Вы тут

Наталля Качанава перадала кіслародны канцэнтратар у падарунак Дому дзіцяці ВК № 4 у Гомелі


Сітуацыю з рэабілітацыяй нарка- і алказалежных жанчын, якія адбываюць пакараннне ў выпраўленчых установах, вывучала падчас свайго візіту на Гомельшчыну спікер верхняй палаты парламента, у прыватнасці, яна наведала выпраўленчую калонію № 4 у Гомелі.


Візіт пачаўся са знаёмства з установай, у якой з 1965 года адбываюць пакаранне выключна жанчыны. Яны занятыя на швейнай вытворчасці, шыюць самую розную прадукцыю — ад пасцельнай бялізны да спецвопраткі, а вырабы швачак гомельскай калоніі вядомыя не толькі ў Беларусі, але і за межамі краіны.

Два гады таму ў калоніі быў адкрыты інтэрнат для сумеснага пражывання асуджаных са свамі дзецьмі. Тут прадугледжаныя ўсе ўмовы, каб маладыя маці змаглі адчуць радасць мацярыства. Інтэрнат разлічаны на сумеснае пражыванне 20 асуджаных — цяпер тут знаходзяцца чатыры маладыя маці. Старшыня Савета Рэспублікі высока ацаніла створаныя ўмовы для жанчын і іх малых.

Сваёй гісторыяй падзялілася адна з асуджаных — маладая маці Святлана Мякшына. Ёй 23 гады, сама яна родам з Карэліі. Пра сябе расказвае, што атрымала тэрмін па 328 артыкуле за наркотыкі, прысуд — восем гадоў пазбаўлення волі. Ужо ў калоніі даведалася аб сваёй цяжарнасці. Была магчымасць, каб родныя прыехалі і забралі дзіця, але Святлана вырашыла, што будзе гадаваць дачушку Багдану ў калоніі. Праз год заканчваецца яе тэрмін пазбаўлення волі, таму дзіця не прыйдзецца накіроўваць у дзіцячы дом. Для мамы гэта, безумоўна, вельмі важна.

— Прачынацца кожную раніцу і бачыць сваё дзіця, назіраць, як яно пазнае свет, робіць першыя крокі, — ні з чым не параўнальная каштоўнасць, — падзялілася Святлана. Яе тэрмін адбывання пакарання ў гомельскай калоніі быў скарочаны з васьмі да трох гадоў і дзевяці месяцаў, у тым ліку па амністыі. Святлана ў ранейшым жыцці паспела атрымаць працоўную спецыяльнасць кухара-кандытара. Кажа, тут, у калоніі было шмат часу пераасэнсаваць сваё жыццё. Маладая жанчына будуе мары аб уласнай справе кандытара, калі выйдзе з калоніі. Марыць вярнуцца і гадаваць дачку на радзіме.

Наталля Качанава пазнаёмілася з усімі жанчынамі, якія пражываюць у інтэрнатах са сваімі дзецьмі, пагутарыла з дзяўчатамі, якія трапілі ва ўстанову, не дасягнуўшы паўналецця. Старшыня Савета Рэспублікі ў падарунак Дому дзіцяці папраўчай калоніі № 4 Гомеля перадала кіслародны канцэнтратар. Для малых перадала ў падарунак цацкі.

Сёння ў Доме дзіцяці тут знаходзяцца 17 дзяцей да трох год. Прынамсі, адзін з іх нарадзіўся мінулай ноччу. Як адзначылі ва ўстанове, Дом дзіцяці — паўнавартасны аналаг звычайнага дзіцячага садка, дзе кожны малы акружаны клопатам выхавальнікаў і медперсаналу.

Наталля Качанава наведала таксама ўчастак для непаўналетніх. Парламентарый пагутарыла з дзяўчатамі, якія паступілі на дыстанцыйнае навучанне ў ВНУ. Трое асуджаных з Гомеля, Віцебска і Салігорска вучацца на педагога-псіхолага.

Кіраўнік Савета Рэспублікі азнаёмілася з дзейнасцю рэблітацыйнага цэнтра «Давер», які на тэрыторыі папраўчай калоніі пачаў працаваць з ліпеня. Гэта пілотны праект, які прадугледжвае ізаляванае знаходжанне ў цэнтры 16 асуджаных. Усе яны маюць залежнасць ад псіхаактыўных наркатычных рэчываў і выказалі жаданне прайсці лячэнне і рэабілітацыю. З удзельнікамі праграмы, разлічанай на паўгода, працуюць псіхолагі, выхавацелі, медыкі.

Інтэрв’ю журналістам пагадзілася даць адна з асуджаных, якія праходзяць рэабілітацыю. Святлане (прозвішча прасіла не называць) — 26 гадоў, родам з Мінска, «на волі» яе чакаюць родныя і пяцігадовая дачка. Да калоніі маладая жанчына вучылася ў архітэктурным каледжы, але сама прызнаецца, наркотыкі памяшалі развіваць талент і вучыцца далей. Паспрабавала ўсе віды наркатычных сродкаў, пачала «прымаць» у 13 гадоў. Атрымала тэрмін ў калоніі ў 21 год, на той момант у яе была трохмесячная дачушка.

— Рэабілітацыя дае ўпэўненасць у будучыні, таму што ёсць пэўны страх перад вызваленнем, вярнуцца да ранейшага жыццю, а тут гэта, як кажуць прафілактыка і значны крок ў цвярозую будучыню, — упэўнена дзяўчына. — Мы разбіраемся ў прычынах нашых хваробаў, вельмі цікава праходзяць заданні, лекцыі, рэальна праводзіцца для дзяўчат вялікая работа. На кожны дзень тыдня для нас распрацаваны адмысловы план заняткаў, прыязжаюць спецыялісты з рэабілітацыйнага цэнтра «Ключ», праводзяць групавыя заняткі, нам усім вельмі падабаеццца.

Расказвае маладая жанчына і аб умовах пражывання. Кажа, вельмі камфортна, па-іншаму нават сябе адчуеш, для яе гэта значны этап падрыхтоўкі да таго часу, калі вярнецца дадому.

— Я вельмі хацела трапіць на рэабілітацыю і мае родныя вельмі хацелі, каб быць больш упэўненымі і спакойнымі за мяне. Святлане ў рэабілітацыіі і пераасэнсаванні жыцця значна дапамагае маляванне. Малюе для сябе, здымаючы псіхалагічныя праблемы, малюе для сваёй дачкі, якой дасылае свае работы з калоніі. Мінчанка адбыла ўжо пяцігадовы тэрмін пазбаўлення волі, марыць выйсці праз год умоўна-датэрмінова.

Тым не менш намеснік начальніка ўстановы па папраўчай рабоце, кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтра «Давер» Алена Лукомская звяртае ўвагу: — Звыш 40 % асуджаных жанчын, якія адбываюць пакаранне ў выпраўленчай калоніі № 4 пакутуюць ад наркатычнай і алкагольнай залежнасці.

Для праходжання праграмы рэабілітацыі ў цэнтры «Давер» былі распрацаваныя крытэрыі адбора ўдзельнікаў — наяўнасць залежнасці, дастатковы тэрмін для праходжання праграмы, адсутнасць абставін, якія не даюць магчымасці займацца ў праграме, і самы асноўны крытэрый — гэта згода на рэабілітацыю. Адбор сярод асуджаных таксама быў праведзены на падставе псіхалагічнага і медыцынскага абследавання.

Па выніках сустрэчы Наталля Качанава адзначыла, што тыя ўмовы, якія створаныя сёння ў гомельскай калоні для асуджаных, дазваляюць асэнсаваць іх праблемы, стаць на шлях выпраўлення і зрабіць усё, каб працягнуць сваё жыццё годна. 

— У сваёй рабоце парламентарыі працуюць над законапраектамі, а для таго, каб вырашаць падобныя пытанні, безумоўна, варта ведаць сітуацыю, якая складваецца ў папраўчых установах. Магу адзначыць што значная колькасць маці, дзеці якіх асуджаныя па артыкуле 328, за ўжыванне і распаўсюджванне наркотыкаў, звяртаюцца да нас і гавораць аб тым, што неаходна зрабіць, што ўдасканаліць у папраўчай рабоце. Літаральна днямі ў мяне была сустрэча з такімі матулямі, — адзначыла кіраўнік Савета Рэспублікі. Яна звярнула ўвагу, што не так даўно быў праведзены выязны Прэзідыум Савета Рэспублікі сумесна с Беларускай праваслаўнай царквой менавіта па праблемах наркатычнай і алкагольнай залежнасці. Варта ў гэтым кірунку вывучаць і вопыт работы рэабілітацыйнага цэнтра ў гомельскай папраўчай калоніі.

— Гэта вельмі важна, бо за гэтым стаяць сем’і, стаяць дзеці. Калі 40 % жанчын, якія адбываюць пакаранне гомельскай калоніі маюць залежнасці, гэта безумоўна бяда, і з гэтым трэба працаваць. Многія з іх пазбаўленыя бацькоўскіх правоў, іх дзеці выхоўваюцца ў іншых сем’ях ці ў дзіцячых дамах, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Сёння мы сустрэліся з шасцю дзяўчатамі, якія трапілі ў калонію будучы непаўналетнімі за ўжыванне і распаўсюджванне наркотыкаў. Гэта таксама вельмі сур’ёзная праблема, якой павінны займацца наша грамадства, нашы грамадскія аб’яднанні. Усе павінны разумець, што гэта бяда, якая можа прыйсці практычна ў любую сям’ю. На гэта звяртаў увагу і Прэзідэнт, разглядаліся магчымыя меры па зніжэнні тэрміну пакарання за падобныя артыкулы, і тады былі прынятыя пэўныя крокі ў гэтым кірунку.

Акрамя таго, падчас візіту ў рэгіён Наталля Качанава сустрэлася ў Гомельскім абласным выканаўчым камітэце з дэпутацкім корпусам абласнога і базавага ўзроўняў. Старшыня Савета Рэспублікі на сустрэчы звярнула ўвагу на неабходнасць больш актыўнага ўключэння дэпутатаў ў работу са зваротамі грамадзян, важнасці інфармавання людзей аб становішчы ў краіне, каб не дапусціць негатыўнага ўплыву фэйкаў. Акцэнт быў зроблены таксама на актуальнасці і важнасці работы з моладдзю.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».