Вы тут

«Электрычкі» — гэта проста і выгадна


Днямі на тэрыторыі добра вядомай сталічнай «Пясочніцы» (пр-т Машэрава, 11) прайшла выстаўка электрамабіляў. Гэта было самае маштабнае мерапрыемства сезона, прысвечанае экалагічнаму транспарту ў Беларусі.


Мэтай выстаўкі было не простае знаёмства беларусаў з аўтамабілямі на электрацязе. Арганізатары наглядна прадэманстравалі адэкватную, тэхнічна «прасунутую» і эканамічную альтэрнатыву транспарту з рухавіком унутранага згарання, якая, акрамя ўсяго іншага, не забруджвае экалогію нашай планеты.

Для гэтага на адной пляцоўцы выставілі каля трыццаці розных электрамабіляў. Кожны наведвальнік мог забрацца ў любы з іх, асабіста ацаніць камфорт і іншыя магчымасці, а таксама атрымаць інфармацыю аб той ці іншай мадэлі ў спецыялістаў.

Акрамя таго, арганізатары прадстаўлялі не проста экспазіцыю электратранспарту, але і вялікі цыкл пазнавальных лекцый пра тыя нюансы, з якімі сутыкаюцца ці могуць сутыкнуцца ўладальнікі электрамабіляў. Абмяркоўвалася амаль два дзясяткі актуальных тэм: ад рэйтынгу папулярнасці, асаблівасцяў эксплуатацыі да развіцця зараднай інфраструктуры.

— Усе гэтыя еўрапейскія электрамабілі накшталт Volkswagen ІD.3, Mazda MX-30 або Peugeot 208, яны вельмі класныя, — расказвае прадстаўнік Tesla-cars.by Павел Мурашка. — ІD.3 з запасам ходу, большым за 400 кіламетраў, — выдатны аўтамабіль для штодзённай язды, нават на далёкія адлегласці на ім можна ездзіць спакойна. Але на постсавецкай прасторы яны не такія папулярныя. У нас у пашане Tesla, таму ў асноўным мы імі і займаемся. Пакуль незразумела, ці падоўжаць абнуленне пошлін з 1 студзеня 2022 года. Але менавіта з-за магчымага вяртання пошлін цяпер асабліва вялікі попыт на электрамабілі. І ў асноўным на Tesla, прычым самых розных мадэляў і ў самым розным стане. Заказваюць і новыя з салона. Пошлін няма, таму гэта выгадна...

Сёння ў краіне налічваецца больш за 4000 электрамабіляў, увезеных з-за мяжы. За першае паўгоддзе 2021 года ў нашу краіну ўвезена 2112 электрамабіляў — гэта больш, чым за ўвесь мінулы год (1810 машын). Так што калі казаць аб продажы мадэляў, якія прадстаўлены ў нашай краіне афіцыяльна, то гэта хутчэй пакуль разавыя пакупкі. Зрэшты, як адзначылі ў Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, новыя мадэлі аўто на электрацязе ў дылераў у найбліжэйшы час наўрад ці з'явяцца. Прычына ўсяму — складаная мытная сертыфікацыя і высокая цана для пакупнікоў. Цэны на электрамабілі ў масавым сегменце еўрапейскага рынку па-ранейшаму высакаватыя для чаканняў нашых спажыўцоў. Кошт самых бюджэтных мадэляў стартуе ад 30 тысяч еўра. Калі клас аўто прэміяльны, то гэтую лічбу можна памнажаць на два ці нават тры.

Зрэшты, Bloomberg NEF і Міжнароднае энергетычнае агенцтва ўжо да канца гэтага года прагназуюць прырост колькасці электракараў у Беларусі да пяці тысяч, у 2022 — да 25 тысяч, у 2023-м — да 54 тысяч, у 2024-м — да 82,8 тысячы, у 2025-м — да 112 тысяч.

Мы знаходзімся толькі ў пачатку шляху развіцця электратранспарту ў краіне. Але «электрычак» сапраўды становіцца ўсё больш, гэта ўжо даўно не экзотыка.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

У тэму

Уладзімір Гусакоў, старшыня Прэзідыума НАН Беларусі:

— НАН Беларусі асвоіла практычна ўсе кампетэнцыі па праектаванні ўласных электрамабіляў з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій: распрацоўку дызайн-праектаў экстэр'еру, інтэр'еру, праектаванне хадавой часткі і сілавога электрапрывода.
У супрацоўніцтве з МАЗам і БелАЗам вырабляюцца доследныя ўзоры электратранспарту і яго асноўныя кампаненты (цягавы электрарухавік, сілавая і кіравальная электроніка, батарэя). Мы працуем над электрамабілямі, над мадэлямі шырокай запатрабаванасці, сярэдняга класа, якія будуць даступныя шырокаму колу насельніцтва, усім спажыўцам. Гэта пакуль не аўтамабілі суперкласа або экстракласа, хоць і такія задумкі ў нас ёсць, каб мы маглі па патрабаванні любога спажыўца, карыстальніка зрабіць любыя опцыі. Але цяпер мы ствараем надзейны аўтамабіль для шырокага карыстальніка. Як хутка зможам наладзіць масавую вытворчасць, залежыць ад таго, як хутка мы зможам стварыць эксперыментальную вытворчасць.

Запас ходу залежыць ад магутнасці, мэтавай устаноўкі. Запас для ровара можа быць 50 км, для аўтамабіля малога класа — 200–400 км. Мы працуем над тым, каб у сярэднім запас ходу быў 500 км.

Акрамя назапашвальніка, вялікае значэнне мае і рухавік — гэта таксама ўнікальная распрацоўка беларускіх навукоўцаў, досыць удалая і паспяховая. Мы цяпер працуем над цэлым радам нашых электрарухавікоў для аўтамабіляў рознага карыстання. Я не ведаю, чым яны будуць адрознівацца ад Tesla. Усе параметры, якія мы закладвалі, яны вытрымліваюць. Гэта надзейнасць, даўгавечнасць, эксплуатацыя ў розных экстрэмальных умовах, ва ўмовах моцнага холаду, высокай спёкі. Мы робім усё, каб у цэлым па кошце аўтамабілі былі даступныя нашым спажыўцам. Мы яшчэ разглядаем пытанне ў тым плане, каб гэты назапашвальнік, кандэнсатар быў здымны. Не трэба прыязджаць, уключаць і доўга чакаць (тры-чатыры гадзіны), пакуль ён будзе зараджацца. Ёсць хуткая запраўка — 15–20 хвілін. Назапашвальнік павінен быць здымны: прыехаў на станцыю, здаў свой, паставіў іншы і паехаў. Так павінна быць. Гэта магчыма. Думаю, так і будзе.

І галоўнае: гаворка ідзе пра прынцыпова іншы аўтамабіль, не пра Geely. Менавіта — беларускі аўтамабіль з поўнай беларускай «начынкай».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».