Вы тут

«Ключы ад Беларусі — у сэрцы беларусаў і на тэрыторыі краіны»


«Вялікая размова з Прэзідэнтам» яшчэ доўга будзе абмяркоўвацца ў нашым грамадстве, бо падчас яе кіраўнік дзяржавы закрануў пытанні, якія цікавяць многіх. Мы папрасілі падзяліцца думкамі і ўражаннямі як непасрэдных удзельнікаў сустрэчы, так і тых, хто з цікавасцю назіраў за яе прамой трансляцыяй.


Ігар МАРЗАЛЮК, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы:

— Калі перадаць уражанні адным сказам, то гэта — моц, упэўненасць у сабе і выразнае разуменне стратэгічных і тактычных планаў Беларусі на будучае. Калі казаць разгорнута, па-першае, гэта найважнейшыя тэзісы, якія павінны пачуць усе. Беларусь застаецца суверэннай незалежнай дзяржавай, і гэта навекі і назаўсёды. Менавіта такі самы галоўны меседж Прэзідэнта, які праходзіў чырвонай ніткай ад першага сказа да апошняга. Па-другое, Беларусь не збіраецца мяняць стратэгічных саюзнікаў і кудысьці ісці, бегчы і тым больш перад кімсьці капітуляваць і падымаць рукі. Па-трэцяе, нягледзячы на ўсю сітуацыю, Беларусь адкрытая да супрацоўніцтва, да раўнапраўнага партнёрства, у тым ліку з Еўрасаюзам і Злучанымі Штатамі, але на роўных, без дыктоўкі, зневажанняў, абраз і ўмяшання ў суверэнныя справы нашай краіны. Усё гэта фундаментальныя рэчы, якія праходзяць праз усю размову. І самае галоўнае, Беларусь не застаецца статычнай, застылай дзяржавай, і тыя нашы ўнутрыпалітычныя праблемы і канфлікты, якія мелі месца летась, мы вырашым самі праз канстытуцыйную рэформу, праз пазітыўныя эвалюцыйныя змены палітычнага ладу, праз змены, якія мы ўсе разам рыхтуем. Беларусь прайшла вельмі адказны этап свайго развіцця, мы выбудавалі дзяржаўныя інстытуты нашай суверэннай краіны. Мы не бананавая рэспубліка і нікому не дазволім сабой распараджацца. Мы гатовы змяняцца эвалюцыйна, як цывілізаваная нацыя праз канстытуцыйныя змяненні. А калабарацыяністы і кампрадоры павінны зразумець: ключы ад Беларусі знаходзяцца ў сэрцы беларусаў і на тэрыторыі Беларусі. Ніякія чужыя грошы і пернікі нікому не дапамогуць прыйсці да ўлады ў краіне. І гэта трэба засвоіць.


Рыгор ПРАТАСАВІЦКІ, старшыня Столінскага райвыканкама, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу:

— Асабіста мяне ў «Вялікай размове» зачапіў пасыл Прэзідэнта аб тым, што галоўнае — гэта працаваць, ствараць дабрабыт эканомікі і кожнага чалавека. «Хачу, каб у нас была спакойная краіна, усё астатняе мы купім. Нам няшмат трэба. Каб купіць, мы грошы знойдзем», — сказаў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што ў асноўным сваімі мазгамі, сваімі рукамі ўсё вырабім...

Нібы пра нас, палешукоў, сказана. Паляшук заўсёды спадзяваўся на сябе і шмат працаваў. Так і цяпер робяць нашы людзі, шчыруюць на зямлі, атрымліваюць ураджаі, прадаюць вырашчанае і будуюць планы на будучыню. «Хто працуе, той і мае» — на Палессі любяць гэтую прыказку, паводле яе мудрасці і жывуць. А яшчэ для палешука гонар быць патрыётам сваёй краіны, шанаваць і малую, і вялікую Радзіму. Паляшук заўсёды трымаўся сваёй зямлі, а зямля і радзіма — паняцці роднасныя. Ну і, вядома, людзі цэняць спакой на зямлі як найпершую ўмову плённай і стваральнай працы.


Руслан ВІНАКУРАЎ, дэпутат Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, дырэктар Віцебскага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійнага ліцэя:

— «Вялікая размова» насамрэч вельмі важнае мерапрыемства для краіны, таму што падчас яго кіраўнік дзяржавы шчыра адказваў на ўсе пытанні, якія задавалі прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі і іншыя запрошаныя.

І для мяне як для кіраўніка ўстановы адукацыі «Вялікая размова» — вельмі важная падзея, таму што ў ліку іншых былі агучаны пытанні наконт моладзі, адукацыі. Акрэсліваліся шляхі развіцця краіны на найбліжэйшую перспектыву.

Для сябе я адзначыў вельмі шмат важнага. У прыватнасці, трэба далей актывізаваць работу па патрыятычным выхаванні моладзі. Неабходна ствараць умовы дзеля таго, каб наша моладзь была запатрабаваная на рынку працы, самае галоўнае для ўстановы адукацыі — рыхтаваць якасных і кваліфікаваных спецыялістаў. Пры гэтым, безумоўна, важна раскрываць здольнасці, якія ёсць у хлопцаў і дзяўчат.

На сёння можна з упэўненасцю казаць, што добрая матэрыяльна-тэхнічная база ў нас ёсць. Таму застаецца толькі, каб была якасная і згуртаваная работа педагагічнага калектыву, выкладчыкаў, майстроў, каб насамрэч нашы дзеці пасля атрымання дыплома адпавядалі патрабаванням часу і былі патрыётамі сваёй Радзімы.


Андрэй СЫЧ, палітолаг:

«Лукашэнка стаміўся», — казалі яны. «Лукашэнка ўжо не вывозіць», — пісалі яны. «Лукашэнка аслабеў», — думалі яны. «Вялікая размова з Прэзідэнтам» прайшла на адным дыханні — кіраўнік дзяржавы ўтрымліваў цікавасць да гутаркі больш за восем гадзін і адказаў на ўсе пытанні, што хвалююць грамадства. Фактычна была пастаўлена кропка ў спробе дзяржаўнага перавароту. Вызначаны і, не менш важна, апублікаваны ўсе алгарытмы, па якіх дзейнічалі нашы апаненты падчас экспансіі. Важна і тое, што беларускі досвед паказвае, — можна паспяхова супрацьстаяць тэхналогіям каляровых рэвалюцый. Нашай гісторыяй поспеху пачалі карыстацца ў іншых краінах. Так, на Кубе падчас пратэстаў адным з лозунгаў стала правядзенне паралеляў з Рэспублікай Беларусь. Умоўна: «Яны змаглі выстаяць, і мы выстаім». На мой погляд, падчас «Вялікай размовы з Прэзідэнтам» прагучаў вельмі важны тэзіс. Ён датычыўся тых, хто выходзіў на вуліцу пратэставаць: Аляксандр Лукашэнка гатовы змагацца за кожнага беларуса і не лічыць іх ворагамі.


Лілія НАВІЦКАЯ, галоўны рэдактар абласнога ўнітарнага інфармацыйна-рэкламнага прадпрыемства «Рэдакцыя газеты «Гродзенская праўда».

«Вялікая размова з Прэзідэнтам» прайшла літаральна на адным дыханні. Прагучала прыкладна чатыры дзясяткі пытанняў ад беларускіх і замежных журналістаў. Яны былі самыя розныя, часам дыяметральна супрацьлеглыя.

Заўважыла, што запрошаныя на сустрэчу журналісты з Польшчы, Літвы, Украіны, ЗША, Вялікабрытаніі задавалі пытанні, быццам усе атрымалі напярэдадні заданне адной вельмі негатыўна скіраванай на нашу краіну рэдакцыі. У іх пытаннях гучалі такія нагнаўшыя аскому фразы, як «мірныя пратэсты», «жорсткія катаванні» і таму падобнае, што не мае ніякіх адносін да рэальнасці. Дзяўчаты з англійскіх і амерыканскіх СМІ ўставалі і чыталі з паперак адны і тыя ж словы, быццам не чулі папярэднія пытанні, паўтараючы адна адну. Магчыма, такая была іх задумка. І калі прагучала падобнае пытанне ў трэці раз, на якое ўжо быў дадзены грунтоўны адказ, у зале пракацілася хваля абурэння, настолькі была відавочная прадузятасць калег з гэтых выданняў. Падумалася, што гэта ўжо не жнівень 2020-га, што цяпер, ідучы на такое мерапрыемства, варта было б вывучыць тэму больш глыбока і прафесійна. Калі Прэзідэнт прапанаваў падмацаваць абвінавачанне фактамі, нічога канкрэтнага дзяўчаты-журналісткі сказаць не маглі. Патрабаванне выкласці факты паставіла іх у тупік. Пры гэтым прадстаўніца аднаго з амерыканскіх каналаў папрасіла Аляксандра Лукашэнку аб інтэрв'ю. Ён пагадзіўся, але з адной умовай — каб яно выйшла без купюр, без скарачэнняў, без вырваных з кантэксту фраз. Усе пытанні і ўсе адказы. І што ж? Ніякага выразнага адказу на такую прапанову Прэзідэнта так і не пачулі.

Шчыра кажучы, вытрымка Аляксандра Рыгоравіча, з якой ён адказваў на любыя, нават самыя несправядлівыя, пытанні, уразіла. Трэба сказаць, што нашы сталічныя калегі, якія працавалі падчас вулічных акцый і працягваюць тэму, самі давалі адпор замежным журналістам і прапаноўвалі паглядзець відэа, зробленыя ў той час на тэлефон, дзе выразна бачная агрэсія «мірнага пратэсту»... Галоўнае пачуццё пасля «Вялікай размовы з Прэзідэнтам» — упэўненасць у тым, што мы справіліся з выклікамі і справімся з імі ў будучым.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Аляксандр ПУКШАНСКІ

 Маргарыта УШКЕВІЧ

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».