Вы тут

Хто часцей за ўсё звяртаецца да гродзенскіх судовых экспертаў па ДНК-тэсты?


Здараецца так, што ўедлівыя свякрові раптам заўважаюць «чужыя» рысы ў сваіх малых унукаў. Трымаць сябе ў руках, вядома, не кожнаму пад сілу. Сумненні раз-пораз даходзяць да навакольных, у тым ліку да вушэй бацькі. І вось ужо сямейныя спрэчкі перакідваюцца ў новае рэчышча. Мала якая меладрама абыходзіцца без такіх эпізодаў. Дарэчы, як і рэальнае жыццё.


Сітуацыя хоць і непрыемная, але вырашальная. У такіх выпадках расставіць усе кропкі над «і» дапамагае экспертыза ДНК. Як расказаў «Звяздзе» начальнік упраўлення лабараторных даследаванняў рэчавых доказаў біялагічнага характару ўпраўлення ДКСЭ па Гродзенскай вобласці Сяргей Арановіч, на год па тэсты ДНК звяртаецца да 200 жыхароў вобласці.

На дапамогу крыміналістам

Спецыяльная лабараторыя для аналізу ДНК працуе ў Гродне больш за пятнаццаць гадоў. Асноўны напрамак — экспертыза для праваахоўных органаў. Эксперты-крыміналісты ўваходзяць у склад следчых груп і выязджаюць на ўсе выпадкі правапарушэнняў. Яны шукаюць у тым ліку сляды біялагічнага паходжання на розных прадметах. Біяматэрыял можа быць на патэльні, нажы, крэсле, вазе і многім іншым. Калі злачынца пакінуў на месцы біялагічны матэрыял, яго знойдуць і даследуюць.

На кожны від слядоў ёсць свае біялагічныя метады. У гродзенскай лабараторыі даследуюць звыш 20 маркераў ДНК. Верагоднасць выпадковага супадзення біяматэрыялу, як вядома, практычна нулявая. ДНК, ці дэзоксірыбануклеінавая кіслата, — гэта інфармацыя, якую чалавек атрымаў ад бацькоў і якая потым захоўваецца ва ўсіх яго клетках і тканках. На гэтай уласцівасці ДНК і заснаваная работа экспертаў.

Сын ты мне ці не сын?

Цяпер даволі запатрабаваная становіцца экспертыза біялагічнага сваяцтва. Даследаванні можна праводзіць і ананімна. Праўда, такія аналізы для суда не маюць сілы. Узоры павінны браць самі эксперты, афармляецца адпаведны дакумент. Тады экспертыза мае юрыдычную сілу і суд можа прыняць яе да разгляду. Гатовыя тэсты павялічваюць хуткасць судовага працэсу, таму што людзі прыходзяць з афіцыйнымі вынікамі экспертызы. Калі хтосьці не згодны з імі, суд прызначае сваю экспертызу. Часцей за ўсё такія моманты не аспрэчваюцца. Многія звяртаюцца па тэсты, што называецца, «для сябе». Чалавек прыходзіць самастойна, каб устанавіць ці абвергнуць біялагічную роднасць. Некаторыя сітуацыі выклікаюць у экспертаў здзіўленне. Сяргей Арановіч прыгадаў такую гісторыю.

— Быў выпадак, калі да нас звярнуўся мужчына. Дзесьці праз дзесяць гадоў ён успомніў, што сустракаўся з жанчынай, якая раптам пачала яго пазбягаць. Аказалася, што ў яе ёсць дзіця, з'яўленне якога супадае з перыядам сустрэч. Ён падумаў, што гэта можа быць яго дзіця, і вырашыў правесці тэст ДНК. Пры гэтым мужчына быў жанаты і меў дзяцей ад жонкі. Ён не збіраўся ўлазіць у сям'ю той жанчыны, але гатовы быў дапамагаць матэрыяльна роднаму дзіцяці. Правесці тэст ён хацеў так, каб жанчына не ведала аб гэтым.

Сваё жаданне мужчына растлумачыў добрым матэрыяльным становішчам. Праўда, сваяцтва не пацвердзілася.

Часцей за ўсё праводзяцца тэсты з малымі дзецьмі. Значна радзей — з тымі, каму 7-12 гадоў. Праўда, быў выпадак, калі прывялі 40-гадовага сына. У бацькі ўзнікла сумненне пасля таго, як жонка падчас сваркі заявіла, што, маўляў, дзіця не ад яго. Мужчыну гэта зачапіла. Праўда, той дарэмна хваляваўся. ДНК яго і сына супадаюць. Але ці варта даводзіць да такога сваіх мужоў?

Калі маці мужа сумняваецца...

Як аказалася, даволі часта па тэсты ДНК звяртаюцца свякрові, якія любяць правяраць нявестак. Альбо іншыя сваякі мужа, незадаволеныя нявесткамі. Былі выпадкі, калі свякроў спачатку правярала сваяцтва дзяцей аднаго сына, а калі з'явіліся дзеці ў другога, то і яго таксама. Узоры свякроў прыносіла ананімна. Хутчэй за ўсё, нявесткі не ведалі, што ў іх адносінах праводзіліся такія праверкі. Але падазрэнні не пацвердзіліся. Усе сыны былі біялагічнымі бацькамі сваіх дзяцей. Такім чынам, экспертыза супакоіла недаверлівую свякроў.

Аднойчы мужчына прывёў на аналіз дзяўчыну, якой было ўжо больш за 20. Тэст пацвердзіў, што гэта яго дачка. Аказалася, што ён сустрэў сваё былое каханне — жанчына расказала, што ў яе дарослая дачка. Мужчына запытаў, а ці не яго? — А можа, і твая... Праверылі: аказалася, так і ёсць. Па словах Сяргея Арановіча, дарослая дачка ўспрыняла гэты факт спакойна, не выглядала пакрыўджанай.

Некалі жанчына прывяла на экспертызу дваіх мужчын. Яна нарадзіла дзіця і такім чынам вырашыла даведацца, хто бацька. З ім яна меркавала стварыць сям'ю. Самае цікавае, заўважае мой субяседнік, што абодва мужчыны нармальна паміж сабой размаўлялі і былі нават падобныя адзін на аднаго. Абодва — высокія брунеты. Магчыма, і па знешнім выглядзе дзіцяці цяжка было вызначыць, хто ж з іх бацька. Але экспертыза праліла святло на рэчаіснасць. Сапраўды, біялагічным бацькам быў адзін з іх. А ці засталася з ім тая жанчына, невядома.

А вось іншая пікантная гісторыя. Дзяўчына па чарзе прыводзіла траіх патэнцыяльных бацькоў свайго дзіцяці. Але ніводны з трох тэстаў не пацвердзіў сваяцтва. Іншых прэтэндэнтаў на ролю бацькі маладая жанчына так і не прывяла.

Кланавыя «разборкі»

Экспертыза дапамагае «разруліць» самыя важныя пытанні — сямейна-радавыя. Іх вырашэнне здымае шэраг праблем на гады наперад. У іх ліку пытанне аліментаў. Не рэдкі факт, калі выпадковая сувязь прыводзіць да цяжарнасці, а хлопец адмаўляецца ад адказнасці. Экспертыза дапаможа разабрацца, і пытанне аліментаў будзе вырашана. Такіх выпадкаў даволі шмат, адзначае Сяргей Арановіч і прыводзіць наступны прыклад.

Аднойчы хлопец прынёс узоры ДНК дзіцяці. Да яго звярнулася дзяўчына, з якой ён правёў час пасля дыскатэкі. Калі нарадзілася дзіця, яна сказала, што той — бацька. Але ДНК маладога чалавека не супала з тым, якое мае дзіця. Хлопец не хаваў сваёй радасці нават у прысутнасці экспертаў. А бываюць і даволі агрэсіўныя наведвальнікі.

— Справа ледзь не да бойкі даходзіць, — прыгадвае суразмоўнік. — Нейкія людзі прыйшлі на экспертызу з сапраўднымі групамі падтрымкі. Адзін — са сваякамі, другая — таксама са сваёй групай. Пакуль бралі ўзоры для экспертызы, гэтыя групы паміж сабой даволі тэмпераментна высвятлялі адносіны. Камені, палкі ў машыну кідалі, праклёны ў адрас адзін аднаго. Супакоіліся толькі пад пагрозай з'яўлення міліцыі.

Часам прыходзяць па тэст пры нараджэнні дзіцяці. Калі мужчына прызнае бацькоўства, ён рэгіструе дзіця на сябе.

Бывае, што людзі жылі ў шлюбе, разышліся, але шлюб не скасавалі. Калі дзіця нараджаецца да 10 месяцаў пасля рэгістрацыі шлюбу, яно запісваецца на былога мужа, хоць усе ведаюць, што дзіця не ад яго. Такія правілы ўстаноўлены, каб абараніць правы дзяцей. Запіс аб бацькоўстве анулюецца судом пасля таго, як экспертыза ўстановіць, што дзіця не яго. Дарэчы, не пацвярджаецца ў выніку экспертызы чвэрць выпадкаў. Апошняе не значыць, што кожны чацвёрты выхоўвае не сваё дзіця, заўважае спецыяліст. Гэта адносіцца толькі да тых, хто звярнуўся па экспертызу.

Тэст на... мацярынства

У экспертызе зацікаўленыя як жанчыны, так і мужчыны. Адпаведна, ініцыятарамі могуць быць абодва бакі, хоць і з рознымі матывамі. Напрыклад, жанчына хоча ўстанавіць факт бацькоўства, каб прыцягнуць мужчыну да адказнасці, прынамсі, у выглядзе аліментаў. Мужчына, наадварот, часта ініцыіруе тэст, каб аліменты не плаціць.

Рэдка, але бываюць выпадкі правядзення тэста на мацярынства. Сяргей Арановіч згадаў сітуацыю, калі жанчына нарадзіла дзіця дома. Яна не назіралася ў паліклініцы — магчыма, з рэлігійных прычын. Але зарэгістраваць дзіця без пацвярджэння ўрача немагчыма. Хто дакажа, што гэта менавіта яе дзіця? Вось тады жанчына вымушаная звярнуцца па тэст ДНК. Такія экспертызы праводзілі неаднойчы. Некаторым ДНК-тэсты неабходна зрабіць з-за памылкі ў перадачы прозвішчаў. Напрыклад, дачка — беларуска, маці — іншаземка, у дакументах — розніца ў напісанні адной літары. Экспертыза ДНК здыме пытанне аб сваяцтве ў справах, датычных грамадзянства і міграцыі.

А вось сурагатная маці не будзе мець ДНК дзіцяці, калі яна не была донарам яйцаклеткі. Яна проста выношвае чужое дзіця.

Эксперты таксама ўстанаўліваюць сваяцтва з памерлымі. Як правіла, гэта датычыцца судовых спраў. Напрыклад, жанчына застаецца адна з сынам, бацька памёр, і тая хоча пацвердзіць, што памерлы — бацька. Калі смерць мела крымінальны характар, у лабараторным архіве можа быць біялагічны матэрыял у высушаным выглядзе. Як правіла, ён захоўваецца 10 гадоў. У такім выпадку па рашэнні суда альбо следчых органаў можна правесці падобную экспертызу. Вельмі важна, каб узоры, нават тыя, што прыносяць ініцыятары тэстаў, захоўваліся ў папяровых канвертах, а не ў поліэтыленавых пакетах ці шкляных ёмістасцях. У паперы ўзор захоўваецца вельмі доўга.

Па словах Сяргея Арановіча, на год да гродзенскіх экспертаў паступае да 200 зваротаў па пытанні сваяцтва ад жыхароў усіх рэгіёнаў. І попыт не зніжаецца...

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Сям'я не без… свекрыві

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем’і.

Палітыка

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Беларускі парадак дня нікому не дае расслабіцца, час не дазваляе.

Грамадства

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Дзяжурныя службы — вушы і вочы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. 

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.