Вы тут

Раскрываем сакрэты навукі


Перадача «Навукаманія» — знаходка для тых, каму цікавы свет навукі. Сумесны праект сацыякультурнага тэлеканала Белтэлерадыёкампаніі і Нацыянальнай акадэміі навук кожны панядзелак і суботу знаёміць аўдыторыю з беларускімі даследчыкамі і іх распрацоўкамі, дасягненнямі ў пэўнай галіне, а таксама з унёскам у развіццё сусветнай навукі.


Навукова-папулярны праект з'явіўся як абнаўленне перадачы, якая раней рыхтавалася ў эфір рэгіянайнай ТРК, і вось ужо пяць гадоў распавядае сваёй аўдыторыі пра розныя цікавыя рэчы. Так, напрыклад, тут ведаюць пра карысць і адмоўны ўплыў дыет, пра лекі новага паклення і пра сакрэты бадзёрасці, пра загадкі чалавечага мозга...

— Сёння мы, бадай што, адзіны такі глабальны навукова-папулярны праект на тэлебачанні. Нашай камандзе зусім не складана расказваць пра свет навукі шырокай аўдыторыі. А вось аўтарам навуковых даследаванняў, адкрыццяў бывае няпроста растлумачыць нам сутнасць сваёй дзейнасці, але за пяць гадоў ніводны наш эксперт, спікер, вучоны не праваліў гэтую «місію». Больш за тое, яны імкнуцца тлумачыць усё ледзь не на пальцах, каб усім было цікава і зразумела, — кажа вядучая і кіраўнік праекта «Навукаманія» Кацярына Бірэцкая. — Разам з тым, кожны з нашай каманды напярэдадні здымак праводзіць сур'ёзную падрыхтоўчую работу, робіць сюжэты, каб больш глыбока і ярка раскрыць той ці іншы аспект будучага выпуску. Думаю, таму ўсё і складваецца. Адзінае, што ў гасцей бывае хваляванне перад камерай, але і з гэтым яны спраўляюцца.

Трэба адзначыць, што кожны выпуск ствараецца камандай прафесіяналаў, якія шукаюць цікавых гасцей, складаюць план, даследуюць тэму будучай размовы з самых розных ракурсаў. Праграма стала сапраўдным пропускам для гледачоў у свет новых тэхналогій, навуковых адкрыццяў і вынаходак. Інтэрв'ю з экспертамі, навуковымі супрацоўнікамі, вучонымі, а таксама сюжэты па тэме, рэпартажы з першых вуснаў — вось тая аснова, якая збірае ўсіх зацікаўленых каля экранаў. Ужо пяць гадоў сталымі «гульцамі» каманды з'яўляюцца выпускаючы рэдактар Інга Бялова, рэжысёр Святлана Грушына, вядучая Кацярына Бірэцкая. А для аператараў стаць часткай каманды стваральнікаў чарговай «Навукаманіі» — гэта, лічыце, пэўная ўдача. У групе рэдактараў часцей затрымліваюцца дзяўчаты, якіх больш прыцягваюць дадзеныя сфера і тэматыка. У прынцыпе, апошнім часам навука становіцца ўсё больш папулярная сярод маладых людзей, і ў ёй, па інфармацыі НАН, — усё больш дзяўчат. Адносна таго, чым мяркуюць здзіўляць у найбліжэйшай будучыні, адзначаюць, што незалежна ад тэлесезона каманда імкнецца максімальна «ўкладвацца» ў кожны выпуск, рабіць яго карысным і цікавым.

— Не так даўно ў нас змянілася графічная «ўпакоўка» праграмы. За час прысутнасці «Навукаманіі» ў эфіры эксперыментавалі і з лакацыямі здымак інтэрв'ю: то ў студыі, то выязджалі ў госці да вучоных, а потым зноў вярнуліся ў студыю. Калі ж браць рубрыкі і сюжэты, тут ужо прытрымліваемся пэўнай схемы, якая стварае праграму, — распавядае вядучая праекта. — Кожны раз здымкі ў нас праходзяць цікава і насычана. Калі бачыш перад сабой людзей, у якіх вочы гараць пры размове аб іх рабоце, то заражаешся ў студыі гэтай неверагоднай энергіяй. На жаль, за кадрам застаюцца часам тыя станоўчыя эмоцыі, якія дорыць нам госць, хоць мы і імкнёмся, каб аўдыторыя іх адчувала нават праз экран... І водгукі гледачоў натхняюць, бо людзі адкрываюць для сябе цікавыя тэмы праз нашу праграму — і галоўнае, усё пры гэтым разумеюць.

У найбліжэйшых выпусках зможам даведацца, дзе ўжо сёння знаходзіцца аэрапорт будучыні (спойлер: за мяжу ехаць не трэба!) і чаму менавіта гэтым летам былі пабітыя шматлікія тэмпературныя рэкорды. А значыць можна смела запрашаць усіх на сустрэчу з праграмай «Навукаманія» на тэлеканале «Беларусь 3». Глядзіце і адкрывайце яшчэ больш незвычайнага вакол сябе!

Алена ДРАПКО

З архіва гераіні

Бліц-апытанне для Кацярыны Бірэцкай:

1. У чым для вас найбольшая прывабнасць навукі?

 — У людзях.

2. На што вы найперш звяртаеце ўвагу пры знаёмстве з новым чалавекам? 

— На вочы, бо яны заўсёды пра многае распавядаюць.

3. Тры вашы ўласныя адкрыцці або здзіўленні за час работы ў праекце «Навукаманія». 

— Першае, што навука жыве не дзесьці ў лабараторыях, а існуе і развіваецца побач з намі, у жыцці. Другое — што навука можа растлумачыць любую з'яву. А трэцяе — наколькі моцна ўмеюць гарэць сваёй справай прафесіяналы, якія прысвячаюць навуцы сваё жыццё...

4. Раскажыце пра ваш эліксір бадзёрасці. 

— Ні кава, ні чай не бадзёраць так, як разуменне і прадчуванне новых сустрэч з цікавымі людзьмі. Гэтым і жыву.

5. Ці можа навука ўратаваць свет? 

— Так, і яна робіць гэта кожны дзень. Калі б не навука, то свет быў бы зусім іншы. Безумоўна, ва ўсім варта ўзважваць станоўчае і адмоўнае, але, упэўненая, плюсоў усё ж больш.

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — важнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — важнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

 У краіне завяршаецца уборачная кампанія, скончана сяўба азімых культур.

Грамадства

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

Урач — пра тое, як цяпер праяўляе сябе каранавірус

«Больш сталі хварэць маладыя людзі, цяжарныя і дзеці».