Вы тут

Лагер-форум для праверкі сіл


У самым канцы мінулага тыдня «Чырвонку. Чырвоную змену» запрасілі на маладзёжны фестываль. Лагер удзельнікаў размясціўся на беразе возера Гаць, што за трыццаць кіламетраў ад Баранавіч. Шчыра кажучы, у першы дзень форуму надвор'е не радавала. Было складана ўявіць: ці атрымаецца правесці тры дні ў палатцы? Але арганізатары запэўнілі, што мерапрыемства пройдзе ў любым выпадку. З усёй Брэсцкай вобласці сабралася 17  каманд, якія мусілі спаборнічаць за права называцца самымі актыўнымі, пазітыўнымі і спартыўнымі актывістамі.


...Пакуль я дабралася да месца правядзення форуму, дождж спыніўся. І возера сустрэла мяне і іншых удзельнікаў сонечнымі прамянямі і хваёвым пахам. Першы, каго заўважыла, быў ветлівы малады мужчына, які дапамагаў удзельнікам ставіць палаткі і распальваць вогнішча. Аказалася, што гэта Юрый Сегянюк — першы сакратар Брэсцкага абласнога камітэта БРСМ, аднаго з асноўных арганізатараў форуму:

— Гэта наш сёмы фестываль — ён стаў ужо пэўнай традыцыяй. Важна адзначыць, што бягучы год стаў рэкордным, таму што на яго сабралася больш за чатырыста чалавек. У мерапрыемстве бярэ ўдзел працоўная моладзь. Гэта не проста турзлёт са звыклымі спаборніцтвамі, мы таксама праводзім яго як дыялогавую пляцоўку, а яшчэ прапаноўваем удзельнікам вырашыць інтэлектуальныя заданні. Кожны актывіст БРСМ можа паспаборнічаць за найвышэйшыя месцы ў вобласці. Хацелася б адзначыць, што такія мерапрыемствы будуць працягвацца.

Нарэшце, надышоў час для самага цікавага: пачаліся гульні. Тыя, хто мог пахваліцца добрай спартыўнай падрыхтоўкай, удзельнічалі ў спартыўным блоку. Яны перацягвалі канат, гулялі ў дартс, праходзілі спартыўна-турыстычную паласу. А самыя смелыя і дужыя спаборнічалі ў падняцці гіры. Моладзь, схільная да навукі, прадэманстравала свае інтэлектуальныя магчымасці падчас квізу і бліц-турніру «Моладзь Беларусі». Адпачыць і расслабіцца атрымалася дзякуючы таленавітым актывістам, якія правялі канцэрт сучаснай поп-музыкі.

Але «Прыбужжа-2021» — не толькі спаборніцтвы і конкурсы. У першую чаргу гэта — летнік на беразе возера. Складана ўявіць, што можа быць лепшае за летнія дні, якія ты правёў у кампаніі сяброў на прыродзе… Я памятаю, як пасля дзясятага класа разам са сваімі аднакласнікамі трапіла ў палатачны лагер. Гэта той вопыт, які застаецца з табой на ўсё жыццё. Гаворка ідзе не толькі пра ежу з вогнішча і купанне ў рацэ. Тут важна іншае: праверка твайго акружэння ў экстрэмальных умовах. Мяркую, што ўдзельнікі форуму са мной пагодзяцца. За гэтыя тры дні яны не толькі праверылі свае сілы, але і правялі час з карысцю.

...На развітанне возера падарыла нам дзіўны жнівеньскі захад сонца і цішыню старога лесу. Хочацца спадзявацца, што наступнае лета таксама не расчаруе.

Арына КАРПОВІЧ

Фота арганізатараў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.