Вы тут

Сонечны кут у краіне паэтаў


Большасць людзей, доўгі час жывучы ў пэўнай мясцовасці, перастае яе заўважаць, захапляцца ёю і чэрпаць натхненне. Аднавіць пачуцці дапамагае літаратура, створаная на гэтай зямлі, — як погляд чалавека з абвостраным успрыманнем рэчаіснасці, бо для такога натхненне — неабходны стан. Штогод у гарачыя ліпеньскія дні Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры ў філіяле «Фальварак Ракуцёўшчына» праводзіць традыцыйнае свята песні і паэзіі — фестываль «Ракуцёўскае лета».


«Дом гаспадара».

Месца

Сто гадоў таму фальварак належаў Вацлаву Лычкоўскаму, дзядзьку Антона і Івана Луцкевічаў. У 1911-м Максім Багдановіч упершыню ў свядомым узросце прыехаў у Беларусь. Пасля наведвання Вільні і знаёмства з братамі Луцкевічамі ён выправіўся сюды. Гаспадар фальварка выдзеліў маладому паэту дамок арандатара, і тут Максім правёў цёплае ва ўсіх сэнсах лета 1911 года. Сёлета ў музейным філіяле адзначылі якраз 110-годдзе вяртання Багдановіча на Радзіму.

Пасля Вацлава Лычкоўскага тут жылі іншыя людзі. «Ужо калі ствараўся музей, дом крыху змянілі. Ён быў большы па памеры, таму старажылы кажуць: “Ну што вы прыдумляеце, тут быў зусім іншы дом — даўжэйшы”», — апавядае падчас экскурсіі па экспазіцыі вядучы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Ірына Мышкавец.

Экспазіцыя філіяла ўключае «Дамок арандатара», «Дом гаспадара» і гумно, у якім складзены розныя сельскагаспадарчыя прылады таго часу. Пад экспазіцыю заняты не ўсе памяшканні, ёсць адно службовае — для супрацоўнікаў. Меркавалася, што там таксама будзе літаратурная частка, якая распавядзе пра братоў Луцкевічаў, гаспадара дома і пра паездку Максіма Багдановіча ў Вільню.

Мемарыяльная частка адкрыта ў 2014 годзе. Стваральнікі імкнуліся да аднаўлення атмасферы не вельмі багатай шляхецкай сядзібы пачатку ХХ стагоддзя. «Дом быў не на шмат багацейшы за сялянскія хаты, тапіўся па-беламу. Да гаспадара Вацлава Лычкоўскага мясцовыя жыхары ставіліся з павагай, як і ён да іх», — распавядае экскурсавод. Адзінае, што захавалася з часоў Лычкоўскага і трапіла ў рукі супрацоўнікаў музея — вокны дома. Яны цяпер захоўваюцца ў фондах.

Тут няма мемарыяльных, звязаных з былымі гаспадарамі рэчаў, але ўсе адносяцца да таго часу. Некаторыя з іх былі падараваны мясцовымі жыхарамі, большасць — з фондаў музея.

Час

Пры стварэнні экспазіцыі кіраваліся ўспамінамі тых, хто быў у Ракуцёўшчыне побач з Максімам Багдановічам. Вацлаў Лычкоўскі любіў чытаць, таму ў пакоі стаіць этажэрка з кнігамі, а яшчэ ён быў каталіком — на этажэрцы размешчана каталіцкае распяцце. Вядома, што Максім Багдановіч часта заходзіў у гаспадарскі дом на гарбату, таму цэнтр экспазіцыі — накрыты стол. Часопіс на ім сімвалізуе размовы і спрэчкі пра сучасную літаратуру, якія вяліся за чаяваннем.

Кампанію яму, акрамя гаспадара дома, складалі родная сястра Лычкоўскага Ядвіга Русецкая, пляменніца гаспадара Эмілія Шабуня і яе двухгадовая дачка Яніна. Менавіта па ўспамінах Яніны склалі пэўную частку экспазіцыі. Пачынаючы ствараць музей, супрацоўнікі звярнуліся да жанчыны. Спачатку яна адмовілася, бо нічога не памятала, але пасля прапанавала напісаць успаміны на аснове шматлікіх расповедаў сваёй маці Эміліі пра тое лета. Яніна Аляксандраўна адразу папярэдзіла супрацоўнікаў музея, што гэтыя мемуары будуць мець хутчэй літаратурны, чым гістарычны характар. Тым не менш, згаданыя ёй выпадкі і звесткі аказаліся вельмі цікавымі і дадалі некалькі яскравых штрышкоў у біяграфію, уяўленне пра характар паэта і нават яго партрэт. Да прыкладу, Эмілія Шабуня звяртала ўвагу на тое, што ў Багдановіча былі прыгожыя рукі.

Адметнай рысай экспазіцыі стала зробленая інсталяцыя дзіцячага пакоя ў адным з гаспадарчых памяшканняў, дзе захоўваліся розныя рэчы з кухні. Аўтару мастацкай канцэпцыі выстаўкі падалося, што гэта добры спосаб адлюстраваць любоў Багдановіча да дзяцей, якая асабліва праяўлялася тым летам, калі паэт бавіў час з маленькай Янінай Шабуняй.

Насамрэч музейная экспазіцыя фальварка больш эмацыйная, атмасферная, чым біяграфічная і дакументальная. Адноўленыя інтэр’еры ў «Доме гаспадара» і арандатарскім доміку перадаюць подых таго часу, магію лета 1911 года і характар жыхароў тагачаснага фальварка.

Экспазіцыя ў галоўным пакоі гаспадарскага дома.

Падзея

«Гэты фестываль адбываецца ў рамках праекта “Беларусь — краіна паэтаў”. Мы палічылі, што неабходна ўнесці карэктывы ў праграму, і сёння прапаноўваем не толькі традыцыйнае чытанне вершаў, але і розныя квэсты, квізы, якія будуць даспадобы юнаму пакаленню», — адзначыў Сяргей Усік, дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Свята «Ракуцёўскае лета» праводзіцца з 1983 года. Гэта як напамін пра тое, што калісьці тут адпачываў, плённа працаваў і папраўляў здароўе Максім Багдановіч. Фэст — сумесны праект Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і Маладзечанскага райвыканкама.

«Па-першае, у нашым філіяле невялікі, але творчы калектыў. Усе, хто тут працуе, любяць Максіма Багдановіча і яго творчасць, любяць беларускую мову. Кожны падыходзіць да сваёй працы вельмі шчыра. Рыхтуемся разам, супольна. Атрымліваем дапамогу ад Красненскага сельскага выканаўчага камітэта ў добраўпарадкаванні тэрыторыі, крыніцы Багдановіча і помніка, які знаходзіцца каля дарогі на Чысць, — распавяла пра падрыхтоўку да свята загадчыца філіяла Анастасія Сярболіна. — У гэтым годзе вялікую падтрымку нам аказала старшыня Красненскага сельсавета Валянціна Кісель. Была выдзелена спецтэхніка, з дапамогай якой правялі добраўпарадкаванне гідралагічнага помніка мясцовага значэння «Крыніца Багдановіча» і прылеглай тэрыторыі. Дапамагаюць шматлікія арганізацыі і ўстановы, як кажуць, не толькі словам, але і справай».

Жыццё ў філіяле віруе не толькі перад фестывалем. «Да нас прыязджае даволі шмат наведвальнікаў. Зараз, у першую чаргу праз каранавірус, крыху зменшылася наведванне школьнікамі. Але апошнім часам назіраецца вялікі наплыў моладзі, дарослых. Асабліва вясной, летам і восенню, — адзначае кіраўніца музея. — Радуе тое, што шмат людзей цягнецца да ведаў, беларускай мовы, гісторыі літаратуры. Хочацца верыць, што знаёмства з творчасцю, біяграфіяй Максіма Багдановіча ў нейкім сэнсе ўплывае на цікавасць да беларускай літаратуры. У нашага філіяла не менш за тысячу наведвальнікаў за год, не ўлічваючы мерапрыемствы. Мы спадзяемся, што з цягам часу фальварак зможа стаць месцам паломніцтва для турыстаў».

Пакуль што музей штогод вабіць беларускіх літаратараў, якія прыязджаюць распавесці сваю гісторыю знаёмства з Багдановічам і прачытаць уласныя творы — працягнуць нітку спадчыннасці беларускага паэтычнага слова. Сёлета ўдзел у фестывалі ўзялі Віктар Шніп, Людміла Рублеўская, Іна Фралова, Настасся Нарэйка, Галіна Сіўчанка, Юрась Нераток, Алена Басікірская.

Святочны канцэрт упрыгожылі выступленні мясцовых калектываў і Беларускага дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі «Свята». Арганізатары падрыхтавалі некалькі інтэрактыўных забаўляльных пляцовак для дзяцей. На тэрыторыі музея ў гэты дзень працаваў невялікі кірмаш вырабаў ад мясцовых майстроў.

Таксама падчас фестывалю можна было наведаць экскурсію і паўдзельнічаць у квэсце па экспазіцыі філіяла. Прыз для пераможцаў — трохтомнік Максіма Багдановіча.

Сёлета адзначаецца 130-годдзе паэта, а «Ракуцёўскае лета» прысвечана 110-годдзю з таго знакавага часу, калі Багдановіч гасцяваў у фальварку і напісаў тут два цыклы вершаў і дзве паэмы, нарэшце адчуў дух роднай беларускай зямлі. Цэлы музей, прысвечаны аднаму лету, і штогадовы фестываль у ім дапамагаюць нам адчуць, што час становіцца адноснай велічынёй, калі гаворка ідзе пра добрую кампанію, натхненне і творчасць.

Ганна ІВАНОВА

Фота прадастаўлена Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».