Вы тут

На «Беларусьфільме» зноў віруе жыццё


На «Беларусьфільме» зноў віруе жыццё. Тут здымаюць новыя фільмы, рыхтуюцца да шэрага прэм’ер і паказу найлепшых кінастужак з фонду айчыннага кіно. Таксама сёлета кінастудыі даручана арганізацыя кінафестывалю «Лістапад». А з 10 жніўня ў Музеі гісторыі беларускага кіно распачне работу персанальная выстаўка мастака-пастаноўшчыка і мастака-дэкаратара кінастудыі Івана Рагацені, прымеркаваная да яго 75-годдзя і 50-годдзя творчасці.

Сёлета айчынны кінематограф адзначае некалькі юбілейных дат. Спаўняецца 50 гадоў беларускай анімацыі, святкуецца 85-годдзе з дня нараджэння рэжысёра Віктара Турава, а таксама 100-гадовыя юбілеі пісьменнікаў Івана Мележа і Івана Шамякіна, чые творы сталі асновай многіх адметных карцін. Так, у верасні-лістападзе варта чакаць рэтраспектыўны паказ фільмаў па творах класікаў. Убачым зноў «Людзей на балоце» Віктара Турава, «Вазьму твой боль» Міхаіла Пташука, «Хлеб пахне порахам» Вячаслава Нікіфарава, «Крыніцы» Іосіфа Шульмана. А вось да юбілею Віктара Турава ў лістападзе пакажуць яго фільмы «Вайна пад стрэхамі» (1967), «Я родам з дзяцінства» (1966), «Чорны бусел» (1993), «Шляхціч Завальня» (1994)... Не абмінуць увагай і святочную дату беларускай анімацыі: да Дня беларускага кіно адбудзецца тэматычны паказ з дэманстрацыяй залатой калекцыі згаданага жанру.

Што ж да прэм’ер, то і тут ёсць добрыя навіны. Так, ужо выйшаў ваенны фільм «Лёс дыверсанта», адбыўся паказ анімацыйнага фільма «263 ночы». Восенню плануецца прэм’ера гісторыка-прыгодніцкага фільма на рускай і беларускай мовах «Аванцюры Пранціша Вырвіча», прэм’ера «Сляды Апосталаў-2», заканчваецца работа над дэтэктывам «У пошуках анёла».

— Сёння мы пасля працяглага перапынку гаворым пра дзейнасць кінастудыі «Беларусьфільм». Завяршаем шэраг новых праектаў кінастудыі. Ужо была прэм’ера «Зоркі 7 неба» рэжысёра Алены Туравай. Гэты поўнаметражны анімацыйны мюзікл здымалі чатыры гады. І фільм прайшоў ужо ў пракаце па Беларусі, а цяпер вядуцца перагаворы аб яго паказе ў іншых краінах. Кінастужка дубліруецца на іншыя мовы, — дзеліцца вядучы спецыяліст прадзюсарскага цэнтра Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» Юрый ІГРУША. — Фільм «263 ночы» — цікавы праект, у вытворчасці якога ўдзельнічалі тры краіны: Беларусь, Ізраіль і Расія. Фільм ужо дэманстраваўся ў музеі Халакосту ў Іерусаліме. І ўзяты на вечнае захоўванне ў калекцыю, дзе знаходзяцца фільмы Спілберга і іншых па тэме Халакосту, што, вядома, вельмі пачэсна для нас. Ідуць здымкі серыяла «Полымя пад попелам», які распавядае пра беларускіх сапёраў... Што датычыцца залатога фонду кінастудыі, то сёння вельмі сур’ёзна вядзецца работа па алічбоўцы з кінаплёнкі фільмаў, якія захоўваліся ў нас, але раней мы не маглі тэхнічна перавесці іх у «лічбу». Цяпер гэтыя магчымасці ёсць, і вядзецца рэстаўрацыя шэрага кінастужак. Так, убачым сёлета фільм «Горад майстроў», нядаўна прайшоў паказ адрэстаўрыраванага фільма «Кастанцін Заслонаў». І ўвогуле гэты напрамак вельмі сур’ёзны, і ён узбагачае фонд беларускага кіно, дазваляе яго зберагчы і «ў якасці» данесці да гледача. А значыць, у пэўным сэнсе даць фільмам другое жыццё.

Тых жа гледачоў, якія цікавяцца закуліссем, чакае выдатная нагода прасякнуцца непаўторнай атмасферай кіно і даведацца яго таямніцы. З 10 жніўня ў Музеі гісторыі беларускага кіно пачне працаваць выстаўка, прысвечаная творчасці мастака-пастаноўшчыка і мастака-дэкаратара «Беларусьфільма» Івана Рагацені, які належыць да тых прафесіяналаў, што заўсёды знаходзяцца за кадрам. За гады работы мастак «паказаў» сябе ў больш чым 35 фільмах і серыялах, розных па жанры і тэматыцы. Варта згадаць, напрыклад, карціны «Вянок санетаў» (1976), «Шляхціч Завальня» (1994), «У жніўні 44-га» (2001), «Вольф Месінг: Які бачыў скрозь час» (2009) і шмат іншых.

— Да гэтай выстаўкі я рыхтаваўся і радаваўся, бо перабраў увесь свой архіў, 50 гадоў свайго жыцця. Успамінаў фільмы, шукаў інфармацыю, і ўся работа прайшла перад вачыма. Я па спецыяльнасці архітэктар, і таму для мяне было не ў навіну рабіць дэкарацыі. А потым здарылася работа ў наступным фільме, «Я, Францыск Скарына», там рэжысёрам быў Барыс Сцяпанаў, і я падключыўся да працэсу. Мы будавалі ў двары кінастудыі двор Ягелонскага ўніверсітэта. То-бок капіравалі практычна. Дэкарацыя была складаная тэхнічна па тым часе, — дзеліцца ўспамінамі пра любімы занятак Іван Аляксандравіч. — У рабоце я да сёння раблю ўсё рукамі, а не на камп’ютары малюю эскізы. Цяпер вельмі складана і з натурай, бо мы пераходзім у пластыкавы век і хутка забудзем, што такое драўляныя вокны. Сёння знайсці аўтэнтычную вёску, каб зняць нешта, практычна немагчыма, бо ўсюды бетонныя агароджы...

Пра сваю справу Іван Аляксандравіч распавядае дэтальна і з любоўю і можа бясконца згадваць падзеі і здарэнні са здымак, дзе бываюць самыя непрадказальныя сітуацыі. На выстаўцы ў гледачоў з’явіцца ўнікальная магчымасць зазірнуць у творчую лабараторыю мастака кіно і на канкрэтных прыкладах прасачыць шлях нараджэння таго ці іншага аб’екта на здымачнай пляцоўцы, ад задумы да стадыі рэальнага ўвасаблення. У экспазіцыі прадстаўлены эскізы і рабочыя чарцяжы, кадры і фрагменты фільмаў з ужо гатовымі дэкарацыямі, а таксама аўтарскія малюнкі і графіка. Экспазіцыя ўнікальная, і пасля дэманстрацыі яна будзе захоўвацца ў Музеі кіно.

Калі ж вярнуцца да дня цяперашняга, то пакуль па-ранейшаму яшчэ вырашаецца далейшы лёс фільма «Купала». А вось што датычыц-
ца фестывалю «Лістапад», яго сёлетнія арганізатары адзначаюць важнасць не страціць дасягнутага, аднак з’явяцца і новыя крэатыўныя рашэнні, новыя імёны і фільмы. На кінастудыі ацэньваюць сітуацыю з кінафорумам аптымістычна — маўляў, фестываль нікуды не знікае, а цяпер знаходзіцца на новай хвалі свайго развіцця.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Беларускае кіно ад учора і да сёння

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.