Вы тут

Сёлета спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння вядомага мастака ХХ стагоддзя Міхаіла Станюты


Сёлета спаўняецца 140 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Пятровіча Станюты, вядомага беларускага мастака ХХ стагоддзя. Зрэшты, як аказалася, вядомы ён толькі дзвюма-трыма сваімі карцінамі, а для юбілейнай выстаўкі была неабходная значна большая іх колькасць. Так на хвалі юбілею лёс звёў мяне з сям'ёй Станютаў — нашчадкаў Міхаіла Пятровіча.


У Заслаўі.

У патрыярха беларускага жывапісу было двое дзяцей. Стэфанію Міхайлаўну Станюту ведаюць як народную артыстку. Дом на праспекце Незалежнасці, 19, дзе яна жыла ў 1951 -1960 гадах, адзначаны мемарыяльнай дошкай у яе гонар аўтарства Генадзя Мурамцава.

Але мала хто ведае, што ў гэтым жа доме жыў у адной кватэры з актрысай і яе бацька-мастак Міхаіл Пятровіч Станюта... Яго сын Уладзімір Міхайлавіч, якому сёння 82 гады, жыве тут ужо больш за 70 гадоў. Ён аказаўся цікавым чалавекам і суразмоўнікам, уладальнікам велізарнага сямейнага архіва і ўчэпістай памяці.

У гэтай кватэры нібы застыў час: за доўгія гады ў ёй амаль нічога не змянілася. Усё як пры бацьку. Старыя кватэры — знаходка для мастацтвазнаўцаў, там гадамі назапашваецца «культурны пласт» фотаздымкаў, альбомаў, лістоў, кніг, карцін, малюнкаў. У гэтых запасах знайшліся сапраўдныя багацці — стары фотаздымак 1907 года рахункавода Лібава-Роменскай чыгункі Міхаіла Пятровіча Станюты, сотні малюнкаў 1950—1960-х гадоў, карціны майстра, альбомы Віталя Цвіркі з дарчымі надпісамі Міхаілу Станюце — дарагому настаўніку ад удзячнага вучня. Адзіная, бадай, у беларускім мастацтве 1930-х ацалелая вялікая карціна «ню» — партрэт жонкі. Вось толькі сямейных фатаграфій Уладзіміра з бацькам і сястрой амаль няма. «Бацька ўсё больш нас маляваў, фатаграфавалі толькі знаёмыя, а ў фотаатэлье мы чамусьці не хадзілі...»

Уладзімір — сын ад другога шлюбу. Удавец Міхаіл Станюта ў 1934 годзе ажаніўся другі раз з Клаўдзіяй Мазалёвай, маладой дзяўчынай, равесніцай сваёй дачкі. Меў сына і ўнука аднаго ўзросту. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце, пражылі з жонкай душа ў душу амаль 40 гадоў. Розніца паміж яго дзецьмі — Стэфаніяй і Уладзімірам — 34 гады, але нягледзячы на гэта, яны былі вельмі дружныя. Уладзімір называў зводную сястру «на Вы» і па бацьку. Стэфанія Міхайлаўна лагодна ставілася да малодшага брата, падтрымлівала яго ўсё жыццё. Уладзімір у дзяцінстве дарыў сястры сваіх пластылінавых конікаў, якіх сам жа і размалёўваў. «Адбіліся гены дзеда па маці, які быў ганчар, ляпіў і прадаваў свістулькі». Старэйшая сястра беражліва ставіла іх на трумо, паказвала гасцям і доўга захоўвала...

Сын мастака паказаў шмат невядомых карцін і малюнкаў бацькі, але яшчэ большым адкрыццём было тое, што Уладзімір Міхайлавіч сам аказаўся мастаком, і вельмі цікавым і рознабаковым! І не самавукам-аматарам — з мастацтвам ён быў звязаны работай мастака-афарміцеля. Працаваў у кінатэатры «Перамога», Галоўпаштамце, магазіне «Акіян». Прафесія гэтая сышла ў нябыт са з'яўленнем лічбавага друку ў пачатку 2000-х, але шмат хто з мінчукоў яшчэ памятае маляваныя афішы на фасадах кінатэатраў.

Дом мастацтваў, 1989 год.

У яго сотні акварэляў, выкананых у 1960—1970-ыя гады. Адзіная яго выстаўка разам з караняпластыкай Стэфаніі Станюты, пра якую згадваюць усе, хто з ёй працаваў, прайшла ў Доме мастацтваў на праспекце Леніна ў 1987 годзе. Так Стэфанія Міхайлаўна адзначыла 50-годдзе брата.

Калі па маёй просьбе ён прынёс свае творы (у верасні рыхтуецца экспазіцыя на радзіме яго бацькі, у раённым краязнаўчым музеі ў Чэрвені), я была здзіўленая яго адчувальнасцю і густам у складанай тэхніцы акварэлі. «У дзяцінстве пайшлі з прыяцелем запісвацца ў студыю Сяргея Каткова. Каткоў зрабіў заўвагу прыяцелю, той агрызнуўся, пакрыўдзіўся і сышоў. І я ўслед за ім — тады лічыў, што па-таварыску паступіў, не кінуў сябра. Да гэтага часу шкадую, што ўпусціў тую магчымасць», — распавядае Уладзімір Станюта.

Любімы жанр Уладзіміра Станюты — пейзажы, напісаныя акварэллю недалёка ад Мінска, у Ждановічах, на Мінскім моры, у Ратамцы, Заслаўі. Як яго бацька ў старасці штодня прыходзіў у Парк Чалюскінцаў — для натурных замалёвак і зносін, так і яго сыну неабходныя былі гэтыя спатканні з прыродай — але, наадварот, у поўнай адзіноце. За некалькі гадзін з'яўляліся лірычныя, паэтычныя творы. Іх некалькі сотняў. Гэта класічныя акварэлі, створаныя ў тэхніцы «па мокрым». Вельмі вытанчаныя кветкавыя нацюрморты, напісаныя тонка, абагульнена.

Міхаіл Пятровіч памёр у 93 гады ў 1974 годзе, 2 студзеня, у дзень 35-годдзя сына. За ўсё жыццё ў яго была адзіная персанальная выстаўка да 90-годдзя. Смерць яго — глыбокага пенсіянера, вельмі старога чалавека — засталася амаль незаўважанай. Некралога ў газетах у святочныя навагоднія дні не было, галоўнай навіной тады стала выправаджэнне з СССР Аляксандра Салжаніцына. На пахаванні прысутнічалі родныя, старая мінская інтэлігенцыя — дырэктар музея Алена Аладава, акцёры Купалаўскага тэатра, якія прыйшлі падтрымаць Стэфанію Міхайлаўну, Ларыса Александроўская, Андрэй Бембель... 100-годдзе з дня нараджэння Міхаіла Станюты ў 1981 годзе адзначылі вельмі сціпла: невялікай выстаўкай графікі ў Палацы мастацтваў.

Каб неяк пераадолець забыццё, Уладзімір у 1990-я гады задумаў устанавіць бацьку дастойны помнік. З плітой дапамагла Стэфанія Міхайлаўна, ён сам вылепіў партрэтны барэльеф бацькі, адліты ў бронзе. Ляпіў упершыню ў жыцці, але ўспомніў, што ён нашчадак дзеда-ганчара, і вырашыў, што пачуццё пластыкі павінна ж перадавацца ў спадчыну. «Я раззлаваўся і зрабіў». Вылепіў каля падножжа пліты алегарычныя фігуры па матывах класічных надмагілляў ХІХ стагоддзя. Іх адлілі з бетону майстры на мастацкім камбінаце. Думаю, што такі незвычайны помнік Мастаку — адзіны такі на Чыжоўскіх могілках.

Надзея УСАВА, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.

Загаловак у газеце: Мастак, сын мастака, захавальнік часу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».