Вы тут

Незгасальнае імкненне да гармоніі


Калі на выдатныя тэатральныя пастаноўкі за мяжу немагчыма з'ездзіць, то на іх можна схадзіць у Мінску. Аматары праекта TheatreHD ужо даўно ацанілі яго выгоды, асабліва ў «мёртвы сезон». Як і тыя, хто любіць музычны тэатр, аматары драматычных спектакляў будуць усцешаныя ў жніўні. І не толькі яны...


Пакажуць драмы і акрамя тых, што мы згадвалі раней, — «Доктара Фаўста» ў шэкспіраўскім «Глобусе» і «Франкенштэйна» ў пастаноўцы Дэні Бойла з Бенедзіктам Камербэтчам ды Джоні Лі Мілерам. Але ўсё ж не забыцца б 18 жніўня завітаць у «Falcon Club Буцік Кіно»: «Франкенштэйн: Лі Мілер». Гэтым разам ёсць магчымасць ацаніць работу другога выдатнага акцёра, які выступіў у ролі штучна створанай істоты. Праўда, усё больш цікава, таму што насамрэч два брытанскія акцёры мяняюцца ролямі, нездарма яны падзялілі дзве галоўныя лонданскія тэатральныя ўзнагароды — прэмію Лоўрэнса Аліўе і прэмію газеты Evenіng Standard...

Сустрэчы з брытанскімі акцёрамі працягне паказ камернага сектакля «Верхняе святло» ў кінатэатры «Цэнтральны» 10 жніўня. Кэры Маліган і Біл Наі ўвасобілі людей, некалі вельмі блізкіх, але жыццё развяло іх па розныя бакі: хтосьці здолеў здабыць поспех, а хтосьці звычайны служачы без асаблівых надзей. Хто не паспее на найбліжэйшым тыдні, той няхай не спазняецца 18 жніўня: паўтор у VOKA Cіnema Sіlver Screen. Але раней — 11 жніўня — тут адбудзецца паказ камедыі «Сірано дэ Бержерак» з Джэймсам Макэваем.

Ну, і зноў вечны Шэкспір: «Globe: Венецыянскі купец», класіка, якая заўсёды актуальная. У ХХІ стагоддзі здаецца, што толькі наш час поўны складанымі сацыяльнымі канфліктамі і ментальнымі сутыкненнямі. Але такія якасці як талерантнасць, адкрытасць і міласэрнасць выпрацоўваліся стагоддзямі (15 жніўня у «Falcon Club Буцік Кіно» і паўтор 25 жніўня ў VOKA Cіnema Sіlver Screen). І пра агульначалавечыя каштоўнасці разважалі яшчэ з часоў Шэкспіра. А ў нас 22 жніўня ў «Falcon Club Буцік Кіно» будзе магчымасць паназіраць не проста за трагедыяй чалавека, якому належыць улада, а яшчэ і за гульнёй Іэна Макелена.

І «разыначка» праекта TheatreHD з англійскім акцэнтам: спектакль-лаўрэат сямі прэмій Лоўрэнса Аліўе і прэміі «Тоні» за найлепшую п'есу «Загадкавае начное забойства сабакі». Не столькі дэтэктыў, колькі паглыбленне ў свет чалавека з аўтызмам (апошні дзень лета, кінатэатр «Цэнтральны»).

Але ёсць тое, што для нас больш блізкае і хвалюючае. Тэатралы чакаюць «Бесаў» Дастаеўскага ў пастаноўцы Канстанціна Багамолава. Насамрэч варта напісаць «у інтэрпрытацыі», бо гэты рэжысер вылучаецца аўтарскім прачытаннем, у чым можна пераканацца ўжо 11 жніўня ў «Falcon Club Буцік Кіно».

Працягам тэмы імкнення чалавека да ўнутранай гармоніі, пра што шмат разважаў Дастаеўскі, сёлета стане асобная частка паказаў, арганізаваных Цэнтрам «АРТ Карпарэйшн», прысвечаная жывапісу. Ужо 8 жніўня ў «Falcon Club Буцік Кіно» будзе дэманстравацца дакументальны фільм «Дэга: Запал да дасканаласці». 14 жніўня фільм-выстаўка «Сады ў жывапісе — ад Манэ да Маціса» (VOKA Cіnema Sіlver Screen). Будзе магчымасць пазнаёміцца з яшчэ адным імпрэсіяністам, праўда, крыху пазней — 28 жніўня ў VOKA Cіnema Sіlver Screen «Сезан. Партрэты жыцця».

Але і для мастацкай класікі будзе час. 15 жніўня ў «Цэнтральным» — фільм «Каналета і мастацтва Венецыі», прысвечаны італьянскаму майстру эпохі класіцызму. І вялікі майстар Адраджэння ў кінатэатры «Цэнтральны»: дакументальны фільм-выстаўка «Загадкі Рафаэля» — па-сутнасці, гэта знаёмства з рымскай экспазіцыяй работ мастака (29 жніўня). Як такое яшчэ ўбачыць, асабліва цяпер?

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».