Вы тут

Сто загадак, ці Урок выжывання стомленай маці


Дзень быў цяжкі і не толькі з-за спякоты. Так атрымалася, што мне неабходна было праехаць больш за сто кіламетраў з вёскі дадому, у Мінск, бо з летняга лагера вярталася дзесяцігадовая Уля. Яе трэба было забраць увечары з Усходняга вакзала, і гэта павінна была зрабіць я з пяцігадовай Меланняй на руках. Па прыездзе ў горад я ўжо адчувала сябе абяссіленай. Зрабіла дома ліманад і не дачакаўшыся, пакуль той астыне, паехала па дачку. Ехалі на маршрутцы, у якой з-за гарачыні малая стала капрызіць. Я ўсё больш нервавалася, але мы своечасова з’явіліся на месцы. Назад вырашылі выклікаць таксі. Але як на тое, таксіст доўга не мог знайсці нас на стаянцы, і мы вымушаныя былі з сумкамі ісці да прыпынку. Толькі ў машыне, дзе працаваў кандыцыянер, я перастала гаварыць Ульяне «пачакай» у адказ на ўсе пытанні.


— Мама, уяві, у цябе ёсць тры дарогі. Адна — з непраходнымі шыпамі, другая — з лятучымі мышамі, а трэцяя — з павукамі. Вось якую лепш абраць? Ну мааам, гэта ж адразу зразумела, што з павукамі, яны ж разбягуцца! Давай згуляем у «селі-ўсталі», ну вось, рукі злучы ў замочак, цяпер уверх пальцы, потым уніз! Ды што ж такое! Няправільна! Давай спачатку.

— Але я раблю, як ты кажаш!

— Ты павінна была войкнуць ад болю, калі я сціскаю табе рукі, а ты маўчыш! Значыць, няправільна. О! Пад дрэвам сядзяць чатыры львы, адзін сышоў, колькі засталося?

— Два! — весела выкрыквае Мелання

— Няправільна! Тры! — задаволена выводзіць Уля.

— Па небе ляціць самалёт, у ім пяцьсот цаглін, адна выпала — засталося?

— Чатырыста дзевяноста дзевяць, — адказваю я.

— А тады ад чаго загінула бабуля?

— Якая бабуля?

Уля залівіста смяецца.

— На яе ж цагліна ўпала з самалёта! Ведаеш, я ў лагеры, як ты, адказала! А як змясціць слана ў халадзільнік за тры дзеянні?

— Адчыніў халадзільнік, змясціў слана, зачыніў!

— Малайчына, мама! А тады паспрабуй змясціць у халадзільнік за чатыры дзеянні жырафа.

Тут жа не вытрымлівае.

— Якая ты нездагадлівая! Трэба адкрыць халадзільнік, дастаць слана, пакласці жырафа і закрыць! У льва сёння дзень нараджэння, хто да яго не прыйдзе?

— Мабыць, тыя, каго ён можа з’есці...

— Жыраф не прыйдзе! Жы-ра-ф! Ты ж яго ў халадзільніку зачыніла.

Кіроўца засмяяўся ўголас. Усю дарогу ён спрабаваў мне нешта сказаць, але і слова ўставіць не змог з-за Улькіных загадак. Малая адчула няёмкасць і змоўкла. Калі кіроўца супакоіўся, то ўдакладніў, да якога пад’езда нас падвезці. У гэты час Уля расслабілася.

— Мам, мне яшчэ загадак СТО трэба табе загадаць, бо я ж потым проста забудуся.

Кіроўца ў гэты час спыняе машыну паблізу нашага дома. Пачынаецца нейкая мітусня: Мелання хоча паказаць Улі свой кашалёчак і адтуль вывальваюцца манеткі, яны разам спрабуюць іх сабраць, тут жа ў Улі выпадае з кішэні тэлефон і захрасае паміж аўтамабільнымі крэсламі. Я з цяжкасцю выцягваю Меланню з машыны і стаўлю на тратуар. Уля працягвае поўзаць у машыне і спрабуе дастаць тэлефон. Кіроўца ставіць каля мяне сумкі.

— Я хацеў папрасіць прабачэння, што не змог вас знайсці на вакзале, — кажа спачувальна. — Цяпер разумею, як цяжка было ісці да прыпынку з сумкамі і дзецьмі. А вам яшчэ сто загадак адгадваць...

Прызнацца, я на секудну запанікавала. Раптам заўважыла дзяцей у двары — сябровак дачкі!

Энергічна махаю дзяўчынкам рукой, і тыя натоўпам бягуць да мяне. Урачыста аб’яўляю ім, што Уля прыехала! Малая, вылазячы з машыны, не паспявае адказваць на пытанні сябровак.

— Улька, табе ж яшчэ сто загадак загадваць, — кажу я, падымаючы сумку.

— А можна мне пакуль дзяўчынкам іх загадаць, а табе іншым разам? Ну, калі ласка, калі ласка, калі ласка...

— Добра, толькі як прыйдзеш дадому, адразу мыцца і спаць! — ужо амаль наўздагон крычу
дачцэ. — Табе яшчэ адпачыць трэба.

Раптам лаўлю захоплены позірк кіроўцы:

— Пашанцавала?

— Не-а! Доўгія гады трэніровак і прыроджанае ўменне выжываць.

Смяёмся. Я накіроўваюся з Меланняй дадому піць астылы ліманад.

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.