Вы тут

«Тэрыторыя мюзікла» парадаваў сваіх прыхільнікаў чарговай неардынарнай пастаноўкай


Гэтым разам — мюзіклам-пасцічча «Фігара» паводле знакамітай п’есы Бамаршэ «Шалёны дзень, або Жаніцьба Фігара». (Названая камедыя — другая з трылогіі пра прыгоды гэтага персанажа, першая — «Севільскі цырульнік».)


Фаншетта Діана Флеер.

Бясспрэчна, Фігара — самы яркі персанаж у драматургіі XVIII стагоддзя, які займае сваё пачэснае месца ў шэрагу так званых вечных вобразаў. Сусветную славу набылі і оперы, заснаваныя на сюжэтах гэтых камедый: «Севільскі цырульнік» Расіні і «Жаніцьба Фігара» Моцарта. Абедзве па жанру — оперы-буфа. Тут усё высвечваецца і падаецца праз прызму камічнага.

Як зазначыла рэжысёр Анастасія Грыненка, падобны матэрыял, заснаваны на камедыі становішчаў, у цэнтры якой знаходзіцца яркі персанаж, вельмі прыдатны для стварэння сучаснай тэатральнай феерыі ў жанры мюзікла. «Паколькі такога музычна-сцэнічнага твора яшчэ ніхто не напісаў, то мы ўзялі на сябе смеласць стварыць яго ў нашым тэатры».

Што цікава, прэзентацыя новай пастаноўкі адбылася яшчэ за месяц да прэм’еры і ў нечаканым для многіх месцы, а менавіта — у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Гэты творчы вечар арганізоўваўся ў межах праекта «Кватэрнік у дзядзькі Якуба», але цудоўнае надвор’е паспрыяла таму, што ўсё мерапрыемства прайшло на зялёным лужку ў двары музейнага асабняка. Супрацоўнікі ўстановы распавялі, наколькі народны паэт любіў і цаніў класіку, і што ў яго асабістай бібліятэцы творы Бамаршэ таксама займалі пачэснае месца. Успомнілі і знакамітыя радкі аднаго з любімых паэтаў Коласа — Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна: «Как мысли черные к тебе придут // Откупори шампанского бутылку // Иль перечти „Женитьбу Фигаро“». Наколькі ў тэатры пранікліся творчасцю Бамаршэ, сведчылі выказванні Анастасіі Грыненка, якая нават правяла паралелі паміж асобай драматурга і яго дзецішчам — вобразам Фігара.

Фігара Арцём Пінчук, Сюзанна Ксенія Харашкевіч.

Зразумела, выкарыстоўваць п’есу поўнасцю, як на драматычнай сцэне, у пастаноўцы мюзікла немагчыма. Але Анастасія Грыненка адносіцца да ліку тых рэжысёраў, якія не баяцца трансфармаваць класічныя сюжэты, прыўносячы ў іх нешта сваё, як правіла — нейкі струмень сучаснасці. Нярэдка дзеля гэтага перапісваюцца не толькі асобныя рэплікі персанажаў, але і цэлыя карціны. У дадзеным выпадку рэжысёр падышла да трансфармацыі знакамітай п’есы, можна сказаць, ашчадна — яна яе не перапісвала, а істотна скараціла, у выніку чаго скарацілася і колькасць персанажаў. Але пры гэтым з’явіўся адзін новы, зусім нечаканы, і некалькі другарадных, аб чым будзе сказана ніжэй.

Творчае крэда гэтага тэатра сфармулявана наступным чынам: эксперымент у жанры мюзікла і пашырэнне саміх жанравых рамак. Адразу звяртае на сябе ўвагу жанравае азначэнне новай пастаноўкі — мюзікл-пасцічча, што ў літаральным сэнсе азначае музычны паштэт. Зазначым, што ў адрозненне ад традыцыйнага мюзікла, дзе ў афішы ўказваецца кампазітар, тут у першую чаргу — п’еса Бамаршэ. А потым ідзе вялікі пералік розных аўтараў сучасных музычных кампазіцый. Прасцей будзе прывесці назвы калектываў, песні якіх выкарыстоўваюцца ў пастаноўцы: гэта ўсім вядомыя рок-гурты «Крематорий», «Агата Кристи», Би-2, культавая брытанская група «Queen», а таксама асобныя песні з рэпертуару Жанны Агузаравай і Гарыка Сукачова. Да гэтага яшчэ дадаюцца кампазіцыі з брадвейскіх мюзіклаў «Nine», «Mean Girls», «Follies», «Natasha, Pierre & The Great Comet of 1812», тэксты якіх упершыню гучаць на рускай мове ў аўтарскім перакладзе Аляксея і Анастасіі Грыненка. І, нарэшце, увесь гэты паштэт запраўляецца музыкай Расіні і Моцарта. «Спадзяёмся, што вялікія кампазітары будуць не супраць нашага эксперыменту, бо геніі заўсёды за імправізацыю», — жартаўліва абгрунтоўвае рэжысёр свой падыход да падбору музычнага матэрыялу. Але падкрэслім, што асноўнай рухаючай сілай пастаноўкі з’яўляецца п’еса, деянне якой паслядоўна ілюструецца або падмацоўваецца рознымі музычнымі нумарамі, падабранымі па сэнсу і настрою той ці іншай сцэны.

Граф Дзмітрый Якубовіч.

Варта нагадаць асноўную фабулу гэтай п’есы. Усе падзеі адбываюцца на працягу аднаго дня ў замку графа Альмавіва. Камердынер графа Фігара і камерыстка графіні Сюзана збіраюцца ў гэты дзень ажаніцца. Але граф, якому спадабалася Сюзана, стараецца гэтай жаніцьбе перашкодзіць, або выкарыстаць права сіньёра на першую шлюбную ноч. Тут ёсць адсылкі да першай часткі трылогіі, калі Фігара, яшчэ будучы севільскім цырульнікам, дапамог графу адбіць юную прыгажуню Разіну ў яе апекуна доктара Бартола. З радасці, што ўдалося ажаніцца з Разінай, граф нават адмяніў феадальнае права сіньёра. Але хутка аб гэтым пашкадаваў, бо яго палкія пачуцці да жонкі пачалі астываць, пераключыліся на нявесту Фігара... 

У спектаклі падзеі адбываюцца ў тым самым месцы і ў той самы час з удзелам тых самых персанажаў. Але першай карціне, у якой Фігара з Сюзанай абмяркоўваюць, дзе будуць жыць пасля жаніцьбы, папярэднічае пралог... Перад гледачамі паўстае зусім нечаканы персанаж — Джокер. Што гэта за герой — адказаць адназначна немагчыма. На суперзлачынца ён не падобны ні знешнасцю, ні паводзінамі; пры сабе мае рэквізіт клоуна, магчыма — ілюзіяніст ці фокуснік, які прэтэндуе на патаемныя веды аб сувязі часоў і эпох. З яго з’яўленнем на сцэне гучыць кампазіцыя гурту «Крематорий». Якой-небудзь асабістай лініі ў развіцці сюжэта ў Джокера няма, зрэдку ён выступае як каментатар падзей ці як транслятар філасофскіх выказванняў, ды і гэтыя рэплікі належаць іншым персанажам, часцей за ўсё Фігара (проста рэжысёр умела ўкладвае іх у вусны Джокера). Так што акцёру ў гэтай ролі даводзіцца няпроста: драматургічнай фактуры, па сутнасці, няма, а трэба іграць так, нібыта яна ёсць. У прэм’ерным спектаклі акцёру Эдуарду Вайніловічу гэта цалкам удалося.

Змест першай карціны ў асноўным зводзіцца да дыялогу Фігара і Сюзаны, у якім выкрываюцца намеры графа. Завяршаецца яна трохі нечаканым для публікі музычным нумарам — кавацінай Фігара з оперы «Севільскі цырульнік». У Расіні гэтая каваціна з’яўляецца выхадной арыяй Фігара, у якой ён наздвычай ярка і эмацыянальна прадстаўляе слухачам сябе. Тут жа яна гучыць пасля размоўнай сцэны, але, па сутнасці, таксама з’яўляецца прадстаўленнем героя. Яшчэ на прэзентацыі мюзікла выканаўца ролі Фігара Арцём Пінчук выступіў з гэтым нумарам, чым адразу ўразіў прысутных, асабліва калі пасля ўступу загучала: «Largo al factotum...» Артыст не імкнуўся пераймаць манеру опернага спевака, але пры гэтым да яго выканання нельга было прыдрацца, бо ў ім прысутнічала самае галоўнае — музычная культура. У спектаклі ж гэты музычны нумар, як і многія іншыя, з’яўляецца масавым, Фігара спявае і танцуе разам з іншымі персанажамі, так што гледачу складана засяродзіць сваю ўвагу менавіта на ім. У той жа час у выканаўцы ролі Сюзаны Ксеніі Харашкевіч ёсць выдатны сольны нумар — песня «Звезда» з рэпертуару Жанны Агузаравай, калі масоўка не адцягвае ўвагу гледача.

Графіня Ілона Казакевіч.

Але тут трэба адзначыць, што адметнай рысай мюзікла якраз і з’яўляецца наяўнасць масавых сцэн. Гэта той жанр, дзе ўсе артысты ўніверсальныя — аднолькава прафесійна і спяваюць, і танцуюць, ствараючы відовішчныя ансамблевыя сцэны. У спектакль у асноўным дзеля масоўкі нават былі ўведзены тры новыя персанажы: Барбарына, Мальвіна і Каламбіна, якія ў праграмцы пазначаны як дзяўчаты ў доме графа. Зрэшты, яны маглі б абысціся і без уласных імён, бо ні адна з іх ніяк не задзейнічана ў развіцці сюжэту, а гледачу ўсё роўна, хто з іх заняты на падпеўках ці падтанцоўках.

У мюзікле асоба харэографа і балетмайстра не менш важная, чым асоба рэжысёра. Кіраўнік тэатра Дзмітрый Якубовіч вызначаецца асаблівай універсальнасцю: акрамя сваіх дырэктарскіх абавязкаў, ён з’яўляецца вядучым салістам тэатра, харэографам і балетмайстрам-пастаноўшчыкам усіх спектакляў. І кожны з іх мае свой адметны пластычны малюнак.

У прэм’ерным спектаклі Якубовіч выконвае ролю графа Альмавівы, а яго партнёршай у ролі графіні выступіла Ілона Казакевіч. Гэта даўні і моцны дуэт яшчэ з часоў іх сумеснай работы ў Беларускім музычным тэатры. Першае з’яўленне графа на сцэне суправаджаецца эфектным музычным нумарам з песні гурту «Агата Кристи», дзе рэфрэнам паўтараюцца словы «Давай вечером с тобой встретимся // будем опиум курить...» І гэта красамоўна ілюструе заляцанні графа да Сюзаны і спробы выклікаць яе вечарам на спатканне ў паркавай альтанцы. А музычныя нумары графіні, прасякнутыя лірычнымі інтанацыямі, падабраны з брадвейскіх мюзіклаў.

І ў п’есе, і ў спектаклі асабліва выдзяляецца вобраз маленькага Керубіна — так усе называюць графскага пажа, які закаханы ў графіню, але дамагаецца пацалункаў ад Сюзаны. У прадмове да п’есы Бамаршэ пісаў, што гэтую ролю можа выконваць толькі маладая і прыгожая жанчына, бо ў тэатрах няма вельмі маладых акцёраў настолькі сфарміраваных, каб адчуць тонкасці гэтага вобраза. З тых часоў і да нашых дзён і ў оперы «Жаніцьба Фігара» партыю Керубіна выконвае сапрана. Але выпускнік Беларускай акадэміі мастацтваў Георгій Ракіта не напалохаў пастаноўшчыкаў мюзікла сваім маладым узростам. А гледачоў ён проста зачараваў дзівосным сплавам непасрэднасці і акцёрскага майстэрства. У гэтага персанажа аж два нумары з оперы Моцарта. Першы — каваціна самога Керубіна «Сердце волнует жаркая кровь...», а другі — насмешлівая арыя «Мальчик резвый, кудрявый, влюблённый...», прысвечаная Керубіну, якога граф адпраўляе на ваенную службу. У оперы гэтую арыю выконвае Фігара, віншуючы пажа з нечаканай кар’ерай, а ў мюзікле гледачу прапануецца разгорнуты музычны нумар з удзелам самога Керубіна.

Сюзанна Ксенія Харашкевіч.

Не вельмі пашанцавала ключніцы Марселіне, якая ў выніку скарачэння п’есы аказалася без партнёра. У Бамаршэ сюжэт пабудаваны так, што гэтая немаладая жанчына спрабуе ажаніць на сабе Фігара, для чаго пускае ў ход яго даўнюю пазыковую распіску, у якой ён абавязваецца або вярнуць доўг, або ажаніцца. Яна ж спрабуе дабіцца ад яго і аднаго, і другога. Але ў камічнай сцэне суда высвятляецца, што Фігара — яе сын, якога ў маленстве ўкралі цыганы. А яго бацька — той самы доктар Бартола, які марыў ажаніцца са сваёй падапечнай. Але ж яна стала жонкай графа, і цяпер доктар згаджаецца ажаніцца з Марселінай і ўсынавіць Фігара. У п’есе ўсё завяршаецца двайной жаніцьбай: Фігара з Сюзанай і доктара з Марселінай. У мюзікле ж гэтага няма, таму што няма такога персанажа, як доктар Бартола. У выніку Марселіна аказваецца без мужа, а Фігара — без бацькі. Нягледзячы на ўрэзанасць фабулы, вобраз Марселіны ў выкананні шматвопытнай Святланы Маціеўскай аказаўся вельмі каларытным.

Ідэя рэжысёра ўвесці вобраз Джокера, які некалькі разоў на працягу спектакля аб’яўляе аб высокім узроўні радыяцыі, кіслотных дажджах і экалагічнай катастрофе, прыцягваючы да дэзінфекцыі дзяўчат з дома графа, а разам з імі і садоўніка, выглядае даволі штучнай. Мастацкая сіла твора Бамаршэ ўсё роўна перамагае, і гледачы ажыўлена рэагуюць на развіццё перыпетый п’есы, а не на прыўнесеныя ў яе сэнсавыя ўкрапіны. Але ў цэлым на якасць пастаноўкі гэта асабліва не ўплывае. Рэзюмуючы: перад гледачамі паўстаў сучасны яркі мюзікл са смелым рэжысёрскім рашэннем.

Зоя МАТУСЕВІЧ 

Фота Аляксея МОЛЧАНА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і Мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

У вясковай школе арганізавалі музей у гонар загінуўшых байцоў Вялікай Айчынай вайны

Байцы 174-га стралковага палка загінулі пры вызваленні вёскі Шылін.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

Вольга Шпілеўская: Журналістыка — гэта маё жыццё!

Вольга Шпілеўская: Журналістыка — гэта маё жыццё!

Журналіст ўзначаліла прадстаўніцтва Міжнароднай тэлерадыёкампаніі «Мір» у нашай краіне.

Грамадства

«Чырвоная лінія» для дзвюх жанчын. Ці могуць свякрухі і нявесткі жыць дружна?

«Чырвоная лінія» для дзвюх жанчын. Ці могуць свякрухі і нявесткі жыць дружна?

Адносіны са сваёй маці і свякрухай — гэта дзве зусім розныя гісторыі.