Вы тут

Крысціна Дзмітрук: Мая матывацыя — пазл з любові і мэты


Яе тэнісная кар'ера — гэта 8-я пазіцыя сусветнага юніёрскага рэйтынгу, пяць тытулаў у адзіночным і 12 — у парным разрадах. Да гэтага можна дадаць выступленні на двух турнірах Вялікага шлема, дастойны матч супраць Арыны Сабаленкі, імянны грант Міжнароднай тэніснай федэрацыі. А каб поўнасцю ўявіць, наколькі гэта цікавая спартсменка, варта ведаць, што Крысціне толькі 17 гадоў. Зусім нядаўна яна з расіянкай Дзіянай Шнайдэр выйграла парны разрад юніёрскага турніру знакамітага Уімблдона. Сваімі ўражаннямі ад нядаўняга выступлення і ўвогуле думкамі аб уласнай кар'еры тэнісістка падзялілася з «Чырвонкай. Чырвонай зменай».


— Крысціна, як табе ўдаецца сумяшчаць выступленні на юніёрскім і на дарослым узроўнях?

— У мяне добры юніёрскі рэйтынг. Але я не забываю, што мае саперніцы не стаяць на месцы і пастаянна развіваюцца, таму затрымацца на яго верхніх радках няпроста. І добра разумею, што на дарослым узроўні яшчэ больш моцных і таленавітых тэнісістак. Аднак мне цікава «заходзіць» у дарослы тэніс. Гэта як выклік самой сабе. Гэта цяжка, але цікава. Цяжкасці не даюць мне расслабіцца.

— Магчыма, табе дапамагае прыклад нейкага куміра?

— Не скажу, што ёсць адзін пэўны спартсмен, на якога раўнялася б. Я проста пераймаю ад топавых тэнісістаў іх «фішкі», якія мне падабаюцца. Напрыклад, імпануе баявы характар Вікторыі Азаранкі. Вельмі падабаецца пластычнасць і паводзіны француза Гаэля Манфіса. Ад паводзінаў многае залежыць. Манфіс не думае, што яму рабіць, а проста паказвае шоу на корце. Ну добра, магу сказаць, што ён падабаецца больш за ўсіх. Мне было б цікава сустрэцца ў матчы з усімі гульцамі з першай дзясяткі рэйтынгу. Я думаю, гэта быў бы выдатны і вельмі карысны вопыт.

— Ты ўжо пачала гуляць з прадстаўнікамі першай дзясяткі. У тваім актыве — матч супраць трэцяй ракеткі свету Арыны Сабаленкі.

— Так, гэта было цікава. Не буду ўтойваць — хвалявалася, што было відаць па маёй гульні. Я разумела свае шанцы ў тым матчы, і таму хвалявалася не за вынікі, а за тое, як пакажу сябе ў сустрэчы. Скажу шчыра — хваляванне заўсёды прысутнічае перад матчам, незалежна ад саперніка і турніру.

— І як ты з ім змагаешся?

— Магчыма, гэта банальна, але мне дапамагае музыка. Яна супакойвае, адцягвае ад думак пра матч. Выбар песні залежыць ад настрою. Калі я спакойная — то нешта меладычнае, калі настрой баявы — то завадныя кампазіцыі.

— Візітная картка кожнага тэнісіста — яго стыль гульні. Які ён у цябе?

— У самым пачатку матча мне важна паказаць саперніцы, што я мацнейшая за яе, гэта прымушае апанента нервавацца. Прычым пачынаю не з агрэсіўнага тэніса. Першыя два-тры геймы назіраю за паводзінамі саперніцы, як яна падае, што робіць на прыёме. І калі ёсць разуменне ўсяго, што адбываецца, выбіраю тактыку і стыль канкрэтна на гэты матч. Таму ў маім арсенале — разнастайнасць стыляў. Магу гуляць і ў абароне, і ў атацы, пастаянна мяняць сваю гульню. Многія топавыя гульцы перамагаюць, дзякуючы агрэсіўнаму стылю. Таму лічу, што мне трэба імкнуцца да яго, але не развітвацца з разнастайнасцю.

— Крысціна, якія ў цябе засталіся ўражанні ад выступлення на Уімблдоне і ад турніру ў цэлым?

— Мне было цікава выступаць, бо там незвычайнае для нас пакрыццё корта — трава. І мне хацелася паспрабаваць, што гэта такое. Вядома, на новым пакрыцці было шмат нечаканасцяў. Я на першай трэніроўцы нават не разумела, што адбываецца: тэхніка, тактыка — усё іншае. Але ў цэлым трава мне спадабалася, яна «хуткая», падобная да «харду» — аднаго з відаў пакрыцця корта, але са сваімі асаблівасцямі.

— Доўга прывыкала да невядомага дагэтуль пакрыцця?

— З падрыхтоўкай склалася цікавая сітуацыя. На трэніроўках я не разумела сутнасць гульні на траве. Але перад Уімблдонам, у Лондане, выступала на турніры ІTF (Міжнародная тэнісная федэрацыя. — Аўт.) першай катэгорыі. І там я гуляла тры пары і тры «адзіночкі» — матчы былі цікавыя, і там зразумела сутнасць гульні на траве. Таму можна сказаць, што я засвоіла ўсё падчас самога працэсу.

— А сваё выступленне на Уімблдоне як сама можаш ацаніць?

— У адзіночным разрадзе дайшла да чвэрцьфіналу. Але, мабыць, быў не мой дзень. Прысутнічалі пэўныя нюансы, якія сапсавалі эмацыянальны стан. І ў мяне не атрымалася добра выступіць з-за таго, што я не магла настроіцца. Былі добрыя розыгрышы, памылкі рабіла не толькі я, але і саперніца. Але настрой сваю ролю адыграў.

Крысціна з трэнерам Вячаславам Яфімавічам Конікавым.

А з парай усё было цікавей. Мы з Дзіянай Шнайдэр да гэтага не былі знаёмыя. Але на Уімблдоне нашы напарніцы не змаглі выступаць па сваіх прычынах. І нам прыйшлося стаць у пару. Мы неяк лёгка ўсё прайшлі, хоць саперніцы змагаліся. Былі нібыта на адной хвалі, недзе падалі, недзе падымаліся. Але ўсё было неяк дзіўна лёгка, як нам здавалася. Таму магу сказаць, што сапернікі былі моцныя, барацьба сур'ёзная, а фінал цікавы. Асабліва калі ўлічваць, што разам мы не гулялі. Цяпер дамовіліся на пару і на US Open.

— Да гэтага ты ўжо ўдзельнічала ў турніры Вялікага шлема — Ралан Гарос у Парыжы. Дзе табе спадабалася больш?

— Для мяне Ралан Гарос і Уімблдон — нароўні. Гэта турніры Вялікага шлема, і яны ўсе вельмі важныя для кожнага тэнісіста. Трэнеру больш спадабаўся Уімблдон, ён сказаў, што англійскі турнір больш маштабны, там было больш людзей і вышэйшы ўзровень. Не магу вылучыць нейкі адзін турнір, бо я засяроджана на матчы і навокал не гляджу.

— У верасні пачынаецца яшчэ адзін турнір Вялікага шлема — US Open у Амерыцы. Плануеш выступаць на гэтых спаборніцтвах?

— Так, я збіраюся ў ЗША. Невядома, ці змагу выступіць у юніёрскім разрадзе Australіan Open, яшчэ адным турніры Вялікага шлема. Але цяпер набіраюся сіл і рыхтуюся да амерыканскага спаборніцтва.

— Улічваючы твой графік выступленняў, паспела спасцігнуць усе радасці школьнага жыцця?

— Не зусім. Сёлета я скончыла школу, але прапусціла выпускны баль, бо ў гэты час была ў Францыі на Ралан Гаросе. Спачатку засумавала, а потым супакоілася — такое жыццё. Мне было больш шкада, што не ўбачылася са сваімі аднакласнікамі. Не скажу, што ў мяне ў школе было шмат сяброў, але дзвюм блізкім сяброўкам я магу ў любы час пазваніць і сустрэцца з імі.

— Якія ў цябе мэты, планы на будучыню?

— Не бачу для сябе іншай дзейнасці, акрамя тэніса. Таму сёння сама, мой трэнер, мая каманда працуем над тым, каб я ўдасканальвалася як тэнісістка і ў будучым была на першым радку рэйтынгу. І ўсе турніры, на якіх выступаю, — гэта крокі да галоўнай мэты.

— І адкуль бярэш матывацыю?

— Самае галоўнае — я люблю тэніс, мне падабаецца тое, чым я займаюся. У мяне ёсць мэта, да якой я іду, няхай і не заўсёды ўсё атрымліваецца. Таму мая матывацыя — гэта пазл з любові і мэты.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота гераіні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».