Вы тут

Храм Узнясення Гасподняга. Квітнее ліпа ля старых муроў


Храм Узнясення Гасподняга, г. п. Расоны, Віцебская вобл.

З ранняга дзяцінства памятаю сіратліва-гаротнае запусценне храма, які стаяў на ўзбочыне гравійнай дарогі Расоны—Полацк. Ён знаходзіўся, лічы, пасярод поля — на адлегласці ад расонскіх забудоў. Разбураныя купалы, дзіравы дах... Толькі магутныя мураваныя сцены (ды і тыя часткова разбураныя) упарта стаялі насуперак часу, з чаканнем і верай у аднаўленне. Побач расла старая ліпа. Яна захавалася і да сённяшняга часу, толькі ў абноўленым выглядзе: раскашуюе моцай маладое голле, радуючыся летнему ласкаваму сонейку і новаму жыццю.


Мая бабуля-выхавацелька заўсёды жыла верай і ўрачыста шанавала ўсе царкоўныя святы. Асабліва — Раство, Вялікдзень. Найбліжэйшая царква была за сорак кіламетраў, у Полацку — тая, пра якую распавёў на старонках газеты Навум Якаўлевіч Гальпяровіч. Таму да полацкай царквы бабуля дабіралася рэдка. Яна дома, стоячы на каленях перад покуццю, шчыра малілася на ікону, што ў беленькім вышытым рушніку была высока пад столлю. Да малітваў у той бязбожна-грэшны час мяне не прыцягвала. Але заўсёды вучыла паважаць не толькі людзей, але і іх пачуцці.

Такім чынам, да гаротных рэшткаў расонскага культавага збудавання справы нікому не было. Магутныя сцены метровай таўшчыні з вялізнымі гладкімі камянямі, па вуглах абкладзеныя чырвонай цэглай, нібы задуменна паглыбляючыся ў сваё мінулае, чакалі свайго часу...

Як сведчаць гістарычныя крыніцы, храм у Расонах быў пабудаваны ў 1836 годзе на паўднёвым баку мястэчка за кошт выдаткаваных з казны сродкаў. Будынак быў драўляны, без ацяплення, з такой жа драўлянай званіцай, на якой былі два званы: адзін — 2 пуды, другі — паўпуда. Купалы былі накрытыя жалезам. Агароджа вакол храма была драўляная. Прастол у храме быў адзін — у гонар Раства Прасвятой Багародзіцы. Храму належала каменная капліца на чатырох слупах. У ёй не было ніякіх царкоўных прадметаў, акрамя Распяцця Збавіцеля.

З гісторыка-дакументальнай хронікі Расонскага раёна вядома, што ў архітэктуры другой паловы дзевятнаццатага стагоддзя развіваўся рамантычны мастацкі кірунак, які арыентаваўся на аднаўленне формаў старажытнарускага дойлідства. Прыхільнасць да «рускага» стылю ў праваслаўным царкоўным будаўніцтве з яго цыбулепадобнымі купаламі і макаўкамі-свечкамі, спічастымі шатрамі званіц, закамарамі, дэкаратыўнай узорыстасцю была прадвызначана і афіцыйным на той час агульнарасійскім будаўнічым статутам. У такой архітэктурнай форме і быў пабудаваны на месцы драўлянага мураваны храм Раства Багародзіцы ў Расонах у 1879 годзе з мясцовага бутавага каменю і чырвонай цэглы. Дарэчы, такі ж будаўнічы матэрыял быў выкарыстаны і пры пабудове замка памешчыка Станіслава Гласко, хоць замак быў пабудаваны значна пазней — у 1900 годзе...

Храм Раства Багародзіцы адносіўся да Полацкай епархіі. З гісторыі вядома, што купалы храма фарбаваліся ў блакітны колер, які з’яўляецца сімвалам Раства Прасвятой Багародзіцы і выяўляе імкненне чалавека да вечных каштоўнасцяў і духоўнай дасканаласці. Галоўны залочаны купал зроблены пры аднаўленні храма ўпершыню. Ён з’яўляецца ўвасабленнем Збавіцеля. Пяць купалоў сімвалізуюць: цэнтральны — Ісуса Хрыста, астатнія чатыры — аўтараў Святога Пісання Мацвея, Марка, Луку, Іаана.

Храм будаваўся без ацяплення (без грубак), дах быў накрыты жалезам. Побач былі дамы святара, дыякана, званара і псаломшчыка. Насупраць храма знаходзілася трохкласная царкоўнапрыходская школа, у якой апроч асноўных прадметаў выкладаўся Закон Божы. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі храм быў закрыты (гады яго закрыцця невядомыя), абразы страчаны. У час Вялікай Айчыннай вайны храм быў адкрыты немцамі ў 1941–1943 гг. Але не трэба думаць, што гэта былі добрыя намеры акупантаў. У народзе казалі, што трагічны быў лёс святара храма, які служыў у гэты час. Ён быў расстраляны на парозе сваёй хаты за сувязь з партызанамі. На жаль, месца яго пахавання невядомае.

Мінуў час. Забудова гарадскога пасёлка Расоны змясцілася ў паўночна-ўсходнім напрамку. Гравійная дарога ў сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя «апранулася» ў асфальт і напрасткі злучыла гарадскі пасёлак са старажытным Полацкам. Гэту дарогу яшчэ і сёння старэйшыя людзі называюць Машэраўскай. А руіны храма ўсё чакалі свайго часу. І гэты час настаў. Магчыма, сам Бог пачуў малітвы вернікаў. І ў 1991 годзе па блаславенні епіскапа Полацкага і Віцебскага Дзмітрыя былі распачатыя работы па аднаўленні храма. Найбольшае садзейнічанне было аказана кіраўніцтвам ВА «Нафтан», прадпрыемствам «Віталіт» пры непасрэдным удзеле раённага кіраўніцтва, мясцовых жыхароў. Пра гэта сведчыць памятная дошка, замацавана паблізу ўвахода ў храм. У Расонскі прыход быў накіраваны святар Анатоль Іванавіч Кісель. Гады яго службы ў храме (1991–1994) — той час, калі рабіліся аднаўленчыя работы. Як успамінаюць прыхаджане, на яго лягла не толькі духоўная, але і фізічная сфера дзейнасці. Святару Анатолю часта даводзілася, пераадзеўшыся ў рабочую вопратку, працаваць да позняга часу разам з прыхаджанамі.

У 1992 годзе храм быў адноўлены і атрымаў новую назву — Узнясення Гасподняга. Першая служба адбылася на Вялікдзень 1992 года. Гэта была вялікая падзея для многіх жыхароў раёна. З іконамі, свечкамі вакол храма здзейснілі крыжовы ход. Раённая газета пісала: «Нешта далёкае-далёкае, што пакрыёма жыве ў падсвядомасці кожнага, прымусіла калі не ўсіх, дык большасць адчуць незвычайны, непрывычны дасюль стан душы. Многія ўпершыню ў жыцці прыйшлі ў царкву і не ведалі, як сябе паводзіць, пыталіся ў бабуль і вучыліся хрысціцца...»

У храм пашчасціла зайсці не ўсім: было шматлюдна. Большасць слухала богаслужэнне на вуліцы.

Побач з храмам былі пабудаваныя дом святара, аўтобусны прыпынак, аўтастаянка. З сакавіка 2002 года ў прыходзе храма Узнясення Гасподняга служыць протаіерэй Аляксандр Гардзевіч. Нягледзячы на свае маладыя гады (яму было ўсяго 26), ён стаў для прыхаджан, ды і для ўсяго расонскага люду, узорам служэння Богу. Яго пропаведзі вучаць пакаянню, павазе і любові да людзей. Кожны, хто звяртаецца да яго, заўсёды атрымлівае духоўную падтрымку, добрую параду. За час яго службы ў Расонскім прыходзе будынак храма атрымаў новае аблічча. У першую чаргу была зроблена плітачная падлога замест драўлянай, якая хутка трухлела з прычыны наяўнасці ў зямлі рэшткаў мінеральных угнаенняў (царкоўнае збудаванне ў «бязбожны» час выкарыстоўвалася ў якасці склада).

Па перыметры тэрыторыі храма пабудавана дыхтоўная агароджа з каменю і фігурнага жалеза. Маючы статус архітэктурнага помніка XІX-га стагоддзя, храм разам з тым адпавядае патрабаванням сённяшняга часу. Дзякуючы фінансавай падтрымцы раба Божага Мікалая, які пажадаў пакінуць сваё прозвішча невядомым, у 2004 годзе былі набытыя чатыры званы, якія вырабілі ў Мінску. Вагой 16, 32, 48 і 109 кг, яны ўстаноўлены на званіцы. Іх звон перад пачаткам богаслужэння далёка разносіцца над расонскімі прасцягамі. Протаіерэй Аляксандр Гардзевіч клапоціцца не толькі пра само культавае збудаванне. Былі ўстаноўлены ахоўныя крыжы ў адзінаццаці вёсках раёна. Сталі традыцыяй малебны каля іх на асвячэнне вады, перад Вялікаднем, на Троіцкую бацькоўскую суботу.

З 2005 года ў храме працуе нядзельная школа. Яе наведваюць не толькі дзеці, але і дарослыя. Протаіерэй Аляксандр Гардзевіч часта бывае ў навучальных установах раёна, тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, звыклы госць і на святочных мерапрыемствах.

Пакрысе ў храме пачалі з’яўляцца абразы, якія былі напісаныя ў мастацкай майстэрні «Вянец» г. Новасібірска. Папярэдне ад архіепіскапа Новасібірскага і Бердскага Ціхана было атрымана бласлаўленне на напісанне гэтых абразоў.

У 2007 годзе працягваліся работы па аднаўленні ўнутранай будовы храма. У г. Баранавічы быў выраблены новы іканастас на ахвяраванні грамадзян гарадскога пасёлка Расоны і пры ўдзеле Расонскага райвыканкама. Іконы, напісаныя расонскімі прыхаджанамі, былі перададзены ў храм свяціцеля Мікалая Цудатворцы ў в. Краснаполле.

21 ліпеня 2007 года, у дзень праслаўлення Казанскай іконы Божай Маці, быў асвячоны новы трох’ярусны іканастас архіепіскапам Полацкім і Глыбоцкім Феадосіем.

Тэрыторыя дагледжана з любоўю і па-гаспадарску: чысціня і парадак, газоны і дэкаратыўныя расліны дадаюць урачыстасці. Пасаджаны яловая, рабінавая алеі і фруктовы сад. Рабінавая алея, дарэчы, — у гонар 65-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Тут жа знаходзіцца калодзеж, які мае сваю гісторыю, што мне распавяла прыхаджанка Ганна. Першапачаткова ён быў выкапаны на месцы, дзе раней захоўваліся мінеральныя ўгнаенні. Ад паліву вадой адтуль расліны чэзлі — не кажучы пра тое, каб яе піць. Прыйшлося з яго зрабіць дэкаратыўны басейн. Запрасілі спецыяліста, які дакладна ўказаў на месцазнаходжанне адной прыроднай падземнай воднай артэрыі на глыбіні 8 метраў, другой — на глыбіні 16 метраў. Выкапаны на ўказаным месцы калодзеж сапраўды мае глыбіню 8 метраў. Вада з гэтага калодзежа выкарыстоўваецца ў царкоўных мэтах.

У 2004 годзе храм Узнясення Гасподняга занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Рэстаўрацыйныя работы працягваліся, і ў 2011-м храм Узнясення Гасподняга паўстаў перад намі ў новым абліччы — былі завершаны работы па рэканструкцыі купальнага даху.

Ёсць у расонскага храма прыемная гісторыя. У 1995 годзе для вернікаў быў зроблены падарунак масквічкай Ларысай Федзяевай (ураджэнкай в. Даўгабор’е Расонскага раёна) — Казанскі абраз Божай Маці і абраз Трох Святых. Жанчына знайшла іх на гарышчы свайго лецішча, якое нядаўна прыдбала. Рэліквіі былі ў вельмі дрэнным стане. Толькі па ледзь бачных абліччах можна было вызначыць, што гэта абразы. Даведаўшыся ад сваякоў, што ў Расонах адноўлены храм, яна вырашыла перадаць на радзіму знойдзеныя святыні. Тым больш што іх памер яскрава сведчыў пра тое, што яны некалі размяшчаліся ў храме. Нягледзячы на вялікія цяжкасці з транспарціроўкай, дарункі паспяхова былі дастаўленыя ў Полацк, дзе іх сустрэлі прадстаўнікі расонскіх прыхаджан разам з Пятром Бараноўскім, які ў той час быў настаяцелем. Абразы былі размешчаныя на самым прыметным месцы. Пазней для іх былі выраблены ківоты. Абраз Казанскай Божай Маці быў адрэстаўраваны ў 2007 годзе. Гэта адзін з самых шанаваных абразоў храма. Да яго часцей за ўсё звяртаюцца вернікі: «Заступница усердная, Мати Господа Вышнего, за всех молиши Сына Твоего Христа Бога нашего...» Ікона намоленая і дапамагае ўсім, хто звяртаецца да яе з чыстымі памкненнямі.

У дні праслаўлення абраза Казанскай Божай маці (21 ліпеня і 4 лістапада) заўсёды служацца святочная літургія, малебен, прыязджаюць паломнікі.

Асэнсоўваючы гісторыю храма, міжволі задумваешся: які цяжкі, пакутны і доўгі шлях выпаў на яго долю, падобную на долю Тварца. Мне часта даводзіцца карыстацца аўтобусам, маршрут якога пралягае каля адноўленага храма. Аўтобус спыняецца каля самай брамкі... Хоць храм і знаходзіцца на ўскрайку Расонаў, ён стаў значна бліжэйшы да сэрцаў і душаў людзей.
Я бачу вернікаў, якія наведваюць царкву, іх прасветленыя твары, што лучаць спагаду, павагу і любоў — ці не прыклад для ўсяго грамадства, асабліва ў цяперашні час?

Вялікдзень

Вялікдзень абвяшчаюць званы!

У вясновым убранні нябёсы.

Усміхаюцца ветла яны

І глядзяць на людство лікам Боскім.

Няхай шчасціць жыццё дабрынёй.

Згіне зайздрасць, і злосць, і пакуты...

Хай сябруе душа з вышынёй

І не трапіць у хібныя путы.

Хай лагодзіць вясна як заўжды,

Сыплюць срэбра крыштальныя росы.

Землякі — шчасця вам на гады,

Няхай вам спагадаюць нябёсы.

Вялікдзень абвяшчаюць званы!

Ўваскрашэнне вітаюць Хрыстова.

І святлее душа без маны,

Калі чуе глыбіннае Слова.

Аляксандр МАТОШКА

в. Янкавічы, Расонскі раён.

Аўтар выказвае шчырую ўдзячнасць протаіерэю Аляксандру Гардзевічу, прыхаджанам Надзеі Задроўскай і Ганне Герасімавай за садзейнічанне пры напісанні артыкула.

Загаловак у газеце: Квітнее ліпа ля старых муроў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

Жыццё Юліі Пярцовай: Шчыры аповед пра сям’ю, работу і пераадоленні нягод

У прамым эфіры тэлеканала «Беларусь-1» Юлія расказвае аб падзеях у Беларусі.

Калейдаскоп

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

Як добра вы памятаеце ўсе Канстытуцыі Беларусі? Тэст

За адно стагоддзе Беларусь жыла па пяці розных Асноўных Законах.