Вы тут

Партрэт маладога актывіста «малявалі» на Гомельшчыне


Якасна новы ўзровень падрыхтоўкі ўдзельнікаў маладзёжнага саюза, стварэнне электроннай базы валанцёраў і медыя-хаба... На парозе якіх перамен і ноу-хау ў рабоце цяпер знаходзіцца Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі? Перспектыўныя планы і актуальныя задачы абмеркавалі ў Гомелі падчас XXXІІІ справаздачна-выбарчай канферэнцыі абласнога камітэта ГА «БРСМ».


Дарэчы, мерапрыемства, якое сабрала ў абласным цэнтры больш за 200 актывістаў саюза моладзі і арганізацый-партнёраў, дазволіла ў чарговы раз, як той казаў, зверыць гадзіннікі прадстаўнікам беларускага маладзёжнага руху. Перад пачаткам пазачарговага агульнарэспубліканскага з’езда БРСМ, моладзь Гомельшчыны атрымала магчымасць скансалідаваць ідэі і прапановы ў праект стратэгіі развіцця маладзёжнай арганізацыі на 2021–2025 гады.

Так, удзельнікі канферэнцыі ацанілі поспехі маладзёжнай палітыкі ў рэгіёне, звярнулі ўвагу на праблемныя пытанні. На абмеркаванне быў вынесены шэраг прапаноў і ініцыятыў, якія мяркуецца рэалізаваць на працягу бягучай пяцігодкі.

— Мы імкнёмся будаваць сваю работу такім чынам, каб зацікавіць маладых людзей, прыцягнуць іх да дзейнасці саюза не проста як пасіўных назіральнікаў, а як думаючых, крэатыўных і актыўных удзельнікаў і ініцыятараў мерапрыемстваў, праектаў, — адзначыла першы сакратар Гомельскага абласнога камітэта БРСМ Вераніка Гудкова.

Як вядома, арганізацыя БРСМ на Гомельшчыне па колькасці саступае толькі сталічнай. Многія маладзёжныя праекты, пра якія пачула ўся краіна, зарадзіліся таксама менавіта тут. Гэта і папулярныя цяпер «Тата-залы», і дзелавая гульня «Азбука грамадзяніна». Між тым, патэнцыял моладзі рэгіёна, упэўненая маладзёжны лідар вобласці, далёка не цалкам раскрыты. Як было адзначана, на будучую пяцігодку Гомельская абласная арганізацыя БРСМ плануе працягваць удасканальваць кадравую палітыку, укараняць новыя формы работы з маладымі людзьмі, уключанымі ў рэзерв кадраў.

Адзін з праектаў, якія мяркуюць укараняць, — «Школа маладога лідара». Дадзены вопыт забяспечыць больш паспяховую адаптацыю маладых спецыялістаў. У ліку важных прапаноў, агучаных гомельскім актывам, — правядзенне метадычных заняткаў для ўсіх суарганізатараў студатрадаўскага руху. Ёсць намер распрацаваць пакрокавую інструкцыю для прадпрыемстваў і арганізацый, якія даюць рабочыя месцы студэнтам. Сярод прапаноў — стварэнне электроннай базы валанцёраў. Яна будзе фіксаваць іх работу і дасягненні ў цэлым. Таксама плануецца развіваць такі праект як стварэнне медыя-хаба — маштабнай віртуальнай прасторы для ўзаемадзеяння моладзі, абмену вопытам і ахопу новай маладзёжнай аўдыторыі.

— Мы, БРСМ, — прэзідэнцкая арганізацыя. Такую ўнікальную падтрымку, якая ёсць у нашай арганізацыі і ў цэлым у беларускай моладзі, у свеце яшчэ пашукаць трэба. І гэта не проста падтрымка, але і вялікая адказнасць, — звярнуўся да моладзі рэгіёна першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ, член Савета Рэспублікі Дзмітрый Варанюк. — Сёння наша мэта — выбудаваць стратэгію развіцця на найбліжэйшыя пяць гадоў. Гэта, безумоўна, і рэфармацыя нашага руху, і, магчыма, змяненне назвы арганізацыі, атрыбутыкі, брэнда, гэта і новыя падыходы да ўнутранага саставу арганізацыі, пераразмеркаванне самых розных юрыдычных паўнамоцтваў і многае іншае, — падкрэсліў Дзмітрый Варанюк.

Свае пажаданні па далейшай рабоце маладзёжных лідараў рэгіёна выказаў старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей. У сваім звароце да ўдзельнікаў справаздачна-выбарчай канферэнцыі кіраўнік рэгіёна падкрэсліў, што значныя намаганні павінны быць накіраваны на павышэнне сацыяльнай актыўнасці членаў арганізацыі, жывыя зносіны і развіццё новых ідэй. Адным з найбольш важных кірункаў у рабоце маладзёжнага саюза павінна заставацца грамадзянска-патрыятычнае выхаванне.

— У вас у статуце напісана: саюз моладзі створаны для канкрэтных спраў і карысных пачынанняў, — адзначыў губернатар. — Прынцып «роўны роўнаму» павінен рэалізоўвацца не толькі на мерапрыемствах, але нават больш у нефармальнай абстаноўцы. Важна весці ненадакучлівую, але паслядоўную работу па выхаванні павагі да дзяржаўных сімвалаў, нацыянальных традыцый. Вывучэнне гісторыі, яе сапраўдных герояў павінна цалкам спыніць на падсвядомым узроўні любыя спробы яе перапісаць, — упэўнены Генадзь Салавей.

Дарэчы, кіраўнік рэгіёна адзначыў важнасць укаранення новых формаў работы, што цікавыя моладзі і карысныя для грамадства. Сярод яскравых пракладаў такога падыходу — ініцыятыва гамяльчанкі Дзіяны Шмайловай, якая ў няпросты для краіны перыяд пасля 9 жніўня мінулага года занялася стварэннем упрыгажэнняў у колерах дзяржаўнага сцяга. Сёння яе патрыятычнае хобі перарасло ў справу жыцця, у хэнд-мэйд рамесніка.

Як прыклад патрыятычнага і працоўнага выхавання быў адзначаны водгук моладзі рэгіёна на народны праект захавання ваеннай памяці — добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол мемарыяла «Партызанская крынічка». Там практычна штодзень працуе некалькі дзясяткаў валанцёраў з ліку навучэнцаў і студэнтаў. Іх рабочыя змены пачынаюцца з пазнавальных лекцый аб ваеннай гісторыі і ўкладзе ў перамогу партызанскага атрада «Бальшавік». У абнаўленне помніка ў гонар герояў Вялікай Айчыннай вайны ўжо зрабіла свой унёсак больш за тысячу юнакоў і дзяўчат з Гомеля, Добрушскага, Веткаўскага і Гомельскага раёнаў.

Між тым, як было адзначана, уражвае і развіццё студатрадаўскага руху ў рэгіёне. У гэтым працоўным семестры адпрацавала ўжо каля дзвюх тысяч байцоў атрадаў, з іх значная колькасць — непаўналетнія. Статус абласной маладзёжнай будоўлі мае сацыяльна значны аб’ект — узвядзенне школы ў мікрараёне «Хутар» у Гомелі. На палях рэгіёна працуюць 94 маладзёжныя экіпажы камбайнераў і 82 маладыя кіроўцы. Пяць маладзёжных экіпажаў намалацілі больш за тысячу тон збожжа, у рэгіёне таксама — дзевяць маладых вадзіцеляў-тысячнікаў.

Старшыня аблвыканкама, карыстаючыся магчымасцю, звярнуўся да моладзі з пасылам — пазбаўляцца ад скептыцызму у дачыненні да працаўладкавання ў сферы АПК, бо дадзеная галіна мае сур’ёзныя перспектывы. Увогуле, упэўнены кіраўнік рэгіёна, моладзі вельмі важна быць у курсе таго, як развіваецца прамысловы патэнцыял вобласці, рэалізоўваюцца найбуйнейшыя інвестпраекты. Актуальна таксама ўкараняць праекты па прамысловым турызме, развіваць цікавыя маладзёжныя ініцыятывы па прапагандзе здаровага спосабу жыцця, спорту і турызму.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?