Вы тут

Што робяць супрацоўнікі МНС, каб максімальна захаваць ураджай?


Жніво — гарачая пара не толькі для аграрыяў. У зборы ўраджаю задзейнічаны прадстаўнікі самых розных прафесій. Ужо каторы год запар не застаюцца ўбаку і супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Прычым ратавальнікі не толькі адказваюць за пажарную бяспеку на палях і ў зернясховішчах, а самі бяруць непасрэдны ўдзел ва ўборцы.


Пажарны Ілья ПЯЛЮГІН заўжды марыў паўдзельнічаць ва ўборцы ўраджаю.

Уборачная замест адпачынку

Руль пажарнага аўтамабіля на руль камбайна на час свайго адпачынку памяняў і Іван Худы. Кіроўца пажарнага аварыйна-ратавальнага паста № 11 вёскі Занарач, што на Мядзельшчыне, ужо шосты год удзельнічае ва ўборачнай кампаніі. Ратавальнікам малады чалавек працуе ўсяго тры гады, але кожны свой адпачынак ён праводзіць не на курорце і нават не каля вясковага вадаёма, а на палях ААТ «Занарачанскі» — Іван лічыць за гонар унесці свой уклад у агульны каравай.

Супрацоўнік МНС нарадзіўся ў вёсцы, таму не па чутках ведае, што такое жніво. У мясцовую гаспадарку малады чалавек прыйшоў пасля арміі, тут жа ўладкаваўся на пажарны пост. З'яўляючыся супрацоўнікам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, ён ніколі не забываў пра сельскагаспадарчыя справы.

— Работа на камбайне вельмі складаная, з самай раніцы да позняга вечара, — прызнаецца Іван Худы. — Кожны камбайнер адчувае адказнасць, таму імкнецца выконваць свае задачы добрасумленна. А па-іншаму і не атрымліваецца! Падчас уборкі галоўнае, каб тэхніка не ламалася, надвор'е не падводзіла і каб не адбывалася ніякіх пазаштатных сітуацый. З гэтай прычыны штодзень правяраю першасныя сродкі пажаратушэння, ачышчаю камбайн ад саломістай масы, бо разумею, якія сляды пакідае пасля сябе агонь, якія матэрыяльныя затраты нясе сельскагаспадарчае прадпрыемства і дзяржава ў цэлым. А так хочацца, каб на стале ў беларусаў кожны дзень з'яўляўся свежы хлеб.

Дзеля ўборачнай кампаніі ахвяраваў сваім адпачынкам і супрацоўнік пажарнай аварыйна-ратавальнай часці № 1 у Стоўбцах Ілья Пялюгін. Малады чалавек — памочнік камбайнера ў прыватным прадпрыемстве «Профі-Аграцэнтр».

— Кожны год у перыяд уборачнай кампаніі наша тэхніка дзяжурыць у палях, забяспечваючы прыкрыццё машынам, якія працуюць, — гаворыць Ілья Пялюгін. —
І мы добра бачым, колькі працы, сіл, цярпення патрэбна, каб своечасова сабраць ураджай. Часта мне хацелася падысці, дапамагчы. А сёлета нават з'явілася магчымасць прыняць удзел ва ўборцы.

Не дапусціць пажару

Галоўная задача ратавальнікаў падчас жніва — не дапусціць пажару, а калі ўзгаранне ўсё ж адбылося, аператыўна яго ліквідаваць. Невыпадкова да ўборачнай кампаніі супрацоўнікі МНС рыхтуюцца загадзя. Разам з кіраўнікамі прадпрыемстваў і гаспадарак праводзяць работу па падрыхтоўцы месцаў захоўвання ўраджаю: гэта датычыцца і збожжавых культур, і грубых кармоў. Акрамя таго, правяраюцца агрэгаты, задзейнічаныя ва ўборачнай кампаніі: зернесушыльныя комплексы, тэхніка.

— Разам з мерапрыемствамі нагляду, якія мы штодзённа ажыццяўляем падчас жніва, у перыяд уборачнай кампаніі таксама адбываецца абследаванне аб'ектаў, для аграрыяў праводзяцца інструктажы, — адзначае першы намеснік начальніка Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Уладзімір ЯНЧЫК. — Ва ўсе гады мы разам з кіраўнікамі гаспадарак рабілі ўсё, што ад нас залежыць, каб стварыць на жніве бяспечныя ўмовы і захаваць ураджай — як на стадыі ўборкі, так і падчас яго захоўвання.

Такая ўвага з боку ратавальнікаў тлумачыцца тым, што работа на жніве з'яўляецца пажаранебяспечнай. Узмацняецца катроль на палях асабліва тады, калі стаіць сухое надвор'е. Нягледзячы на тое што ва ўборачнай кампаніі задзейнічана тэхніка гаспадарак, прадугледжаная на выпадак тушэння агню, штодзённа на палі выязджае да 120 адзінак тэхнікі і каля 300 супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. І гэта толькі ў Мінскай вобласці!

Чалавечы фактар

За перыяд сёлетняй уборачнай кампаніі на аб'ектах сельскагаспадарчай вытворчасці цэнтральнага рэгіёна краіны зарэгістравана дзевяць пажараў. У асноўным, гэта ўзгаранні сухога ржышча, саломы. Зафіксаваныя і факты ўзгарання збожжавых на корані. У прыватнасці, днямі ратавальнікам паступіла паведамленне аб тым, што ў Пухавіцкім раёне гарыць поле. Супрацоўнікі МНС, якія аператыўна прыбылі на месца, устанавілі, што на момант узнікнення пажару ў полі ішло жніво. Тушэнне агню да прыбыцця спецыялістаў не ажыццяўлялася. Ратавальнікі з вогненнай стыхіяй справіліся хутка. Сельскагаспадарчае прадпрыемства выдзеліла сваю тэхніку. Пацярпелых не было. Агонь знішчыў сем гектараў ячменю на корані. Аднак калі б пажарныя своечасова не падаспелі на дапамогу, маштабы трагедыі маглі быць большыя — да 70 гектараў.

Дзякуючы ім у Маладзечанскім раёне было выратавана звыш 430 тон сена. Узгаранне сенасклада на тэрыторыі малочнатаварнай фермы паблізу вёскі Насілава адбылося на світанні ў канцы ліпеня. Падраздзяленні МНС, якія прыбылі на месца здарэння, устанавілі, што сена гарыць унутры склада. У ліквідацыі пажару ўдзельнічала і тэхніка гаспадаркі. Агнём былі знішчаны тры тоны грубага корму.

Супрацоўнікі МНС клапоцяцца аб тым, каб не дапусціць пажару на палетках.

Зноў жа, калі б не аператыўнае рэагаванне ратавальнікаў, маштаб пажару на полі каля вёскі Ельніца мог быць значна большы: іржышча гарэла на плошчы амаль у тры гектары. Прычына — узгаранне тэхнікі пры правядзенні работ па прасоўцы саломы. У выніку агнём была пашкоджана электраправодка прэс-падборшчыка і 25 рулонаў саломы. Пацярпелых няма.

— Асноўная прычына большасці пажараў на палетках звязана з чалавечым фактарам, — канстатуе Уладзімір Янчык. — На жаль, у большасці ўзгаранняў, якія сёння адбываюцца на аб'екце сельскагаспадарчага профілю, вінаватыя людзі. Існуе яшчэ і тэхнічная прычына, якая сёлета найбольш ярка сябе праявіла. Калі стаяла спёка, пажніўныя рэшткі былі настолькі сухія, што нават самай маленькай іскры, якая ўзнікае пры пападанні каменя на металічныя прадметы, хапіла для ўзгарання. Толькі дзякуючы таму, што на полі дзяжурыла тэхніка МНС, знаходзіліся праінструктаваныя людзі, у гэтую ўборачную кампанію ў нас не было дапушчана пажараў на вялікай плошчы. Усе ўзгаранні ліквідаваліся на пачатковай стадыі.

Бывае, што работы ратавальнікам дадаюць мясцовыя жыхары, якія паляць каля палёў са збожжам смецце. Аднак калі асобу такога чалавека ўстанавіць нескладана, то амаль немагчыма вызначыць таго, хто, ідучы або праязджаючы каля палеткаў на машыне, выкінуў праз акно непатушаную цыгарэту. У такім выпадку падключаюцца органы ўнутраных спраў. Надоечы ў Капыльскім раёне праваахоўнікі ўвогуле выйшлі на таго, хто наўмысна падпаліў сцірту саломы. Адказнасць за падобны ўчынак вінаваты панясе немалую.

Вераніка КАНЮТА

Фота з архіва Мінскага абласнога ўпраўлення МНС

Загаловак у газеце: Ратавальнікі на жніве

Выбар рэдакцыі