Вы тут

Любоў да агню і наватарства на выстаўках керамікі «Пласт-21» і «Чатыры чвэрці. Расліны»


Амаль любая кераміка — рэч непрадказальная. У першую чаргу вельмі многае залежыць ад тэхналогіі: мастак лепіць той ці іншы прадмет з гліны, абпальвае толькі-толькі народжаную рэч, а потым кладзе наверх паліва. І ўсё гэта абавязкова пры вялікай тэмпературы апрацоўваецца ў печы. Вынік непрадказальны, аднак заўсёды цікавы. Новыя куратарскія выстаўкі «Пласт-21» і «Чатыры чвэрці. Расліны» — яскравае пацвярджэнне. І не толькі таму, што гледачу прапануюцца работы прызнаных майстроў — многія з іх наведвальнікі неаднаразова бачылі (калі гаворка не пра новыя творы). Аднак хапае аўтараў, якія толькі спрабуюць сябе, адшукваюць тое, што дасць магчымасць сказаць нешта новае ў такіх напрамках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, як кераміка і шкло.


Аляксандр Зіменка «Крыж аптымізму», 2019 г.

Абмежаванне плоскасцю

У экспазіцыі «Пласт-21» прадстаўлена больш за 50 пластоў, створаных ужо вядомымі мастакамі і студэнтамі мастацкіх навучальных устаноў краіны. У адрозненне ад звыклых выставак дэкаратыўнага мастацтва, калі ў адной экспазіцыі змешваюцца розныя формы, жанры, функцыі і матэрыялы, новы праект вылучае толькі адзін вельмі яркі напрамак — пласты з керамікі і шкла. Як адзначаюць стваральнікі экспазіцыі, прафесійных мастакоў, прадстаўнікоў некалькіх пакаленняў, выхаванцаў розных прафесійных школ аб’ядноўвае ў экспазіцыі любоў да керамічных паверхняў — пластоў, любоў да агню і эксперыменту. «Сёння кераміка як від мастацтва знаходзіцца ў трэндзе і прыцягвае вялікую колькасць аматараў. Таму гледачам будзе цікава паглядзець, як працуюць з матэрыялам мастакі розных пакаленняў і школ. Выстаўка керамікі і шкла, як правіла, гэта мікс форм — на нашай выстаўцы мы абмяжоўваем удзельнікаў “плоскасцю”», — адзначыла куратар праекта мастак Вольга Сямашка.

Пласты — даволі своасаблівы жанр у мастацтве керамікі. Яны могуць быць вертыкальнымі, гарызантальнымі, мець любую форму. Пласты могуць стаць галоўным персанажам і цэнтрам кампазіцыі або месцам для гульні ліній і колераў. «Межаў для мастакоў няма: фактуры, тэкстуры, размалёўка, жывапіс, рэльеф, — вось мова керамічнага палатна. Пэндзлі, стэкі і фантазія  — інструменты мастака-кераміста для работы з глінянай паверхняй. З дапамогай плям і ліній, фармальных кампазіцый, абстракцый або даволі рэалістычных мастацкіх матываў у апавядальнай або асацыятыўнай рытміцы мастак увасабляе свае ўражанні і ўспаміны, але заўсёды гэта эмоцыі, якія ён «выкладае» на гліняны пласт, дзе яны ў выніку абпалу з пластычных становяцца цвёрдымі», — расказала першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў мастацтвазнавец Наталля Шаранговіч. Магчымасць злучэння рэльефу і колеру робіць керамічныя пласты ўнікальным жанрам у мастацтве. Паверхні пласта складаныя, за што керамісты любяць гэты жанр. Нехта малюе палачкай, нехта пэндзлікам і стэкам, нехта згортвае краі і выгінае пласт, задаючы яму патрэбную пластыку. Кераміка, загартаваная ў агні, лічыцца вельмі моцным матэрыялам, але пры гэтым яна надзвычай далікатная, з-за чаго і адносіны да яе ў мастака асаблівыя — «хвалюючыя, паважлівыя», як кажуць стваральнікі экспазіцыі.

Валерый Калтыгін «Сітуацыя з гарбузом», 2011 г.

Акрамя прызнаных зорак керамікі і шкла, такіх як Наталля Яўглеўская, Эмілія Фокіна, Тамара Васюк, Аляксандр Зіменка, Аляксандра Дзятлава, Вольга Сазыкіна, Валерый Калтыгін, Вольга Сямашка, Ганна Амбросава, Алена Чэпелева, Жанна Марозава, у выстаўцы бяруць удзел маладыя аўтары і нават студэнты. Іх творы — гарманічнае спалучэнне знаёмых сімвалаў і метафар. Так, прадуманасцю колераў, ліній, знакаў вылучаюцца работы Ліліі Нішчык «Кола зямлі» і «Кола вады», створаныя ў 1998 годзе. Уплецены знаёмыя коды і ў работы «Дрэва жыцця» (2021) Наталлі Ельчанінавай, «Іней» і «На досвітку» Ірыны Фінцклер. Кераміка апошняй складае серыю «Дываны», але год яе стварэння не ўказаны. Адметнай насычанай жывапіснасцю кранаюць кампазіцыі Валянціны Іваньковай «Дама ў чырвоным» (2014) і «Палёт над горадам» (2014).

У экспазіцыі хапае рамантычных твораў, многія з якіх нібы ілюстрацыя да лірычна-меланхалічных вершаў. Найперш гэта кампазіцыі Наталлі Яўглеўскай, якая прадставіла работы «Роздум. Калодзішчы» (2015) і «Нацюрморт» (2015). Нездарма побач з імі знаходзяцца творы Тамары Курачыцкай — «На выспе» (2021) і «Гульня ў шахматы» (2008), якія выдатна дапаўняюць гэтую частку экспазіцыі. Мастачка праз гады застаецца верная сваім задуменным «марскім» гераіням і іх спадарожнікам — птушкам. Эстэтычны ідэал Тамары Курачыцкай — у светлых адценнях, у своеасаблівай, але дакладнай перадачы тэкстур, адсутнасці лішніх дэталей. У той жа час некаторыя мастакі імкнуцца проста капіраваць рэальнасць, як, напрыклад, Сяргей Моўчан, які прадставіў «Рыбу Шчу» (год стварэння не ўказаны) — ледзь не жывога шчупака, які палохае і рэалістычнасцю, і неажыццяўлённасцю.

Галоўная ж характарыстыка выстаўкі «Пласт-21» — жыццялюбства, якое так ці інакш счытваецца ў большасці работ. Гледача ўражвае бачанне мастакамі надзеі, іх пазітыўны погляд на свет ва ўсім — ад колеру да формы. Апафеозам у гэтым рэчышчы можна лічыць твор Алены Чэпелевай, які мае красамоўную назву «Жыццё пераможа смерць невядомым для нас спосабам» (2021).

Максім Калтыгін «Яблык са смакам кардона», 2014 г.

Неаспрэчнае — гумар

Экспазіцыя «Чатыры чвэрці. Расліны» прадстаўляе творы двух вядомых беларускіх мастакоўкерамістаў — Валерыя Калтыгіна і яго сына Максіма. Выстаўка ў Палацы мастацтва — першая ў сумесным праекце. Наступныя яны плануюць прысвяціць жывёльнаму свету, вобразу чалавека ў кераміцы і грамадству як найвышэйшай праяве адносін паміж чалавекам і сусветам.

«У дэкаратыўна-прыкладным мастацтве расліна заўсёды стылізуецца, дэфармуецца, трансфармуецца, набывае (асабліва у сучасных напрамках) асацыятыўныя, нязвыклыя для чалавека вобразныя абрысы, формы, колер, атрымлівае іншае гучанне і змест. Праз напружаную псіхалагічную, эмацыйную, кампазіцыйную працу мастака ўзнікае іншае гучанне вобраза, адрознае ад проста рэалістычнай, хай сабе і гарманічнай, прыгожай прыроднай выявы. Тут зусім іншая рэальнасць, — адзначаюць мастакі. — У ідэале мастак павінен па магчымасці як мага часцей нешта пераглядаць у сабе-творцы: і ў тэматычных напрамках, і ў падыходзе да пластычных, колерных, тэхналагічных, кампазіцыйных і вобразных рашэнняў. А ў творчасці ўсё гэта цесна звязана паміж сабой». Прадстаўнікі творчай дынастыі таксама адзначаюць, што раслінны свет дае мастаку амаль неабмежаваныя магчымасці для эксклюзіўнасці ў кераміцы, для вобразна-пластычных пошукаў. Такім чынам нават па прадстаўленых у экспазіцыі творах бачна, наколькі работы розныя, асабліва ў падыходах да пластыкі і колеру керамікі. «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ў розных яго варыяцыях вельмі развіта ў Беларусі, таму экспазіцыі такога плану будуць цікавыя многім наведвальнікам. У нас вельмі любяць габелены, распісаныя тканіны і, вядома, кераміку, паколькі гэта тое, з чаго пачыналася, напэўна, наша матэрыяльная культура. Любы чалавек з дзяцінства памятае: першае, што знаходзілі на раскопках — керамічныя рэчы. Мастацтва керамікі да гэтага часу хвалюе людзей, асабліва нейкія аўтарскія рэчы», — падкрэсліла Наталля Шаранговіч.

Тамара Курачыцкая «На выспе», 2021 г

Мастак-кераміст Валерый Калтыгін нарадзіўся на Брэстчыне, з 1980-х жыве ў Бабруйску. Пра творцу часта згадваюць у тым ліку як пра кіраўніка бабруйскага аддзялення Беларускага саюза мастакоў, а вось творчасць яго сына Максіма хоць таксама знаёма гледачу, але ўвагі ёй надаецца значна менш. Большасць яго мастацкіх аб’ектаў у экспазіцыі, здаецца, звычайныя, звыклыя прадметы, але з-пад рукі майстра яны выходзяць фантастычна прыгожымі. Некаторыя бачаць у гэтых рэчах уласцівасці пэўнай «іншапланетнасці». Дарэчы, нават гледачы, многія з якіх упершыню ўбачылі побач работы бацькі і сына, адразу заўважаюць адрозненні творчага почырку: у настроі, падыходах да матэрыялу, бачанні той ці іншай з’явы. Так, кідаецца ў вочы легкаважнасць стылю аднаго мастака і кампактнасць, плаўнасць ліній у работах другога. Хто з іх які? Зазірніце на выстаўку «Чатыры чвэрці. Расліны» і паспрабуйце здагадацца самі. Падказка: экспазіцыя адметная і агульным — не толькі па тэматыцы, але і па некаторых падобных рысах у работах Калтыгіных. Галоўная ж — неаспрэчнае пачуццё гумару, уласцівае абодвум майстрам.

Між іншым, Валерый Аркадзьевіч — арганізатар і кіраўнік штогадовых міжнародных пленэраў па кераміцы «Арт-Жыжаль», які гэтымі днямі сабраў мастакоў з розных краін на традыцыйным месцы — базе адпачынку «Вербкі» пад Бабруйскам. Самае захапляльнае відовішча пленэра — абпальванне галоўнай фігуры (абавязкова ноччу). Удзел у яе нараджэнні прымаюць усе, але галоўны творца — Валерый Калтыгін. Самае вялікае жаданне кераміста, якому, дарэчы, больш за 70, — стварыць у Бабруйску Цэнтр керамікі. Пакуль, аднак, з ажыццяўленнем ідэі складана.

Яўгенія ШЫЦЬКА, фота аўтара

Друкуецца ў газеце «Літаратура і Мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Перакрылі кісларод. Чаму ва Украіне склалася патавая сітуацыя падчас пандэміі?

Перакрылі кісларод. Чаму ва Украіне склалася патавая сітуацыя падчас пандэміі?

Украіна выйшла на трэцяе месца ў свеце і першае ў Еўропе па смяротнасці ад COVІD-19.

Грамадства

Размовы на кухні. Альбо ткаць, альбо прасці, альбо песенкі спяваць

Размовы на кухні. Альбо ткаць, альбо прасці, альбо песенкі спяваць

Сёння гутарка прысвечана выбару прафесіі для хлопцаў і дзяўчат.

Грамадства

Як выбраць самыя дакладныя тэрмометр і танометр

Як выбраць самыя дакладныя тэрмометр і танометр

У апошнія гады з прычыны пандэміі многія медыцынскія тэрміны сталі агульнаўжывальнымі словамі.

Грамадства

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

У дачыненні да жыхаркі узбуджана крымінальная справа.