Вы тут

Сёлетняе гарачае лета садзейнічае ўзмацненню прыступаў алергіі. Як ім супрацьстаяць?


На паліноз хварэе ад 15 да 25 % насельніцтва планеты. З кожным годам гэтыя лічбы павялічваюцца. Адметна, што ў гарадскога насельніцтва паліноз сустракаецца ў шэсць разоў часцей, чым у сельскага. Сярод людзей творчых прафесій гэта ўвогуле адно з самых распаўсюджаных захворванняў. Спецыялісты расказалі, чым небяспечная алергія на пылок раслін і на ўкусы насякомых, як яна лечыцца і якія новыя сродкі дазваляюць засцерагчы сябе ад гэтай хваробы.


Фота: pixabay.com

Вінаватыя спадчыннасць і вірусы

— Чамусьці прынята лічыць, што пылковая алергія — новае захворванне, якое ўзнікла на мяжы XX–XXІ стагоддзяў. Але яшчэ Гіпакрат дакладна апісаў пылковую алергію як хваробу сонечнай раніцы і ветранага дня, — кажа галоўны пазаштатны алерголаг і імунолаг Міністэрства аховы здароўя, выкладчык кафедры пульманалогіі і фтызіятрыі БелМАПА Антаніна Осіпава. — Каб у чалавека развівалася сезонная алергія, у арганізме павінны адбыцца своеасаблівыя імунныя змены. Згодна з данымі 2019–2020 гадоў, устаноўлена, што асноўнымі трыгерамі ў дзяцей і дарослых з'яўляюцца працяглае знаходжанне ў арганізме рынавіруснай інфекцыі, рэспіраторна-сенціцыяльнага віруса, а таксама азон.

Спецыяліст звяртае ўвагу, што астатнія тэорыі не атрымалі моцнай доказнай базы. У прыватнасці, тая, што сучасныя людзі жывуць у больш чыстых умовах, а таксама прымяненне вялікай колькасці хімічных рэчываў. Не пацверджана і прышчэпачная тэорыя — быццам бы алергіі садзейнічаюць вакцыны.

— Затое дакладна заўважылі спадчыннасць. Калі абодва бацькі хварэюць на сезонную алергію, у дзіцяці з 50-працэнтнай верагоднасцю яна таксама можа праявіцца. Калі хварэе адзін з бацькоў — з 25-працэнтнай, — прыводзіць лічбы суразмоўца.

У Беларусі тры сезонныя пікі алергіі. Першы звязаны з цвіценнем дрэў. Ён пачынаецца ў пачатку красавіка, калі выдзяляе пылок вольха шэрая, і доўжыцца да сярэдзіны мая. Пасля надыходзіць чарга арэшніку і ляшчыны, затым — бярозы і позніх дрэў: дуба і граба. Другі пік — цвіценне злакавых траў. А вось у жніўні і верасні небяспеку для алергікаў стварае палын. Дарэчы, у гарачае лета палын цвіце раней. А сёлета з-за анамальнай спёкі ў Гомельскай вобласці ўпершыню зарэгістравана цвіценне цыклахены і амброзіі — паўднёвых раслін.

Асноўныя сімптомы алергіі — сверб павекаў, адчуванне пяску ў вачах, іншароднага цела, прыступападобнае чханне, вадзяністыя выдзяленні з носа, выражаны рыніт, закладзенасць носа.

— Кандыцыянеры, фільтры і супрацьпылковыя сеткі на вокны затрымліваюць пылок. Усё гэта дапамагае папярэдзіць кантакт з алергенам, — тлумачыць Антаніна Осіпава. — У алергалогіі дзейнічае найважнейшы прынцып: «Няма алергена — няма алергіі». Калі раней мы рэкамендавалі не выходзіць на вуліцу ў сезон, цяпер з'явіліся назальныя фільтры, герметычныя акуляры, прэпараты, якія засцерагаюць слізістую носа і з'яўляюцца мерамі прафілактыкі. Важна пасля выхаду на вуліцу прымаць душ, каб змыць алерген, не сушыць адзенне і бялізну на адкрытым паветры.

Асноўны метад лячэння — алергенная імунатэрапія, калі ў арганізм уводзяцца розныя алергены ў бяспечнай колькасці.

— Сезонная алергія — праблема не толькі дарослых, але і дзяцей. Пік захваральнасці назіраецца пасля 5-7 гадоў. Але апошнія гады алергія «маладзее». Ёсць пацыенты, якія маюць сімптомныя праявы ў 1-2 гады, — кажа галоўны пазаштатны дзіцячы алерголаг Міністэрства аховы здароўя, загадчык алергалагічнага аддзялення 4-й дзіцячай клінічнай бальніцы Дзмітрый Буза. — У вільготнае і дажджлівае надвор'е канцэнтрацыя пылку падае. Сёлетняя вясна была дажджлівая, і ў пацыентаў назіралася слабавыражаная сімптаматыка. А вось у гарачае лета выражаная рэакцыя на злакі і на палын.

Ці ўскладняе алергія COVІD-19?

— Мы чакалі, што нашы пацыенты будуць горш пераносіць каранавірусную інфекцыю, але такіх даных няма. Замежныя крыніцы сведчаць, што пры кантролі бранхіяльнай астмы, нашэнні масак і выкананні прафілактычных мерапрыемстваў нашы пацыенты пераносяць каранавірусную інфекцыю лягчэй, чым людзі, якія маюць цукровы дыябет, анкалагічныя і сардэчна-сасудзістыя хваробы. Таму важна выконваць масачны рэжым, сацыяльную дыстанцыю і іншыя меры перасцярогі. Аднак вакцынавацца ад каранавіруснай інфекцыі ў перыяд абвастрэння алергіі ні ў якім разе нельга, — засцерагае Антаніна Осіпава.

Ці рабіць аналізы на алергены?

Спецыялісты папярэджваюць, што дыягностыку варта рабіць толькі па рэкамендацыі алерголага. Не варта самастойна наведваць лабараторыі, дзе вам прапануюць вялікую панэль на алергены за немалыя грошы. Вынік гэтага заўсёды сумніўны.

— Такім чынам атрымліваецца шмат памылак. Пацыент пасля генералізаванай рэакцыі, звязанай з кантактам з поўсцю сабакі, выйшаў з рэанімацыі, дзе яму купіравалі прыступ бранхіяльнай астмы, і пабег рабіць тэст. Зразумела, алергена не знайшлі. Адразу пасля лячэння на працягу 2-3 тыдняў не мае ніякага сэнсу ісці на тэсціраванне, і любы ўрач гэта ведае, — папярэджвае Антаніна Осіпава.

Алергія можа з'явіцца і ў дарослым узросце. У маладых людзей трыгерам нярэдка выступае стрэс, звязаны з паступленнем і доўгім недасыпаннем.

У любой аптэчцы павінны прысутнічаць два віды антыгістамінных прэпаратаў. Гэта прэпараты першага пакалення (супрасцін, клімасцін і іншыя) і абавязкова — другога пакалення. Апошнія пазбаўленыя недахопаў першай групы: не выклікаюць санлівасць і дзейнічаюць 24 гадзніы. Прымяняць іх рэкамендуецца камбінавана: хутка купіраваць сімптомы прэпаратамі першай групы і падоўжыць іх дзеянне лекамі другога пакалення. Яны неагрэсіўныя і безрэцэптурныя, але важна прымяняць іх у належных дозах.

Алергія на ўкусы насякомых...

— Гарачае лета садзейнічае таму, што можа развіцца агрэсіўная, у тым ліку сістэмная алергія на ўкусы насякомых, — адзначае Дзмітрый Буза. — У нашым аддзяленні знаходзіцца некалькі дзяцей з такімі алергічнымі рэакцыямі. Яны могуць узнікнуць у любога дзіцяці, таму важна выкарыстоўваць рэпеленты. Калі дзіця пакусалі насякомыя, у месцы ўкусаў трэба прыкласці холад, магчымыя прымочкі з содай, і даць антыгістамінны прэпарат. Ёсць антыгістамінныя прэпараты мясцовага дзеяння, напрыклад, феністыл-гель. Ёсць гарманальныя мазі, якія знімаюць сверб і ацёк. Калі рэакцыя слабая, праз некалькі дзён прымянення антыгістаміннага прэпарату яна сыходзіць. Калі расце ацёк, з'яўляецца сып па ўсім целе, дзіця вялае, санлівае, узнікаюць прыкметы парушэння дыхання, неабходная кваліфікаваная медыцынская дапамога.

— Укусы насякомых — адны з самых складаных і жыццепагражальных. Асабліва гэта датычыцца пчол, вос, шэршняў, мураўёў, — дадае Антаніна Осіпава. — Ад укусу шэршня ў Беларусі гіне столькі ж людзей, як і ад укусу змей. І калі ўкус пчалы — стэрыльная ін'екцыя, то пры ўкусах вос і шэршняў магчымае і бактэрыяльнае, і віруснае заражэнне. Таму пры купіраванні мясцовых рэакцый трэба прымяняць камбінаваныя прэпараты, якія ўтрымліваюць картыкастэроіды і антыбіётык.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: І слёзы на вачах...

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.