Вы тут

Ваенныя гісторыкі — аб дыскрэдытацыі подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, выяўленні новых фактаў і захаванні памяці


Тая вайна даўно стала мінулым, напоўненым як трагічнымі, так і гераічнымі падзеямі. Аднак дагэтуль не сціхаюць спекуляцыі на тэму ролі савецкага народа ў перамозе над фашызмам, а рэальныя факты набываюць новую інтэрпрэтацыю. Праблему супрацьдзеяння фальсіфікацыям гісторыі Другой сусветнай вайны, а таксама пытанне захавання гістарычнай памяці абмеркавалі падчас круглага стала «Каб памяталі. Апошняя ваенная аперацыя на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Вызваленне заходніх рубяжоў краіны», які днямі адбыўся ў прэс-цэнтры Дома прэсы.


Жыхары Гродна сустракаюць вызваліцеляў. Ліпень 1944 года

Супрацьстаяць фальсіфікацыям

Як адзначыў рэктар Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў Нацыянальнай акадэміі навук Марат ЖЫЛІНСКІ, гісторыкі, у тым ліку школьныя настаўнікі, павінны максімальна праўдзіва паказваць падзеі ваенных гадоў на тэрыторыі Беларусі. «Апошнім часам адбываюцца вельмі сур’ёзныя нападкі на нашу краіну, інсінуацыі, фальсіфікацыі падзей Вялікай Айчыннай вайны, — канстатуе эксперт. — Да гэтага трэба адносіцца вельмі агрэсіўна. Мы ў апошнія гады сябе заспакоілі, палічылі, што мы такія памяркоўныя, у нас такая гісторыя, таму ніхто нас не кране. Яшчэ як крануць».

Марат Жылінскі акрэсліў ключавыя кірункі, па якіх адбываюцца фальсіфікацыі. «Сёння асноўныя намаганні фальсіфікатараў засяроджаныя на ўкараненні ў свядомасць сусветнай грамадскасці антыгістарычных ідэй падабенства знешняй палітыкі СССР і фашысцкай Германіі: нібыта гэтыя краіны ставілі за мэту захоп Еўропы, сусветнае панаванне, — падкрэсліў рэктар. — Фальсіфікатары скажаюць вобраз савецкіх воінаў і савецкіх узброеных сіл у асобе Чырвонай Арміі, паказваючы іх у выглядзе гвалтаўнікоў, марадзёраў, якія прынеслі ў Еўропу не вызваленне, а нібыта акупацыю і разбурэнне. Акрамя таго, апаненты значна перабольшваюць даныя аб стратах савецкіх войскаў у ходзе ваенных дзеянняў з мэтай абвінавачвання камандавання ўсіх узроўняў у бесчалавечнасці і бессэнсоўнасці ахвяр. У тым ліку яны дыскрэдытуюць дзейнасць праслаўленых палкаводцаў, тых, каго ў народзе называюць Маршаламі Перамогі, а таксама памяншаюць значэнне вызваленчай місіі СССР у Еўропе, прыніжаючы ролю Савецкага Саюза ў ратаванні чалавецтва ад заняволення нацысцкай Германіяй і яе саюзнікамі».

Як паведаміў эксперт, адзін з асноўных кірункаў фальсіфікацыі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адносна нашай краіны заключаецца ў адмаўленні ўсенароднага характару барацьбы з нацысцкімі захопнікамі на тэрыторыі Беларусі, быццам бы ўсенародная барацьба прыдумана савецкай прапагандай ужо пасля вайны, а беларускія партызаны — толькі закінутая з-за лініі фронту малаколькасная група НКУС.

Масава ішлі ў партызаны

Старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Марына КРАСНОВА акцэнтавала ўвагу на тым, як вывучаецца гісторыя Вялікай Айчыннай вайны ў школе. «Калі параўноўваць з краінамі былога Савецкага Саюза, такой увагі да ваеннай тэмы, як у Беларусі, няма больш нідзе, — перакананая навуковец. — Першае ўяўленне аб вайне школьнікі атрымліваюць ужо ў чацвёртым класе. У дзявятым пачынаецца сістэмнае вывучэнне гісторыі. У дзясятым класе вучні зноў вяртаюцца да тэмы вайны: адбываецца акцэнт не на падзеях, якія мелі месца быць, а на разуменні таго, што і чаму адбылося, што нам трэба зрабіць, каб такія падзеі больш не паўтарыліся ні на нашай тэрыторыі, ні ўвогуле ў свеце. У 2004 годзе па даручэнні Прэзідэнта Беларусі ў школьную праграму быў уведзены факультатыў „Вялікая Айчынная вайна савецкага народа ў кантэксце Другой сусветнай вайны“, выдадзены вучэбны дапаможнік, які добра ведаюць у суседніх краінах».

У цяперашні час Нацыянальнай акадэміяй навук ажыццяўляецца сур’ёзны праект беларускіх і расійскіх гісторыкаў з мэтай стварыць агульныя дапаможнікі па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны для настаўнікаў. У іх павінны быць прадстаўлены пазіцыі як беларускіх, так і расійскіх гісторыкаў. Гэта, на думку вучоных, патрэбна для таго, каб школьнікі не проста атрымлівалі чыёсьці меркаванне аб вайне, а самі на аснове фактаў, аналізуючы іх, рабілі свае высновы. Каб, ужо скончыўшы школу, яны маглі самастойна разабрацца ў тым, што адбываецца ў свеце.

На думку Марыны Красновай, Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне, галоўную ролю ў якой адыграў Савецкі Саюз, з’яўляецца ключавым элементам нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. «Ніякія перыпетыі нашай гісторыі — ні распад Савецкага Саюза, ні гарачыя 1990-я, ні нападкі, якія датычыліся ролі Савецкага Саюза ў Вялікай Айчыннай вайне ў пачатку 2000-х, — не памянялі адносіны беларусаў да гэтай падзеі. Нам важна захаваць гэта, як і памяць аб ёй», — лічыць эксперт.

Акрамя таго, кандыдат педагагічных навук закранула тэму здрадніцтва. «У любым народзе ёсць людзі, якія ідуць на гэта, — упэўнена яна. — Аднак у Беларусі здрадніцтва не было масавай з’явай. А вось тое, што людзі масава ішлі ў партызаны і падпольшчыкі, гэта варта прызнаць».

Жахі ў Заходняй Беларусі

Дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксандр ГОРНЫ расказаў аб гісторыі вызвалення Гродзеншчыны. Увесь жах вайны горад над Нёманам спазнаў ужо 1 верасня 1939 года, калі нямецкая авіяцыя бамбіла Польшчу, у складзе якой тады знаходзілася Гродзенская вобласць. У гады Вялікай Айчыннай вайны 23 чэрвеня 1941 года Гродна быў захоплены нямецка-фашысцкімі войскамі, да канца ліпеня была акупавана ўся тэрыторыя сучаснай Гродзеншчыны. Тэрыторыя цяперашніх Гродзенскага і Ваўкавыскага раёнаў (тады гэта была Беластоцкая вобласць) увайшла ў склад Трэцяга рэйха. У гады вайны гэта была тэрыторыя Германіі, Усходняй Прусіі. Малавядомы факт: на дадзенай тэрыторыі дзейнічалі органы гестапа. У горадзе для яўрэйскага насельніцтва былі створаны два гета, актыўна пераследавалася польская інтэлігенцыя.

— Калі казаць пра асаблівасць акупацыі на тэрыторыі Гродзенскай вобласці, гітлераўцы праводзілі палітыку сутыкнення лбамі прадстаўнікоў шматлікіх нацыянальнасцяў, якія тут пражывалі, — адзначае кандыдат гістарычных навук. — У першую чаргу яны выкарыстоўвалі ў сваіх мэтах беларуска-польскі канфлікт, які быў найбольш актуальны на тэрыторыі сучасных Лідскага і Шчучынскага раёнаў. Дзеянні польскага падполля, Арміі Краёвай, якая актыўна дзейнічала супраць беларусаў, — яшчэ адна рыса акупацыйнага рэжыму на тэрыторыі Гродзенскай вобласці.

Не так шырока, як ва ўсходніх рэгіёнах Беларусі, але быў прадстаўлены на Гродзеншчыне і савецкі партызанскі рух. З ворагам змагалася каля 17 тысяч партызанаў, 26 партызанскіх брыгад, падпольшчыкі.

— Тэрыторыя Гродна і ўсёй вобласці была вызвалена ў 1944 годзе ў ходзе другога этапу аперацыі «Баграціён», падчас Беластоцкай і Віленскай аперацый, — расказвае Аляксандр Горны. — 16 ліпеня была вызвалена правабярэжная частка горада. За левабярэжную ж змагаліся цэлы тыдзень. Тое, што горад вызваляўся працягла і трагічна, на жаль, ніяк не прадстаўлена ў мемарыяльнай прасторы сучаснага горада. Каля 40 працэнтаў горада было разбурана, не выстаялі вядомыя помнікі архітэктуры, якія пасля вайны не былі адноўлены. Пасля вайны горад страціў свой сярэднявечны арэал.

Невядомыя факты

Як высветлілася, тэма Вялікай Айчыннай вайны сёння надзвычай папулярная сярод студэнтаў-гісторыкаў. «Адна з галоўных праблем тых, хто займаецца даследаваннем увогуле ваеннай гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя, — гэта абмежаваны доступ да архіваў і дакументаў, — растлумачыў дацэнт кафедры гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэй МАКСІМЧЫК. — У асноўным даводзіцца працаваць з раней выдадзенымі зборнікамі дакументаў або з тым, што цяпер актыўна выкладваецца ў глабальную сетку, што дазваляе адкрываць у тым ліку новыя, раней невядомыя факты ўдзелу і подзвігу асобных вайскоўцаў і партызанаў на тэрыторыі Беларусі».

Гісторык прызнае, што ў даследаванні тэмы Вялікай Айчыннай вайны ў нас ёсць пэўныя праблемы. «Трэба пагадзіцца і з тым, што першай ахвярай на вайне становіцца праўда, — мяркуе Андрэй Максімчык. — Яна, магчыма, нам яшчэ не да канца вядомая. Мы знаходзімся ў цісках савецкай парадыгмы, таго падыходу да інтэрпрэтацыі падзей Вялікай Айчыннай вайны. І калі з’яўляюцца працы, якія вельмі рэзка выбіваюцца з гэтага кантэксту, на іх чамусьці адразу накідваюцца і гавораць аб тым, што гэта чарговы прадукт фальсіфікацыі. Насамрэч жа, калі паглядзець на той матэрыял, які быў выкарыстаны, даследаванні падрыхтаваныя на такой жа архіўнай базе, з якой працавалі нашы папярэднікі. У савецкі перыяд многае адфільтроўвалася, асабліва гэта датычылася падпольнага і партызанскага руху».

— Адыходзяць сведкі вайны, і мы на іншым эмацыянальным узроўні ўспрымаем тыя падзеі, — канстатуе кандыдат гістарычных навук. — Праз некалькі гадоў Вялікая Айчынная вайна для нас будзе нечым далёкім. Гэта заканамерна і аб’ектыўна. Таму нам, у першую чаргу гісторыкам, патрэбна максімальна сканцэнтравацца на выяўленні новых фактаў, публікацый дакументаў, рабоце, звязанай з гістарычнай памяццю. Нам трэба звярнуць увагу на помнікі, якія маюць патрэбу ў рэстаўрацыі, падняць тыя падзеі, якія потым могуць стаць асновай для мемарыялізацыі і стварэння новых аб’ектаў, якія патрэбныя нашай краіне.

Вераніка КАНЮТА

Загаловак у газеце: Максімальна праўдзіва

Выбар рэдакцыі

Культура

Кладка якога стагоддзя будзе захавана? У сценах Старога замка ў Гродне вядуцца зандажы

Кладка якога стагоддзя будзе захавана? У сценах Старога замка ў Гродне вядуцца зандажы

Вядома, што пры жыцці польскі кароль Стэфан Баторый так і не ўбачыў канчаткова дабудаванага Старога замка ў Гродне.

Грамадства

Цяпер у краіне бясплодныя пары могуць зрабіць ЭКА бясплатна

Цяпер у краіне бясплодныя пары могуць зрабіць ЭКА бясплатна

Маладыя муж і жонка нецярпліва чакалі з'яўлення ў іх сям'і дзіцяці. 

Грамадства

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Медыкі і губернатар Гродзенскай вобласці адказалі на пытанні па прышчэпках