Вы тут

Нястомны адкрывальнік і пясняр прыроды


Мастацтвазнавец і жывапісец Леанід Дробаў, аўтар шматлікіх манаграфій і альбомаў па пытаннях беларускага мастацтва, больш вядомы як навуковец. На яго кнігах «Жывапіс Беларусі XIX — пачатку XX стагоддзя», «Жывапіс Савецкай Беларусі»,  «Беларускія мастакі XIX стагоддзя» выхоўвалася не адно пакаленне беларускіх мастацтвазнаўцаў. Галоўнае ж дасягненне Леаніда Дробава — акрэсленне як нацыянальнай спадчыны імён і творчых дасягненняў мастакоў XIX стагоддзя, якія нарадзіліся ў Беларусі, але большую частку жыцця правялі за яе межамі. Па сутнасці, ён першы напісаў гісторыю беларускага жывапісу XIX—XX стагоддзяў. Сёння, калі спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння мастака і навукоўца, прапануем некаторыя факты біяграфіі і ўспаміны Леаніда Міканоравіча з няскончанага рукапісу кнігі «Шляхамі жыцця. Успаміны былога партызана».


Леанід Дробаў. 2001 г.

Вытокі

Нарадзіўся Леанід Дробаў у вёсцы Растаў Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці. На рашэнне звязаць жыццё з навукай і мастацтвам паўплывала шмат фактараў. Па-першае, гены: дзед па маці Марк Шылаў быў прафесійным мастаком і іканапісцам. Пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу родзіч захапіўся маляваннем ікон і стаў свяшчэннікам, якім служыў да пачатку 30-х… Менавіта з ім маленькі Лёня рабіў першыя крокі ў мастацтве. Па-другое, выхаванне: настаўнікам і загадчыкам пачатковай Бубнаўскай школы працаваў бацька будучага мастака Міканор Іванавіч (пэўны час ён заставаўся без працы: звольнілі са школы з-за таго, што дзядуля Марк, свяшчэннік, каб дапамагчы, намаляваў школьную насценгазету). Між тым ужо ў школе ў Бабруйску Леанід Дробаў хадзіў у адмысловы гурток. Па-трэцяе, прырода роднага краю, якім усё жыццё захапляўся жывапісец. «Лёнька, шасцігадовы вясковы хлапчук, сын настаўніка Бубнаўскай школы, ляжыць на высокім беразе тварам уверх і пільна ўглядаецца ў аблокі. Якія яны цікавыя.

І ўвесь час розныя», — так у мемуарах, у главе, якая называецца «Лёнька», пісаў пра сябе аўтар. Праз шмат гадоў, удзячны радзіме, ён у ліку першых перадаў 120 сваіх твораў у гарадскі пасёлак Акцябрскі на Гомельшчыне, дзе была створана карцінная галерэя. Калі мастак пайшоў з жыцця, установа стала насіць яго імя.

Між тым у бліц-інтэрв’ю, змешчаным у кнізе «Шчыра, як на духу... Споведзі вядомых людзей Беларусі», Леанід Дробаў прызнаваўся, што ў дзяцінстве марыў быць капітанам, адкрывальнікам новых зямель, бо яго дзядзькі па маці — контрадмірал і просты марак — служылі на караблі (загінулі падчас Вялікай Айчыннай).

Да вайны Леанід Дробаў скончыў першы курс Мінскага педагагічнага вучылішча імя Н. Крупскай, а пасля адукацыю набываў і ў вячэрняй школе пры Доме афіцэраў (працаваў мастаком-афарміцелем), і ў мастацкім вучылішчы, і на журфаку БДУ, і ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце. Настаўнікамі былі вядомыя мастакі і педагогі — Пётр Крохалеў, Аляксандр Мазалёў, Іван Ахрэмчык…

Тэма яго дыпломнай работы на журфаку — «Пытанні выяўленчага мастацтва на старонках газеты “Літаратура і мастацтва”». Пазней з ёй азнаёміўся Пятро Глебка, на той час дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР. Леаніда Дробава запрасілі ў аспірантуру інстытута. Сам ён выбраў шлях мастацтвазнаўца менавіта ў той момант, калі зразумеў незайздроснае становішча спраў у гэтай галіне. Тэмай кандыдацкай дысертацыі выбраў «Жывапіс Беларусі XIX — пачатку XX стагоддзя», якая з часам была паглыблена ў доктарскай: «Станаўленне і развіццё рэалізму ў беларускім жывапісе XIX — пачатку XX стагоддзя».

Шляхі

У неапублікаваных мемуарах аўтар успамінаў, што сям’я Дробавых у вайну жыла вельмі дрэнна, бо гаспадаркі, апрача каровы, не было. Адрамантаваўшы швейную машынку «Падолку», якая доўгі час бяздзейнічала, Лёня навучыўся шыць так званыя «буркі» — з тканіны і ваты, на ўзор валёнкаў. Праз некаторы час амаль усе жыхары вёскі насілі «лёнькавы буркі», а кравец заробленай ежай карміў усю сям’ю.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны Леанід Дробаў спачатку быў сувязным партызанскіх атрадаў, а з 1943 года (у 16 гадоў) стаў байцом партызанскага атрада № 752 1-й Бабруйскай партызанскай брыгады. У кнізе «Наша Перамога» ёсць публікацыя, у якой прыводзіцца аповед Леаніда Міканоравіча пра тыя часы: «Партызанскі сувязны, я заставаўся жыць у Пятровічах, але начаваць даводзілася ў лесе, спалі ў буданах, бо фашысты, каб злавіць партызан ці іх сувязных, наведваліся ў вёску з самай раніцы. <…> Немцы наляцелі нечакана і пачалі прачэсваць лес і прылеглае балота. Але ў ваду не лезлі, а хадзілі па беразе. Нам давялося хавацца ў вадзе і дыхаць праз сцябло чарота. Чулі, як літаральна ў метрах 30-40 прабягалі з сабакамі немцы. А паліцаі крычалі на ўсю глотку, каб людзі выходзілі з лесу. Абяцалі, што ўцекачы не будуць пакараны. Але ніхто ім не верыў і не выйшаў з лесу».

Аднойчы камандаванне даручыла яму схадзіць у Бабруйск і здабыць там газеты, якія выпускалі немцы на рускай мове для мясцовых. У газеце «Новы шлях» час ад часу фашысты друкавалі артыкулы пра свае поспехі ў барацьбе з партызанамі, з якіх няцяжка было ўстанавіць тыя кропкі, дзе дзейнічалі карнікі. «Новы шлях» друкаваў і страты карнікаў, што давала звесткі пра колькасць паліцаяў і немцаў, якія ўдзельнічалі ў карных аперацыях. У разбураных дашчэнту «Культтаварах» сувязному ўдалося знайсці амаль не пашкоджаны фотаапарат, які на выхадзе з горада зацікавіў немцаў на кантрольным пасту. Яны спужаліся, што там магла быць плёнка, на якую «шпіёны» сфатаграфавалі вайсковыя аб’екты. Адзін з іх распатрашыў апарат дашчэнту, але нічога падазронага не знайшоў.

Канец вайны будучы навуковец сустрэў на пабярэжжы Фінскага заліва ў горадзе Барт. У гэты дзень быў у каравуле і стаяў на пасту, ахоўваючы нейкі вайсковы склад. У той час, калі павінна была прыйсці змена, раптам пачулася страшэнная страляніна. «Салдаты стралялі ўверх з усяе зброі. Я не мог зразумець, што здарылася, ад разрываў куль і снарадаў стала відна як днём. Але нечакана да мяне падышла змена і начальнік каравула паведаміў, што фашысцкая Германія капітуліравала! Ад радасці я таксама выпусціў у неба чаргу з аўтамата, хоць гэта і было забаронена Статутам каравульнай службы», — успамінаў Леанід Дробаў.

Дарэчы, у гады партызанскага юнацтва ён вёў дзённік, але перад злучэннем партызанскіх атрадаў з дзеючай арміяй было загадана спаліць той сшытак — захавалася толькі некалькі старонак. Маляваць у той перыяд не кідаў. Ствараў у тым ліку партрэты з фотаздымкаў баявых таварышаў. Кожны з іх хацеў даслаць дадому вестачку пра сябе з выявай. А аднойчы выпала магчымасць намаляваць партрэт маршала Ракасоўскага, які, пазнаёміўшыся з работай, адзначыў: «Так, так, сімпатычны маршал. Намаляваны добра і нават падобны да мяне. Пазнаю сябе. Жанчынам я такім падабаюся! — І дадаў ужо перад самім самавучкам: — Будзеш мастаком!»

«Партызан» (аўтапартрэт).

Моманты

З 1964 года Леанід Дробаў загадваў сектарам у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фільклору. Шмат працаваў у архівах, бібліятэках, музеях Польшчы, а сваімі ўражаннямі ад вандровак у Варшаву, Кракаў, Вроцлаў, Познань падзяліўся ў серыі артыкулаў «У пошуках скарбаў», што друкаваліся ў 1970 годзе на старонках «Літаратуры і мастацтва» (пад рубрыкай «Нататкі мастацтвазнаўцы»).

На працягу ўсяго жыцця актыўна працаваў, удзельнічаў у навуковых канферэнцыях, узначальваў камісіі па абароне дыпломных работ. Як навуковы кіраўнік і адзін з аўтараў шасцітомнай «Гісторыі беларускага мастацтва» атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь. Гэтаму ўнікальнаму даведніку было аддазена 20 гадоў працы калектыву, у які ўвайшлі таксама Я. Сахута, П. Масленікаў і іншыя. «Бюракраты ўсіх узроўняў, а таксама тыя, хто не верыў у такую справу, як стварэнне шматтомнай гісторыі беларускага мастацтва, бо гэта было ўпершыню за ўвесь час існавання Беларусі, яе дзяржавы, сумняваліся. Маўляў — яшчэ не маем адпаведных кадраў і “Гісторыя…” не па сілах нашым навукоўцам. Але мы перамаглі недавяркаў, і ўрэшце стварылі 6-томную навуковую працу, якая выйшла ў свет пад рэдакцыяй дырэктара інстытута Станіслава Марцалева», — успамінаў Леанід Дробаў.

Мастацтвазнавец Яўген Шунейка аднойчы сказаў наступнае: «Наша прафесійнае мастацтвазнаўства, якое паднялося ў 20-я гады, было як касою зрэзана ў час сталінізму. Пасля вайны паднялося новае пакаленне, якое вайну прайшло, — мужнае, гераічнае. Вось яны былі змагарамі за адраджэнне гістарычнай памяці, за тое, каб наша культура была не культурай пагарэльцаў, а культурай годнага народу. І ў мастацтвазнаўстве Леанід Міканоравіч быў такім першапраходцам». Між іншым, Уладзімір Караткевіч зрабіў літаратурную апрацоўку даследавання навукоўца, якое мае назву «Беларускія мастакі ХІХ стагоддзя». Іх супрацоўніцтва адкрыла для шырокага кола аматараў мастацтва імёны Ігната Дамеля, Напалеона Орды, Івана Хруцкага, Вітольда Бялыніцкага-Бірулі…

На працягу ўсяго свайго жыцця Леанід Дробаў натхнёна займаўся жывапісам: ствараў нацюрморты, тэматычныя карціны… Асноўныя работы — палотны «Партызанская кузня», «Трагедыя спаленых вёсак», «Партызанская друкарня», «Бацька», «Вясковая прыгажуня», «Сям’я партызана»… Увагу жывапісца прыцягвалі цікавыя людзі, але ён рэдка маляваў партрэты. Яго любімым жанрам стаў пейзаж. «Я рэаліст, — гаварыў мастак. — Можна нават сказаць — пішу Беларусь у карцінах прыроды. Мне хочацца перадаць прыроду праз “момант”, і я спрабую гэта рабіць». Мастак любіў ездзіць па Беларусі, выбіраў прывабныя мясціны, знаёміўся з гісторыяй, людзьмі, якія тут жывуць ці некалі праславілі гэты куток. Так з’явіліся работы Ляўкоўскага цыкла, звязаныя з жыццём Купалы, краявіды Міншчыны і Віцебшчыны. Але любімая тэма для напісання пейзажаў — радзіма, Палессе. У канцы жыцця ў размове са старэйшым сынам Канстанцінам Леанід Дробаў сказаў, што смерці не баіцца, бо вельмі шмат прайшоў. Шкадаваў аб адным — мала зрабіў у жывапісе.

Як прафесіянал ён цікавіўся не толькі выяўленчым мастацтвам. Так, калі памерлі яго бацькі, на іх магіле паставіў помнік, які не запатрабаваў вялікіх грашовых выдаткаў, а барэльеф для яго вылепіў сам… Пахаваны вядомы жывапісец, вучоны-мастацтвазнавец, прафесар, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Леанід Міканоравіч Дробаў там жа, у Акцябрскім, непадалёк ад магіл бацькоў. Такой была яго воля.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».