Вы тут

Цукеркі ад літаратуразнаўца


Доктару філалагічных навук, дацэнту, галоўнаму навуковаму супрацоўніку аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі Яўгену Гарадніцкаму споўнілася 70 гадоў. Ён аўтар шматлікіх навуковых прац, а таксама артыкулаў і рэцэнзій, якія папулярызуюць айчыннае прыгожае пісьменства. А яшчэ Яўген Андрэевіч выступае як паэт і празаік.


Яўген Гарадніцкі. Фота з сайта lir-book.by.

Пра творчасць і навуковую дзейнасць Яўгена Гарадніцкага, думаю, цягам часу напішуць літаратуразнаўцы, а я прапаную ўрыўкі з маіх дзённікавых запісаў, у якіх зафіксаваны нашы з Яўгенам Андрэевічам сустрэчы.

23.01.1980. Атрымаўшы ліст ад Яўгена Гарадніцкага, раніцай паехаў да яго на працу. Якраз ён быў на калідоры. Пасля мы доўга стаялі каля акна і размаўлялі. Яўген чытаў і крытыкаваў мае вершы. Пасля зайшлі ў кабінет і зноў размаўлялі. Яўген чытаў свае творы. Добрыя ў яго вершы. Паказваў кнігі Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Янкі Сіпакова, Пятруся Макаля. Зачытваў сёе-тое з іх. Прачытаў мне рэцэнзію на кнігу Анатоля Вярцінскага «Ветрана».  

26.02.1980. Быў у Яўгена Гарадніцкага. Паведаміў яму, што здаў у выдавецтва кнігу вершаў і даў тэлефон Барадуліна, каб і Жэня занёс яму свой рукапіс. Сказаў, што занясе. Я паказаў новыя вершы, напісаныя ў стылі Барадуліна. Жэня пахваліў.

Потым пачытаў маё апавяданне пра вайну, напісанае ў шостым класе. Сябра смяяўся над маёй наіўнасцю. Цяпер ён піша рэцэнзію на «Нашчадкі». Даў мне пазнаёміцца са сваімі вершамі. Адзін з іх прысвечаны Хлебнікаву.

10.03.1980. Быў у Я. Гарадніцкага. Ён сядзеў адзін і вучыў англійскую мову. Я паказаў яму вершы Ст. Валодзькі, а таксама ліст ад Я. Янушкевіча, які прапаноўвае мне паехаць у вандроўку ў Мір і Нясвіж. Даў пачытаць Яўгену і свае вершы. Хваліў, ганіў, даваў парады па-сяброўску. Спрачаліся пра вершаваныя памеры і рытмы ў іх. Зайшоў Уладзімір Гніламёдаў. Працягнуў і мне руку. Яўген пайшоў з ім. Пасля вярнуўся і сказаў, каб я цяпер не мыў рук, бо вітаўся з самім Гніламёдавым. Я папрасіў што-небудзь пачытаць. Яўген даў дзве брашуры «Знание» і кнігу «Дотык да зямлі» Петруся Макаля. Кніжку Яўген у выдавецтва не здаў і Барадуліну не званіў. Я расказаў пра літаб’яднанне «Крыніцы». Яўген пахваліў мае вершы «Плача маці» і «Закінутая хата».

25.03.1980. Учора (панядзелак) быў у Яўгена Гарадніцкага. Даведаўся, што памёр Пятрусь Броўка. Пасля з Яўгенам паехаў да Палаца спорту, каб купіць білеты на хакей «Дынама»—«Дзізіліст». Сустрэлі Яўгенавых знаёмых мастакоў У. Савіча і М. Селешчука. Яны нам купілі білеты без чаргі. Пасля мы пайшлі ў кнігарню «Светач». Мастакі паглядзелі-паглядзелі на кнігі і пайшлі, а мы надоўга затрымаліся. Нічога не купілі. Яўген зайшоў у «Рамонак» і купіў цукерак. Даў мне. Дамовіліся сустрэцца ў 18 гадзін. Я прыйшоў раней. Хадзіў, хадзіў, а Жэні ўсё няма і няма. Прыйшоў у 18.20. Спазніўся, бо сустрэў знаёмага. Білеты на хакей былі ў Гарадніцкага.

23.06.1980. Быў у Яўгена Гарадніцкага на працы. Ён піша пра Уладзіміра Караткевіча, пра «Каласы пад сярпом тваім». Паразмаўлялі. Жэня даў спіс літаратуры, якую трэба абавязкова прачытаць мне. Я купіў кнігі Б. Слуцкага і М. Луконіна.

7.07.1986. Прыехаў у Мінск з Пугачоў. Многіх не застаў на працы— паехалі ў калгасы. Зайшоў у майстэрню да Уладзіміра Сцяпана. Пагаманілі. Потым сустрэў Анатоля Сыса. З ім схадзілі на раскопкі.

У «Полымі» бачыўся з Алесем Пісьмянковым. (…) У Гарадніцкіх быў а 19-й гадзіне. Жэня падарыў сваю кніжку. Слухалі на магнітафоне запіс, як іграе на флейце яго малы сын Паўлік. З Жэнем я прасядзеў амаль да дзвюх гадзін ночы. Назаўтра ўдвух пахадзілі па рэдакцыях…

28.08.1986. Неяк перад дарогай у Маскву нявесела. У «Маладосці» Саламаха запрашаў пераначаваць. Адмовіўся, бо абяцаў быць у Гарадніцкіх. (…) У Гарадніцкіх быў вечарам. Абрадаваліся. З Жэнем сядзеў дапазна. Расказваў яму пра наш раён, бо ён не ведаў многае.

29.07.2011. Сёння майму земляку літаратуразнаўцу Яўгену Гарадніцкаму спаўняецца 60 гадоў. Ён быў у ліку першых, з кім я пазнаёміўся ў 1977 годзе на калідоры рэдакцыі газеты «Чырвоная змена». У той час Яўген заканчваў вучобу ў БДУ, працаваў у выдавецтве разам з Міколам Селешчуком і жыў у Ракаве. Нейкі час мы сустракаліся толькі на пасяджэннях літаб’яднання «Крыніцы», а потым, калі ў Ракаве была прададзена хата і куплена ў Мінску, я часта прыходзіў да Яўгена, і мы чыталі адзін аднаму вершы, марылі на роварах аб’ехаць усю Беларусь. Нічога не аб’ехалі. Яўген нават ровара не купіў. Закончыўшы вучобу ў БДУ, мой сябра стаў працаваць у Інстытуце літаратуры. Праца яму была даспадобы. Аднак Яўген, расказваючы пра сваіх супрацоўнікаў, часта скардзіўся на Тамару Чабан: «Яна прыйшла ў інстытут намнога пазней за мяне, а ёй зарплату большую далі... Яна многа піша… Яна многа друкуецца… Яна… Яна…» Час ішоў, і аднойчы Яўген прызнаўся мне, што сабраўся жаніцца. На маё пытанне «З кім?» сябра адказаў: «Прыходзь у нядзелю, у мяне будуць госці, і я цябе пазнаёмлю з будучай жонкай...». І я прыйшоў, і на лавачцы каля хаты ўбачыўшы Тамару Чабан, якая скрэбла бульбу, і якую я добра ведаў, падумаў: «Ну Яўген! Прымушае гасцей працаваць! Што ж ён мне загадае рабіць?» Зайшоўшы ў хату, запытаўся: «А дзе ж нявеста?» — «Як дзе? Бульбу шкрабе…» — адказаў мой сябра. «Дык там жа на вуліцы адна Тамара Чабан…» — не разумеючы нічога, сказаў я. «А яна і ёсць мая будучая жонка…» — заўсміхаўся Яўген…

29.07.2011. Калі памерла Тамара Чабан, Яўген Гарадніцкі застаўся адзін з малым сынам Паўлікам і гадавалай дачкой. Гледзячы, як цяжка Яўгену аднаму з дзецьмі, праз пэўны час сябры пачалі шукаць яму жанчыну, якая б хоць нечым замяніла сіротам родную маці. Ну і я таксама па-сяброўску ў гэтай справе не застаўся ўбаку. І вось, атрымаўшы запрашэнне ў госці, я з NN, якая нядаўна развялася, павёў да Яўгена ў сваты сяброўку NN. Сватаўство прайшло добра і я, вярнуўшыся дахаты, патэлефанаваў Яўгену, каб даведацца, ці спадабалася яму новая знаёмая.

«Не спадабалася!» — адказаў Яўген. «А чаму?» — «Па-беларуску гаварыць не ўмее!» — «Навучыцца з табой!» — «Не трэба! Мне спадабалася NN. Перадай ёй пра гэта». Пасля размовы з Яўгенам я патэлефанаваў NN, ад якой даведаўся, што і Яўген ёй спадабаўся, але яна баіцца, што не справіцца з яго дзецьмі і сваім малым сынам…

29.07.2011. Недзе гадоў трыццаць таму Яўген Гарадніцкі задумаў напісаць раман пра Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. І ўжо было напісана тое-сёе і, па-мойму, было напісана цікава. Але, але…

2.06.2012. У «ЛіМе» Яўген Гарадніцкі ў артыкуле «На крылах рамантыкі» напомніў усім нам, пісьменнікам, што 31 мая было б усяго 60 гадоў літаратуразнаўцу Тамары Чабан. Гэтае імя час ад часу з’яўляецца ў спасылках літаратуразнаўчых і крытычных прац, згадваецца сучаснымі даследчыкамі. Тамара пісала і вершы. Тое-сёе было пасля яе смерці (памерла 20 сакавіка 1992 года) надрукавана ў альманаху «Дзень паэзіі». Памятаю, як на гадавіну па Тамары Чабан мы з Яўгенам Гарадніцкім ездзілі на Ракаўскія могілкі. І потым яшчэ планавалі разам з’ездзіць, але так і не атрымалася.

19.05.2014. Я першы раз на хакеі быў недзе ў годзе 1978. Хадзіў са сваім земляком і будучым літаратуразнаўцам Яўгенам Гарадніцкім і з мастакамі Міколам Селешчуком і Уладзімірам Тоўсцікам. Яўген тады працаваў у адным выдавецтве з Міколам, у якога я, дзякуючы сябру, узяў афармляць нейкую кніжку як мастак. Я ж быў студэнтам архітэктурна-будаўнічага тэхнікума, умеў маляваць. Гарадніцкі доўга пасля пытаўся, калі ж намалюеш? А я так і не намаляваў. Баяўся, што скажа пра мае малюнкі Селяшчук. (…) Нашы выйгралі. Пасля хакею на беразе Свіслачы мы пілі чырвонае віно. Я з Яўгенам чытаў вершы, а Мікола і Уладзімір слухалі нас і, як і мы, радаваліся жыццю…

13.04.2016. Да нас на працу прыязджаў Яўген Гарадніцкі. Абмяркоўвалі будучы змест новых тамоў серыі «Залатая калекцыя беларускай літаратуры». З ім у размове ўдзельнічалі Алесь Бадак, Паліна Грынчанка і я. Яўген прывёз з сабой вялізарны спіс, каго трэба ўключыць у ЗКБЛ. Прапаноўвалася, што ўсіх народных трэба выдаваць асобнымі тамамі. Я выказаўся супраць, бо ЗКБЛ — гэта выбранае выбранага.

Адкуль будзе цудоўных твораў аж 40 аркушаў (…)? Мы прывыклі да савецкіх ацэнак іх творчасці і да таго, што яны народныя. Пысін лепшы паэт, чым некаторыя народныя. Бадак пагадзіўся са мной, а Гарадніцкі не адразу.

29.07.2021. Перад сваім 70-годдзем, адказваючы на пытанне газеце «Звязда» пра свае планы, Яўген Гарадніцкі сказаў: «Працаваць ёсць над чым. У планах, дарэчы, укладанне кнігі выбраных прац Тамары Чабан, напісанне ўступнага артыкула. Працягваю работу над кнігай, у якой будуць сабраны выказванні беларускіх пісьменнікаў пра мастацтва і літаратурную творчасць. Неўзабаве завершыцца падрыхтоўка манаграфіі пра беларускую літаратуру другой паловы ХХ ст. і яе эстэтыку».

Віншуючы Яўгена Гарадніцкага з юбілеем і жадаючы яму здароўя, спадзяюся, што ўсе агучаныя планы ён ажыццявіць, і ў яго з’явіцца магчымасць дапісаць раман пра нашага з ім земляка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Віктар ШНІП

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».