Вы тут

У Мсціславе ў 13-ы раз прайшло свята сярэдневяковай культуры «Рыцарскі фэст»


Па тым, што ўжо вечарам у пятніцу ўсе білеты на ранішнія рэйсы з Магілёва ў Мсціслаў былі разабраныя, стала зразумела: па свяце засумавалі. Летась з-за каранавіруса яго прыйшлося адкласці, але сёлета яно зноў вярнулася ў старадаўні горад. Рыцары, паядынкі, дамы ў сукенках «у падлогу» — гісторыя зноў павярнула свой ход і дала магчымасць на два дні фэсту вярнуцца ў прыгожую эпоху Сярэднявечча. Чым жа запомніцца 13-е па ліку свята сярэдневяковай культуры «Рыцарскі фэст-21» у Мсціславе?


Дух даўніны

Гукі старажытнай музыкі, гандлёвыя рады, напоўненыя ўсім, чаго толькі душа пажадае, тупат конскіх капытоў па маставой, кампаніі вясёлых рыцараў сярод натоўпу, жартаўлівыя паядынкі проста пасярод дарогі са смельчакамі, якія кінулі выклік славутым воінам — вось з такіх маленькіх фрагментаў і складваецца фестывальная карцінка. Мсціслаўская зямля за свае амаль дзевяць вякоў існавання перажыла шмат варожых набегаў, горад неаднаразова гарэў і адраджаўся з попелу. Але якое цяжкое ні было б тое жыццё, нават цяпер, у эпоху хуткага інтэрнэту і ўсюдыісных сацыяльных сетак, так хочацца хоць бы на імгненне трапіць у тую загадкавую атмасферу часоў менестрэляў і скамарохаў, прыгожых дам і высакародных рыцараў.
І мсціслаўскі фестываль дае такую магчымасць.

— Свята сімвалізуе сувязь часоў і традыцый, — адзначыў у прывітальным слове старшыня Мсціслаўскага райвыканкама Дзмітрый Пімашэнка. — Доўгі час Мсціслаў з’яўляўся цэнтрам буйнога княства і быў ключавым гандлёвым горадам. У ліку яго праслаўленых імёнаў — князь Сімяон Лугвеній, заснавальнік дынастыі мсціслаўскіх князёў, Пётр Мсціславец, адзін з першых усходнеславянскіх кнігадрукароў, славуты беларускі пісьменнік Максім Гарэцкі, этнограф і фалькларыст Іван Насовіч, які быў рэктарам Мсціслаўскага і Магілёўскага духоўных вучылішчаў. Свята — гэта ўшанаванне нашых выдатных продкаў, у крыві якіх заўсёды жыла любоў да роднай зямлі, народа, вечных каштоўнасцяў, якія злучаюць пакаленні. Свята аб’ядноўвае даўніну і сучаснасць, спадчыну і перспектыву, людзей розных поглядаў і веравызнанняў. Мы разам, мы адзіныя.

Прывітальнае слова ад старшыні Магілёўскага аблвыканкама Леаніда Зайца зачытаў яго намеснік Валерый Малашка. У ім кіраўнік вобласці паведаміў, што фестываль стаў яркім брэндам Магілёўшчыны, пляцоўкай, дзе кожны можа акунуцца ў атмасферу суровай рамантыкі Сярэднявечча. «Гістарычная памяць беларусаў захоўвае сваю культурную самабытнасць і вечныя каштоўнасці — любоў да Спадчыны, роднай зямлі, свайго народа, — гаворыцца ў пасланні. — Мы гасцінныя, але заўсёды гатовыя даць адпор тым, хто прыходзіць да нас са зброяй».

Ахова цудадзейнай іконы

Ніводны рыцарскі фэст не абыходзіцца без прысутнасці на ім прадстаўнікоў розных рэлігійных канфесій, хрэснага ходу і традыцыі пакланення святым хрысціянскім каштоўнасцям. Гэтым разам у дзень свята ў горад прыбыла міратачывая цудадзейная ікона Божай Маці «Замілаванне» (Лакоцкая).

— Абраз Божай Маці «Замілаванне» — любімая ікона Серафіма Сароўскага, яе арыгінал захоўваецца ў Маскве ў дамавым патрыяршым храме, — расказаў карэспандэнту «Звязды» арганізатар хрэсных хадоў з міратачывай цудатворнай іконай «Замілаванне» Юрый Шышкоў. — Той абраз, які мы вось ужо 20 гадоў суправаджаем, быў здабыты ў сяле Локаць Бранскай вобласці — былым маёнтку вялікага князя Міхаіла Раманава, малодшага брата Мікалая ІІ. Гэта на мяжы Расіі, Беларусі і Украіны. Тут 22 гады таму раба Божая набыла ў мясцовай краме пратэрмінаваны каляндар з абразом Божай Маці. Яна купіла, каб яго не выкінулі. Прынесла дадому, адрэзала лічбы і павесіла на сцяну як ікону. Праз нейкі час абраз стаў прыемна пахнуць і міраточыць. Пра гэта паведамілі архіерэю і да яго прыезду вырашылі абраз змясціць у рамачку. Калі знялі са сцяны, убачылі, што на ёй адбіўся нерукатворны абраз Багародзіцы. Пазней, калі ад іконы пачаліся цуды вылячэння, заўважылі, што на нерукатворным абразе ёсць яшчэ адна выява — Хрыста. Сёння ікона вядомая ва ўсіх краінах СНД, яна пабывала нават у Еўропе. У Беларусі яна ў трэці раз — цяпер па запрашэнні Экзарха Беларусі
мітрапаліта Веніяміна. Ад іконы сапраўды зыходзіць неверагодная энергія. Глядзела на кропелькі, якія, як слёзы, застылі на шкле абраза, і адчувала неверагоднае хваляванне. Успомніліся словы айца Ігара, настаяцеля храма ў гонар Сілуана Афонскага, куды і прыбыў на адзін дзень гэты абраз. «Калі ікона міраточыць — гэта знак або Божага гневу, або Яго ласкі. Мы перажываем такі час, калі на нас выпала шмат розных выпрабаванняў. Трэба прасіць Божую Маці, каб яна пакрыла нас ад усякага зла. Людзі забылі Бога, жывуць у сваё задавальненне, не жадаюць працаваць над сабой. Трэба каяцца ў грахах».

Наогул, абраз Божай маці «Замілаванне» вельмі сімвалічны. Юрый Шышкоў параіў паглядзець пра яго фільм «Усіх радасцяў радасць».

Дэгустацыя сярэднявечнай кухні

Па традыцыі на час рыцарскага фэсту падвалы Іезуіцкага манастыра ператвараюцца ў месца таямнічых прыгод і прыемных дэгустацый. Работнікі сістэмы адукацыі Мсціслаўскага раёна частуюць гасцей самаробнымі прысмакамі. Гарбата, варэнне, пірагі — м-м-м, як смачна!

— Меліса, рамонак, мята, зверабой — самі нарыхтоўвалі, — налівае мне ў кубачак духмянай гарбаты Наталля. — Можам зрабіць кактэйль з розных траў.

Смачна пад’есці за сімвалічную плату (рубель-паўтара) можна было на Замкавай гары, дзе пад сценамі крэпасці дэманстравалі свае творы кулінарнага мастацтва клубы і цэнтры культуры раёна. Тут была і смажаная на вогнішчы рыба, і маласольныя агуркі, і стравы з бульбы, і кампот з наліўкай, і юшка гарачая, і блінцы, і піражкі. Асабліва спадабаўся пірог з дзіўнай назвай — лапаць. Запамінайце рэцэпт ад Таццяны Малойкі, якая бярэ ўдзел у адраджэнні старадаўніх страў.

— Два яйкі, паўлітра кефіру, дзве сталовыя лыжкі сланечнікавага алею, дзве сталовыя лыжкі цукру, чайная — солі і столькі ж соды, 800 грамаў мукі. Для начынкі бярэцца 400 грамаў тварагу, кроп, соль. Замешваем крутое цеста, дзелім на шарыкі, вельмі тонка раскатваем, кладзём начынку і закрываем. Смачна есці!

Паядынкі і гульні

Народ ішоў на Замкавую гару па ўражанні — менавіта там адбываюцца галоўныя падзеі свята. Па традыцыі, наведванне гары ў такія дні платнае. Але гэта нікога не стрымлівае, наадварот — стаяць вялікія чэргі. Рыцарскія паядынкі, баі пешых воінаў, тактычныя манеўры — ці можна такое прапусціць? Гэта заўсёды неверагодны феерверк эмоцый, драйв, эстэтычная асалода.

Мсціслаўскі каваль Сяргей не проста жыве гэтым святам — ён ім дыхае. Ледзь перажыў, што летась з-за пандэміі яго адмянілі. Сёлетняга чакаў з вялікімі спадзяваннямі і крыху быў расчараваны, што сапраўдных байцоў прыехала не вельмі шмат. Хацелася бачыць больш рыцараў, больш баёў, больш відовішчаў.

— Калі фестываль толькі пачынаўся, былі масавыя баі — 50 на 50 чалавек, 40 на 40, а цяпер няма з кім і пабіцца, — шкадаваў ён. — Прыбег са сваёй кузні, а мне гавораць: астынь, крыху пабегаем, папіхаемся. Магчыма, моладзь проста не адчувае цікавасці да гэтага. У асноўным, пераважае пакаленне 1980-х. Гэта 40-гадовыя хлопцы, якія яшчэ ў даволі добрай форме, але дзе моладзь? Раней, каб трапіць у рыцарскі клуб і паўдзельнічаць у фестывалі, трэба было самому зрабіць зброю, амуніцыю. Цяпер ніхто не хоча гэтым займацца. Гаджэты ўсіх сапсавалі. Я не супраць гаджэтаў, але мужчына павінен быць мужчынам.

На Замкавай гары пад сценамі галоўнай вежы замка Данжон па традыцыі раскінуўся рыцарскі палатачны лагер. Калі ў сям’і нехта захапляецца Сярэднявеччам, усе на гэта «асуджаныя». Нават дамашнія гадаванцы. Аляксандр з Аляксандрай, якія прадстаўлялі на фэсце Мінскі стралковы клуб лучнікаў BOW’S CLUB, выступалі са сваёй сямігадовай дачкой Марынай і верным чатырохногім сябрам. Нельга было не звярнуць увагі, калі яны дэманстравалі фрагменты з гульняў Тыбецкага нагор’я ХIII—ХIV стагоддзяў.

Алена і Лізавета з Мінска таксама лучніцы. Ліза, дарэчы, пазнаёмілася са сваёй другой палавінкай у клубе, тыдзень таму згулялі вяселле.

— Я яго страляць з лука вучыла, — смяецца дзяўчына. — Калі жывеш звычайным жыццём, гэта нагадвае дзень сурка, а наш занятак уносіць разнастайнасць. Я, напрыклад, у аптэцы працую — гэта крыху прыядаецца. А калі ёсць магчымасць не проста з’ездзіць на трэніроўку, а цалкам перажыць іншае жыццё, гэта крута.

На свята прыехалі яго заўсёднікі — магілёўскія, аршанскія, мінскія, гродзенскія клубы. Першыя, з кім сустрэлася на вуліцах старажытнага Мсціслава, былі каларытныя байцы «Шатландскай пяхоты» з Маладзечна. Іх стыхія — XVI стагоддзе.

— Гэта наш чацвёрты фестываль у Мсціславе, — паведамілі яны. — Мы сур’ёзны клуб, б’ёмся па-сапраўднаму. Кожны выкладваецца «па поўнай». Стараемся не паўтарацца ў выступленнях. У нас заўсёды новыя сцэнкі.

Мсціслаўскае свята не абыходзіцца без рыцараў Мінскага конна-гістарычнага клуба «Залатая шпора», які прадстаўляе крылатых вершнікаў Сярэднявечча. Адна іх амуніцыя чаго каштуе! А яшчэ пазнаёмілася з прадстаўніком Ордэна Паўночнага храма з Масквы. Ён, дарэчы, быў вядучым усёй рыцарскай праграмы на Замкавай гары.

— Я яшчэ ніводнага мсціслаўскага рыцарскага свята не прапусціў, — прызнаўся ён карэспандэнту «Звязды». — Гэтым разам прыехаў адзін. Пандэмія, іншыя складанасці, але я не мог не прыехаць, таму што для мяне гэта традыцыя. Мне тут вельмі камфортна і па-дамашняму ўтульна. Заўсёды поспех любога мерапрыемства вельмі залежыць менавіта ад зацікаўленасці ў ім гарадскіх улад. І я бачу, што тут сапраўды зацікаўленыя.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

г. Мсціслаў.

 

Загаловак у газеце: У традыцыях Сярэднявечча

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».