Вы тут

«Глядзі, каб пры чужых людзях ты не назваў мяне мамай...»


«Гэта не страшна», — так суцяшала яго маці ў гэтыя два дні, неаднойчы прыкрываючы яго сваім целам, калі чорныя цені самалётных крылляў праносіліся над імі і пыльная, белесаватая шаша раптам рабілася чорнай ад фантанаў гразі, ад тарфяных камякоў, веерам асыпаўшых дарогу...»

Гэта ўрывак з апавядання Міхася Лынькова «Дзіцячы башмачок» пра тое, як фашысцкія карнікі забіваюць маленькага хлопчыка, які пабег услед за сваёй маці-яўрэйкай, схопленай імі... У адным з лістоў пісьменнік скажа: «Апавяданне «Дзіцячы башмачок» не зусім аўтабіяграфічнае, але гэта, як гаворыцца, не мяняе справы».

Лынькоў, які працаваў у франтавой прэсе, бачыў на свае вочы свежыя сляды злачынстваў акупантаў, быў у лагеры Трасцянец адразу пасля вызвалення, глядзеў на абгарэлыя, скалечаныя трупы дзяцей і горы знятых з вязняў рэчаў, чуў галашэнне жанчын... Але была ў яго яшчэ і асабістая трагедыя, якая кіравала ягоным пяром і рвала сэрца...


«На учете эвакуированных не состоят...»

У фондзе Міхася Лынькова ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва сярод іншага захоўваюцца два дакументы, паштоўкі-бланкі, адпраўленыя з Бугуруслана на імя М. Лынькова. Першае адрасаванае на палявую паштовую станцыю № 127:

«Тов. Лынков!

На ваш запрос сообщаем, что сведения о местонахождении ваших жены и сына пока не получены. По получении полных материалов учета на Ваш запрос сообщим дополнительно.

Переселенческое Управление при СНК СССР. 26.11.1941 г.»

Другая паштоўка адпраўлена Лынькову ў Маскву, у Саюз пісьменнікаў СССР:

«Центральное Справочное бюро сообщает, что 1. Аренкова Хана Абрамовна 2. Лыньков Марк Михайлович 9 л. из Минска на учете эвакуированных не состоят.

Переселенческое Управление при СНК СССР. 25.08.1942».

Пачатак і канец гэтай гісторыі засталіся ў двух апавяданнях...

Пачатак — гэта, безумоўна, апавяданне Міхася Лынькова «Гой», напісанае ў 1926 годзе. Гэта, дарэчы, першы твор на беларускай мове, які быў прачытаны Васілём Быкавым і зрабіў на яго вялікае ўражанне. Апавяданне аўтабіяграфічнае: чырвоаармеец Міхась пакахаў дзяўчыну-яўрэйку, дачку гаспадароў хаты, дзе аднойчы спыніўся... Рыва таксама шчыра пакахала госця — але гэта парушае ўсе спрадвечныя традыцыі. Бацькі выракаюцца дзяўчыны, саромяць яе, суседзі пляткараць... Але каханне перамагае, Міхась са сваім атрадам абараняе мястэчка ад бандытаў, у іх з Рывай утвараецца моцная сям'я, новыя сваякі палюбілі зяця...

Жыццёвая канва такая. Міхась Лынькоў, чырвоны камандзір, ажаніўся з настаўніцай са Свержаня Ханай Абрамаўнай Аранковай. Кажуць, адукаваная, разумная жанчына яшчэ і дапамагала мужу ў напісанні, рэдагаванні першых апавяданняў, якія прынеслі яму славу. Нарадзіўся сын Марык...

Вось як успамінае пра іх сям'ю Віталь Вольскі, чые ўспаміны таксама захоўваюцца ў архіве:

«Маўклівы, стрыманы чалавек, які пазбягаў праяўлення пачуцця, вельмі любіў свайго маленькага сына. Ён клікаў хлопчыка звычайна:

— Маркушка!..

І ў голасе яго гучалі лагодныя, цёплыя і пяшчотныя інтанацыі.

Сціпласці ён патрабаваў і ад членаў сваёй сям'і. Ад Ханы Абрамаўны гэта можна было і не патрабаваць. Невялікая ростам, яна і сама была па ўсёй сваёй сутнасці сціплай і непрыкметнай. Побач з Лыньковым не кідалася ў вочы, стушоўвалася, трымалася заўсёды на заднім плане. Ні ад каго ніколі і нічога не патрабавала, у тым ліку і ад мужа. Абмяжоўвалася ў жыцці толькі самым неабходным. Гэта была ціхая, адданая і ўважлівая жонка. У мінулым настаўніца, яна высока шанавала літаратуру наогул і працу пісьменніка ў прыватнасці. Гэтую працу яна лічыла штодзённым подзвігам... У такім разуменні Хана Лынькова выхоўвала і свайго сына. Адносіны яе да мужа былі поўныя пашаны, бязмежнай веры і замілавання. Для Міхася Лынькова яна была не толькі адданай сяброўкай і памочніцай, і не толькі добрай хатняй гаспадыняй, але і надзейнай апорай, маральнай падтрымкай у нялёгкім і складаным жыцці дваццатых-трыццатых гадоў. Сціплым, далікатным і добра выхаваным быў і Марык. Карыя вочы яго, ясныя і шчырыя, свяціліся добразычлівасцю. Гэты мілы хлопчык, разумны і ўдумлівы, выклікаў пачуццё сімпатыі ва ўсіх, хто яго ведаў».

А пасля пачалася вайна...

Пачытаем пра гэта ўспаміны Міхася Лынькова з таго ж фонду, напісаныя ў 1960-я гады для часопіса «Советское фото»:

«Война застала нас в дороге.

Мы, трое белорусских писателей — народный поэт Янка Купала, поэт Петрусь Бровка и автор этих строк — возвращались из Риги, где мы были гостями на первом съезде латышских писателей. Ехали домой вместе с литовскими товарищами. Настроение у всех было приподнятое. Литовские писатели пригласили нас погостить день-другой в их столице. Мы остались у них. День прошел в радушных встречах, дружеских беседах, литературных выступлениях. А наутро следующего дня мы проснулись от грохота бомбежки — немцы бомбили город, вокзал, железную дорогу».

Важных гасцей, нягледзячы на цяжкасці, удалося адправіць у Мінск — на апошнім цягніку-«лятучцы» з некалькіх вагонаў. Але з сям'ёй Лынькову злучыцца не ўдалося — давялося самому пешкі выпраўляцца ў эвакуацыю... Хана з Марыкам засталіся на акупаванай тэрыторыі.

«И плач, и слезы, и горе, и обморок»

З дакументаў вынікае, што Лынькоў адразу ж пачаў шукаць сляды сваіх родных... Дарэмна.
У фондзе захоўваецца перапіска яго з жончыным братам, Ісакам Аранковым. Той таксама расшукваў зніклую радзіну, вельмі ўзрадаваўся, калі ўбачыў у «Известиях» за 18 сакавіка 1942 года артыкул «Мать», падпісаны «М. Лыньков». Пачаў слаць лісты — у рэдакцыю, у Саюз пісьменнікаў, каб здабыць адрас мужа любай сястры. Слаў «дорогому Мише» ліст за лістом, у якіх прасіў, каб Ханка напісала хоць некалькі радкоў, ці калі яе няма ў Маскве, Лынькоў даў яе адрас... Ды хоць штось паведаміў пра яе і Марыка! Бо з акупаванай тэрыторыі даходзілі самыя жудасныя звесткі пра лёс людзей, што там засталіся.

«Миша! Прошу вас, сообщите, что вам известно (если известно) про Хану и Маричка. Быть может им удалось каким-нибудь путем спастись».

Тон лістоў робіцца ўсё больш безнадзейным.

«Где Хана с Маричком? Неужели их нет и не будет среди нас? Напишите все, что Вам известно про Хану и Марика. Не верится, что их нет, а вместе с тем, думы тяжёлые и нехорошие про нее. Успела ли она выскочить из ада, когда гитлеровская чума налетела на Минск в 1941 г.»

Урэшце, у 1943-м, пачалося вызваленне Беларусі, стала даступна больш звестак. Аранкоў піша Лынькову, ад якога яшчэ не атрымаў адказу, пра лёс родных сваёй жонкі Рахілі:

«Вчера получил письмо из Студенца от знакомого. Письмо из того места, где работал с 1926 года до 12.08.1941 г., которое было под немецким игом 2 г. 4 месяца. Письмо невеселое, коротко оно написано, много сказано в нем. Первая весть, что брат, жена его, малолетние дети их после пыток, 22.12.1942 г. расстреляны. Вторая весть, что сестра жены с семьей (малолетними детьми) 22.12.1942 тоже извергами расстреляны. Она 12.08.1941 г. эвакуировалась, но по пути была перехвачена головорезами и пригнана в Студенец назад. Третья весть, единственного оставшегося в живых брата ее, который до войны жил и работал в Москве, тоже нет... В 1941 г. пошел в партизанский отряд. Действовал в родных местах. В конце декабря 1942 г. был в Студенце. Там же был схвачен гестаповцами. После пыток, истязаний... убит был, точнее, добит. Конечно, ничего не могли добиться гестаповцы. Село сгорело. Отряд факельщиков перед отступлением «работу» свою выполнял. И плач, и слезы, и горе, и обморок... Уверен, Миша, что нашей Ханы с Маричком тоже нет. Их век, видимо, укорочен. Уверен, что никого из моих братьев и сестер нет. Остались вы (и то нет уверенности) и сестра жены, живущая в Москве со своей семьею и другая сестра ее — одиночка, лишившаяся своей семьи (один-единственый сын тоже погиб) — живущая с нами».

А потым Міхась Лынькоў, адазваўшыся, пацвердзіў швагру, што той прадчуваў... Аранкоў піша:

«Как-то не верится, что Ханы с Маричком среди нас нет. А какая она была тихая и скромная. Всегда без гордости и зазнайства. Только начала жить. И не пришлось. А Марик, бедный Маричек, ушел и ты за своей мамой вслед».

Потым Ісак Аранкоў паведамляе Лынькову пра сваю радню:

«Несколько дней тому назад я получил письмо из Сверженя. Хорошего ничего нет. И там такое же горе нанес кровавый бандит — Гитлер. Мойсей наш покончил самоубийством (не хотел, видимо, попасть в руки немцам, или по другой причине). Иосифа, Сарры, Миня и их семейств нет уже в живых с 27. 11 1941 г. Они уже не поднимутся, как не поднимутся Хана с Мариком. Они уже спят вечным сном... Даже не верится, не верится, когда буду в Минске, что меня Хана не встретит и что Марик не будет около нее вертеться, или около своих игрушек.

На том месте, где жил брат с семьей в 5 человек, сестра с маленькими детьми (род Рахили — Студенец), стоят трубы и бугорки. Это и вся память, что были у нее братья и сестры».

Хлопчык, якога ўсе любілі...

Што ж здарылася з Ханай і Марыкам?

Звернемся да другога апавядання...

Віталь Вольскі піша: «Пра ўсё гэта з вялікай праніклівасцю, з глыбокім стрыманым жалем і спачуваннем, з выдатным веданнем і разуменнем псіхалогіі дзіцяці наогул і характару васьмігадовага Марыка ў прыватнасці, расказаў далёкі ад сантыментаў Янка Маўр у сваім апавяданні «Завошта?», якое ён прысвяціў «светлай памяці М. Л.» Няхай той, хто не чытаў апавяданне, абавязкова прачытае яго, а хто чытаў, няхай прачытае яшчэ раз, бо героем твору быў пад іменем Мішы ніхто іншы, як Марык Лынькоў. Янка Маўр добра ведаў Марыка, бо на працягу некалькіх гадоў жыў па суседству з сям'ёй Лыньковых у драўляным двухпавярховым доме ў завулку Апанскага і часта наглядаў за гульнямі дзяцей на двары гэтага дома, а таксама і ў парку Дома творчасці ў Пухавічах, дзе сям'я Лыньковых жыла разам з сем'ямі іншых пісьменнікаў кожнае лета на працягу 1935-40 гадоў і дзе часта бываў і сам Янка Маўр. Я адсылаю да апавядання «Завошта?» кожнага з тых, хто хоча даведацца пра абставіны гібелі Ханы Лыньковай і хлопчыка Марыка і зразумець усю глыбіню асабістай трагедыі Міхася Лынькова. Сам ён адным з першых прачытаў апавяданне, але нікому не сказаў пра яго ні слова».

Хлопчык Мішка з апавядання — цудоўны, удумлівы, добры... Ён ратуе ўсіх жывых істот, ад казюркі да шчанючка, калі на яго нападае меншы за яго хлопчык — не б'ецца ў адказ, бо той слабейшы, затое не баіцца абараніць сябе ад мацнейшых... З пачаткам вайны Мішка і яго мама пакінулі горад,
у які ўварваўся вораг.

«Затым пачалося вандраванне. Нібы жабракі, хадзілі яны ад вёскі да вёскі некалькі дзён. Начавалі то ў пуні, то ў хаце. Нікуды не спяшаліся, часта адпачывалі. Навакол было ціха, спакойна, нібы і вайны ніякай няма.

Праз некалькі дзён яны спыніліся ў адной вёсцы назусім. Тут жыла сястра Мішавага бацькі, калгасніца».

Сваякі прытулілі Мішку і ягоную маці. Нават выправілі ёй дакументы, што яна ўкраінка.

«А як любіў Міша сваю маму! Ён увесь быў прасякнуты пачуццём, ён дыхаў ёю, як паветрам. Ён цягнуўся да яе, як расліна да сонца. Асабліва цяпер, калі не было бацькі, якога ён любіў не меней, калі не болей за маці. Бацька быў яго найлепшым сябрам і таварышам, з якім яны цэлымі гадзінамі гутарылі, майстравалі, займаліся самымі цікавейшымі справамі. Бацька здабываў і выдумляў для Мішы такое, чаго нідзе не знойдзеш.

Але далёка цяпер татка. Ён б'е фашыстаў. Калі паб'е, тады яны зноў сыдуцца. А пакуль трэба цярпець і чакаць. Пакуль што яны стараліся зліцца з мясцовым насельніцтвам, каб нічым не вылучацца. Мама хадзіла на сялянскія работы, а Міша рабіў усё тое, што робяць сялянскія дзеці.

— Глядзі, Мішачка, каб пры чужых людзях ты не назваў мяне мамай. А калі са мной што здарыцца, ну, скажам, схопяць мяне, то ты нават і не глядзі ў мой бок і трымай сябе так, як усе іншыя дзеці.

Міша пазіраў на яе сваімі вялікімі ўдумлівымі вачыма і ціха казаў:

— Я ўсё роўна не разлучуся з табою».

Радня дамовілася, што ў выпадку страшнага, калі хто-небудзь данясе, што ў хаце жыве яўрэйка, Мішку гаспадары выдадуць за свайго сына. І страшны момант надышоў... Невядома, хто данёс — але да хаты пад'ехалі фашысты. Не дапамагла фальшывая даведка пра ўкраінскае паходжанне — Мішкаву маці забралі...

«Наперадзе — немец, ззаду — два паліцаі. Па баках стаяць людзі, адны ўздыхаюць, другія плачуць, трэція сціскаюць кулакі. Тут, паміж іх, знаходзіцца яе Міша, хлопчык, якога пачынае горача любіць кожны, хто толькі яго ўбачыць. Ён вось тут, зусім блізенька, яна зараз пройдзе каля яго, можа, нават дакранецца да яго... Але нельга, нельга глядзець у гэты бок, бо яна можа не вытрымаць... А яшчэ хутчэй можа быць — ён не вытрымае.

Яна і не глядзіць у гэты бок, але ўсё роўна, мусіць, усімі клеткамі свайго цела бачыць, як ён праціскаецца наперад, а цётка Алеся, дзед Карней і іншыя жанчыны ціхенька, лагодненька адціскаюць яго, засланяюць ад немцаў і... ад мамы. І людзі гэтыя таксама думаюць аб адным: ці вытрымае такую пакуту хлопчык?

...Міша кідаўся наперад то ў адным, то ў другім месцы, каб зірнуць на маму, але ўсюды натыкаўся на цётку або дзядзьку. Ён высоўваў галаву з-за спіны, з-пад рукі — і ўсюды гэтыя рукі ласкава затрымлівалі яго, пяшчотна гладзілі па галаве, і то над адным, то над другім вухам чуўся ціхі шэпт: «Маўчы, Мішачка, маўчы, усё будзе добра, мама вернецца».

І беднае дзіця не вытрымала. Калі Мішка ўбачыў, што маці азірнулася, калі яе садзілі ў грузавік, закрычаў: «Мама!»

Яго тут жа схапілі і кінулі ў машыну. Дарэмна маці сцвярджала, быццам не ведае гэтага хлопчыка, і людзі таксама пацверджвалі — не ейны сын...

Маці з сынам апынуліся ў канцлагеры... Іх чакала толькі смерць.

«— Нічога, Мішачка, перацерпім усё гэта... Нас павядуць, паставяць на краі яміны і будуць страляць. Але ты не бойся — гэта зусім не балюча. Стукне нібы каменем, у цябе закружыцца галава — і ты заснеш. І ўсё.

...І дзень гэты прыйшоў. Сабралі іх у адну кучу многа-многа. Тут былі і старыя з сівымі бародамі, і маладыя, і такія, як Міша, і зусім маленечкія, на руках у мам. А жанчын было яшчэ болей. І ўсе плакалі, енчылі. Толькі Мішава мама не плакала: яна нібы нічога не чула, не бачыла, не разумела.

— Мама, нас ужо расстрэльваць павядуць? — спытаў Міша такім тонам, нібы справа ішла аб чымсьці звычайным.

Тут Міша адчуў, як мама схапіла яго, падняла на рукі і прытуліла да сябе так, што ён больш нічога не бачыў, а толькі чуў, як стукае маміна сэрца.

— Не бойся, дзіця маё, — пачуў ён ціхі голас.

І яму зрабілася так цёпла, так соладка на грудзях у мамы, так захацелася заснуць...

Тады яго моцна стукнула ў адным месцы, у другім, — і яны з мамай кудысьці паляцелі...»

Немагчыма спакойна чытаць гэты аповед... Тым больш ведаючы, што там усё праўдзіва. Сваякі пацвярджалі: менавіта так было... Пацвярджала і Ганна Ціханаўна, сястра Лынькова, у якой каля Старых Дарог у 1942-м і жылі Хана Абрамаўна з Марыкам. Калі пачалі хапаць яўрэяў, Марыка з маці хацелі пераправіць да партызанаў, але не паспелі. Калі Хану схапілі, муж Ганны Ціханаўны сказаў пра Марыка, які быў падобны да бацькі, што гэта ягоны сын, фашысты паверылі... А далей здарылася так, як у апавяданні.

Забыць немагчыма...

На Кургане Славы, які ў 1971-м адкрылі пад Слуцкам, на мемарыяльнай пліце значацца імёны Ханы Абрамаўны і Марыка. А таксама яшчэ імёны сваякоў Міхася Лынькова. Ягонага брата Рыгора, які праславіўся як паэт пад псеўданімам Рыгор Суніца. Рыгор знік без вестак на фронце ў 1941-м. Ён таксама быў жанаты на яўрэйцы, маладой настаўніцы Гені Рыгораўне Лерман — прычым сястра Гені выйшла замуж за паэта Васіля Вітку. Геню з двухгадовай дачушкай таксама забілі фашысты ў Старых Дарогах, цалкам магчыма, разам з Ханай і Марыкам.

Сям'я Лыньковых была вельмі дружная. Міхась, старэйшы сын, пасля смерці бацькоў узваліў на сябе клопат пра малодшых, так што быў ім, відаць, і за бацьку. Сястра Ганна з мужам апынуліся ў партызанскім атрадзе, у брыгадзе Васіля Казлова. Другі брат Лынькова Мікалай нейкі час быў у эвакуацыі, ён сябраваў з Кандратам Крапівой, у Ташкенце часта наведваў Якуба Коласа... Потым трапіў усё-ткі на фронт. Даведаўшыся страшную вестку пра лёс сям'і брата, піша:

«Здравствуй, дорогой Миша! Получил я твое письмо и несколько дней никак не решался что-либо тебе написать. Что мне тебе написать — старшему брату — отцу. Утешить тебя мне не под силу. Слишком тяжелое горе выпало на твою долю».

Лынькоў проста не мог размаўляць пра сваіх дарагіх, назаўсёды страчаных... І з ім пазбягалі гаварыць на гэтую тэму. Зразумела, якая нянавісць была ў яго да фашыстаў. Пісьменнік быў рэдактарам франтавой газеты «За Савецкую Беларусь», асвятляў падзеі на фронце з месцаў, сачыў за вызваленнем Радзімы, рабіў гутаркі з героямі... У архіве захоўваецца яго нататнік «Фронтовые записи» за 1944 год. У нататніку шмат цікавых дэталяў. Напрыклад, для адной гутаркі занатоўвае расповеды пра франтавую самадзейнасць, тэксты прыпевак:

«Парикмахер юный Колька

Мастерство нам показал:

Двадцать фрицев не под польку,

А под пульку причесал».

«Автоматчик молодой

Пишет девушке одной:

Дескать, ты, моя душа,

Хороша, как Пэ-пэ-ша».

«Наши пушки разогрели.

Немцев на морозе;

Руки в ельник полетели,

Ноги на березе».

«Эх ты, моя Настя,

Дай бог тебе счастья.

Из берданки обера

Вечером угробила».

Трэба было працягваць жыць... Пасля вайны Лынькоў ажаніўся зноў. Маладзенькую Соф'ю Захараўну ўбачыў падчас аднаго літаратурнага мерапрыемства... Праз тры дні запрасіў замуж. Соф'я таксама мужа шанавала, была вернай сяброўкай… А ў верасні 1948-га трапіла ў аўтамабільную аварыю, сур'ёзна пакалечылася. Міхась Лынькоў пяць месяцаў выхаджваў яе, закінуўшы работу над эпапеяй «Векапомныя дні». Выхадзіў. Але ўласных дзяцей у іх так і не з'явілася. Выхавалі дваіх прыёмных. Усе свае грошы Міхась Лынькоў пакінуў дзіцячаму дому.

Каб зразумець нечалавечую сутнасць вайны, яе жах — проста ўгледзьцеся ў фота маленькага Марыка Лынькова... У ягоныя ясныя, сумленныя, даверлівыя вочы... І мімаволі ўзнікне тое ж пытанне, якое Янка Маўр вынес у загаловак: «Завошта?»

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ


Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.