Вы тут

20–22 жніўня ў Зэльве адбудзецца чарговы фестываль «Ганненскі кірмаш»


20–22 жніўня ў Зэльве адбудзецца чарговы фестываль «Ганненскі кірмаш», які збірае гасцей на працягу 300 гадоў. Па сучаснай традыцыі яго наведвае шмат беларускіх і замежных турыстаў.


Pixabay.com

А пачалася гісторыя кірмашу ў XVІІІ стагоддзі. Калісьці ён лічыўся адным з найбуйнейшых у Еўропе па тавараабароце і колькасці гандляроў, — і саступаў толькі Лейпцыгскаму. Традыцыйным сімвалам кірмашу з’яўляецца конь, бо коні заўсёды былі там галоўным таварам.

Сёлета ў кірмашы возьме актыўны ўдзел грамадскасць пяці раёнаў Гродзенскай вобласці: Слонімскага, Ваўкавыскага, Свіслацкага і Зэльвенскага, а таксама госці з усёй Гродзенскай вобласці і іншых рэгіёнаў краіны. Як абяцаюць арганізатары, мерапрыемства стане грандыёзным і запомніцца яго гасцям і ўдзельнікам на многія гады.

21 жніўня на цэнтральнай плошчы гарадскога пасёлка адбудзецца тэатралізаванае дзейства, кульмінацыя якога — прыбыццё на кірмаш князя Антонія Казіміра Сапегі і яго світы. Але ў цэнтры ўвагі на кірмашы, безумоўна, будуць коні. Усе, хто пажадае, атрымаюць магчымасць пакатацца на возе ці на брычцы, а таксама вывучыць асновы верхавой язды.

У час кірмашу пройдуць конкурсы сельскагаспадарчых падворкаў, гандлёвых месцаў, творчых калектываў. Госці і жыхары Зэльвы паўдзельнічаюць у конкурсе на самага актыўнага пакупніка і, калі пашанцуе, атрымаюць галоўны прыз латарэі — каня. На кірмашы можна будзе набыць рамесныя вырабы, адбудзецца конкурс-пленэр майстроў па вырабе фігурак коней і падкоў з саломы. Будуць працаваць атракцыёны для дзяцей, разнастайныя выстаўкі. Святочную атмасферу створаць музыкі, танцоры, мастакі, аніматары. Для аматараў прыгожай музыкі створана праграма з удзелам творчых калектываў Рэспублікі Беларусь. Мясцовыя жыхары і госці свята атрымаюць магчымасць набыць разнастайныя тавары ў гандлёвых радах, падсілкавацца на пляцоўках фуд-корта.

Сяргей РУЧАНАЎ

Загаловак у газеце: Кірмаш, якому тры стагоддзі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.