Вы тут

Прэзідэнт пабываў з рабочай паездкай у Гродне


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка робіць рабочую паездку ў Гродзенскую вобласць, паведамляе БелТА.

Кіраўнік дзяржавы прыбыў у аэрапорт абласнога цэнтра.


Лукашэнка ў Гродне: гэту зямлю, хто б як ні хацеў, мы нікому не аддадзім

Беларусь не аддасць ні кавалачка сваёй зямлі, хто б як ні хацеў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на цырымоніі ўрачыстага адкрыцця аўтамабільнага моста Усходні цераз Нёман.

«Гэту зямлю, хто б як ні хацеў, мы нікому не аддадзім, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Нават метра, нават кавалачка. Гэта наша зямля».


Лукашэнка: няхай ніхто не сумняваецца — беларусы ўзводзяць свае масты ў мірную будучыню

«Кажуць, кожны новы мост — гэта дарога ў будучыню. І няхай ніхто не сумняваецца, што мы, беларусы, свае масты ўзводзім у мірную будучыню», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.


Лукашэнку падарылі хрустальны мост

Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку сёння на адкрыцці моста ў Гродне падарылі зменшаную хрустальную копію аб’екта.

Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што гэты падарунак зойме сваё месца ў Палацы Незалежнасці ў Мінску.

Пад аўтамабільны мост рэканструявалі пабудаваны больш як 40 гадоў таму чыгуначны мост, які ўзводзіўся па ініцыятыве ваенных у якасці рэзервовага аб’екта. Некаторы час ён стаяў закінутым. Затым было прынята рашэнне змяніць прызначэнне моста: ён стаў часткай новага вялікага кальца вакол Гродна.


«Ужо святое для гродзенцаў месца» — Лукашэнка адкрыў у Гродне новы мост цераз Нёман

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў сёння ўдзел у цырымоніі ўрачыстага адкрыцця аўтамабільнага моста Усходні цераз Нёман.

На цырымоніі таксама прысутнічалі ўлады горада і вобласці, кіраўнікі і работнікі праектных і будаўнічых арганізацый, якія ўдзельнічалі ў рэканструкцыі моста, прадстаўнікі грамадскасці.

«Дзякуй, што вы прыйшлі. Не прыйсці вы не маглі, асабліва будаўнікі: нам трэба зрабіць справаздачу перад краінай — грошы на гэты мост выдзяляла ўся краіна, — адзначыў Прэзідэнт. — Дзякую вам яшчэ раз за тое, што мы сустрэліся на гэтым ужо, напэўна, святым для гродзенцаў месцы».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Усходні мост цераз Нёман — самы высокі ў Беларусі, яго вышыня складае 32,5 метра над узроўнем вады. «Мы збіралі грошы з усёй краіны, каб яго аднавіць. Я разумеў, што без гэтага моста Гродна задыхнецца. І былы ваш губернатар, і цяперашні дабіваліся таго, каб хутчэй яго аднавіць. І дзякуй будаўнікам — за рэкордна кароткі тэрмін (усяго паўтара года) яны стварылі такі цуд, найпрыгажэйшы мост», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Новы мост стаў падарункам для жыхароў рэгіёна да гадавіны вызвалення Гродзеншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Прэзідэнт нагадаў, што Гродна быў вызвалены Чырвонай Арміяй у ліпені 1944-га, а ўжо да жніўня вораг быў поўнасцю выбіты з тэрыторыі СССР. І няхай да пераможнага мая 1945-га заставалася амаль 10 месяцаў, стала відавочна: крах Трэцяга рэйха фактычна прадвызначаны.

«Гэта дзякуючы ім, савецкім воінам, партызанам і падпольшчыкам, мы мірна жывём на сваёй зямлі і абсалютна ўпэўнены ў сваёй будучыні. У гэтым я вас абсалютна запэўніваю. Вы нават можаце не перажываць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Так, мы цяпер не супакойваемся, глядзім, што адбываецца па перыметры. Мы ўсё бачым, не ўсё можам пакуль сказаць. Але вы нават не перажывайце: наша зямля заўсёды будзе нашай».

Усходні мост цераз Нёман у прамым сэнсе звязаў эпохі. Яго фундамент закладзены ў першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі тымі людзьмі, хто бачыў вайну і ведаў, які нетрывалы мір, адзначыў кіраўнік дзяржавы. Таму ў 60-я гады мост планавалі выкарыстоўваць у інтарэсах ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння. З яго ў выпадку неабходнасці можна было ажыццявіць ракетны залп. На шчасце, для такіх мэт ён не спатрэбіўся, дадаў Прэзідэнт.

«Хіба не маглі аднавіць гэты цуд? Сёння нам выпала ўнікальная магчымасць аб’яднаць бясцэнны вопыт папярэдняга пакалення з найноўшымі тэхналогіямі цяперашняй будаўнічай галіны. Усё, што мы ўзводзім і ўмацоўваем, — масты, дарогі, гарады, незалежнасць нашай суверэннай дзяржавы — таксама павінна стаць асновай для будучых дасягненняў нашых дзяцей», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы пажадаў, каб новы мост цераз Нёман, які прайшоў ужо некалькі выпрабаванняў на трываласць, вытрымаўшы ўдары стыхіі, стаў сімвалам захавання нацыянальнай памяці беларусаў, гісторыі і традыцый. Ён яшчэ раз падзякаваў усім спецыялістам за гэта, паводле яго слоў, сапраўды грандыёзнае збудаванне. Прэзідэнт павіншаваў іх і ветэранаў працы з надыходзячым прафесійным святам — Днём будаўніка.

«Дарагія будаўнікі, вы зрабілі важны падарунак не толькі жыхарам Гродна, але і ўсёй краіне. Таму што ўсе дарогі, якія вядуць на Захад, праходзяць праз гэту святую зямлю, — заявіў беларускі лідар. — Мы будзем рабіць усё для таго, каб падтрымаць будаўнікоў. Таму што, калі няма будаўнікоў — няма краіны. Ёсць краіна, калі яна нешта будуе. Калі яна не будуе, значыць, гэта краіна застыла ў сваім развіцці».

Кіраўніку дзяржавы ўручылі сімвалічны ключ ад новага моста, а ён перадаў яго губернатару Уладзіміру Караніку.

Варта адзначыць, што ў Гродне сёння непагадзь. Практычна без перапынку ідзе дождж з моцнымі парывамі ветру.

«Яшчэ раз дзякуй. Сем гадзін было — патэлефанаваў мне губернатар. — Ну што будзем рабіць? Ён мне кажа: ведаеце, Аляксандр Рыгоравіч, нават калі лівень будзе сёння, трэба прыехаць і адкрыць Прэзідэнту гэты мост. Гэта будзе павага з боку краіны і Прэзідэнта да гродзенцаў. Выступаючы тут, мяне не пакідала думка: мудра ён зрабіў, што чарговы раз не адклаў гэту падзею. І я вельмі рады, што мне давялося пабываць на гэтым мосце», — падкрэсліў беларускі лідар.

Пад аўтамабільны мост у Гродне рэканструявалі пабудаваны больш як 40 гадоў таму чыгуначны мост, які ўзводзіўся па ініцыятыве ваенных у якасці рэзервовага аб’екта. Некаторы час ён стаяў закінуты. Затым было прынята рашэнне змяніць прызначэнне моста: ён стаў часткай новага вялікага кальца вакол Гродна.

Усходні мост цераз Нёман і аб’язную дарогу планавалі ўрачыста адкрыць да самой гадавіны вызвалення Гродна. Але з-за ліўняў і наступстваў стыхіі мерапрыемства было перанесена. Вышыня моста склала 32,5 м, даўжыня аб’екта — амаль 240 м, шырыня — 17,5 м. Прадугледжаны дзве паласы руху ў кожны бок.

Побач ёсць Румлёўскі мост, яго праектная прапускная здольнасць — 2300-2500 машын у гадзіну. Ужо на працягу пяці гадоў ён працуе з прапускной здольнасцю амаль 3250 аўто ў гадзіну. На гэтым участку з’яўляюцца непазбежныя пробкі, асабліва ў часы пік. Пабудаваць новы аўтамабільны мост цераз Нёман хацелі яшчэ ў часы СССР. Але тады тэхналогіі і вопыт праектных інстытутаў не дазвалялі гэтага зрабіць. Таму акрыццё Усходняга моста сапраўды доўгачаканая падзея для жыхароў абласнога цэнтра.


Лукашэнка: лета было гарачым, але ніхто не здымаў галоўны абавязак — працаваць і даваць вынік

«Нягледзячы на тое, што лета было гарачым ва ўсіх адносінах, ніхто з нас не здымаў галоўны наш абавязак — працаваць і даваць вынік. Вы цудоўна ведаеце, чулі ў тым ліку ад мяне аб тым, што адбываецца вакол Беларусі. Задачы пастаўлены, сістэма выбудавана ў Беларусі, а вось як яна рэалізуецца, на прыкладзе Гродзенскай вобласці мы ўбачым на гэтай нарадзе», — заявіў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што нарада прысвечана негатыўным з’явам як у рэгіёне, так і краіне ў цэлым. «Магчыма, ёсць нейкія праблемы. Мы іх павінны бачыць і абазначыць загадзя. Яны звязаны з тым няспынным націскам на Беларусь, перш за ўсё з пункту гледжання эканомікі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Адзінае, аб чым я заўсёды прашу наша кіраўніцтва, вертыкаль улады, урад, эканамічныя службы: займіцеся эканомікай, дайце вынік у эканоміцы. З усімі астатнімі пытаннямі, а яны не лягчэйшыя, мы справімся, — падкрэсліў беларускі лідар. — Кіраўніцтва вобласці на месцы. Ёсць элемент ваенны, які ў асобе Юрыя Хаджымуратавіча (памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, які раней узначальваў МУС. — Заўвага БелТА) прайшоў цяжкія часы. У самым пекле. Ёсць чалавек малады, арганізаваны, які ведае, што рабіць, і, як я бачу, робіць. Таму ні ў якім выпадку не трэба расслабляцца. І ўсё ў нас атрымаецца».

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік у пачатку нарады далажыў аб ходзе ўборачнай кампаніі ў рэгіёне, развіцці сельскай гаспадаркі і аграпрамысловага комплексу. У прыватнасці, адзначаецца рост экспарту, што сведчыць аб запатрабаванасці прадукцыі на знешніх рынках.

Фота БелТА

Будзе дапоўнена

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.