Вы тут

З творчага рога — усяго многа


Уладзімір Мазго — паэт знаны. Да ўсяго і песеннік, больш за сотню яго вершаў пакладзены на музыку. Не чужая яму і публіцыстыка. Аднак асабліва плённа ён аздабляе творчую дзялянку дзіцячай літаратуры. Не расчаравала і яго новая кніга — «Хутка стану чэмпіёнам», сёлета выпушчаная выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі».


Пад адной вокладкай сабраны традыцыйныя вершы, скорагаворкі, каламбуры… Хоць жанравае вызначэнне твораў часам умоўнае. Прынамсі, асобных скорагаворак і каламбураў. З аднаго раздзела іх можна лёгка перанесці ў іншы. Але гэта не так істотна, бо хлопчыкаў і дзяўчынак мала цікавіць тое, да якога жанру адносіцца напісанае. Пра гэта яны даведаюцца толькі па падказцы дарослых. Для іх важна, пра што расказваецца, а галоўнае, наколькі гэта цікава.

Уладзіміра  Мазго не трэба вучыць, як зрабіць маленькага чытача «сваім», ён даўно выпрацаваў уласны падыход. Які — гэта добра відаць з верша «Конік», што адкрывае кніжку:

Конік скача па траве.

— Падвязі! — хлапчук заве.

А ён скокнуў на далонь:

— Конік, дружа мой, не конь!

Напісана ў лепшых традыцыях дзіцячай літаратуры. Той літаратуры, аўтары якой глядзяць на ўсё вачыма саміх дзяцей, чым і выклікаюць у іх вялікі давер да напісанага. Уладзіміру Мінавічу ўдалося праз простую сітуацыю патлумачыць, хто такі конік, а хто — конь, а гэта ведаюць не ўсе хлопчыкі і дзяўчынкі, асабліва гарадскія.

У вершы «Агурок» дзяўчынка выяўляе нечаканую для свайго ўзросту назіральнасць. Яна здатная заўважыць такое, што і не кожны дарослы можа:

На градзе сядзіць звярок,

Што завецца агурок.

Усміхаецца Людміла:

— Шыя нібы ў кракадзіла.

«А і сапраўды гэта так!» — пагодзяцца маленькія чытачы, здзівіўшыся, як яны самі не заўважалі. Калі ж пазнаёмяцца, напрыклад, з вершам «Баран і “Баранеса”», ад душы пасмяюцца:

Баран авечцы кажа:

— Ну!

Цягні на поле барану.

Упарціцца гарэза:

— Баран,

Я — баранеса!

Як і чытаючы «Смяшынку»:

Разважаў

На ўроку Ясь:

«Калі муж княгіні —

Князь,

Вывад просіцца

Адзін,

Што ў графіні муж —

Графін».

А вось скорагаворкі, на маю думку, абудзяць жаданне ў хлопчыкаў і дзяўчынак паспаборнічаць у каго лепш і хутчэй атрымаецца. Ды зрабіць гэта не проста, бо Уладзімір Мазго і тут выявіўся як добры майстар. Так умела падбірае фразы з наборам гукаў, якія цяжка прамаўляюцца, што трэба добра пастарацца, каб, не спатыкаючыся, выказаць іх. Для прыкладу: «Франц // У Францыю // Паехаў, // Каб на франк // Купіць // Арэхаў»; «Барыс // Па барбарысы // Паехаў // У Барысаў. // Прывёз Барыс // Нам барбарыс — // Сваім сябрам — салодкі прыз».

Гэтая скорагаворка  яшчэ больш складаная:

У заапарку,

Ля вальеры,

Стаяў з Валерыяй

Валера.

У заапарку

Ад вальеры

Не адарваць было

Валеры.

Аднак кніжка невыпадкова названа «Хутка стану чэмпіёнам». Асноўную нагрузку ў ёй нясуць творы, юныя героі якіх займаюцца рознымі відамі спорту. Найперш — Вася, герой некалькіх твораў. Пра яго і ягоную сяброўку Васілінку паэт упершыню згадвае ў вершы «Птушкі і вяснушкі». Згадвае з той цеплынёй, калі дастаткова асобных штрыхоў, каб замілавана паглядзець на гэтых дзетак, з даверам да іх паставіцца:

Прыйшла шчаслівая хвілінка:

Сягоння Вася з Васілінкай

Вясну жаданую гукаюць

І птушак з выраю чакаюць.

На твары ўспыхнулі  вяснушкі,

Калі вясну прынеслі птушкі.

Вася з Васілінкай і самі, нібы тыя птушкі, радуюць ужо адным сваім з’яўленнем. Іх сяброўства светлае і шчырае. Такое, што і бывае ў хлопчыкаў і дзяўчынак, якія адкрыта глядзяць на свет, прыязна ставяцца адно да аднаго. А што Васем нельга не захапляцца, упэўнівае раздзел «Тузін Васевых прыгод, паяднаў якія спорт».

Раздзел, што складаецца з 12 вершаў, атрымаўся як кніжка ў кніжцы. Вася — і лыжнік, якому застаецца пазайздросціць («Лыжны крос»), ён — і ў футболе хват («Нечаканы паварот»), і баксёр таксама яшчэ той. Невыпадкова «на фінальным паядынку, // Вася ўбачыў Васілінку. // Падтрымаць прыйшла сяброўка, // Важны бой — не трэніроўка». Хацела бачыць яго пераможцам. І Вася не падвёў («Накаўт»).

Талент Уладзіміра Мазго адметны і тым, што ён піша шмат забаўляльных твораў. Ды і ў «сур’ёзных» часта трапляюцца крупінкі тонкага гумару. У дзіцячых прыгодах таксама не абыходзіцца без камічных сітуацый. Важна і тое, што яны не надуманыя, а ўзятыя з жыцця. Гучаць своеасаблівым напамінам хлопчыкам і дзяўчынам аб тым, што здарыцца часам можа самае рознае. Галоўнае — не разгубіцца, як гэта адбылося аднойчы з Васем («Складаны трук»). Калі трэніраваўся на прыродзе, раптам «прыбег казёл здаля, // Кінуўся на Васіля». Іншы б кінуўся ўцякаць. Іншы, ды не Вася:

А хлапчук заплюшчыў вочы —

Праз казла ўміг пераскочыў.

Хваляць Васю: «Наш сябрук

Паказаў складаны трук!»

Кніжка «Хутка стану чэмпіёнам» — добры падарунак дзятве. Напісана яна з талентам, як і ўсё, што належыць пяру Уладзіміра Мазго. Чарговы раз адбылося тое, што ў яго назіралася неаднойчы: з творчага рога — знаходак, адкрыццяў многа. Але ўсё ж не магу не зрабіць адну заўвагу. Праўда, не самому паэту, а мастаку Уладзіміру Сытчанку. Верш «У спартыўных модных шортах…», ён, мне здалося, прачытаў няўважліва. У тэксце пра юнага спартсмена сказана:

На спіне

Трапеча майка,

А на ёй —

Смяецца зайка…

Толькі на малюнку на майцы гэтага зайку шукаць марна. Што ж, і такое бывае.

Юрась СВІРЫДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».