Вы тут

Уся Алімпіяда — барацьба


Барэц вольнага стылю Магамедхабіб Кадзімагамедаў заваяваў сярэбраны алімпійскі медаль. У паядынку за чэмпіёнскі тытул у вагавой катэгорыі 74 кг ён саступіў расіяніну Заурбеку Сідакаву. У першыя хвіліны вырашальнай сустрэчы барцы не парадавалі багаццем тэхнічных дзеянняў. Вынік паядынку — 7:0 на карысць расіяніна.


«Цікава было пазмагацца супраць такіх «зорак» сусветнай вольнай барацьбы, як Кайл Дэйк і Франк Чаміза. І ўжо тым больш у іх выйграць. Цяпер трэба праглядзець, што было не так у фінале, і папрацаваць над памылкамі. Званне алімпійскага чэмпіёна для мяне — вяршыня ў спорце. Наперадзе Гульні ў Парыжы, будзем старацца», — падкрэсліў Магамедхабіб.

З гэтым поспехам спартсмена павіншаваў прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка. «Паважаны Магамедхабіб! На працягу ўсяго алімпійскага турніру па барацьбе вольнай у Токіа за тваім выступленнем пільна сачылі ў Беларусі. З кожнай тваёй перамогай над сур'ёзнымі сапернікамі вера ў агульны поспех на Гульнях толькі мацнела. На шляху да заваявання сярэбранага медаля праведзена сур'ёзная работа. Разам з трэнерскім штабам нацыянальнай каманды табе ўдалося дабіцца значнага выніку ў кар'еры і падняцца на алімпійскі п'едэстал», — сказана ў тэксце віншавання.

Ванеса Каладзінская стала ўладальніцай бронзавага алімпійскага медаля ў жаночай барацьбе. У паядынку за «бронзу» ў вагавой катэгорыі 53 кг беларуская спартсменка перамагла амерыканку Джакару Гвенішу Вінчэсцер.

Сваё віншаванне Ванесе накіраваў прэзідэнт НАК. «Дарагая Ванеса! Прымі шчырыя віншаванні з заваяваннем бронзавага медаля Алімпіяды ў Токіа. На працягу кар'еры ты дамагалася немалых вышынь, перамагаючы на чэмпіянатах свету і Еўропы. Сёння табе ўдалося ажыццявіць мару і стаць прызёрам Гульняў. Упэўнены, твой характар і максімалізм пры дасягненні мэты дазволяць табе і далей заставацца адной з вядучых спартсменак у гэтым відзе спорту ў свеце», — гаворыцца ў тэксце віншавання. Віктар Лукашэнка таксама пажадаў спартсменцы «і далей быць такой жа адданай любімай справе, дабрабыту і новых перамог у будучыні».

Веславанне на байдарках і каноэ. Мужчынская байдарка-чацвёрка з Беларусі кваліфікавалася ў паўфінал Алімпіяды. У чвэрцьфінале Мікіта Борыкаў, Уладзіслаў Літвінаў, Ілья Федарэнка, Дзмітрый Натынчык фінішавалі другія. Надзея Макарчанка і Дарына Пікулева выйшлі ў паўфінал Алімпійскіх гульняў гонак каноэ-двоек на дыстанцыі 500 м. Беларуская жаночая байдарка-чацвёрка ў складзе Вольгі Худэнкі, Марыны Літвінчук, Маргарыты Махневай і Надзеі Папок таксама выйшла ў паўфінал спаборніцтваў на 500 метраў.

Сучаснае пяцібор'е. Беларускія спартсменкі няўдала выступілі ў індывідуальным алімпійскім турніры па сучасным пяцібор'і. Па выніках двух спаборніцкіх дзён Анастасія Пракапенка набрала 1342 балы і заняла 8-е месца, у Вольгі Сілкінай 1292 балы і 18-я пазіцыя ў выніковым пратаколе. У мужчынскім індывідуальным турніры беларускі атлет Ілья Палазкоў пасля першага віду спаборніцтваў — фехтавання — займае 3-е месца, набраўшы 244 ачкі. Алімпійскія прызёры ў мужчын вызначацца ў суботу.

Лёгкая атлетыка. Дзмітрый Дзюбін у спаборніцтвах па спартыўнай хадзьбе на 50 кіламетраў з вынікам 4 гадзіны 00 хвілін 25 секунд заняў 22 месца. Гэта найлепшы вынік спартсмена ў сезоне. А лёгкаатлетычныя спаборніцтвы працягнуцца марафонам, дзе Беларусь прадставяць дзве спартсменкі. Вольга Мазуронак, шматразовая рэкардсменка краіны, усяму свету паказала сваю моц і сілу духу на чэмпіянаце Еўропы 2018 года ў Берліне. Тады ёй нішто не перашкодзіла — ні моцны крывацёк, ні пропуск патрэбнага павароту. А кадры яе гераічнай перамогі яшчэ доўга бударажылі інтэрнэт. Алімпійскі марафон будзе пакараць і Ніна Савіна, пераможца Кубка Еўропы ў бегу на 10 000 метраў, пераможца Мінскага паўмарафону 2019 года.

Мастацкая гімнастыка. Па выніках выступленняў у кваліфікацыі індывідуальнага шматбор'я Аліна Гарнасько набрала 99,250 бала і заняла 4-е месца. Адразу ўслед за ёй размясцілася Анастасія Салас, у якой 99,150 бала. А ў суботу сваё выступленне пачнуць групы. Беларускі Настасся Малаканава, Настасся Рыбакова, Ганна Гайдукевіч, Арына Цыцыліна і Карына Ярмоленка не стамляюцца збіраць узнагароды з самых розных турніраў.


У тэму

Афіцыйнае заяўленне НАК Беларусі аб рашэнні дысцыплінарнай камісіі МАК

Нацыянальны алімпійскі камітэт выступіў з афіцыйнай заявай з нагоды рашэння дысцыплінарнай камісіі Міжнароднага алімпійскага камітэта, што датычыцца беларускіх трэнераў, паведамілі ў прэс-службе НАК.

Нагадаем, што 5 жніўня дысцыплінарная камісія Міжнароднага алімпійскага камітэта прыняла рашэнне аб пазбаўленні акрэдытацыі на Гульнях ХХХІІ Алімпіяды ў Токіа трэнераў беларускай каманды па лёгкай атлетыцы Юрыя Маісевіча і Артура Шумака. У заяве МАК адзначаецца, што гэта часовыя меры. На дадзены момант працягваецца працэс разбору па сітуацыі.

Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь пацвярджае дадзеную інфармацыю, і ў найбліжэйшы час трэнеры вернуцца ў Мінск. Разам з тым яны пакідаюць за сабой права абскардзіць дадзенае рашэнне. «У сваю чаргу, НАК Беларусі па-ранейшаму адкрыты для працягу дыялогу і знаходзіцца ў цесным супрацоўніцтве з МАК для высвятлення ўсіх абставін прынятага рашэння. НАК Беларусі ў поўнай меры адстойвае і будзе далей абараняць інтарэсы ўсіх беларускіх атлетаў і трэнераў ад любых формаў дыскрымінацыі пры наяўнасці такіх», — сказана ў заяўленні.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.

Эканоміка

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

З пачатку года ўступілі ў сілу змены ў Падатковы кодэкс.

Культура

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

 У 2019 годзе прэміяй «За духоўнае адраджэнне» былі адзначаны перакладчыкі Бібліі на беларускую мову.

Палітыка

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

У бягучым годзе стартуе рэалізацыя 28 інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы.