Вы тут

Вучэнне «Захад-2021» мае выключна абарончы характар


Сумеснае стратэгічнае вучэнне ўзброеных сіл Беларусі і Расіі перш за ўсё накіравана на павышэнне навучанасці войскаў са складу рэгіянальнай групоўкі, прызначанай для забеспячэння бяспекі ва Усходне-еўрапейскім рэгіёне. Аб гэтым падчас брыфінгу для прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі і ваенна-дыпламатычнага корпуса заявіў начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны Беларусі генерал-маёр Віктар ГУЛЕВІЧ.


Фота: БелТА

— Падрыхтоўка да вучэння адбываецца ва ўмовах няпростай ваенна-палітычнай абстаноўкі ў свеце ў цэлым і ў еўрапейскім рэгіёне ў прыватнасці, — адзначыў першы намеснік кіраўніка абароннага ведамства. — На фоне ваенных канфліктаў, якія не патухаюць і зноў узгараюцца ў шматлікіх кутках планеты, Рэспубліка Беларусь імкнецца да мінімізацыі ўзнікнення ваенных пагроз ва Усходняй Еўропе і прыкладае максімум намаганняў для зніжэння напружанасці ў рэгіёне, праводзіць міралюбівую і адкрытую палітыку.

Задачы, пастаўленыя ў вучэнні, будуць ажыццёўлены як на чатырох беларускіх, так і на дзевяці расійскіх палігонах. У манеўрах, якія адбудуцца на нашай тэрыторыі, возьме ўдзел каля 12 800 ваеннаслужачых: сярод іх 2,5 тысячы расійскіх і да 50 казахскіх вайскоўцаў са складу Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Акрамя таго, у вучэнні будзе задзейнічана каля 350 адзінак бранятанкавай тэхнікі, да 110 адзінак артылерыі і рэактыўных сістэм залпавага агню, звыш 30 самалётаў і верталётаў.

Як падкрэсліў Віктар Гулевіч, сумеснае стратэгічнае вучэнне «Захад-2021» мае выключна абарончы характар, і яго правядзенне не нясе ніякай пагрозы ні для еўрапейскай супольнасці ў цэлым, ні для суседніх краін у прыватнасці. «Яно дазволіць на практыцы ўдасканаліць механізм сумеснага выкарыстання абарончай інфраструктуры і праверыць гатоўнасць і здольнасць рэгіянальнай групоўкі войскаў выконваць задачы па прызначэнні», — удакладніў генерал-маёр.

Начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл акцэнтаваў увагу на тым, што на працягу апошніх некалькіх гадоў каля заходніх граніц Саюзнай дзяржавы створаны перадавыя камандныя цэнтры НАТА. «З канца 2020 года на тэрыторыі Польшчы пачала функцыянаваць перадавая аператыўная група штаба 5-га армейскага корпуса сухапутных войскаў ЗША, колькасць сіл першачарговага задзейнічання НАТА павялічана да 40 тысяч чалавек, — канстатаваў Віктар Гулевіч. — Чатыры шматнацыянальныя батальённыя тактычныя групы блока прыведзены ў поўную аператыўную гатоўнасць. Толькі замежныя воінскія кантынгенты, размешчаныя ў Польшчы і ў краінах Балтыі, налічваюць звыш 8,5 тысячы ваеннаслужачых, каля 120 танкаў, больш чым 230 баявых браніраваных машын, каля 70 артылерыйскіх сістэм і рэактыўных сістэм залпавага агню, а таксама звыш 30 баявых самалётаў і верталётаў. Паскоранымі тэмпамі ідзе рэалізацыя прынятай у 2018 годзе на саміце НАТА ініцыятывы ЗША «Чатыры па трыццаць», згодна з якой у распараджэнне кааліцыйнага камандавання аб'яднаных узброеных сіл блока павінны перадавацца да 30 агульнавайсковых батальёнаў, 30 авіяцыйных эскадрылляў і 30 баявых караблёў асноўных класаў, якія знаходзяцца ў 30-сутачнай гатоўнасці. Гэта дазволіць НАТА ў сукупнасці з сіламі першачарговага задзейнічання і чатырма баявымі брыгаднымі групамі ЗША ў кароткі тэрмін засяродзіць каля нашых граніц наземную групоўку колькасцю да 100 тысяч чалавек».

Падчас брыфінгу было заўважана, што актыўна ідзе ўдасканаленне аператыўнага абсталявання тэрыторый суседніх з нашай краінай дзяржаў, у тым ліку спецыяльных складскіх комплексаў для размяшчэння і тэхнічнага абслугоўвання ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, захоўвання запасаў матэрыяльна-тэхнічных сродкаў, складзіравання боепрыпасаў у інтарэсах Узброеных Сіл ЗША. «У непасрэднай блізкасці ад Дзяржаўнай граніцы Беларусі з высокай інтэнсіўнасцю праводзяцца вучэнні НАТА, падчас якіх у тым ліку адпрацоўваюцца пытанні перакідання войскаў, падрыхтоўкі маршрутаў руху і раёнаў баявога прызначэння, стварэння груповак, навядзення перапраў, фарсіравання водных перашкод, высадкі дэсантаў і многія іншыя задачы, характэрныя менавіта для вядзення наступальных дзеянняў», — паведаміў першы намеснік міністра абароны. — Мы аб'ектыўна разумеем, што правядзенне вучэнняў з'яўляецца адным з асноўных элементаў падрыхтоўкі войскаў. Аднак іх характар і інтэнсіўнасць, якая прагрэсіруе, не можа не выклікаць у нас занепакоенасці, асабліва пасля шэрагу правакацыйных дзеянняў з боку нашых заходніх суседзяў».

Вераніка КАНЮТА

Загаловак у газеце: Трымаць порах сухім

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў. 

Грамадства

Як правільна аднаўляцца пасля COVID-19?

Як правільна аднаўляцца пасля COVID-19?

Нават у лёгкай форме перанесеная каранавірусная інфекцыя не праходзіць для арганізма бясследна.

Грамадства

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Як навучыць дзіця рацыянальна карыстацца грашыма? Парады псіхолага

Дзіцяці абавязкова трэба ведаць: Што такое грошы? Навошта яны патрэбны?