Вы тут

Фінансаваму сектару Беларусі ўдаецца супрацьстаяць знешнім і ўнутраным шокам


Фінансаваму сектару Беларусі ўдаецца супрацьстаяць знешнім і ўнутраным шокам — пра гэта заявіў начальнік упраўлення фінансавай стабільнасці Нацыянальнага банка Ігар Магілевіч на пашыраным пасяджэнні праўлення Нацбанка, паведаміла БелТА.


Фота БелТА

Насуперак санкцыям

«Фінансавы сектар Беларусі ўжо больш за пяць кварталаў функцыянуе ў стрэсавых умовах. Сярод асноўных пагроз фінансавай стабільнасці на першы план сёлета вылучыліся нарастаючы санкцыйны ціск і няўстойлівасць рэсурснай базы банкаў. Тым не менш, фінансаваму сектару краіны ўдаецца супрацьстаяць знешнім і ўнутраным шокам. Ключавыя паказчыкі фінансавай стабільнасці ў першым паўгоддзі 2021 года знаходзіліся ў прымальных дыяпазонах», — заўважыў Ігар Магілевіч. Паводле яго слоў, нарматывы бяспечнага функцыянавання банкамі і ААТ «Банк развіцця Рэспублікі Беларусь» у цэлым выконваліся. «Захоўвалася ўстойлівая работа страхавога сектара, лізінгавых арганізацый і сектара іншых фінансавых пасрэднікаў. Забяспечана стабільнае і бесперабойнае функцыянаванне плацежнай сістэмы краіны. Узровень сістэмных рызык не перавышае крытычнай адзнакі. Забяспечваецца плацежаздольнасць і ліквіднасць банкаў. Пакрыццё нарматыўным капіталам прынятых банкамі рызык у першым паўгоддзі 2021 года застаецца на высокім узроўні. Дастатковасць нарматыўнага капіталу па банкаўскім сектары складае 18,3 % і істотна перавышае мінімальна дапушчальны ўзровень», — падкрэсліў прадстаўнік Нацбанка.

Рэнтабельнасць актываў з пачатку года павялічылася на 0,3 працэнтнага пункта да 1,5 % па стане на 1 ліпеня. Таксама вырасла рэнтабельнасць нарматыўнага капіталу банкаў. Прыбытак банкаўскага сектара за першае паўгоддзе склаў каля Br763 млн, перавысіўшы на Br339 млн прыбытак за аналагічны перыяд папярэдняга года. Такі рост прыбытку быў забяспечаны расфарміраванням банкамі спецыяльных рэзерваў, якія знізіліся на Br528 млн.

Фінансавы сектар працягне гібка і аператыўна рэагаваць на ўзнікаючыя пагрозы. «Вядома, прадказаць новыя шокі, іх чарговасць і маштаб вельмі складана. Многія фактары знаходзяцца па-за сфераў уплыву Нацбанка. Аднак рэгулятар пільна сочыць за развіццём сітуацыі ў эканоміцы і на фінансавых рынках. Аналізуюцца магчымыя рызыкі і слабыя месцы фінансавай сістэмы, знешнія пагрозы фінансавай стабільнасці», — адзначыў Ігар Магілевіч.

Інфляцыя запаволіцца

Нацыянальны банк прагназуе інфляцыю па выніках года на ўзроўні 9 %. Пра гэта паведаміў член праўлення, начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Дзмітрый Мурын.

«У існуючых умовах чакаецца, што па выніках ІІІ квартала гадавая інфляцыя захаваецца паблізу ўзроўню, які склаўся ў чэрвені (9,9 % — БелТА). У наступным інтэнсіўнасць інфляцыйных працэсаў запаволіцца: па выніках 2021 года прырост спажывецкіх цэн ацэньваецца каля 9 %. Чакаецца, што да канца 2022-га інфляцыя ў гадавым вымярэнні наблізіцца да 6 %. Усё гэта прадвызначае неабходнасць працягу сумеснай работы ўрада і Нацыянальнага банка па далейшым запаволенні інфляцыі і замацаванні яе ў сярэднетэрміновай перспектыве на ўзроўні паблізу 5 % », — сказаў Дзмітрый Мурын. Паводле яго слоў, цяперашнія падыходы да рэалізацыі манетарнай палітыкі ў найбліжэйшы час захаваюцца. «Нацыянальны банк забяспечыць нацэленасць сваіх інструментаў на стрымліванне інфляцыйных працэсаў і забеспячэнне макраэканамічнай збалансаванасці. Акрамя таго, дзеянні Нацбанка будуць сканцэнтраваныя на аднаўленні рэсурснага патэнцыялу банкаўскага сектара шляхам фарміравання ўмоў, накіраваных на ўмацаванне даверу да нацыянальнай валюты і павелічэнне ашчаднай актыўнасці эканамічных суб’ектаў. Тым самым будуць фарміравацца ўмовы для падтрымкі аднаўлення тэмпаў эканамічнага росту. У сукупнасці дадзеныя падыходы дазволяць стрымаць інтэнсіўнасць інфляцыйных працэсаў і забяспечыць збалансаванае развіццё беларускай эканомікі», — адзначыў прадстаўнік Нацбанка.

Як перамагчы кіберзлачынцаў?

У Беларусі распрацоўваецца праект указа аб супрацьдзеянні махлярству ў банкаўскім сектары, паведаміў Ігар Магілевіч. Такія меры звязаны з тым, што ў Беларусі на працягу апошніх гадоў назіраецца значны рост злачынстваў, звязаных з крадзяжом грашовых сродкаў з дапамогай выкарыстання дыстанцыйных каналаў абслугоўвання кліентаў банкаў. Агульная колькасць кіберінцыдэнтаў у банкаўскай сферы сёлета за першае паўгоддзе павялічылася больш чым у чатыры разы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, галоўным чынам за кошт росту колькасці выпадкаў з выкарыстаннем метадаў сацыяльнай інжынерыі. Метадам, які найбольш актыўна выкарыстоўваўся ашуканцамі, стаў вішынг.

Для аператыўнага абмену інфармацыяй Нацбанк рэалізуе праект па стварэнні аўтаматызаванай сістэмы апрацоўкі інцыдэнтаў інфармацыйнай бяспекі. «Патрабуецца актыўны ўдзел банкаўскай супольнасці па інтэграцыі банкаўскіх сістэм з аўтаматызаванай сістэмай. Разам з тым, для дасягнення выніку ў барацьбе з кіберзлачынствамі і зніжэння іх колькасці банкам неабходна забяспечыць выкананне рэкамендацый Нацбанка па супрацьдзеянні махлярству ў галіне электронных плацяжоў, а таксама павысіць узровень узаемадзеяння з падраздзяленнямі праваахоўных органаў па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій», — падкрэсліў Ігар Магілевіч.

 

Загаловак у газеце: Гібка і аператыўна

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.