Вы тут

Васіль Ткачоў. Жыццёвінкі


ІМЯ

Ягорка быў не адзіны сын у дружнай сям'і. Назвалі яго так у памяць пра дзеда, Ягора Канстанцінавіча, які не вярнуўся з вайны. Быццам, казалі, загінуў пад Ленінградам. У першым баі. Яго жонка, а Ягоркава, значыць, бабуля, дужа палюбіла ўнука і, здаралася, не без гордасці паказвала суседкам сваю радасць: «Як выліты Ягор! Гляньце толькі — нават ходзіць так, шырока размахваючы рукамі! Ды і позірк дзедаў! Не, што ні кажыце, імя таксама яму падыходзіць, як нікому з унукаў!» Таму за адно толькі імя салдацкая ўдава гатовая была насіць унука на руках. Але — да пэўнага часу. Неяк ён прыйшоў са школы засмучаны, кінуў ранец на лаву, хмыкнуў:

— Не падабаецца мне маё імя! Не хачу яго больш! Усе — Колі, Іваны, Мішы ды Сашы, а я — Ягор.

Маці пастаралася супакоіць сына:

— Чаму ж, у цябе надта прыгожае імя. Яго мой тата насіў. А цяпер вось ты. І я, можа, яшчэ больш цябе люблю, чым тваіх брацікаў — Воўку і Міколку. За імя. Імя, сынок, для чалавека многае значыць... Даражы сваім імем... Ганарыся, што яно ад дзеда табе дасталося... Ад дзеда-франтавіка…

— Не, не хачу такое імя! Яно нямоднае! — настойваў Ягорка. — І дражняцца ўсе, асабліва хлапчукі: Ягор — бугор, Ягорка — будзе горка, Ягорка — аборка... Ягорка — абжорка... Не хачу гэтае імя!..

У той дзень на тым размова і скончылася.

Ягорка падрос, стаў старшакласнікам, а неўзабаве і скончыў адзінаццаць класаў. Ад таго дня, калі была Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне, мінула роўна дваццаць гадоў. Перад тым як атрымаць атэстат аб сярэдняй адукацыі, папрасіў у настаўніцкай, каб у ім замянілі «Ягор» на «Ігар». Гэтае імя, маўляў, мае тое ж значэнне. Кіраўніцтва школы не пагадзілася з Ягорам, узніклі спрэчкі і сярод настаўнікаў. Адны не бачылі ў гэтым нічога заганнага, іншыя раілі выпускніку з'ездзіць у раён, у пашпартны стол. Як толькі там дазволяць — калі ласка, будзь сабе і Ігарам!..

Там дазволілі. Так Ягор стаў Ігарам.

А бабуля, якую пасля вайны аднавяскоўцы пачалі клікаць Ягорыхай і якая пазней нават забылася, якое ў яе сапраўднае імя, калі даведалася пра такі ўчынак унука, вельмі пакрыўдзілася на яго і нават пэўны час, кажуць, не размаўляла. «Вочы б мае яго не бачылі! Так памяць дзеда зняважыць!»

Даўно не стала Ягорыхі, пайшлі ў іншы свет і бацькі Ігара. Прабачце, не Ігара, — Ягора: колькі гадоў таму ён зноў вярнуў сабе ранейшае імя. Пасталеў, паразумнеў. Ды і само імя — Ягор — неяк стала вельмі папулярнае ў народзе. Як Арцём, Мацвей, Дзяніс, Даніла...

Шкада, што не дажыла да таго часу, калі паразумнеў яе ўнук, салдацкая ўдава Ягорыха…

ЧАЛАВЕК — ЧАЛАВЕКУ

Юльяна Пятрэнка, маладая пісьменніца-гамяльчанка, расказала мне надоечы наступную гісторыю.

— Ёсць у мяне знаёмая. Гадоў пятнаццаць таму яна прыехала з вёскі ў наш абласны цэнтр. Вырвалася з паўразваленай хаты і шматдзетнай сям'і, дзе бацькі пілі па-чорнаму. Ёй было вельмі цяжка. Вучылася, працавала, здымала кватэру. Яна ніколі не прасіла дапамогі і не прызнавалася, што часам няма чаго есці, але я чыста па-чалавечы дапамагала ёй, бо заўважала, што сродкаў у дзяўчыны не хапае. Давала ці пазычала грошай, сілком упіхвала ў рукі прадукты харчавання. Здаралася, купляю сабе калготкі ці бальзам для вуснаў — і заадно бяру для яе.

— Мне няёмка неяк... — казала яна, прымаючы з рук пакет.

— Ды ну, мне гэта нічога не каштуе, — адказвала я, — мне прыемна, калі табе прыемна.

Мінулі гады. Яна выйшла замуж за добрага хлопца. Яны заўсёды былі разам і ва ўсім падтрымлівалі адно аднаго. Пакрысе раскруцілі свой бізнес.

Цяпер яна заязджае на Х-5 і прывозіць пакеты з падарункамі мне і дзецям.

— Мне няёмка неяк... — кажу я, выходзячы за веснічкі.

— Ды ну, мне гэта нічога не каштуе, — усміхаецца яна. — Мне прыемна, калі табе прыемна...

Так і павінна быць. Малайцы, жанчыны. Толькі гэта і магу сказаць.

АДКРЫЦЦЁ

Сяргей Міхайлавіч — дужа заядлы аўтамабіліст. Калі ён пачынае пералічваць, уладальнікам якіх аўтамашын быў, і будзе загінаць пальцы, то на адной руцэ іх, прынамсі, не хопіць: «Запарожац», «Масквіч», «Жыгулі», «Аўдзі»... Ну і гэтак далей. Сёння ён кіруе японскай «Таётай». «Тэхніка што трэба! — пры выпадку хваліўся набытым аўтамабілем і паказваў вялікі палец. — Во тэхніка! Шык-бляск! Нашай да яе далёка!» А якой нашай — не згадваў. Аднак пазней ён на свае вочы ўбачыў, што і яна, хвалёная японская тэхніка, іншым разам можа выходзіць са строю. Забарахліла «Таёта». Нічога не заставалася, як паказацца ў сервіс-цэнтры. Хлопцы прыдзірліва аглядзелі аўтамашыну, прапанавалі яе пакінуць і прыйсці пазней. Ну а калі ў яго ёсць час, то можа і тут пачакаць. Прыкінулі: гадзіны на дзве работы. Не болей. Сяргей Міхайлавіч пакінуў майстрам нумар мабільнага тэлефона і паабяцаў вярнуцца па легкавік, як толькі яны яму патэлефануюць. Чаго, маўляў, сядзець мне тут? Вырашыў лепш прайсціся па крамах, што месціліся паблізу ад сервіс-цэнтра. Можа, што нагледзіць, набыць вартае. Калі яшчэ надарыцца такая вось вольная хвіліна!

Так і зрабіў. А ўвечары, вярнуўшыся дадому, глядзеў на жонку і здзіўлена апавядаў, раз-пораз прыкладаючы руку да сэрца:

— Ты не паверыш, Верачка! Іду я па горадзе, а людзі са мной вітаюцца. То адзін, то другі, то трэці... Ціснуць руку, некаторыя ляпаюць па плячы, жыццём цікавяцца...Твары свецяцца ці, наадварот, засяроджаныя, іншым разам — сярдзітыя... Калі яшчэ такое было? Асобных знаёмых, прызнаюся табе, нават і не пазнаў. Каб яшчэ не падумалі, што нос задраў. Аказваецца, яны, людзі, аб нечым нетаропка клапоцяцца, заўважаюць адзін аднаго, спыняюцца, дзеляцца планамі і навінамі... Ёсць сярод іх і мае знаёмыя ... А я і забыўся даўно пра іх... Ё маё, а!.. Калі ж увесь час у машыне — толькі наперад глядзіш, на дарогу... Можа, часцей трэба пехам хадзіць, як думаеш?

Верачка ўсміхнулася і кіўнула мужу — падтрымала. А заадно і павіншавала яго з такім адкрыццём.

НАШ ПРЫГАЖЭЙШЫ

Так атрымалася, што вёска ў адзін і той жа час папоўнілася трыма новымі жыхарамі: нарадзіліся дзве дзяўчынкі і хлопчык. Было гэта ў сярэдзіне сямідзясятых гадоў мінулага стагоддзя, а прыгадалася сёння, калі патэлефанаваў з Мінска малодшы брат Воўка і мы пагаманілі пра мінулае жыццё нашай малой радзімы. Сёння, вядомая рэч, такое і ў добрым сне не прысніцца — каб трое новых жыхароў, ды яшчэ на адным тыдні... Справа вядомая: амаль няма каму працягваць ў Іскані род чалавечы. Састарэла вёска, на месцы былых хат раскашуе хмызняк. Зачыненыя паштовае аддзяленне, фельчарска-акушэрскі пункт. А будынак васьмігодкі нават разбурылі на дровы. На месца школы былая дырэктарка, а сёння ўжо нябожчыца Галіна Сцяпанаўна Стасевіч-Шульга, паспела прыцягнуць аднекуль валун, на якім сама ж напісала фарбай: тут была школа. І ўказала гады яе «нараджэння» і «смерці». Дарэчы, у яе, у школы, быў век не кароткі — 90!

Хацелі, кажуць, і краму зачыніць, але апошнія жыхары вёскі не далі зрабіць гэтага — сталі грудзьмі.

Неяк ехаў паблізу ад крамы і ўбачыў прадаўшчыцу, якая сядзела на лавачцы і грэлася на сонейку. Чакала, мабыць, пакупнікоў...

А ў той час, калі ў вёсцы з'явіліся амаль адначасова тры новыя жыхары, Воўка быў першакласнікам. І адным з нованароджаных быў ягоны пляменнік Ігарок. І тады што ён зрабіў, дзівак малы? Пабег да двух іншых немаўлят, паглядзеў на іх, прыбег дахаты і гучна заявіў:

— А наш прыгажэйшы!

Сам Воўка пра гэта не помніць. Аднак, ведаю, любіць, калі яму нагадваюць пра той выпадак. Тады яго твар кранае цёплая ўсмешка: трэба ж было і сапраўды да такога даўмецца!..

ЗА ПЕЧ!

Кацярына Іванаўна трымае шматлікую жыўнасць. Карова, парсючок, трусы, качкі, куры... Адзін час нават былі ў яе гаспадарцы індыкі, а потым неяк нібы самі па сабе звяліся. Зрэдчас яна ўспамінае і гэтых птушак, нават думае: можа, і яшчэ іх завесці. Аднак усё ж не рашаецца, калі ўспомніць, што тыя да людзей чапляюцца, асабліва да дзяцей, якія, безумоўна, і самі не супраць пазабаўляцца з індыкамі. А то і на агарод індыкі пераляцяць праз парканчык, шкоды наробяць. Ну іх!

Муж іншы раз папракне Кацярыну Іванаўну:

— Чаго нам, старая, не хапае? Ствараем для сябе толькі лішні клопат. Пара ўжо і адпачыць. Давай будзем адных курэй трымаць? Усё ж цяпер можна купіць у краме. Ці нам пенсіі не хопіць?

Аднак старую не можа нізашто ўгаварыць, тая адно заяўляе штораз:

— А тады дзеці хіба да нас прыедуць, калі не будзе чаго ўзяць? Забудуць — як і не ведалі!..

Муж не пагаджаецца, сарамаціць нават жонку, што пра сваіх дзяцей так кепска думае.

Нядаўна два сыны і дачка з зяцем прыехалі з горада на свежыну. Кацярына Іванаўна рада і не рада іх прыезду. У яе жыцці дзень, калі будуць калоць парсюка, самы няшчасны, бадай што. Тады яна не ведае, чым заняцца. Мітусіцца, усё з рук валіцца. А рукі тыя не ведае, куды схаваць — ці пад фартушок, ці сашчэпіць, каб не выдавалі яе хваляванне, на грудзях...

Нарэшце, калі прыходзіць са стрэльбай аднавясковец Рыгор, муж глядзіць на жонку, махае рукой у бок ганка і загадвае:

— За печ!

Кацярына Іванаўна ўздыхае і моўчкі туды хаваецца. Пазней яна чуе стрэл, хоць, здавалася б, вушы шчыльна затуляе далонямі, але дзе там схаваешся ад яго!.. Усхліпвае, выцірае слёзы. І не адразу выходзіць на падворак.

Хоць і ведае, для чаго гадуе парсючка, аднак ніяк не можа прывыкнуць, што некалі прыйдзе са стрэльбай сусед. Шкада жывое. І як шкада — пра гэта ведае толькі яна адна... А растлумачыць, чаму так — у каго б папытаць, а, людзі?.. Хто падкажа?..

Васіль Ткачоў

 

Загаловак у газеце: Хто падкажа?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?