Вы тут

«Да ніводзін так цвет не харош, да як той васілёчак…», або Топ-7 раслін у беларускіх лірычных песнях


Расліны, як і жывёлы, займалі і працягваюць займаць важнае месца ў традыцыйнай культуры і фальклоры беларусаў. У многіх вядомых нам народных творах выкарыстоўваюцца раслінныя вобразы і сімвалы: пра іх загадваюць загадкі, расказваюць казкі, узгадваюць у прыказках і прымаўках. Не з'яўляюцца выключэннем і лірычныя песні.


Каліна-дзяўчына

Раслінны свет прадстаўлены ў лірычных песнях вобразамі дрэў (каліна, дуб, бяроза, вярба, вішня, елка, рабіна, явар, сасна, яблыня і інш.), траў (жыта, зелле, пшаніца, палын, хмель, ячмень, рута, лён, лебяда і інш.) і кветак (ружа, васілёк і інш.).

Адзін з самых папулярных вобразаў — гэта каліна, якая ўвасабляе жаночыя персанажы: дзяўчыну, маладзіцу, маці. Яна — сімвал прыгажосці, прывабнасці і маладосці: «Каліна-маліна, не стой над вадою да не раўнуйся са мною. Было табе тады раўнавацца, як я ў мамкі жыла: бялей твайго цвету цвіла, чырваней ягодак была» («Лірычныя песні», 1976, с. 209). Увогуле жыццё ў бацькоўскім доме часта апісваецца з дапамогай раслінных вобразаў, якія знаходзяцца ў перыядзе росквіту. Аднак ранняе, несвоечасовае цвіценне суадносіцца таксама з няўдалым шлюбам, нядоляй: «Каліна, калінушка, каліна мая, чаму ж ты, калінушка, рана расцвіла? Чаму ж ты, калінушка, рана расцвіла, мамка, не падумаўшы, замуж аддала? Мамка, не падумаўшы, замуж аддала ў чужую старонушку, незнакомую, вялікую сямеечку невясёлую» (Архіў інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору). Вобраз каліны мае сувязь і з іншасветам (у песнях пад ёй знахо­дзяцца забіты казак, салдат і нават персаніфікаваная смерць).

Малойчык-дубочак

Мужчынскім персанажам — бел-малойчыку, казаку, брату, удовінаму сыну — у лірычных песнях адпавядае дуб. Ён увасабляе такія характарыстыкі, як маладосць, моц, адвага, вынослівасць: «Ой, дубе мой, дубе, дубочак мой зялёненькі, лістом прыукрашан. Панічочак малодзенькі словамі прыяцен, словамі прыяцен» («Лірычныя песні», 1976, с. 37). У песнях дуб, як і іншыя дрэвы, выступае месцам дзеяння: тут адбываюцца сустрэчы, спатканні закаханых: «За табою, сіні туманочку, нічога не відно. Толькі відно зялёнага дуба, дуба верхавіна. Пад тым дубам да красная дзеўка з малойцам стаяла» («Лірычныя песні», 1976, с. 214).

Разам з тым зараснікі дрэў у народных песнях увасабляюць перашкоды. Часта маладзіца, што пераехала ў сям'ю мужа, хоча вярнуцца дадому, аднак «дарога пазавісала калінкай, дуб'ём-бярэзнічкам».

Парныя вобразы дрэў выступаюць прыкладам ідэальных узаемаадносінаў, сімвалізуюць непарушнае каханне нават пасля смерці: «Па сыну садзіла дый зялёны дуб, па нявестачцы — белу бярозу. Ой, раслі ж яны дый схіліліся, цераз цэркаўку сашчапіліся. А з таго ж людзі да дзівіліся, што на тым свеце да злюбіліся» («Лірычныя песні», 1976, с. 299).

«Жыць як у ружовым цвеце»

Ружа — сімвал маладой дзяўчыны і замужніцы, а таксама прыгажосці, дзявоцкасці, росквіту, маладосці: «Ой, калісь я была красна і прыгожа, як на весні чырвоная рожа» («Сямейна-бытавыя песні», 1984, № 8). І эпітэт «чырвоная» толькі ўзмацняе гэта значэнне. Выраз «жыць як у ружовым цвеце» абазначае бесклапотнае жыццё: «А мы як жылі — так жыці будзем, як у ружовым цвеце» («Сямейна-бытавыя песні», 1984, № 57). Акрамя таго да расцвілай ружы прыпадабняюцца добрая доля і жыццё ў дастатку. Калі ж гаворка ў песні ідзе пра тое, што ружа сохне альбо вяне, то гэта сведчыць пра тугу па мілым, страту жыццёвых сіл і нават хваробу.

Васілёк і рута-мята

Далей паводле частаты ўжывання сярод кветак ідзе васілёк. Ён выступае мужчынскім сімвалам і ўвасабляе хлопца-малайца, мілага: «Да ніводзін так цвет не харош, да як той васілёчак, ніхто не міл, ніхто не люб, да як верны дружочак» («Песні пра каханне», 1978, № 114). Гэты вобраз падаецца як узор нечага дасканалага, добрага, на­дзейнага і, у адрозненне ад многіх іншых, не мае негатыўных характарыстык.

Рута, рута-мята паводле песень — культурная расліна, што расце каля хаты, у садзе, гародзе. Яна сімвалізуе жаночы пачатак і абазначае дзяўчыну перадшлюбнага ўзросту: «Па саду хаджу і руту саджу, ой, рута мая засушоная. Ой, рута мая засушоная, дзяўчына мая засмучоная» («Песні пра каханне», 1978, № 57). Семантыка вобразу руцвянага вянка напрамую звязана з чысцінёй, дзявоцкасцю: «Не хадзіце, мае хлопчыкі, каля маёй хаты. Не тапчыце, вы, малойчыкі, мае руты-мяты. Не для вас яе пасеяла, штодзень палівала. Для таго яе пасеяла, каго я кахала» («Беларускія песні», 1960, № 176).

Горкая трава

Даволі часта ў песнях згадваецца трава, якая трывала суаднесена з іншасветам. Зарослыя ёй сцежкі сімвалізу­юць перашкоды, немагчымасць вяртання ў бацькоўскі дом. Акрамя таго, вобраз травы выступае паралеллю да жыцця чалавека: «Маё жыццейко — што ў полі трава, што ў полі трава, на траве раса: сонейко ўзыдзе — раса ападзе, маё жыццейко марна прападзе» («Лірычныя песні», 1976, с. 238). У вобразе травы ўвасабляюцца і персанажы лірычных песень — дзяўчына, маладая жонка, брат з сястрой: «Усе людзі жывуць — як сады цвітуць. А я, малада, звяла, як трава» («Лірычныя песні», 1976, с. 34).

У пазаабрадавай лірыцы палын — расліна, якая атрымала негатыўныя характарыстыкі, што абумоўлена яе прыроднай уласцівасцю — гаркатой. Нездарма сінонім да яе — «горкая трава». Палын увасабляе мужчынскі пачатак і абазначае старога, нялюбага мужа. Вобраз яго суадносіцца з паняццем няшчасця, горкай долі: «Ой, палын мой, палыночак, палын — горкая трава, гарчэй цябе, палыночак, ва ўсім полі ды няма. Ой ты, доля мая, доля, доля горкая мая, гарчэй цябе, мая доля, ва ўсім свеце ды няма» («Сацыяльна-бытавыя песні», 1987, № 371).

Такім чынам, вобразы раслін у беларускіх лірычных песнях шматзначныя. Веданне іх сімвалічных значэнняў дапамагае нам лепш разумець змест народных песень.

Яніна ГРЫНЕВІЧ, кандыдат філалагічных навук, загадчык сектара фальклорнай спадчыны Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.