Вы тут

Беларусы хочуць электрыфікаваць жыллё, але прыйдзецца чакаць


 Збудаваць каля 2 млн м2 электрадамоў плануецца ў Беларусі да 2025 года, што, як разлічваюць эксперты, павялічыць гадавое ўжыванне электраэнергіі на гарачае водазабеспячэнне, ацяпленне і гатаванне ежы на 0,22 млрд кВт·г. Сёлета выказалі жаданне перайсці з пячнога ацяплення на электрычнае жыхары 78 існуючых шматкватэрных дамоў, а таксама больш як 13 тысяч уладальнікаў прыватных сядзіб у сельскай мясцовасці. Пры гэтым, каб кожны беларус мог ужо цяпер карыстацца электраэнергіяй, у рэканструцыю электрасетак неабходна ўкласці 28 млрд рублёў, ці 11 млн долараў, прыцягнуць якія адначасова немагчыма. Як краіна плануе павялічваць выкарыстанне электраэнергіі ў дамах, каму і колькі грошай вернуць з расходы на забеспячэнне жылля электраустаноўкай, і што гэта дасць беларусам увогуле, — расказалі эксперты.


40 % і 80 «базавых», 20 % і 20 «базавых»

Чатыры асноўныя мерапрыемствы па выкарыстанні электраэнергіі для гарачага водазабеспячэння, ацяплення і гатавання ежы вызначаны для жыллёвага фонду Беларусі. Гэта будаўніцтва шматкватэрных, аднакватэрных і блакіраваных дамоў з выкарыстаннем электраэнергіі на дадзеныя патрэбы; перавод шматкватэрных дамоў з пячнога ацяплення на электрычнае; перавод шматкватэрных дамоў, падключаных да рэзервуарных установак звадкаванага газу (у краіне такія ёсць у 268 населеных пунктах), на выкарыстанне электраэнергіі. Такое мерапрыемства новае і пакуль абмяркоўваецца, якім чынам яно будзе рэалізоўвацца. А таксама перавод аднакватэрнага і блакіраванага жылля на выкарыстанне электраэнергіі для гатавання ежы, гарачага водазабеспячэння і ацяплення, паведаміў Андрэй НЯГОДЗЬКА, начальнік упраўлення стратэгічнага развіцця «Белэнерга»:

— Цікавасць у грамадзян да выкарыстання электрычнасці на ацяпленне, гатаванне ежы і гарачае водазабеспячэнне ўзнікла ў 2019-м, калі быў устаноўлены тарыф 3,35 капейкі за кВт·г. Аднак не ўсе, хто хацеў плаціць такую цану, валодалі інфармацыяй, хто мае на гэта права. Другая хваля жадаючых выкарыстоўваць электраэнергію ўзнялася пасля прыняцця Указа Прэзідэнта № 127, які датычыўся пакрыцця з мясцовага бюджэту часткі расходаў на электразабеспячэнне жылля, якое выканалі ўладальнікі дамоў. 40 % ад кошту выкананых работ па электразабеспячэнні жылля вернуць малазабяспечаным і іншым уразлівым катэгорыям грамадзян, аднак сума пры гэтым не можа быць большая за 80 базавых велічынь. Усе астатнія могуць разлічваць на пакрыццё да 20 % ад кошту выкананых работ па электразабеспячэнні і сума не можа перавышаць 20 базавых велічынь.

Электразабеспячэнне жылля адносіцца да работ па рэканструкцыі, таму павінна выконвацца адпаведна з заканадаўствам, падкрэсліў спецыяліст. Тыя, хто пачаў рабіць электраўстаноўкі, не дачакаўшыся пачатку дзеяння адпаведных дакументаў, права на пакрыццё часткі расходаў за выкананыя работы не маюць увогуле. Каб ведаць, з чаго пачынаць работы, варта пачытаць інфармацыю з раздзела «Актуальнае» на сайце «Белэнерга», альбо звярнуцца ў службу «адно акно» электрасетак ці напісаць запыт, параіў Андрэй Нягодзька.

Попыт вялікі — рэканструкцыя абмежаваная

Усе эксплуатуемыя размеркавальныя электрычныя сеткі краіны ў сельскай мясцовасці маюць абмежаванні па прапускной здольнасці, бо праектаваліся без уліку выкарыстання электраэнергіі на гатаванне ежы, гарачае водазабеспячэнне і ацяпленне.

— У мінулыя дзесяцігоддзі пры праектаванні размеркавальных сетак у раёнах індывідуальнай забудовы з дамамі не павышанай камфортнасці дазволеная да выкарыстання магутнасць была 3,5-4 кВт, а ў жыллі павышанай камфорттнасці — каля 11,5-12 кВт. Пры выкарыстанні электраэнергіі на ацяпленне, гатаванне ежы і гарачае водазбеспячэнее электранагрузка ўзрастае адпаведна да 10 і 25 кВт, — заўважыў Віктар РУДКОЎСКІ, начальнік упраўлення эксплуатацыі электрычных сетак «Белэнерга».— Цяпер пры звароце грамадзян па выдачу тэхнічных умоў (ТУ) на абсталяванне жылля сістэмай комплекснага выкарыстання электраэнергіі замяраецца рэзерв прапускной здольнасці электрасетак, і калі ён ёсць, чалавек можа яго атрымаць.

Тым не менш, зразумела, што пакуль сеткі не будуць рэканструяваны, энергазабяспечваючыя арганізацыі не могуць задаволіць заяўкі ўсіх грамадзян на падключэнне да электрасетак.

— Сёлета ў энергазабеспячальныя арганізацыі паступіла больш за 13,4 тысячы заяў на выдачу тэхнічных умоў для выкарыстання электраэнергіі на пазначаныя мэты. Амаль 11 тысячам грамадзян (81 %) ТУ выдалі, — акрэсліў Андрэй Нягодзька.

Скаргі на несвоечасовую рэканструкцыю электрасетак пры планавым узвядзенні Беларускай АЭС узнікаюць ад таго, што людзі не ўяўляюць сабе працягласць размеркавальных электрасетак і аб'ём грошай, неабходных для іх мадэрнізацыі. На пачатак 2021-га працягласць сетак напружаннем 0,4-10 кВ у краіне складала больш за 200 тысяч кіламетраў (пры жаданні Зямлю імі можна абгарнуць пяць разоў), а на рэканструкцыю кожнага кіламетра сеткі патрэбна каля 140 тысяч рублёў. Знайсці такія сродкі ў адзін момант не могуць ні энергазабеспячальныя арганізацыі, ні дзяржава ў цэлым, запэўніў спецыяліст.

Заявы ад грамадзян, якія жадаюць электрыфікаваць сваё жыллё, разглядаюцца згодна з чарговасцю іх паступлення, а тэхнічныя ўмовы на падключэнне электраустановак сістэм ацяплення, гарачага водазабеспячэння і гатавання ежы — да моманту заканчэння рэзерву прапускной здольнасці электрасеткі. Усе адмовы ў выдачы ТУ улічваюцца для наступнай першачарговай рэканструкцыі сетак пасля таго, як яны будуць самартызаваны (у план рэканструкцыі ўключаюцца толькі самартызаваныя электрасеткі), паясніў Андрэй Нягодзька.

А вось у мястэчках, дзе падведзены газ або маюцца цэнтралізаваныя цеплакрыніцы з рэзервам прапускной здольнасці, рэканструкцыя электрасетак выконваецца без уліку выкарыстання электраэнергіі на пазначаныя мэты. Акрамя таго, распрацоўваецца праект аб будаўніцтве размеркавальных электрасетак, дзе плануецца замацаваць норму аб удзеле грамадзян у фінансаванні несамартызаваных электрасетак. Мяркуецца, што сума не будзе перавышаць 30 % ад агульнага кошту рэканструкцыі.

Ірына СІДАРОК,

Фота аўтара 

Загаловак у газеце: «Электрычныя» жаданні і магчымасці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?