Вы тут

Залучаныя на жніве


Брэнд Случчыны — гэта не толькі ўрадлівая зямля, але і дбайныя, руплівыя гаспадары на ёй. Хлебаробы «Аграфірмы «Лучнікі» плануюць атрымаць важкі каравай, і цяпер прыйшоў іх час — збіраць ураджай. Каля вёсак Лучнікі, Сярагі, Варкавічы, Падліпцы, Бязверхавічы — асноўныя палеткі прадпрыемства, там поўным ходам ідзе жніво. Некалькі дзён таму і мне давялося назіраць завяршальную — дажыначную стадыю спрадвечнага сялянскага клопату.


Дзевяць камбайнерскіх экіпажаў зранку да прыцемкаў шчыруюць на рапсавых, з трыцікале, пшанічных і ячных палетках. Пажнуць адну культуру — перабіраюцца на іншую — спелую, густую, пад цяжкімі каласамі, ніву. Пакуль надвор’е спрыяе, механізатары не раслабляюцца, не адпачываюць, не трацяць ні хвіліны (хіба толькі на гарачы і смачны полудзень, вядома ж, пад адкрытым небам). Хутка набіраюцца сямітонныя бункеры, увішныя «МАЗы» і «газончыкі» падстаўляюць свае кузавы пад хлебны дождж. Збожжа транспартуецца з поля на ток, а на двары зернесушылкі ўтвараецца сапраўдная «горная сістэма».

Можна шмат распавядаць пра кожнага ўдзельніка ўраждайнай бітвы на лучнікоўскіх палетках — механізатараў і вадзіцеляў, супрацоўнікаў МНС і раздатчыкаў абедаў, аграномаў і брыгадзіраў участкаў, работнікаў зернятока... — усе яны сумленна працуюць у сёлетняй уборачнай кампаніі. Але я, не маючы месца на словы, адзначу толькі двух чалавек з гэтай кагорты, Аляксандра Клевановіча і Вячаслава Красуцкага — яны першыя ў гаспадарцы здабылі свае тысячу тон: Аляксандр — на камбайне, Вячаслаў — на перавозцы (яны працуюць у звязцы). Мне ўдалося паназіраць, як гэтых рупліўцаў непасрэдна на палявым стане віншавалі, казалі словы гонару, уручалі прэміі і граматы. Між іншым, мужчыны працуюць зусім не на новай тэхніке. Сапраўдныя пераможцы!

Галоўны аграном Сяргей Савановіч раскрыў агранамічныя карты (цяпер можна): азімая пшаніца пасеяна на тысячы ста чатырнаццаці гектарах, азімы трыцікале — на трохсот дваццаці гектарах, рапс — на сямісот трыццаці...

— Сёлета рапс нас не падвёў: на трыццаць працэнтаў большы ўрадзіўся, чым леташні, а азімы ячмень дае 75 цэнтрераў на круг, — кажа аграном Сяргей Савановіч.

Перад тым як вярстаўся газетны нумар, я патэлефанаваў галоўнаму аграному і пачуў ад яго: «Наша жніво ўжо на самым экватары і амаль усе экіпажы наблізіліся, а то і перасягнулі тысячны рубеж».

Анатоль КЛЯШЧУК

Фота аўтара

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».