Вы тут

Мішчанук: Не «іграць» трэба, а пражываць кавалачак чужога жыцця, як уласнага


Вядомы беларускі акцёр, дэкан тэатральнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, прафесар Уладзімір Мішчанук адзначае сваё 75-годдзе. «Звязда» задала юбіляру некалькі пытанняў.


— Уладзімір Андрэевіч, ужо не адно дзесяцігоддзе вы плённа працуеце на тэатральнай ніве... Вы былі самым маладым дырэктарам тэатра і адначасова артыстам у былым СССР і першым акцёрам-дырэктарам у Беларусі... Вы некалькі дзесяцігоддзяў з'яўляецеся дэканам тэатральнага факультэта Акадэміі мастацтваў, вы вядучы майстар сцэны Тэатра-студыі кінаакцёра... Здымаецеся ў кіно, на тэлебачанні, ваш голас гучыць на радыё, вы малюееце, пішаце вершы... Сям'я, унукі, праўнукі... Як вас на ўсё хапае?

— Дзякуй вам, рэдакцыі «Звязды», за ўвагу да маёй персоны! Вы практычна пра мяне ў сваім пытанні ўсё распавялі. Гэта чыстая праўда... Тут можна сказаць вершаваным радком: «Гады ідуць і лік свой маюць, вядуць разлік і пэўных дат...» Я перакананы ў тым, што кожны чалавек — гаспадар свайго лёсу, якія б катаклізмы, стрэсы, неспадзяванкі яму ні выпала перажываць, чалавек павінен сябе помніць і заставацца чалавекам...

Я ўдзячны Богу, сваім бацькам, настаўнікам у вясковай школе на Палессі, настаўнікам у колішнім Беларускім дзяржаўным тэатральным інстытуце, дзе лёс звязаў мяне з маёй аднакурсніцай — у будучыні жонкай, маці маіх дзяцей... З якой мы ідзём па жыццёвых лабірынтах вось ужо пяцьдзясят два гады! Усё перажываем разам: радасці і гора, пахвалы і абразы, поспехі і няўдачы, крыўды і прызнанне. Дарэчы, мы з маёй Людмілай Пятроўнай нарадзіліся амаль у адзін дзень. Яна трэцяга, а я пятага жніўня. Стараемся выпрацоўваць жыццёвы імунітэт, не толькі да ковіду, але і да ўсяго негатыўнага ў нашым асяроддзі.

— А як бы дэкан творчага факультэта апісаў сёння студэнцкую моладзь?

— Яны дзеці свайго часу! З яго сучаснымі тэхналогіямі, тэхнічнымі неверагоднымі дасягненнямі. У іх айфонах і тэлефонах на далоні ўвесь сусвет. Інфармацыя на любы густ. На вялікі жаль, большасць з будучых студэнтаў Акадэміі мала чытае кніг, нашых класікаў, недастаткова цікавіцца гісторыяй сваёй Радзімы. Успрыманне жыцця і дыялогі паміж сабой — «кліпавыя», «эсэмэсныя». А для будучага творцы, артыста, рэжысёра гэтага мала. Вось тут і палягае праблема: як іх вярнуць да аналітычнага, чалавечага мыслення? Да таго каб ён ці яна маглі на сцэне ці ў кіно не «іграць», а пражываць кавалачак чужога жыцця, як уласнага.

— Уладзімір Андрэевіч, скажыце, калі ласка, як Акадэмія забяспечвае кадрамі нашы дзяржаўныя тэатры? Якія міжнародныя сувязі з тэатральнымі школамі?

— У нашай краіне на сённяшні дзень дваццаць тры прафесійныя тэатры. Конкурсы абітурыентаў, асабліва на акцёрскую спецыялізацыю, заўсёды ў нас вялікія, на рэжысёрскую —крыху меншыя. Мы практычна забяспечваем кадрамі ўсе нашы тэатры і іншыя творчыя ўстановы. Дзякуючы нашым клопатам, пры добрай падтрымцы Міністэрства культуры, праблем з працаўладкаваннем выпускнікоў у нас няма. На вялікі жаль, нашы выпускнікі не вельмі хочуць, умоўна кажучы, ехаць працаваць «на перыферыю». Ужо многа гадоў таму мы адкрылі завочную форму навучання па спецыялізацыі «Акцёрскае мастацтва» і «Рэжысура», куды набіраем выпускнікоў каледжаў мастацтваў.

Што датычыць міжнародных сувязяў: яны ў нас да пандэміі былі выдатныя. Цяпер толькі анлайн. Мы сябруем с расійскімі вышэйшымі тэатральнымі акадэміямі.

— Уладзімір Андрэевіч, вы былі ў ліку першапраходцаў і пры наборы кінематаграфічнай школы Беларусі.

— Так. Было і такое ў маёй біяграфіі... Разам з Віктарам Туравым, Ігарам Волчакам, Віктарам Дашуком былі каля вытокаў беларускай кінематаграфічнай школы. І я ганаруся гэтым! З тэатральнага факультэта ўсё пачыналася: тады набралі першыя курсы рэжысёраў мастацкага, дакументальнага кіно, а таксама кінааператараў. Сёння ўжо адзінаццать гадоў, дзякуючы прапанове і рашэнню нашага Прэзідэнта, існуе і плённа працуе факультэт экранных мастацтваў, самы малады ў нашай Акадэміі.

— Запытаюся наконт вашых творчых планаў...

— Для этага аднаго інтэрв'ю не хопіць. Удзячны Богу, лёсу, што я запатрабаваны і ў тэатры, і ў кіно, на тэлебачанні і радыё, дзе пражыў больш за сто роляў рознага кшталту.

Я ганаруся тым, што самастойна дабіваўся ўсяго, што я маю. Былі хібы, былі перамогі. Як у кожнага чалавека. Але ніколі мяне не пакідалі вера, надзея і любоў, як бы банальна гэта не гучала. Я не хадзіў па кабінетах кіраўнікоў, не люблю хадзіць і цяпер: выпрошваць, жаліцца, патрабаваць.

Я ведаю яшчэ, што шчасце чалавека не ў тым, чаго ў яго няма, а ў тым, што ён ёсць! Мой бацька прайшоў ліхалецце вайны, а потым працаваў у калгасе конюхам. Ён вучыў нас з братам Міколам ездзіць на кані. І вось аднойчы сказаў: «Хлопцы мае! Я хацеў бы, каб вы па гэтым жыцці ехалі на трох конях. Першы конь — дабрыня, другі — сумленне, трэці — сорам. І, крый Божа, калі хоць адзін сыйдзе з дарогі. Імкніцеся, каб яны заўсёды былі ў адной звязцы!» Вось гэтага пастулата я прытрымліваюся ўсё сваё жыццё і гэтаму вучу сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў.

Гутарыла Арына КАРПОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?