Вы тут

Алімпійскі дзённік. Трэніроўка аптымізму


Алімпійскія гульні ў Токіа праходзяць з уласцівай ім драматычнасцю. І пакуль беларусы працягваюць змагацца за медалі, алімпійскі чэмпіён Іван Літвіновіч вярнуўся ў Мінск, дзе яго ў святочнай атмасферы сустрэлі кіраўніцтва, сябры і паклоннікі. «Адчування, што алімпійскі чэмпіён пакуль, няма. Можа, яшчэ з'явіцца. Планы — дадому дабрацца, адпачыць пару дзён, потым паглядзім», — сказаў Іван Літвіновіч журналістам.


Веславанне на байдарках і каноэ. Затаіўшы дыханне, усе чакалі медаля ад Марыны Літвіновіч і Вольгі Худэнкі, якія выступалі ў фінальных заездах байдарак-двоек на 500 метраў. Спартсменкі выступілі з вынікам 1 хвіліна 37,647 секунды. Гэтага хапіла толькі для шостага месца ў выніковым пратаколе.

Яшчэ адзін лідар каманды Алег Юрэня ў фінале «В» спаборніцтваў байдарак-адзіночак паказаў 4-ы вынік і заняў на Алімпіядзе 12-е месца.

«Беларускія весляры выступілі ў двух фіналах, засталіся без узнагарод, але пасыпаць галаву попелам не варта. Вынікі цесныя, многія каманды-фаварыты пакуль без узнагарод. Хоць новазеландкі, прызнаю, — прыгажуні! Кубінцы як прыгожа ў каноэ выйгралі! Турнір у Токіа толькі стартаваў, чакаем жаночую байдарку у адзіночцы на 500 м, на 1000 м байдарку-двойку ў мужчын, Алена Наздрова пачне 4 жніўня кваліфікацыю ў каноэ на 200 м. Гульні працягваюцца, і далей тут, на вяслярным канале, будзе яшчэ цікавей», — адзначыў галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Уладзімір Шантаровіч.

Алена Наздрова, якая пачне алімпійскае выступленне 4 жніўня, нягледзячы на свае 22 гады, ужо паспела двойчы выйграць чэмпіянат свету — у 2019 і 2018 гадах. Разам з Надзеяй Макарчанкай яны выйгралі чэмпіянат Еўропы сярод юніёраў і дарослых.

Лёгкая атлетыка. Таццяна Халадовіч не прайшла ў фінал спаборніцтваў у кіданні кап'я. У стартавай спробе яна закінула снарад на 60 м 78 см і ў астатніх спробах не магла кінуць лепш. Як вынік — 13-е месца кваліфікацыі.

У сераду пачнуць выступленні ў кіданні кап'я Аляксей Каткавец і Павел Мялешка. Свой найлепшы вынік у кар'еры Аляксей Каткавец паказаў у 2020 годзе на чэмпіянаце краіны. Яго 86.05 пераўзыходзіць «бронзавы» вынік Алімпіяды ў Рыа. Павел Мялешка ў маі гэтага года на Кубку Еўропы па кіданнях заваяваў «бронзу», закінуўшы снарад на 82.55. Гэты вынік зусім не мяжа спартсмена, у пачатку чэрвеня на турніры ў Чэхіі кап'ё Мялешкі паляцела на 85.06 метра.

У сераду ў Токіа пачнуцца спаборніцтвы дзесяціборцаў, у якіх Беларусь прадставіць Віталь Жук, дарэчы, муж Ірыны Жук. Каб ацаніць, наколькі гэта моцны чалавек, варта мець на ўвазе, што ў праграму мужчынскага дзесяцібор'я ўваходзяць бег на 100 метраў, скачок у даўжыню, штурханне ядра, скачок у вышыню, бег 400 м, 110 м з бар'ерамі, кіданне дыска, скачок з шастом, кіданне кап'я, бег 1500 м.

Барацьба. Барэц грэка-рымскага стылю Кірыл Маскевіч уступіў у 1/8 фіналу алімпійскага турніру прадстаўнікі Егіпту Махамеду Метвалі. Спаборніцтвы па барацьбе працягваюцца. Да выхаду на дыван рыхтуецца Алі Шабанаў. Пачне сваё выступленне і «зорачка» беларускай жаночай барацьбы Ірына Курачкіна. Яе стрыжню, любові да сваёй справы і мэтанакіраванасці можна толькі пазайздросціць. З барацьбой яна пазнаёмілася ў 16 гадоў, што для любога віду спорту надта позна. А да гэтага займалася лёгкай атлетыкай — бегала на кароткія дыстанцыі. За 10 гадоў у барацьбе яна мужна пераносіла траўмы, перапынкі, страхі і збірала медалі розных турніраў. У яе скарбонцы поўны камплект медалёў чэмпіянатаў Еўропы і дзве «бронзы» чэмпіянатаў свету.

І хоць да заканчэння Алімпіяды ў Токіа застаецца ўсё менш часу, надзеі страчваць не варта. Алімпійскія гульні заўжды славіліся сваёй непрадказальнасцю.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».