Вы тут

Феномен кухаркі. Наколькі ўраджай залежыць ад смачных абедаў, высвятляла карэспандэнт «Звязды» ў Быхаўскім раёне


Сёння ўсе толькі і гавораць, што пра будучы хлеб ды пра камбайнераў. Маўляў, ад іх рук залежыць харчовая бяспека краіны. Ага, паглядзелі б мы на гэтых герояў, калі б яны працавалі нашча... Памятаеце добры савецкі фільм «Дзяўчаты»? Начальнік лесапункта Ігнат Васілевіч казаў так: «Харчаванне — такая ж асноўная работа, як і лесанарыхтоўкі. Не паабедалі лесарубы — і выпрацоўка адразу ўпала...» Разумееце, як тут усё ўзаемазвязана? Гледзячы па тым, што ўраджай год ад году ў Магілёўскай вобласці горшы не становіцца, на месцах працуюць таленавітыя гаспадыні. А у СВФ «Лудчыцы», што ў Быхаўскім раёне, як падказалі мне знаўцы, распрацавалі, лічы, дамашняе меню.


50 капеек за вячэру

Гаспадарка ў некалькіх кіламетрах ад Быхава, дабрацца да яе дапамагла старшыня Быхаўскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Валянціна Гірыловіч. — Як толькі пачынаецца вясенне-палявы сезон, сталовыя кормяць механізатараў і паляводаў непасрэдна ў полі, — азнаёміла з нюансамі яна. — Найперш правяраецца абсталяванне сталовых, іх работнікі праходзяць медыцынскую камісію, афармляюцца ўсе неабходныя дакументы. Потым мы разам з санкамісіяй аб'язджаем гаспадаркі і даём допускі. Кошт абедаў у розных гаспадарках залежыць ад таго, што прапісана ў калдагаворы. Прадугледжаны зніжкі ад 50 працэнтаў да 100. У Абідавічах, напрыклад, людзей кормяць бясплатна. А наогул паўнавартасны абед са зніжкамі каштуе ад 70 капеек да рубля дваццаці, а вячэра — ад 50 капеек да 90.

У Быхаўскім раёне на дзесяць гаспадарак працуюць восем сталовых. Адна гаспадарка заключыла дагавор з райспажыўкааперацыяй, а другая — з суседняй гаспадаркай.

— Меню калгасніка строга залежыць ад тых прадуктаў, якія можна выкарыстоўваць у рабоце, — дзеліцца тонкасцю справы суразмоўніца. — Смакаты накшталт таго ж халадцу або маласольных агуркоў вы там не знойдзеце. Усё павінна быць сертыфікавана і прайсці санправерку. За самадзейнасць можна атрымаць штраф. Але нашы кухаркі вынаходлівыя і простыя стравы атрымліваюцца ў іх вельмі смачныя.

30 літраў супу і бітон катлет

Калгасная сталовая ў аграгарадку Лудчыцы — адна з самых сучасных. Нават дызайн тут асаблівы. Драўляныя сцены і высокія столі з бэлькамі, святлодыёдныя лямпачкі. Сталы і лаўкі з натуральнага дрэва. А ў двары па перыметры — утульныя альтанкі з бярвення. Гэты комплекс нават язык не паварочваецца сталовай назваць — хутчэй, кавярня. Кухня таксама светлая і прасторная. Кухараць тут дзве родныя сястры — Алена Кадушкіна і Ганна Піліпенка. Абедзве, дарэчы, шматдзетныя маці. У Ганны — пяць дзяцей, у Алены — трое і на дваіх — ажно 15 унукаў. І гэта нягледзячы на тое, што абедзвюм жанчынам крыху за 50. Алена прызнаецца, што ў выхадныя, бывае, дадому з'язджаецца да 17 чалавек. Але дочкі і нявесткі гатуюць самі, разумеюць, што іх маці цяпер на адказным месцы. На кухні Алена і Ганна ўжо з паловы восьмай. Пад паўдня ўсё павінна быць гатова.

Гляджу, як спрытна завіхаецца каля пліты Ганна і як апетытна выглядае ў яе на патэльні курыныя кумпячкі, і радуюся: якіх жа прафесіяналаў рыхтуе наша прафтэхадукацыя! Ганна смяецца і кажа, што дыплома кухара ў яе няма, яна — самавучка. А вось старшая па кухні Алена закончыла Магілёўскае кааператыўнае прафесійна-тэхнічнае вучылішча.

— Вось мы суп гарохавы ўжо прыгатавалі, — паднімае Алена вечка 30-літровай каструлі. — Гатуем усё, што нашы мужчыны любяць. Сёння, напрыклад, зрабілі іх любімы гарохавы суп, у іншыя дні варым на першае і капусту, і суп з макаронай — стараемся не паўтарацца. Гарохавы суп, дарэчы, не з брыкетаў. Мяса кладзём з разліку 50 грамаў на чалавека, а на другое мяснога ідзе па 150 грамаў. Сёння, напрыклад, будзе макарона з катлетамі. На трэцяе — малінавы кісель.

З абсталявання на кухні вялікая электрычная пліта з духоўкай, электрычная мясарубка, паверхня для разагрэву, на зале — мікрахвалеўка. Ёсць электрачайнік, посуд пакрысе дакупляецца. З механізаванымі і электрычнымі памочнікамі сціпла. Прыходзіцца ўручную і бульбу чысціць, і посуд мыць, і прадукты рэзаць, крышыць, мясіць, перабіраць. А аб'ёмы немаленькія. Кожны дзень сёстры гатуюць па 40 абедаў і 20 вячэр.

— На дзень ідзе амаль восем кілаграмаў мяса, — загінае пальцы Алена. — Сем кіло чорнага хлеба, чатыры — батонаў, тры кіло макароны, паўтара кілаграма цукру — усё залежыць ад колькасці людзей. Абслугоўваем механізатараў і паляводаў. Рыбу смажым, катлеты, «адбіўнушкі» робім, кумпячкі, галёнкі курыныя, тэфтэлі. Стараемся, каб была разнастайнасць.

Сёстры цягаюць 30-літровыя каструлі, але не скардзяцца.

— Я прыходжу на работу і думаю не пра тое, як мне цяжка, а пра тое, што зварыць нашым хлопцам, — кажа Ганна. — Які супчык прыгатаваць, каб дагадзіць. Каб было нешта новенькае, свежанькае. Прафесія кухара, хоць я і без дыплома, мне вельмі падабаецца. Гэта адназначна маё. Мне як гаспадыні прыемна, што мужчыны нашы сытыя, бо ядуць смачна і порцыі мы даём такія, што і дабаўкі прасіць не трэба. Расказваюць нам, што нават жонак просяць наварыць такога гарохавага супу, які робім мы.

Мне таксама налілі талерку супу, каб ацаніла. Суп сапраўды фірменны — смачны, густы, наварысты. На другое ў мяне нават ужо і сіл не хапіла.

Спрабую выведаць рэцэпты смачных страў, але сёстры толькі адмахваюцца і смяюцца. Кажуць, што гэтыя рэцэпты знаёмыя ўсім. Толькі ў розных людзей усё роўна ўсё па-рознаму атрымліваецца. Як казала Тося Кісліцына: «Вінаватая хіба я, што ў мяне капуста смачная? Я проста вару і каштую на смак, салю ў меру і цыбулі для заправы не шкадую. Гэтак кожны здолее, былі б прадукты».

— Мы з душой гатуем, як для сябе, — усміхаецца Ганна. — І стараемся гарачанькае развезці. І гэта прытым, што адлегласці не маленькія — да 40 кіламетраў: Верхняя Тошчыца, Істопкі, Чырвоны Бераг — аб'язджаем усе палі. І ўсюды трэба мінімум 20 хвілін пастаяць, пачакаць, каб чалавек паеў. Настрой падтрымаць. Не, любімчыкаў няма. Яны дома ёсць, а на рабоце ўсе мужыкі добрыя.

— Нашы дзяўчаты на сваім месцы, — перакананы дырэктар СВФ «Лудчыцы» Віталь Станкевіч, які на хвілінку заглянуў у сталовую. — Мне ўсе іх стравы падабаюцца, асабліва катлеты. Тут можна так пад'есці, што потым яшчэ суткі не будзеш хацець. А нашы гаспадынькі яшчэ і ў гуморы заўсёды, іншых на дабро зараджаюць.

Віталь Станкевіч прызнаўся, што сытны абед — адзін са складнікаў добрага ўраджаю. Такі ж важны, як якаснае насенне і апрацоўка поля.

Перасовачная кухня

Да сталовай пад'язджае сіняя «газель» — і пачынаецца пагрузка. Па саннормах, акрамя ўмывальніка, павінны быць сродкі для апрацоўкі рук. Усё ж такі каранавірус ніхто не адмяняў. Усё неабходнае грузіцца ў салон разам са сталом і лаўкамі. Потым туды ж адпраўляюцца ёмістыя каструлі з ежай. За рулём мікрааўтобуса — кіроўца Юрый Новікаў. Прызнаецца, што за дзень прыходзіцца «накручваць» на дастаўцы абедаў і вячэр да 300 кіламетраў.

На гадзінніку 12.00, машына разам з кухарам адпраўляецца ў поле. Ганна ў лёгкай хустачцы і сукенцы з фартухом чымсьці нагадвае экранную кухарку. Яна адказвае за дастаўку абедаў у поле. Яе галоўная задача — каб ніхто не застаўся галодны. Некалькі кіламетраў па пыльнай дарозе, якая пятляе сярод кукурузных і збожжавых плантацый, і мы на месцы — ва ўрочышчы Стараселле, дзе на плошчы 42 гектараў убіраюць ячмень. Мікрааўтобус прыпыняецца ў чыстым полі, і да машыны пачынаюць падцягвацца МАЗы і камбайны. Хутка вакол палявой кухні становіцца ажыўлена. Мужчыны мыюць рукі і становяцца ў чаргу па смачны суп. Пах яго апетытна разносіцца па полі.

«А з дома «тармаскі» бераце?» — спрабую высветліць, пакуль камбайнеры і кіроўцы не разбегліся: час такі, што ім не да інтэрв'ю. «Якія «тармаскі»? Навошта?», — не разумеюць яны мяне. Агульная адзнака, як у тых жа «Дзяўчатах»: «Капуста — ВО! Рагу, як у санаторыі. Кожны калорый на сваім месцы».

— А што больш падабаецца?

— Усё, — кажуць мужчыны. — Кормяць нас, паверце, добра.

— Пад'ём сіл адчуваеце пасля абеду?

— Вядома, — усміхаецца кіроўца-тысячнік Віктар Чухманаў. — Вунь, тысячу тон зернебабовых перавёз. Дзякуй нашым дзяўчатам, кормяць да адвалу.

— Наядаюся так, што і пасля работы есці не хачу, — прызнаецца кіроўца Юрый. — Вось абед быў, а не паспееш азірнуцца — і вячэру прывязуць.

— Кухня вельмі падабаецца, — пацвердзілі камбайнер Міхаіл Лацапнёў і яго памочнік Андрэй Багамазаў. — Усё смачна.

— У нас цудоўная сталовая, — адзначыў дырэктар «Быхаўрайаграпрамтэхснаба» Сяргей Сіўчыкаў, які прыехаў на поле па вытворчых справах. — Арганізавана двухразовае харчаванне і ажыццяўляецца падвоз. Прадукты своечасова купляем у «Белспажыўкааперацыі». Часткова выкарыстоўваем мяса, вырашчанае ў сваёй гаспадарцы. Усе задаволеныя. І працуюць з аддачай. Да 15 жніўня плануем уборачную завяршыць.

Валянціна Гірыловіч, старшыня Быхаўскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК:

— Сёлета і надвор'е, здаецца, нядрэннае, але ўраджай крыху горшы, чым летась. На раніцу 4 жніўня было ўбрана 48 % збожжавых і зернебабовых. Па тэмпах уборкі лідзіруе гаспадарка «Новабыхаўскі». На раніцу 4 жніўня ў нас было 6 экіпажаў камбайнераў-тысячнікаў і 8 вадзіцеляў, якія перавезлі больш чым тысячу тон збожжа. Усіх тысячнікаў і двухтысячнікаў ушаноўваем невялікімі, але каштоўнымі падарункамі, і даём зорачку на машыну за кожную тысячу. Сёлета раён атрымаў 6 новых камбайнаў «Палессе», праблем з тэхнікай няма. Нашы камбайнеры цяпер не любяць даваць інтэрв'ю, бо падлічваюць у галаве, колькі б змаглі за гэты час намалаціць. Нават снедаюць на хаду. Выскачылі, паелі і паехалі.

Нэлі ЗІГУЛЯ, Быхаўскі раён.

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Перакрылі кісларод. Чаму ва Украіне склалася патавая сітуацыя падчас пандэміі?

Перакрылі кісларод. Чаму ва Украіне склалася патавая сітуацыя падчас пандэміі?

Украіна выйшла на трэцяе месца ў свеце і першае ў Еўропе па смяротнасці ад COVІD-19.

Грамадства

Размовы на кухні. Альбо ткаць, альбо прасці, альбо песенкі спяваць

Размовы на кухні. Альбо ткаць, альбо прасці, альбо песенкі спяваць

Сёння гутарка прысвечана выбару прафесіі для хлопцаў і дзяўчат.

Грамадства

Як выбраць самыя дакладныя тэрмометр і танометр

Як выбраць самыя дакладныя тэрмометр і танометр

У апошнія гады з прычыны пандэміі многія медыцынскія тэрміны сталі агульнаўжывальнымі словамі.

Грамадства

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

Ці патрэбныя бэбі-боксы? Нованароджанае дзіця знайшлі ў выграбнай яме ў Гомелі

У дачыненні да жыхаркі узбуджана крымінальная справа.