Вы тут

Усе колеры Гульняў


У медальнай скарбонцы беларускай каманды — поўны камплект. Сярэбраны медаль Алімпійскіх гульняў заваявала Ірына Курачкіна! У фінале спаборніцтваў па жаночай барацьбе яна ўступіла японцы Рысака Каваі. З паспяховым выступленнем Ірыну павіншаваў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. «Ты ўпэўнена iшла да алiмпiйскага поспеху, вяртаючыся з медалямi з кожнага буйнога турнiру. I на такiйскiм дыване прадэманстравала высокае тэхнiчнае майстэрства, уменне трымаць сябе ў руках i цярпець i выдатную фiзiчную гатоўнасць, — гаворыцца ў вiншаваннi. — Дзякуй табе i тваiм настаўнiкам ад усiх балельшчыкаў за гэта срэбра i пазiтыўныя эмоцыi». Аляксандр Лукашэнка пажадаў Iрыне Курачкiнай моцнага здароўя, шчасця i дабрабыту.


Фота: БелТА

З баявым настроем, зададзеным Ірынай Курачкінай, беларускія спартсмены працягваюць выступленне ў алімпійскім Токіа.

Барацьба. У Токіа працягваецца турнір па барацьбе. Дзяніс Храмянкоў (125 кг) завяршыў сваё выступленне на Алімпіядзе. Алі Шабанаў страціў шанцы стаць бронзавым прызёрам Гульняў. У суцяшальным паядынку ён уступіў Майлсу Назему Аміну. А Магамедхабіб Кадзімагамедаў (74 кг) у паўфінале перамог італьянца Франка Чаміса і замацаваў за сабой як мінімум сярэбраны медаль. Ванеса Каладзінская ўступіла ў схватцы з кітаянкай Цяньюй Пан і не выйшла ў фінал спаборніцтваў. У пятніцу свой першы алімпійскі паядынак правядзе Аляксандр Гуштын.

Веславанне на байдарках і каноэ. Алена Наздрова ў заездах на 200 метраў заняла трэцяе месца ў фінале Б. Але медалі ў гэтай дысцыпліне разыгрываюцца ў фінале А. Марына Літвінчук і Вольга Худэнка завяршылі свае суцяшальныя заезды ў фіналах на 500 метраў. Мікіта Борыкаў і Алег Юрэня занялі сёмае месца ў гонках байдарак-двоек на 1000 метраў.

Беларусы працягваюць выступаць у іншых дысцыплінах. Так, 6 жніўня на старт заездаў каноэ-двоек на 500 метраў выйдуць Надзея Макарчанка і Дарына Пікулева. Надзея Макарчанка адразу паказала, на што яна здольная. У 2017 годзе, у 18 гадоў, яна стала лаўрэатам прэстыжнай прэміі World Paddle Awards (WPA) у катэгорыі Sports Junіor, якая штогод прысуджаецца найлепшым веслярам планеты. У пятніцу пачнуцца спаборніцтвы байдарак-чацвёрак на 500 метраў. На вяслярных каналах Токіа будуць выступаць бронзавыя прызёры Рыа Марына Літвінчук, Маргарыта Махнева, Вольга Худэнка, Надзея Папок. У 2016 годзе яны заваявалі «бронзу» ў спаборніцтвах байдарак-чацвёрак на 500 метраў. У мужчынскай частцы спаборніцтваў свае сілы правераць Мікіта Борыкаў, Уладзіслаў Літвінаў, Аляксей Місючэнка і Дзмітрый Натынчык.

Лёгкая атлетыка. Карына Дзямідзік у скачках у вышыню паказала вынік 1 м 90 см і не выйшла ў фінальную стадыю турніру, куды адабраліся 14 спартсменак з вынікам 1 м 95 см. Ірына Жук заняла восьмае месца ў фінале скачкоў з шастом. У сваёй найлепшай спробе яна ўзяла вышыню ў 4 м 50 см. Затым яна тройчы спрабавала скокнуць на 4 м 70 см, але ёй гэта не ўдалося. Эстафетная каманда 4х400 з вынікам 3 хвіліны 33,00 секунды не змагла выйсці ў алімпійскі фінал. Аляксандр Ляховіч у спартыўнай хадзьбе на 20 км заняў 44-е месца з вынікам 1 гадзіна 31 хвіліна і 47 секундаў.

А спаборніцтвы па спартыўнай хадзьбе працягнуцца і далей. Бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы 2018 года Дзмітрый Дзюбін у Токіа пройдзе дыстанцыю ў 50 кіламетраў. Дарэчы, медаль кантынетальнага першынства ён заваяваў менавіта на гэтай дыстанцыі. Вікторыя Рашчупкіна, Настасся Рароўская пройдуць дыстанцыю ў 20 кіламетраў. Ганна Церлюкевіч алімпійскі нарматыў у Токіа (1.29,59) выканала ў першы год пасля вяртання з дэкрэтнага водпуску.

Мастацкая гімнастыка. У пятніцу на сваіх першых Алімпійскіх гульнях выступяць адзіночніцы Настасся Салас і Аліна Гарнасько. Мастацтва ў жыцці Аліны Гарнасько ёсць не толькі ў гімнастыцы. Дзяўчына стварае карціны, размалёўвае адзенне. Аліна — вучаніца адзінай алімпійскай чэмпіёнкі ў гісторыі Беларусі Марыны Лобач. Настасся Салас лёгкая на гімнастычным дыване, але моцная ў жыцці. Дзяўчына пераехала ў Беларусь з Расіі, а сям'я засталася ў Барнауле. Дзеля спартыўнай кар'еры дзяўчына адважылася на разлуку з сям'ёй і самастойнае жыццё ў іншай краіне. Усё гэта аказалася не дарма. Настасся Салас — уладальніца саліднай калекцыі медалёў розных турніраў.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

У прамым эфіры тэлеканала «Беларусь-1» Юлія расказвае аб падзеях у Беларусі.

Калейдаскоп

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

За адно стагоддзе Беларусь жыла па пяці розных Асноўных Законах.