Вы тут

Трагедыя «Зімовага чараўніцтва»


У лютым — сакавіку 1943 года на тэрыторыі Асвейскага, Дрысенскага і Расонскага раёнаў, што на Віцебшчыне, а таксама Себежскага раёна Расіі гітлераўцы лютавалі з нечалавечай жорсткасцю. Акупанты, а таксама іх памагатыя ўздоўж граніцы з Латвіяй планавалі стварыць 40-кіламетровую паласу «мёртвай зямлі» — спаліць усе вёскі, а іх жыхароў знішчыць. Адна з самых жорсткіх і крывавых карных аперацый нацыстаў мела прыгожую, паэтычную назву «Зімовае чараўніцтва»...


Падчас аперацыі «Зімовае чараўніцтва» многія вёскі ператварыліся ў пустыні.

Доўгі час аб гэтым жудасным злачынстве фашыстаў на нашай зямлі мала хто ведаў. Фактычна, не цікавіліся ім і гісторыкі. Наша беларуская талерантнасць, дыпламатычнасць не дазвалялі псаваць адносіны з суседзямі: асноўнай ударнай сілай гэтай карнай аперацыі былі не нямецкія падраздзяленні, а латышскія паліцэйскія батальёны.

Нямецкая разведка пралічылася

Да пачатку 1943 года гэтая тэрыторыя кантралявалася партызанамі — тут дзейнічала Расонска-Асвейская партызанская зона. Геаграфічнае становішча на памежжы Беларусі, Расіі і Латвіі прадвызначыла яго важнае стратэгічнае значэнне, яно служыла своеасаблівым плацдармам для разгортвання савецкага партызанскага руху ў гэтых рэспубліках.

Калі верыць агентурным даным Абвера, у пачатку 1943 года каля Асвеі дыслацыраваўся латышскі партызанскі атрад колькасцю каля 80 чалавек і беларускія партызанскія фарміраванні, у якіх налічвалася як мінімум 500 народных мсціўцаў. Насамрэч, нямецкая разведка недаацэньвала свайго праціўніка: савецкія дакументы сведчаць, што агульная колькасць савецкіх партызанаў у Расонска-Асвейскай партызанскай зоне перавышала восем тысяч чалавек.

«Наяўнасць вялікай колькасці партызанаў у Расонах азначае небяспеку, якая ўсё расце, — паведамлялася ў дакладзе начальніка айнзацгрупы «Б». — З гэтага вынікае стварэнне спрыяльнай абстаноўкі для правядзення аперацый Чырвонай Арміі ў тыле нямецкіх войскаў».

Карнікі-латышы

Гітлераўцы бачылі ў партызанскіх фарміраваннях рэальную пагрозу, таму ішлі на ўсё, каб іх ліквідаваць. Першая такая спроба была здзейснена ў студзені 1943-га. Аперацыя пад кодавай назвай «Заяц-бяляк» скончылася для насельніцтва партызанскага краю страшнай трагедыяй. Менш чым за месяц на Расоншчыне было знішчана 260 жылых хат, расстраляна і зажыва спалена 1245 чалавек, у тым ліку 214 дзяцей. Партызанскія злучэнні, якія трапілі пад удар карнікаў,  сур'ёзных страт не панеслі.

Працягам аперацыі «Заяц-бяляк», па задуме фашыстаў, павінна была стаць аперацыя «Зімовае чараўніцтва». Яе ўзначальваў вышэйшы кіраўнік СС і паліцыі «Остланд» і «Расія — Поўнач» Фрыдрых Ёкельн. Менавіта па яго рашэнні аснову карнай групоўкі склалі восем латышскіх паліцэйскіх батальёнаў. Нямецкія падраздзяленні і ўкраінскі паліцэйскі батальён не былі ўключаны ў склад баявых груп, а з'яўляліся своеасаблівым рэзервам камандавання.

«Бандыты і падазроныя прынцыпова падлягаюць расстрэлу. Усе астатнія асобы, калі яны прыдатныя да працы, уключаючы дзяцей, могуць быць пакінуты па ўсебаковым узгадненні СД і вайсковых часцей», — адзначалася ў загадзе Ёкельна. Акрамя таго, каманды паліцыі бяспекі і СД павінны былі знішчаць і населеныя пункты — падобныя загады маглі аддаваць нават афіцэры ўзроўню камандзіра роты.

Помнік на месцы спаленай вёскі Росіца.

Выканаўцам гэтых акцый бесчалавечнасці быў у тым ліку штурмбанфюрэр Рудольф Ланге — адзін з галоўных арганізатараў Халакосту ў Латвіі. У склад яго групы ўваходзіла і частка «каманды Арайса», найбольш вядомага латышскага падраздзялення, на рахунку якога — масавыя забойствы яўрэяў у Латвіі і Беларусі. Монаэтнічны састаў карнікаў быў «разбаўлены» эстонцамі, літоўцамі і ўкраінцамі. Агульная колькасць тых, хто быў задзейнічаны ў аперацыі «Зімовае чараўніцтва», не ўказваецца ні ў адным нямецкім дакуменце. Па падліках беларускіх гісторыкаў, гэта каля 5—5,5 тысячы чалавек. Амаль чатыры тысячы з іх складалі латышскія паліцэйскія фарміраванні.

Бесчалавечнымі метадамі

Забойствы мірных жыхароў пачаліся ў першы ж дзень нацысцкай карнай аперацыі. У адным з паведамленняў у Цэнтральны штаб партызанскага руху гаварылася аб прымяненні карнікамі «нечуваных зверстваў да насельніцтва». Вось як самі гітлераўцы апісвалі тыя падзеі: «Уваходзячы ў сяло (спачатку не было ніякага супраціўлення), адразу ж расстрэльвалі падазроных у партызанскай дзейнасці. Такімі лічыліся амаль усе мужчыны ва ўзросце ад 16 да 50 гадоў... Першае (за вайсковымі часцямі) ішло СД, якое дзейнічала прыблізна так: расстрэльвала ўсіх астатніх падазроных. Старых і нямоглых, якія адставалі ў дарозе, расстрэльвалі. Астатнім, у большасці сваёй жанчынам і дзецям, належыла прайсці так званую другую фільтрацыю. Тых, хто не ў стане быў працягваць ісці, расстрэльвалі... Вёскі рабавалі і спальвалі яшчэ да прыбыцця гаспадарчых камандаў, якія займаліся дастаўкай каштоўнасцяў у бяспечнае месца».

Аб тым, што апісаны генеральным камісарам Латвіі Дрэхслерам алагрытм дзеянняў карнікаў адпавядаў рэчаіснасці, сведчыць трагічны лёс захопленага ў першы ж дзень аперацыі сяла Росіца, а таксама навакольных вёсак. Памылка нямецкай разведкі каштавала мірным жыхарам жыццяў: з-за лжывай інфармацыі пра тое, што Росіца з'яўляецца апорным пунктам партызан, група СД знішчыла 206 сялян. Акрамя таго, на працягу некалькіх дзён сюды яшчэ прыганялі жыхароў навакольных вёсак: адных адбіралі для вывазу ў канцлагер Саласпілса, іншых разам з двума святарамі зажыва спалілі ў мясцовым касцёле. Па некаторых звестках, усяго ў Росіцы было знішчана больш за 1200 чалавек.

Сярод катаў бязвінных людзей былі і латышскія вайскоўцы. Тое, што яны бралі непасрэдны ўдзел у забойстве мірных жыхароў, пацвярджае вытрымка аднаго з данясенняў камандавання латышскіх паліцэйскіх батальёнаў: «У выпадках, калі з-за адсутнасці ў непасрэднай блізкасці СД расстрэлы неабходна праводзіць пры дапамозе войскаў, экзекуцыі павінны адбывацца ў хатах. Трупы варта пакрываць саломай або сенам і там жа спальваць».

Фашысты ўчынілі жахлівую расправу з сям'ёй Юхневічаў з вёскі Бяляны. Васьмігадоваму Віктару на грудзях і на спіне гітлераўцы выразалі пяціканцовыя зоркі, потым кінулі хлопчыка ў вогнішча. Веру, якой было сем гадоў, зарэзалі нажом, паўтарагадоваму Яўгену разбілі галаву, вырвалі пальцы і таксама кінулі ў полымя. У маці дзяцей выразалі грудзі і таксама спалілі. Зажыва згарэла і сям'я Шкутавых (сем чалавек!) з вёскі Барысава.

У вёсцы Кісялі цалкам знішчылі сям'ю Максуль. А Жоравых з Гарадзілавіч утапілі ў рацэ Свольна, перад гэтым выразаўшы на іх целах пяціканцовыя зоркі. Былі выпадкі, калі гітлераўцы насаджвалі на калы платоў малых дзяцей. Бесчалавечна яны абыходзіліся і з маладымі дзяўчатамі. Дакументы сведчаць — большасць загінулых перад смерцю зведала страшныя катаванні і здзекі.

«Дайце боепрыпасаў!»

Партызаны аказвалі гітлераўцам супраціўленне. Першыя ў бой уступілі дзве беларускія (Асвейская імя Фрунзэ і Дрысенская) і 11-я калінінская партызанскія брыгады. Па сваёй колькасці яны саступалі карнікам, таму пад ударамі праціўніка партызаны вымушаныя былі адступаць. У канцы лютага 1943 года да барацьбы падключыліся Сіроцінская і 4-я калінінская партызанскія брыгады. Аднак сітуацыя не палепшылася. Асноўнымі прычынамі няўдач партызанскіх фарміраванняў з'яўляліся адсутнасць каардынацыі ў іх дзеяннях, а таксама недахоп боепрыпасаў — нялётнае надвор'е не дазваляла даставіць іх з савецкага тылу.

«Канец нашых запасаў боепрыпасаў, і толькі гэта, прымушае нас часта аслабляць наш дакладны знішчальны агонь, і мы вымушаныя паступова з баямі адыходзіць на новыя абарончыя рубяжы, — паведамлялася ў данясенні ўрача Асвейскай партызанскай брыгады імя Фрунзэ А. Вараб'ёва сакратарам Віцебскага падпольнага абкама КП(б)Б. — Сёння нашы атрады, упэўненыя ў разгроме фашысцкіх сцярвятнікаў і іх знішчэнні, без боепрыпасаў займаюць абарону на
заходнім узлессі... Ззаду нас — лес, перапоўнены сем'ямі мірных жыхароў, бежанцаў, якія беглі ад жудаснай расправы гітлераўскай поскудзі. Дайце нам боепрыпасаў! Патроны... патроны!»

Мірныя жыхары, выгнаныя са сваіх хат карнікамі. Віцебшчына, 1943 г.

Неўзабаве для барацьбы з ворагам былі створаны дзве партызанскія групоўкі. Аб'яднанне сіл дазволіла стрымаць праціўніка, затармазіла яго прасоўванне. Быў разгромлены нямецкі гарнізон у вёсцы Гаі. Аднак спроба зайсці ў тыл да карнікаў, а таксама штурм вёскі Каханавічы скончыліся няўдачай — адбіўшы атакі партызанаў, праціўнік працягваў наступаць. Нягледзячы на тое што баявыя дзеянні скончыліся, гітлераўцы па-ранейшаму бесчалавечна абыходзіліся з мірнымі жыхарамі: экіпажы самалётаў, якія па начах дастаўлялі для партызанаў боепрыпасы, назіралі вакол Асвеі вогнішчы — гарэлі вёскі.

Тыя, хто здолеў пазбегнуць фашысцкай расправы, беглі ў лес да партызанаў. Бежанцаў было так шмат, што многім з іх не маглі даць не тое што прытулку, часта немагчыма было ўсіх нават накарміць. Ускладнялася сітуацыя ўспышкамі тыфу — людзі паміралі.

Замест вёсак — пустыні

Аб'яднанне партызанскіх сіл і каардынацыя іх дзеянняў прывялі да таго, што гітлераўцы пачалі пакідаць занятыя раёны. Але нават сыходзячы, карнікі працягвалі рабіць сваю чорную справу: знішчалі на сваім шляху ўсе населеныя пункты, на прымусовыя работы вывозілі людзей. 30 сакавіка Ёкельн выдаў загад аб завяршэнні аперацыі. Аднак у ім не было ні слова аб тым, што карнікі не змаглі ў поўнай меры выканаць пастаўленыя задачы. Яны не разлічвалі на такое супраціўленне партызанаў, таму замест запланаванай 40-кіламетровай «мёртвай зоны» ім удалося стварыць толькі 15-кіламетровую.

Аднак хапіла і гэтага. Асвейскі раён быў цалкам знішчаны, моцна пацярпеў Дрысенскі — на тэрыторыі двух раёнаў пасля аперацыі «Зімовае чараўніцтва» не далічыліся 376 населеных пунктаў. На Расоншчыне былі спалены 11 вёсак. У расійскім Себежскім раёне карнікі знішчылі 52 населеныя пункты. Тэрыторыі двух сельскіх Саветаў увогуле ператварыліся ў пустыні.

Згодна з данясеннем камандуючага вермахта ў рэйхскамісарыяце «Остланд» генерала Брэмера, падчас аперацыі «Зімовае чараўніцтва» былі забітыя 3904 мірныя жыхары і 221 партызан, 7275 чалавек адправілі на прымусовыя работы ў Германію. Па інфармацыі ж Цэнтральнага штаба партызанскага руху, колькасць забітых народных мсціўцаў была істотна меншая — 70—80 чалавек. У пазнейшым паведамленні гаворыцца аб 137 забітых у баі партызанах, 1807 расстраляных «памагатых» і больш за 2000 чалавек, сагнаных у лагер «Саласпілс». Такое разыходжанне ў лічбах сведчыць аб тым, што дакладны ўлік пацярпелых не вёўся. Аднак зразумела адно — ахвяр было шмат.

Найбольш дакладна падлічыць страты дапамаглі мясцовыя жыхары, якім пашчасціла пазбегнуць расправы гітлераўцаў. Дзякуючы дакументам, што датычацца аперацыі «Зімовае чараўніцтва», супрацоўнікам Нацыянальнага архіва Беларусі ўдалося скласці максімальна поўны спіс знішчаных населеных пунктаў на тэрыторыі Расонскага, Асвейскага, Дрысенскага і Себежскага раёнаў. Калі верыць гэтаму спісу, падчас аперацыі было знішчана 439 населеных пунктаў, забіта 13 677 мірных жыхароў. Як  бачым, гэтыя даныя значна адрозніваюцца ад звестак нямецкага генерала.

Вераніка КАНЮТА

Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ, кандыдат гістарычных навук.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем’і.

Палітыка

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Беларускі парадак дня нікому не дае расслабіцца, час не дазваляе.

Грамадства

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Дзяжурныя службы — вушы і вочы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. 

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.