Вы тут

Ну і гемарой!..


Вёдры з зямлёй і вадой, скрыні з ураджаем — пад'ём і перанос цяжараў прыводзіць да вострай і інтэнсіўнай болі ў заднім праходзе. Аднак не толькі дачныя клопаты могуць стаць прычынай такіх праблем. Ад чаго ўзнікае гемарой? Ці можна з ім справіцца без аперацыі? Як пераадолець сарамлівасць і дайсці да ўрача? Якія малаінвазійныя методыкі прыйшлі на змену ранейшаму лячэнню? Пра гэта і іншае мы пагутарылі з кандыдатам медыцынскіх навук, практолагам вышэйшай катэгорыі медыцынскага цэнтра «ЛОДЭ» Дзмітрыем Грабеннікавым.


Хваробы амаль трэці насельніцтва

— Дзмітрый Сяргеевіч, з якімі пытаннямі найчасцей звяртаюцца да практолага?

— Самае распаўсюджанае — гемарой розных формаў: востры, хранічны. На другім месцы — анальныя трэшчыны, як вострыя, так і хранічныя. На трэцім — эпітэліяльныя хвастцовыя хады, гэта прыроджанае захворванне, якое характарызуецца з'яўленнем вузкага канала ці некалькіх кропкавых адтулін у зоне хвастца. Часта звяртаюцца пацыенты з праяўленнямі сіндрому раздражнёнага кішэчніка — болямі ў жываце, дыярэямі ці запорамі. Вельмі шмат з'явілася пацыентаў з дызбактэрыёзам. Такая праблема ўзнікае, як правіла, праз лячэнне антыбіётыкамі — іх цяпер актыўна прызначаюць. Павялічылася колькасць неспецыфічных язвавых калітаў. Гэта грознае аўтаімуннае захворванне, калі ўзнікае запаленне прамой кішкі і сценак кішэчніка. Пачасціліся і выпадкі выяўлення паліпаў у маладым узросце. Пару дзесяцігоддзяў таму цяжка было знайсці пацыента 30-40 гадоў з паліпамі, цяпер іх нямала.

Увогуле практалагічныя хваробы «памаладзелі». Гэта заўсёды наступства стрэсу, праблем з харчаваннем, а таксама сядзячы лад жыцця, ды і сам рытм жыцця, які стаў занадта хуткі, і трэба ўсё трымаць пад кантролем. Таму дзесьці ў 30 % насельніцтва ёсць практалагічныя праблемы.

— Як праяўляе сябе гемарой? У каго ён найчасцей сустракаецца?

— Ад гемарою пакутуюць прыкладна 10 % папуляцыі зямнога шара. Каля 33—42 % пацыентаў практалагічнага профілю — людзі з гемароем. І 90 % з іх — у працаздольным узросце. Кожны пацыент перажывае за год у сярэднім ад трох да шасці прыступаў абвастрэння. І, як правіла, адзін прыступ з трох мае рэцыдывы з-за неадэкватнага лячэння і няправільнага прымянення методык.

Гемарой — гэта павелічэнне падслізістых сасудзістых утварэнняў — кавернозных цел — у прамой кішцы. Вузлы і ў норме існуюць. Іх падтрымліваюць звязкі, але часта пры запорах, цяжарнасці, падчас патуг звязкі правісаюць і вузлы выпадаюць. Спачатку гэта
праяўляецца крывацёкам, але бывае выпадзенне і без крывацёкаў. Вельмі балючы стан — востры гемарой, калі ў вонкавым гемараідальным вузле ўтвараецца тромб.

Першымі сімптомамі гемарою з'яўляюцца болі ў прамой кішцы і заднім праходзе, пякота, сверб, прымесь крыві падчас фізічнай нагрузкі, пры наведванні прыбіральні, на другой і далейшых стадыях — выпадзенне вузлоў. Вылучаюць чатыры стадыі гемарою.

Аперыраваць ці не?

— Ці на любым этапе яго можна вылечыць?

— Так. Але тут важна ўсведамляць, што на першай і другой стадыях яшчэ магчыма кансерватыўнае лячэнне, а вось пры трэцяй і чацвёртай — толькі хірургічнае. Рабіць аперацыю ці не — вырашаць самому пацыенту.

— Гемарой ахутвае шмат міфаў. Які самы распаўсюджаны?

— Той, што гемарой перараджаецца ў рак. Гэта не так. Іншая справа, што пад гемарой можа маскіравацца рак, ён таксама праяўляецца крывацёкамі. Пацыент мяркуе, што ў яго гемарой, а на самай справе гэта паліп ці штосьці горшае.

— Чым анальныя трэшчыны адрозніваюцца ад гемарою?

— Пры запоры ці дыярэі траўміруецца слізістая, утвараецца мікранадрыў, туды трапляе інфекцыя, узнікае болевы спазм сфінктара. Паколькі мы не можам не хадзіць у прыбіральню, кожны раз трэшчына разрываецца, нават калі паспее крыху зажыць. Вострыя трэшчыны існуюць да трох месяцаў, але калі ўтвараецца ранка, якая доўга не зажывае, трэшчына з часам ператвараецца ў хранічную. Вылечыць яе амаль немагчыма, іх заўсёды аперыруюць.

Для вострай трэшчыны характэрны моцныя болі падчас наведвання прыбіральні і пасля, прымесь крыві ў стуле ці на туалетнай паперы. Калі прыкладна 95 % вострых трэшчын можна вылечыць кансерватыўна, то хранічныя трэшчыны, як я ўжо казаў, не вылечваюцца. Часта з-за хранічных трэшчын узнікаюць парапрактыты і парарэктальныя свішчы. Пры іх інфекцыя з трэшчыны пранікае наскрозь праз прамую кішку — і ўзнікае абсцэс. Стан вельмі няпросты, цяжка лечыцца, толькі аператыўным умяшаннем, прычым не заўсёды паспяхова.

— Чаму ўзнікаюць запоры?

— Калі разглядаць псіхалагічны аспект, звычайна практалагічныя захворванні маюць людзі, для якіх характэрныя павышаная скрупулёзнасць, цярплівасць, беражлівасць, акуратнасць, часам — імпульсіўнасць і высокая агрэсія. Для іх таксама ўласцівыя фобіі: страх за сваё здароўе і страты ўсяго матэрыяльнага. Часта ў такіх людзей выяўляецца падсвядомае нежаданне развітацца з мінулым, цягнуць за сабой праблемы.

З пункту погляду фізіялогіі, прычынамі запораў з'яўляецца няправільнае харчаванне без дастатковай колькасці раслінных валокнаў, яда ўсухамятку, фаст-фуд, недахоп вады. А таксама стрэс, сітуацыя, калі дзіця не ідзе ў прыбіральню ў школе, а толькі дома, часта да гэтага схільныя дзяўчынкі. Пры цяжарнасці павялічаная матка сціскае кішэчнік,
плюс зноў жа, адбіваецца недахоп клятчаткі. Могуць уплываць і пэўныя медыкаменты.

— Да чаго вядуць запоры?

— Да гемарою, трэшчын, паліпаў. Ад патуг павышаецца ўнутрыбрушны ціск, адбываецца прыліў крыві — так узнікае гемарой. Альбо лопаецца слізістая, і з'яўляецца трэшчына. Ёсць пацыенты, якія просяць зрабіць аперацыю, каб прайшлі запоры. І некаторыя ўрачы абяцаюць, што пасля аперацыі тыя знікнуць, аднак гэта не так. Бываюць, вядома, практагенныя запоры, калі чалавек баіцца хадзіць у прыбіральню, бо ў яго баліць і крывавіцца гемарой. Але гэта здараецца рэдка. Першапрычына ўсё ж — запоры і патугі. Таму тут трэба дзейнічаць у двух кірунках: аперыраваць гемарой і лячыць запоры.

— Як яны лечацца?

— Ужываннем прэбіётыкаў (элементы ежы, якія не ператраўліваюцца ў верхніх аддзелах страўнікава-кішачнага тракту, а ферментуюцца ў тоўстым кішэчніку) і прабіётыкаў (карысныя бактэрыі, якія жывуць у кішэчніку), правільным харчаваннем, вісцэральным масажам жывата. Рабіць яго можна ў спецыяліста ці самастойна. Таксама скачкі, бег, практыкаванні ёгі выдатныя для кішэчніка. Абавязковы прыём 1,5-2 літраў вадкасці штодзень.

— Што такое анальныя махры?

— Часцей за ўсё гэта наступствы перажытага анальнага трамбозу гемараідальных вузлоў. Вена надзімаецца і расцягвае скуру, потым спадае, а расцягнутая скура застаецца. Часта так бывае ў жанчын пасля родаў. Увогуле, падчас цяжарнасці і родаў прыкладна ў 70 % жанчын узнікае гемарой.

— Ці ёсць небяспека ў анальных махрах?

— Здараецца, што яны павялічваюцца і націраюцца бялізнай. Улічваючы што ўнутры іх вены, яны могуць свярбець, балець і часам трамбавацца. Бывае, што яны перашкаджаюць гігіене, тады мы рэкамендуем іх выдаляць. Але рызыка з'яўлення ацёку і новай махры даволі вялікая, бо ў вобласці задняга праходу вялікая колькасць вен, адну прыбіраеш — набухае іншая.

Пераадолець сарамлівасць

— Нярэдка людзі саромеюцца звяртацца да практолага. Як пераадолець сябе? У чым заключаецца агляд?

— У нас ёсць спецыяльная аднаразовая бялізна, пацыент пераадзяваецца за шырмай, дзе яго ніхто не бачыць. Аглядзець пацыента можна так, як яму камфортна: на баку, на гінекалагічным крэсле, у каленна-локцевым становішчы. Пры неабходнасці выкарыстоўваюцца анестэзуючыя мазі. Цяпер ёсць тонкія анаскопы, з дапамогай якіх урач робіць агляд. Вельмі важная папярэдняя гутарка: доктару патрэбна ўмець зняць падсвядомыя страхі і трывогі.

Як пераадолець сарамлівасць? Варта задумацца, што больш энергазатратна: адчуваць сарамлівасць ці потым лячыць цяжкія запушчаныя формы. Трэба падыходзіць з пункту гледжання рэальнай выгады для свайго арганізма. Бывае яшчэ і такі матыў: а раптам у мяне штосьці знойдуць і гэта прыйдзецца лячыць? І людзі церпяць: лепш не ведаць, чым лячыць. Але ж толькі на ранніх стадыях можна абысціся без аперацыі.

— Як правільна рыхтавацца да візіту да практолага?

— Варта зрабіць некалькі ачышчальных клізмаў увечары і раніцай перад прыёмам, пры гэтым не вячэраць і не снедаць. Ёсць свечкі і мікраклізмы мясцовага прымянення, якія выклікаюць натуральнае апаражненне кішэчніка. Яны ставяцца ўвечары і раніцай. Прымаць пераральныя слабіцельныя прэпараты, у тым ліку растворы, я не рэкамендую. Гэта чатыры літры вадкасці, многім пацыентам не ўдаецца іх цалкам выпіць.

— Ці балючае само абследаванне?

— Пры вострым болевым сіндроме, акрамя мясцовай анестэзуючай мазі, прымяняецца паверхневая анестэзія ў выглядзе раствораў ці спрэяў.

Да аперацыі важна выспець

— Якія новыя метады лячэння, недаступныя яшчэ некалькі гадоў таму, з'явіліся ў практалогіі?

— Цяпер усё больш пашыраныя малаінвазійныя метады лячэння, у прыватнасці, лазерныя тэхналогіі. Бо сучаснае жыццё такое, што пацыент не хоча адчуваць боль, мусіць як мага хутчэй вярнуцца ў строй. Найперш гэта так званая лазерная каагуляцыя гемараідальных вузлоў, да якой мы дадаём дэзартэрызацыю. Гэта абяскроўліванне артэрыі, якая сілкуе гемараідальны вузел, і выпальванне лазерам самой гемараідальнай тканкі вузла. Такі метад прымяняецца, як правіла, на другой стадыі і ў пачатку трэцяй.

З высокай эфектыўнасцю мы выконваем трансанальную дэзартэрызацыю гемараідальных вузлоў пад кантролем доплера (УГД) з ліфтынгам слізістай. Гемараідальны вузел, які выпаў, абяскроўліваецца і «прышываецца» на сваё ранейшае месца. З часам ён рассмоктваецца. Да гэтага мы дадаём лазернае ці радыехвалевае выдаленне вонкавых вузлоў. Нельга сказаць, што гэта небалючае ўмяшанне, але яно пераносіцца лягчэй, чым стандартная аперацыя. Аднаўленне займае два-тры тыдні, як і пасля стандартнай гемараідэктаміі, але пацыент знаходзіцца дома.

Яшчэ адна папулярная малаінвазійная аперацыя — лазерная каагуляцыя эпітэліяльных хвастцовых хадоў. Замест высячэння, што суправаджаецца вялікай ранай, хады спальваюцца лазерным променем. Гэтак жа, як і падчас лазернай вапарызацыі анальнай трэшчыны, яна не высякаецца, а спальваецца лазерам. Трэба быць гатовымі да двух тыдняў бальнічнага ліста. Усё роўна раны задняга праходу, як правіла, зажываюць 1,5-2 месяцы. У гэты час яны пабольваюць, выдзяляюць кроў. Канчатковы эфект з'яўляецца праз паўгода.

Важна разумець, што ўсе аперацыі суправаджаюцца болевым сіндромам. Калі абяцаюць, што балець не будзе, гэта няпраўда. І пацыенты павінны ісці не па тое,
каб не балела ды не крывавіла, а да таго ўрача, які ведае, як правільна справіцца з любым выпадкам і звесці да мінімуму болевы сіндром і крывацёк. Часам пацыент «плаціць» новым рэцыдывам за адсутнасць болю і крывацёку. Таму лепш пацярпець і зрабіць раз і назаўсёды.

Сучасныя методыкі, калі іх правільна прымяняць, прыводзяць у 90—95 % выпадкаў да поўнага вылячэння. Гэты працэнт быў высокі і са старымі методыкамі, але ўзнікаў шэраг ускладненняў: пасляаперацыйныя рубцовыя стрыктуры задняга праходу, доўгі болевы сіндром, недастатковасць сфінктара, частыя крывацёкі, доўга не загойваліся раны. Цяпер такіх ускладненняў нашмат менш.

Поспех аперацыі залежыць і ад пацыента. Вельмі важна, каб ён да яе выспеў. Калі пацыент не гатовы развітацца з хваробай, гэта пагражае працяглым і няпростым пасляаперацыйным перыядам.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.