнічала больш як 30 тысяч грамадзян Беларусі. 771 воін-інтэрнацыяналіст загінуў у Афганістане. Больш як 700 удзельнікаў баявых дзеянняў, вярнуўшыся на Радзіму, заўчасна пайшлі з жыцця — нагадалі аб сабе незагойныя раны і хваробы. 870 беларусаў сталі інвалідамі, 12 чалавек зніклі без вестак...

Загінуў у Афганістане і муж Тамары Доўнар. Калі яна прыходзіць на Востраў Слёз, заўжды думае, як хутка ляціць час. «Здаецца, яшчэ зусім нядаўна я развітвалася са сваім мужам, калі адпраўляла яго ў Афганістан, а з той пары прайшло ўжо 42 гады, — расказала старшыня Фонду сацыяльнай абароны ўдоў і дзяцей ваеннаслужачых, якія загінулі ў Афганістане і іншых лакальных канфліктах, «Доўг». — Здаецца, зусім нядаўна я, як і многія беларускія жанчыны, атрымала «груз 200». Я хачу пакланіцца нашым маці, якія, быццам падбітыя птушкі, падалі на труны, што прывозілі з Афганістана, нашым удовам, якія, застаўшыся зусім маладзенькімі жанчынамі, у большасці сваёй так і не стварылі новую сям'ю, дзецям, многія з якіх не памятаюць сваіх бацькаў, які для іх асацыіруецца з магільным пагоркам».

Вераніка КАНЮТА

Загаловак у газеце: Месца мужнасці і болю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?