Вы тут

«Калі ноч раззорыцца…»


Ліпеньскае «Полымя» адкрываецца лірыкай Міколы Мятліцкага. Матывы яго падборкі пад назвай «Галаснікі» — асэнсаванне гарадскога феномена ў айкумене быцця, супярэчнасці гісторыі існавання цывілізацыі, радасці і пакуты простага чалавечага жыцця. Адзін з самых яркіх вобразаў — вобраз мегаполіса, што…


І толькі калі ноч раззорыцца

І сціхне парыўна-спакусны вецер,

Падасца на міг нейкі шчасны гораду,

Што кружыцца ён між зор у сусвеце.

<…> А раніцай, змораны, апускаецца

З неба на хмарачосы-ногі

І доўга, трапятун стары, каецца,

Заціснуты поясам кальцавое дарогі.

Адметны і твор, які даў назву нізцы вершаў. Галаснікамі называлі керамічныя пасудзіны, якія выкарыстоўваліся пры будаўніцтве храмаў у кладцы сцен альбо скляпенняў, размешчаныя гарлавінамі ў бок унутранай прасторы пабудовы. Мастацкі вобраз, створаны аўтарам, прываблівае прастатой і ў той жа час узвышаным адчуваннем пульсацыі высокай энергетыкі быцця:

У сценах храмаў таямніча

З той пракаветнай даўніны

Свае гліняныя абліччы

Хаваюць ад вачэй яны.

Зачароўвае ігрой (менавіта ігрой — як на музычным інструменце) слоў і сэнсаў падборка Сяргея Панізьніка пад назвай «Бераг продкаў берагу». Паэт адчувае сябе ў роднай плыні, калі гаворыць:

Я — беражысты… Бераг берагу.

І ветразь мой над румамі напяты.

Паслугі ўсе мае не на слыху:

Гатоў ступіць і прывідам на пяты.

Пад радаводны Посах мой узняты

Ахвярна станаўлюся за слугу.

Таму й сустрэчы спадкаемцаў — святы.

Уражвае прачуласцю і выразнай палітрай тонкіх адценняў, а таксама патрыятычным пафасам — але не гучным і дэкларатыўным, а кранальным і шчырым у сваёй непахіснасці — нізка вершаў Настассі Нарэйкі «Захаваю да скону»:

Імем Беларусі,

Імем Бога,

Што вядуць

Ад роспачы да веры,

Зробіш братам

Ворага любога

І любыя разнасцежыш дзверы.

Узорам «жаночай» прозы ў лепшым сэнсе гэтага слова выступае апавяданне Таццяны Дземідовіч «Калі выпадзе снег…». Яно — і пра асноўнае ва ўзаемаадносінах паміж мужчынам і жанчынай, і пра сутнасць чалавека, і пра каханне. Як па-рознаму можа ўплываць гэтае пачуццё: для адных кахаць — значыць дапамагчы іншаму раскрыць сваё ўнутранае «я» такім, якім яго задумаў Бог, а для іншых — перакроіць аб’ект кахання пад сябе і свае ўяўленні аб камфортным жыцці… «Яна валодала ўнікальным дарам — ціха кахаць, не ставячы ніякіх умоў, не патрабуючы больш, чым магла даць сама…» — гэта пра Ніку, галоўную гераіню, якая выступае ідэалам жаноцкасці. Як і ў класічных творах падобнага кшталту, у галоўнай гераіні заўжды ёсць антыпод. Супрацьлегласць Нікі — Вольга, якая «як наглядчык з пугай, трымае ў турме гэтыя ўспаміны, але дарэмна. Кавалак жыцця не выразаць нажніцамі, не выцягнуць, як тонкія правадкі, з галавы Івана…»

З прэтэнзіяй на філасофскасць выступае раман Вітаўта Чаропкі «Паўшыя анёлы», першая кніга якога была надрукавана ў «Полымі» за кастрычнік і лістапад 2019 года. Прыцягваюць увагу гучныя назвы раздзелаў твора: «Як робяцца людзьмі», «Мост часу», «Адчуць вечнасць вечнага» і іншыя. Якія праблемы паўстаюць перад героямі Вітаўта Чаропкі, вырванымі са сваёй звыклай рэальнасці, і ці блізкія яны чытачу, кожны няхай вырашыць сам.

Рубрыка «Галасы свету» знаёміць з баладай пад назвай «Хільдзіна» — гэта першы пераклад з мовы норн на беларускую. «Норн — самая загадкавая з усіх скандынаўскіх моў, пісьмовых помнікаў на якой амаль не захавалася. Яна мела распаўсюджанне на Аркнейскіх і Шэтландскіх выспах і ўжо ў ХVIII стагоддзі праз дамінаванне англійскай пачала імкліва знікаць з актыўнага ўжытку», — распавядае перакладчык Яўген Папакуль. Несумненна, твор пра каханне і помсту нікога не пакіне абыякавым.

Яна БУДОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.