Вы тут

Аперацыя «Пошук» на Дзікім балоце. Як нядаўна шукалі траіх падлеткаў на небяспечнай дрыгве ў пушчы


Здарэнне адбылося на мінулым тыдні. Якраз на другі дзень пасля падзеі мне давялося пабываць у камандзіроўцы ў Свіслацкім раёне. Як аказалася, падлеткі заблукалі ў тым самым лесе, дзе некалькі гадоў таму знік Максім Мархалюк. Яны, як і хлопчык, пайшлі ў лес у грыбы. На шчасце, падлеткаў удалося знайсці.


Аб чарговым выпадку блукання мы гутарым з першым намеснікам начальніка Свіслацкага райаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзянісам Легенчуком. У першую чаргу ён заўважае, што заблукаць у тутэйшых мясцінах нескладана: блукаюць і мясцовыя жыхары, асабліва калі трапляюць на балота Дзікае. Яно знаходзіцца ў Белавежскай пушчы і з'яўляецца адным з самых старажытных балот Еўропы. Кажуць, што яму больш за шэсць тысяч гадоў, а глыбіня торфу — да трох метраў. Гэта вельмі небяспечныя мясціны — адным словам, дрыгва.

Плошча балота даволі вялікая — большая за 20 тысяч гектараў. На Свіслацкі раён прыпадае даволі значная частка тэрыторыі Белавежскай пушчы. Менавіта тут вяліся пошукі 11-гадовага Максіма Мархалюка, лёс якога да гэтага часу невядомы. Па словах Дзяніса Легенчука, тады нават ратавальнікі правальваліся па пояс і па грудзі.

— Трапіць у такую рытвіну вельмі небяспечна, нават мясцовыя жыхары абыходзяць балота. Калі абысці яго, можна выйсці на пружанскую дарогу. Гэта суседні раён. Рэзкай мяжы ў балота няма, — адзначыў прадстаўнік раённага аддзела МНС.

Менавіта ў такую балоцістую мясцовасць і трапілі трое падлеткаў, якія прыехалі да бабулі ў вёску Новы Двор. (Дарэчы, з гэтай вескі родам і зніклы Максім Мархалюк.) Брат с сястрой — з Бераставіцы, а іх знаёмы — з Мінска. Усім па 15-16 гадоў. Вырашылі пайсці ў лісічкі, зарабіць крыху грошай. Даехалі да месца на аўтамабілі і пайшлі ў лес. Вельмі добра тое, кажа мой суразмоўнік, што яны трымаліся адно аднаго, інакш прыйшлося б шукаць кожнага паасобку, што значна ўскладняе працэс.

Увогуле, інфармацыя пра зніклых паступіла каля 22 гадзін 2 жніўня. Дыспетчар падняў трубку і атрымаў паведамлене аб тым, што трое дзяцей з аграгарадка Новы Двор заблукалі ў лясным масіве. Пайшлі ў грыбы і не вярнуліся ў вызначаны час. Іх даставіў туды знаёмы на аўтамабілі, і калі прыехаў забіраць, тых на месцы не было.

У падлеткаў таксама быў адзін тэлефон на траіх, але ён разрадзіўся, астатнія тэлефоны і цёплыя рэчы засталіся ў машыне.

Па словах Дзяніса Легенчука, дзесьці каля шасці гадзін вечара падлеткі зразумелі, што заблукалі. Яны спачатку самі спрабавалі шукаць патрэбны напрамак у бок Новага Двара. Але на самай справе атрымалася, што пайшлі ў супрацьлеглы бок, а гэта значыць, у бок таго самага балота Дзікае.

Між іншым, грыбнікі не разгубіліся. Як толькі заўважылі, што праз абутак прасочваецца вада, знайшлі больш сухое месца з паваленым дрэвам і так пераседзелі ноч.

Як потым расказалі ратавальнікам самі падлеткі, менавіта дзяўчына выказала прапанову застацца на месцы і нікуды не хадзіць. Яна аказалася найбольш падрыхтаваная, бо ў 8-м класе праходзіла курсы МНС. А там адпрацоўваліся і падобныя сітуацыі. Галоўнае, падкрэсліў мой суразмоўнік, ні ў якім разе не панікаваць. Гэта тое, што засвоіла дзяўчына. Таму і прапанавала заставацца на адным месцы, перачакаць цемру, а калі пачне світаць, ісці па сцежках. Яны, па сутнасці, потым і выйшлі на тую сцежку, па якой ішлі да балота.

Вядома, у раёне не чакалі, пакуль развіднее, а тут жа пачалі актыўныя пошукі. Махавік дапамогі раскруціўся, што называецца, на поўную.

— Самае асноўнае, — падкрэсліў супрацоўнік МНС, — хутка апавясціць усіх зацікаўленых. А гэта райаддзел міліцыі, райвыканкам. У нас узаемасувязь са спецслужбамі горада, усе адразу апавяшчаюцца, аб'яўляецца сігнал «Збор», увесь асабовы склад збіраецца — і МНС, і РАУС, выязджаем на месца. У дадзеным выпадку мы паехалі на тое месца, дзе іх высадзіў знаёмы на машыне. Ён там знаходзіўся, даваў тлумачэнні. Усяго ў пошукавай аперацыі было задзейнічана больш за 20 адзінак тэхнікі і больш за 100 чалавек. Людзі самі прыбывалі, мясцовыя жыхары, добраахвотнікі. Увесь час пад'язджала і тэхніка — з Мінска, Брэста, Пінска, Гродна, пошукавыя атрады. У іх тэхніка — квадрацыклы, квадракоптары. Быў пагранічны атрад, леснікі, кінолагі з пошукавымі сабакамі. Ноччу арганізавалі аб'езд на квадрацыклах, на транспартных сродках з сірэнамі, з мігалкамі — там, дзе можна было праехаць. У некалькіх квадратах былі выстаўленыя пажарныя цыстэрны, якія падавалі сігналы.

Потым падлеткі расказалі, што чулі гэтыя гукі, але ноччу не рашыліся ісці, бо маглі збіцца з-за рэха. А вось раніцай, як толькі развіднела, пайшлі па сцежках на гукі сірэны. Заблукалых знайшлі ўдзельнікі пошукавага атрада «Зубр». Іх прывезлі на квадрацыкле.

Аказалася, што яны знаходзіліся на даволі значнай адлегласці ад вёскі — кіламетраў дзесяць. А вось ад месца пошукаў недалёка — усяго 2,5 кіламетра. Але з-за таго, што трапілі на балота, рухацца было небяспечна.

— У гэтых лясах і дарослыя могуць згубіцца, праўда, выходзяць потым самі. Летась таксама быў выпадак — шукалі бабулю трое сутак, а яна самастойна выйшла зусім у іншую вёску, — расказаў супрацоўнік МНС.

Як аказалася, падлеткі заблукалі ў тым самым лесе, дзе знік Максім Мархалюк. Яны былі яшчэ далей ад месца шалаша хлопчыка. Але іх было трое. Супрацоўнікі МНС не сумняваліся, што тых знойдуць. Праўда, стрэсавую сітуацыю прадбачылі, таму дзяцей чакалі псіхолагі, прычым, адразу некалькі. Вядома, кожны з іх па-свойму перажываў здарэнне, але ўсе трое сцвярджалі, што добра ведалі лес і былі ўпэўненыя, што ідуць правільна. І вельмі здзівіліся, калі раптам апынуліся каля балота.

У такіх сітуацыях вельмі важна не разгубіцца, кажа супрацоўнік МНС. Ісці трэба па знаёмых мясцінах і абавязкова мець з сабой заплечнік з вадой, вяроўкай і запалкамі. І, вядома, тэлефон і запас ежы.

Дарэчы, падлеткі ўсё ж набралі лісічак. Ажно шэсць кілаграмаў. Як яны тады прызналіся, здадуць іх, каб купіць розных прысмакаў і заесці стрэс...

Маргарыта УШКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».