Вы тут

Адрасы пісьменства. У Клецку ўсё па-свецку


Клецк (Клечскъ, Клічаскъ) упершыню згадваецца ў летапісах у 1127 годзе. Узнікла паселішча на месцы феадальнага замка на беразе ракі Лань і з'яўлялася цэнтрам княства ў складзе Турава-Пінскай зямлі. У XІV стагоддзі Клецк уваходзіць у склад Вялікага Княства Літоўскага. Мястэчка неаднойчы спусташалася набегамі крымскіх татараў. Аб крывавай бітве 1506 года напісаны творы, у прыватнасці, раман Віктара Чаропкі «Храм без бога». «Невялічкая рачулка Лань ляжала паміж войскамі. Яна, нібы адчуваючы хуткую крывавую бойню, самотна шамацела хвалямі аб прыбярэжны жвір, бы плакала над сваім гаротным лёсам. Колькі ўдовіц, колькі мацярок, колькі нявестаў пракляне яе нядобрым словам. На адным яе беразе стаяла 30-тысячная татарская раць, на другім — 10 тысяч войска Вялікага Княства Літоўскага пад камандаваннем маршалака Міхаіла Глінскага», — піша аўтар.


У той бітве вада ў Лані стала чырвоная ад крыві. Да гэтага часу месца пад Клецкам, дзе адбылася крывавая бітва і была атрымана цяжкая перамога над татарамі, называюць Чырвонаставам. У 1996 годзе ў гонар 490-й гадавіны бітвы ўсталяваны помнік.

У свой час Клецк быў цэнтрам кальвінізму, уласнасцю князёў Радзівілаў, пад уладай Польшчы. Летам 1863-га ў вёсцы Заастравечча адбылася сутычка паўстанцаў Кастуся Каліноўскага з царскімі жандарамі і казакамі. У 1905—1907 гадах тут успыхнулі рэвалюцыйныя выступленні сялян пад кіраўніцтвам мясцовых бальшавікоў. Забастоўкамі паштовых работнікаў і хваляваннямі сялян кіраваў ураджэнец Клецка Леў Кучынскі.

У сярэдзіне 1917-га на Клеччыне ўстаноўлена савецкая ўлада. У другой палове красавіка 1919-га Клецк акупавалі палякі. У 1921 годзе па ўмовах Рыжскага дагавора горад увайшоў у склад Польшчы. А 17 верасня 1939-га быў вызвалены Чырвонай Арміяй.

27 чэрвеня 1941 года раён акупавалі немцы. Супраць ворага пачалася ўпартая партызанская барацьба, дзейнічала падполле.

Дзякуючы працоўнаму гераізму жыхароў, пасля вайны рэгіён быў адноўлены з попелу.

Сёння Клецкі раён дынамічна развіваецца ва ўсіх кірунках — сельскагаспадарчым, прамысловым, сацыяльным, культурным. Гонар раёна — 10 народных і 6 узорных калектываў мастацкай самадзейнасці.

Клецкая зямля дала свету шмат знакамітых людзей: рэвалюцыянерка Ева Фялінская, вядомы геолаг, удзельнік рускай палярнай экспедыцыі Канстанцін Валасовіч. На Клеччыне прайшлі дзяцінства і юнацтва вядомых вучоных, публіцыстаў, літаратараў: Міхаіла Яраша, Мікалая Абабуркі, Ізмаіла Хасена, Алеся Звонака, Леаніда Галубовіча, опернага спевака Леаніда Мурашкі і іншых. У вёсцы Морачжыў Аляксандр Сільвашка — удзельнік сустрэчы саюзных войскаў на Эльбе ў 1945 годзе.

Клецкі раён — Радзіма васьмі Герояў Сацыялістычнай Працы, 23 заслужаных работніку Рэспублікі Беларусь, 33 кавалераў ордэна Леніна.

Клеччына — найпрыгажэйшы край лясоў і палёў, дзе і сёння жывуць працавітыя людзі, патрыёты сваёй Радзімы, якія шануюць і берагуць традыцыі продкаў, багатую гісторыю свайго краю, імкнуцца зрабіць родны кут багацейшым і камфортнейшым для жыцця. Шмат робіцца ў раёне ў плане добраўпарадкавання. Райцэнтр і населеныя пункты з кожным годам мяняюцца літаральна на вачах. Нездарма кажуць, што ў Клецку ўсё па-свецку.


Вясёлкі ў расінках: для дзяцей і не толькі

З творчасцю Галіны Нупрэйчык добра знаёмыя не толькі жыхары Клеччыны, але і Мінскай вобласці, і ўсёй краіны. Галіна Іосіфаўна — член Саюза пісьменнікаў Беларусі. У аграгарадку Туча Клецкага раёна прайшло яе дзіцянства, юнацтва. У школьныя гады пачала пісаць вершы. А натхніла яе на творчасць, як прызналася сама Галіна Нупрэйчык, тамтэйшая прырода незвычайнай прыгажосці.

— Колькі разоў была з мамай у лесе, назірала за паводзінамі звяроў, птушак, за раслінамі. Побач з населеным пунктам працякае рака Случанка, якую месцічы называюць возерам, бо яна вельмі шырокая. Кожны год туды прылятаюць лебедзі. І цяпер бываю ў вёсцы часта. Любы гэты куточак майму сэрцу, які называецца малой радзімай.

Свае вершы творца пачынала друкаваць у раённай газеце, пазней — у рэспубліканскіх выданнях: «Белорусской ниве» — цяпер «Сельская газета», «Літаратура і мастацтва», у часопісах «Гоман», «Вожык», «Рюкзачок. Веселый зоопарк». Галіна Нупрэйчык піша вершы рознай тэматыкі: філасофскія, патрыятычныя, дзіцячыя, прысвечаныя роднай прыродзе. Нядаўна ў яе выйшаў зборнік вершаў «Вясёлкі ў расінках». Мастацкае афармленне гэтай кніжкі належыць дырэктару Клецкай цэнтральнай раённай бібліятэкі Сяргею Казлоўскаму.

— Я доўга шукала мастака, хацелася, каб тэкст быў аздоблены не мульцяшнымі карцінкамі, не з інтэрнэту. Сяргей Казіміравіч уважліва прачытаў вершы і да кожнага тэматычнага раздзела намаляваў жывыя карцінкі. Яго работа вельмі спадабалася Юрасю Некратку, які рэдагаваў кнігу. Сапраўднае імя — Юрый Гарбачоў, паэт, празаік, шмат друкуецца, член-заснавальнік Мінскага абласнога народнага клуба паэтаў і кампазітараў «Жывіца», член Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Дырэктар ЦРБ Сяргей Казлоўскі, кіраўнік ансамбля Юрый Эверт,  пісьменніца Галіна Нупрэйчык, загадчык аддзела бібліятэкі Святлана Гарбуз.

«Вясёлкі ў расінках» — другая ўласная кніга паэтэсы. Першая, «Пясчынкі часу», выйшла ў 2011 годзе. Галіна Нупрэйчык друкуецца таксама ў калектыўных абласных зборніках. Яна — член клуба «Жывіца». Гэты клуб узначальвае Ірына Аляксандраўна Карнавухава, дзіцячая пісьменніца, музыкант, літаратар, член Беларускага саюза музычных дзячаў, член Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы.

Галіна Іосіфаўна друкавалася і ў калектыўных зборніках вершаў: «Верыцца ў лепшае, хочацца верыць» — 1993 год, «Валошкі ў жыце» — 2003-і, «Табе, наш горад, прысвячаецца» — 2011-ы. Вершы таксама былі змешчаны ў кнізе хрысціянскай паэзіі «Пад залатым купалам» — 2011-ы. У 2010 годзе на свяце «Калядныя званы» ў Маладзечне атрымала дыплом за ўвасабленне мастацкага вобраза ў вершы. Галіна Нупрэйчык — член Клецкага раённага літаратурнага аб'яднання «Голас». У яго ўваходзяць паэты, празаікі. Сярод іх ёсць «ветэраны» — Аляксандр Жукоўскі, Віктар Худавец, Лілія Мялешка, а таксама творцы больш маладога веку. Вершы Аляксандра Жукоўскага кампазітар Эдуард Зарыцкі паклаў на музыку. На вершы Ліліі Мялешкі музыку напісаў кіраўнік жаночага ансамбля «З песняй па жыцці» Юрый Эверт.

У Саюзе пісьменнікаў Беларусі з Клеччыны тры творцы — Лілія Мялешка, Таццяна Цвірка і Галіна Нупрэйчык.

«Голас» цесна супрацоўнічае з мясцовай бібліятэкай, часта ладзяцца сумесныя мерапрыемствы. Сёлета правялі творчы вечар Юрыя Эверта і Аляксея Лапаты — камерцыйнага дырэктара Клецкага механічнага завода. Абодва людзі творчыя: Юрый Раманавіч выдатна валодае ігрой на баяне, а Аляксей Паўлавіч — на гітары. Атрымаўся выдатны дуэт, які гледачы ўспрынялі на «ўра». Ладзяцца таксама конкурсы на найлепшае чытанне вершаў. У іх удзельнічаюць школьнікі, навучэнцы ліцэя. Некаторыя з іх таксама спрабуюць свае сілы ў паэтычнай творчасці.


Кніга застанецца на ўсе часы

Цэнтральная раённая бібліятэка працуе з адным выхадным на тыдзень

З 1946 года вядзе адлік сваіх старонак Клецкая цэнтральная раённая бібліятэка. За гэтыя гады ўстанова стала сапраўдным цэнтрам прапаганды гісторыі роднага краю, выхавання маладога пакалення на прыкладзе найлепшых айчынных і сусветных твораў, садзейнічання адраджэнню і развіццю нацыянальнай культуры, захаванню гісторыка-культурнай спадчыны. Бібліятэка актыўна займаецца выдавецкай дзейнасцю. Заснаваны серыі «Нашы землякі», «Творчая скарбонка», «Памяць Клеччыны». У межах гэтых серый выдадзены буклеты: «Леаніду Галубовічу — 80 год», «Летапіс памятных падзей Клеччыны», «Крыніц жыватворных вытокі», «Ад прыгажосці прыроды — да прыгажосці душы», «Крыніца натхнення — любові крыніца», «Аграгарадок — у будучыню крок», «Клеччына вершаваная», «Скарбніца мудрасці і асветы», «Са спадчынай продкаў у будучыню» і іншыя.


У бібліятэцы працуюць часовыя і пастаянныя дзеючыя выстаўкі, тэматычныя паліцы, выстаўкі-прагляды, выстаўкі прысвечаныя знамянальным і памятным датам: краязнаўчая «Клецкая зямля гісторыяй багата», экалагічная «Наш, мой дом — планета Зямля», літаратурная «Скарбы роднага слова» і іншыя.

Пры ўстанове дзейнічаюць культурна-аздараўленчы клуб «АІР», літаратурна-музычная гасцёўня «Суразмоўнік», клуб аматараў шахматаў і шашак «Дэбют», клуб для старшакласнікаў «Равеснік».

— Бібліятэка абслугоўвае больш як дзве тысячы карыстальнікаў, штогод выдае больш за 36-38 тысяч экзэмпляраў выданняў, папаўняецца кніжны фонд, у тым ліку і сацыяльна значнай літаратурай, і па нашых запытах. Жыхары горада і раёна таксама дораць нам кнігі, якія апрацоўваем і ставім на ўлік. Напрыклад, Аляксандр Мікалаевіч Жукоўскі ўсю сваю бібліятэку перадаў нам, — распавёў дырэктар ЦРБ Сяргей Казлоўскі.

Сяргей Казіміравіч, і ўсё ж моладзь аддае перавагу электронным носьбітам. Ці не так? — пацікавілася ў свайго суразмоўніка.

— Электронныя носьбіты, гаджэты, можна сказаць, вельмі хутка сябе зношваюць. Гэтая мода, як прыйшла, так знянацку і праходзіць. Кніжны варыянт застаецца нязменны ва ўсе часы. Кніга перажыла многія ліхалецці, нават вайну, і цяпер запатрабаваная. Таму ад электронных носьбітаў не адмаўляемся, пераглядаем, перапрацоўваем інфармацыю на іх. Але сапраўднай рэальнасцю ўсё ж з'яўляецца папяровая кніга, — лічыць Сяргей Казлоўскі.

— Бібліятэка працуе з адным выхадным у панядзелак. Мы радыя таму, што ў нас ёсць чытачы і з'яўляюцца новыя. Здавалася б, нядзеля — выхадны дзень, людзі адпачываюць. Але яны прыходзяць ва ўстанову з самага ранку, выбіраюць літаратуру, перыядычныя выданні, працуюць у чытальнай зале, — працягвае Сяргей Казлоўскі.

Каб крочыць у нагу з часам, бібліятэчныя работнікі выкарыстоўваюць сучасныя падыходы, новыя формы работы з насельніцтвам. Напрыклад, калі ёсць жыхары, якія не могуць прыйсці, яны па тэлефоне агаворваюць, што б тыя хацелі пачытаць. Па атрыманых заяўках дастаўляюцца неабходныя кнігі. На вёсцы, згодна з зацверджаным графікам абслугоўвання дома, кожны чацвер сельскія бібліятэкары разносяць кнігі ўсім жадаючым.

Попытам карыстаецца і паслуга бібліёбуса — своеасаблівай бібліятэкі на колах. На сённяшні дзень яна абслугоўвае дзевяць маршрутаў, якія ўключаюць 25 маланаселеных і аддаленых вёсак. Жыхары гэтых паселішчаў з нецярпеннем чакаюць машыну раз на тыдзень. Разам з бібліёбусам выязджаюць самадзейныя артысты. Бібліятэка ладзіць шмат акцый. У прыватнасці, напярэдадні калядных свят бібліёбус дастаяўляе Дзеда Мароза і Снягурку, якія віншуюць жыхароў. Словам, ніхто не абдзелены ўвагай.

Дарэчы, Сяргей Казлоўскі валодае шматлікімі творчымі талентамі. Выдатны мастак, займаецца ткацтвам слуцкіх паясоў. Ён нікому не адмаўляе ў майстар-класах, заўсёды гатовы навучыць рамяству кожнага ахвотнага, перадаць яму свае веды.


Птушка творчага натхнення — бусел

Вячаслаў Алешка — партыйны дзеяч, пісьменнік, фатограф

Мемарыяльны комплекс савецкім воінам, партызанам і жыхарам раёна, загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, што ў Клецку, бадай, адзіны такі ў краіне. Ён адкрыты па ініцыятыве першага сакратара райкама партыі Вячаслава Алешкі ў 1975 годзе. Вячаслаў Іосіфавіч займаў гэтую пасаду з 1973-га да 1983 года.

У цэнтры комплексу размешчаны 15-метровы пілон. Тут знаходзяцца ўзгорак з мемарыяльнай сцяной, дзе высечаны прозвішчы воінаў, што загінулі пры вызваленні Клецка, Вечны агонь у пяціканцовай рэльефнай аправе, алея і пяць бетонных блокаў з мемарыяльнымі дошкамі, дзе выбітыя найменні воінскіх часцей і партызанскіх злучэнняў, што вызвалялі горад ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

З правага боку каля ўвахода — яшчэ адзін блок з надпісам, прысвечаным жыхарам Клецкага раёна, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Стваральнікі праекта — архітэктары Яўген Кавалеўскі, Сяргей Карпаў і Валерый Рысакоў.

А 9 мая 2019 года каля ўвахода ў прыгожы парк, дзе знаходзіцца комплекс, урачыста адкрылі памятны знак у гонар Вячаслава Іосіфавіча Алешкі. У тэматычнай кампазіцыі яго аўтары паспрабавалі адлюстраваць маштаб асобы гэтага чалавека, які шмат зрабіў для развіцця раёна, яго багаты ўнутраны свет, захапленні. Вячаслаў Іосіфавіч 40 гадоў свайго жыцця прысвяціў фотасправе. За гэты час ім было зроблена больш як 1000 унікальных здымкаў, выпушчана сем кніг аб прыродзе, ілюстраваных фота.

Бусел, які лунае ў мірным небе, з'яўляецца сэнсавым цэнтрам кампазіцыі: гордая птушка не раз станавілася аб'ектам натхнення для фотаработ Вячаслава Алешкі.


З песняй па жыцці

Жаночы вакальны ансамбль «З песняй па жыцці» быў створаны крыху больш як тры гады таму, але за гэты кароткі час заваяваў прызнанне гледачоў

— У ім удзельнічаюць жанчыны даволі сталага ўзросту, якім за шэсцьдзясят. Як цяпер модна казаць, 60+. Але для іх музыка, песня — неад'емная частка жыцця. Большасць з іх пела ў самадзейных калектывах. Гэта людзі розных прафесій — настаўнікі, работнікі культуры, знаёміць з калектывам яго стваральнік і кіраўнік Юрый Эверт. — Даём канцэрты ў вёсках раёна, удзельнічаем у святах беларускага пісьменства. Жанчыны даволі актыўныя. Не прапускаюць ніводнай рэпетыцыі, якія праводзім два разы на тыдзень. Калі не паспяваюць своечасова дабрацца ў райцэнтр, то прыязджаюць нават на таксі. Лічу, што ў іх даволі высокі самадзейны ўзровень. Чаму? У іх няма спецыяльнай музычнай адукацыі. Толькі я прафесійны музыкант — закончыў музычна-педагагічнае аддзяленне Мінскага педагагічнага інстытута і Брэсцкае музычнае вучылішча.

Такія краявіды натхняюць артыстаў на творчасць.

Узрост удзельніц ансамбля, якія раслі, сталелі ў часы СССР, дыктуе і рэпертуар. Яны выконваюць песні савецкіх кампазітараў: рускамоўныя займаюць дзесьці 30 %, астатнія беларускія. Ёсць адна польская і адна ўкраінская. Усяго ж у рэпертуары каля 55 песень.

— У Клецку ладзяцца святы вуліц. Жаданы госць тут і ансамбль «З песняй па жыцці». Жыхары вельмі любяць слухаць песні ў выкананні гэтага калектыву, які пяе пад баян, без фанаграмы. Жыхарам тыя песні знаёмыя, яны нават падпяваюць артыстам. На маю думку, калектыў заслугоўвае асаблівай павагі. Яго ўдзельнікі не шкадуюць сілы, энергіі і дораць насельнікам нашага невялікага, але ўтульнага і прыгожага гарадка радасць. Акрамя таго, яны з'яўляюцца актыўнымі чытачамі нашай бібліятэкі — прыходзяць не па адну кніжку, а бяруць цэлую торбу, як раней у магазіне бралі хлеб, — радуецца дырэктар ЦРБ Сяргей Казлоўскі.


Музейная скарбонка

Музей гісторыі Клеччыны часова закрыты для наведвальнікаў, паколькі па сценах будынка пайшлі трэшчыны і ён мае патрэбу ў рэканструкцыі. У сувязі з гэтым яго супрацоўнікі былі вымушаныя памяняць фармат работы.

— Мы кожны тыдзень ладзім выстаўкі пад адкрытым небам, калі дазваляе надвор'е. Другі раз праходзіць выстаўка работ выхаванцаў народнай дзіцячай студыі выяўленчага мастацтва Рышарда Мая «У краіне дзяцінства». Рышард Антонавіч — наш зямляк, нарадзіўся ў вёсцы Сіняўка, дызайнер, мастак. Ён падарыў музею 30 карцін, якія папоўнілі фонды. Наведвальнікам, асабліва дзецям, вельмі падабаецца экспазіцыя, яны проста ў захапленні ад палотнаў сваіх равеснікаў, — распавяла старшы навуковы супрацоўнік Вольга Яфрэмава.

— Акрамя нашага музея, палотны Рышарда Мая знаходзяцца ў фондах Zіmmerly Art Museum (ЗША), прыватных калекцыях Беларусі, Польшчы, Галандыі, Германіі, Аўстрыі, Францыі, Ізраіля, ЗША, Тайваня і іншых краін, — працягвае Вольга Мікалаеўна. — Сёлета Рышарду Антонавічу спаўняецца 85 гадоў, і, відаць, ён вырашыў перадаць работы нам, каб на малой радзіме засталася памяць аб яго студыі.

Шмат уражанняў прынесла наведвальнікам і фотавыстаўка, зладжаная нядаўна на жывой агароджы з боку вуліцы, з відамі старога горада. Яны здзіўляліся таму, як выглядаў Клецк раней і які стаў цяпер. Розніца відавочная.

Супрацоўніцы музея.

— Мы ўжо некалькі гадоў распрацоўваем і праводзім розныя квэсты, гульні. Стараемся больш выкарыстоўваць інтэрнэт, ладзім віртуальныя выстаўкі, размяшчаем інфармацыю на сайце музея. Вядзём таксама праекты — рубрыкі ў сацыяльных сетках, напрыклад, такія як «Музейная скарбонка». Тут выстаўляем найбольш цікавыя экспанаты, знаёмім карыстальнікаў кожны тыдзень з новым экзэмплярам. У «Календары падзей» расказваем, што адбывалася ў свеце за месяц, якія адзначалі юбілейныя даты, — расказала навуковы супрацоўнік музея Ганна Байрашэўская.

Карыстаюцца попытам пешыя экскурсіі па горадзе, у асноўным па яго гістарычным цэнтры. Тут калісьці стаяў касцёл Святой Тройцы, першыя ўпамінанні аб ім адносяцца да 1450 года. У 1950-я гады ён быў разбураны. Каб людзі ўяўлялі, які быў храм, ім паказваюць віртуальную выяву, што зрабілі энтузіясты. Супрацоўнікі музея стараюцца не проста праводзіць экскурсіі, але і візуалізаваць іх.

Калісьці Клецк быў яўрэйскім мястэчкам. Сюды прыязджаюць патомкі выхадцаў з яго. Для іх ладзяцца экскурсійныя маршруты, якія ўключаюць ешыву — яўрэйскую навучальную ўстанову, будынак якой захаваўся, а таксама яўрэйскія могілкі, месца масавага расстрэлу яўрэяў, месца, дзе было клецкае гета.

У планах супрацоўнікаў музея шмат цікавых задумак. У прыватнасці, пазнаёміць кляччан з творчасцю яшчэ аднаго земляка — мастака, графіка Міхаіла Будавея. Дарэчы, гэта родны брат Рышарда Мая.


«Надзея» дорыць людзям аптымізм

Убачыць у кожным дзіцяці творчую іскрынку і даць ёй своечасова разгарэцца — такі дэвіз кіраўніка ўзорнай вакальнай студыі «Надзея» Зоі Аляксейчык.

У студыі займаецца больш як 30 дзяцей ва ўзросце ад 5 да 16 гадоў, — расказвае Зоя Уладзіміраўна. — Гэта і малыя, якія толькі робяць першыя крокі на вялікую сцэну, і вопытныя ўдзельнікі. У ансамбля разнастайны рэпертуар, куды ўваходзяць дзіцячыя, сучасныя, народныя, эстрадныя песні, песні мясцовых кампазітараў. Значную частку рэпертуару займаюць творы патрыятычнага характару. Менавіта ў патрыятычных песнях пра Беларусь, родны край бачу тую сілу, якая дапамагае выхоўваць у дзяцей пеўчую культуру, пашыраць іх эстэтычны кругагляд. Хтосьці думае, што кіраваць калектывам, распісваць вакальную партытуру, прыдумваць і ўвасабляць сцэнічны нумар ці вобраз лёгка. Але творчая лёгкасць дасягаецца карпатлівай і настойлівай працай. На занятках па вакалу вядзецца актыўная работа над пастаноўкай голасу, развіццём яго яркасці і сілы, дыханнем, расшырэннем дыяпазону, спалучэннем спеваў з танцавальнымі рухамі, навыкамі работы з мікрафонам.

Словам, за песняй, якая выконваецца на адным дыханні, ляжаць напружаныя рэпетыцыі. А іх за 18 гадоў было безліч.

Увесь час «Надзея» не перастае развівацца. Уменне трымацца на сцэне, майстэрства прыходзяць з гадамі. Магчыма, таму выступленні вакальнай студыі — упрыгажэнне ўсіх канцэртных праграм.

Калектыў ансамбля, дзякуючы высокаму выканальніцкаму ўзроўню, разнастайнаму рэпертуару і артыстызму, здабыў прызнанне і на абласным узроўні. «Надзея» ўдзельнічала ў абласным фестывалі працаўнікоў вёскі «Дажынкі» ў Барысаве ў 2019 годзе. Калектыў выступаў на галоўнай пляцоўцы свята. Сёлета юныя артысты ўзялі ўдзел у абласным свяце, прысвечаным Дню медыцынскага работніка, якое праходзіла ў Нясвіжскім палацы Радзівілаў.

— Мы вучым дзяцей не толькі прафесіяналізму, але і чалавечым якасцям. Кожны занятак пачынаецца з добрага настрою і шчырай усмешкі. Адзначу, чым бы ні займалася дзіця, неабходна дапамагчы яму раскрыць унутраны свет і навучыць яго займацца творчасцю. Кожнае дзіця таленавітае па-свойму, а мы, дарослыя, павінны своечасова гэта ўбачыць. І нічога страшнага, калі малое жадае пець, а частата інтаніравання няўстойлівая. У пэўнай музыцы для яго ёсць выхад, галоўнае — не адштурхнуць, а навучыць, — кажа Зоя Аляксейчык.

Цяпер вакальны калектыў працуе над шоу-праграмай «Дарослыя і дзеці». Як адны, так і другія любяць гэты праект. Малыя зорачкі маюць магчымасць пець з дарослымі, а тыя з задавальненнем акунаюцца ў краіну дзяцінства.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Анатоль КЛЯШЧУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?