Вы тут

Каварны і смяротны вірус: гепатыт варта трымаць пад кантролем


Ад захворванняў, звязаных з гепатытам, у свеце кожныя 30 секундаў памірае адзін чалавек. Паводле ацэнак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, на планеце 354 мільёны чалавек жывуць з гепатытамі В і С. У Еўрапейскім рэгіёне з гэтымі хваробамі, якія з’яўляюцца адной з галоўных прычын цырозу і раку печані, жывуць 26 мільёнаў чалавек. Штогод ад іх тут гіне 107 тысяч чалавек. Але наступствы можна папярэдзіць — шляхам вакцынацыі немаўлят супраць гепатыту В і своечасовага тэсціравання і лячэння гепатытаў В і С. Дарэчы, прэпараты для лячэння віруснага гепатыту С з’явіліся ў Беларусі некалькі гадоў таму і дапамагаюць справіцца з захворваннем у 95-100 працэнтах выпадкаў.


Pixabay.com

— Супраць віруснага гепатыту В няма эфектыўнай тэрапіі, якая магла б цалкам вылечыць захворванне. Але існуе вакцына — прышчэпка ўнесена ў Нацыянальны прышчэпачны каляндар, і дзеткі атрымліваюць яе яшчэ ў раддоме. Дарослыя, якім такую прышчэпку не рабілі, таксама могуць вакцынавацца, — расказвае дацэнт кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук Святлана Лукашык. — Пацыенты з хранічным гепатытам ці цырозам печані павінны назірацца і лячыцца, паколькі вірус паводзіць сябе агрэсіўна.

Асноўнымі шляхамі перадачы гепатытаў з’яўляюцца парэнтэральны (праз ін’екцыйнае ўвядзенне наркотыкаў, пераліванне заражанай крыві, неапрацаваныя інструменты для гігіенічных працэдур), палавы і вертыкальны (ад маці да дзіцяці падчас родаў).

— Працэнт інфіцыравання дзяцей у нас нязначны, бо маецца шэраг мер, якія дазваляюць яго пазбегнуць. Што датычыцца палавога шляху, то вірусны гепатыт В перадаецца такім чынам часцей, чым С. Парэнтэральны шлях страчвае сваю актуальнасць, бо ва ўнутрыбальнічных умовах вядзецца строгі кантроль. Але ў бытавых такая перадача магчымая — падчас нанясення татуіровак, пірсінгу, манікюру ў несертыфікаваных установах, — адзначае Святлана Лукашык.

З 2017 года ў Беларусі з’явіліся прэпараты прамога супрацьвіруснага дзеяння ад гепатыту С.

— У цяперашні час усе пацыенты маюць магчымасць праходзіць супрацьвіруснае лячэнне на тэрыторыі ўсёй краіны, яно бясплатнае. Пры жаданні можна набыць прэпараты па рэцэпце ў аптэцы і лячыцца на базе паліклінікі ці медыцынскага цэнтра, — растлумачыла суразмоўніца.

Сёння ў Беларусі маюцца і тэст-сістэмы, якія дазваляюць выявіць узбуджальніка ў розных асяроддзях, у тым ліку і ў донарскай крыві. Тэсты на вызначэнне вірусных гепатытаў прадаюцца і ў аптэках.

Як расказаў намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы гарадской клінічнай інфекцыйнай бальніцы Мінска Святаслаў Вельгін, на базе гэтай сталічнай установы маецца кабінет вірусных гепатытаў, дзе можна прайсці абследаванне і атрымаць лячэнне. У хуткім часе ён трансфарміруецца ў кансультацыйна-дыспансернае аддзяленне вірусных гепатытаў. Штогод лячэнне ў Мінску атрымлівае каля тысячы пацыентаў з віруснымі гепатытамі, большая іх частка — з вірусным гепатытам С.

— Пацыентам важна знаходзіцца пад назіраннем медыкаў, якія своечасова заўважаць прагрэсіраванне захворвання, яго пераход у пухлінную стадыю. Адным з небяспечных ускладненняў можа стаць гепатацэлюлярная карцэнома. Таму нашы пацыенты штогод праходзяць УГД печані, абследаванні на наяўнасць ачаговых утварэнняў. Ёсць і біяхімічныя маркёры прагрэсіравання захворвання. Тут многае залежыць ад самога хворага — яго прыхільнасці да лячэння, выканання рэкамендацый і прыёму тэрапіі. Правільна падабраная тэрапія дазваляе знізіць рызыкі прагрэсіравання хваробы, а гепатыт С можна цалкам вылечыць, — рэзюмуе Святаслаў Вельгін.

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.