Вы тут

Летам беларускія студэнты атрымалі дадатковую адукацыю ў Расіі


У пачатку ліпеня 675 беларускіх студэнтаў паехалі ў 12 ВНУ Расіі па праграме «Летні ўніверсітэт — 2021». Сярод гарадоў, куды яны накіраваліся, былі Смаленск, Пскоў, Казань, Уладзівасток, Масква і іншыя. Для студэнтаў падрыхтавалі цікавую адукацыйную праграму з лекцыямі і рознымі праектамі, а таксама забаўляльную: паходы, экскурсіі, катанне на сапбордах.


Саша Бедзіна (справа) на лекцыях у Пскове.

Прымаючы бок узяў на сябе ўсе выдаткі: праезд, пражыванне, харчаванне, ПЛР-тэсты і г. д. За два тыдні студэнты падрыхтавалі 105 сацыяльных праектаў. Адзін з іх, «Лагер натуральнай адукацыі «Альфа», створаны студэнтамі факультэта журналістыкі БДУ, перамог у агульным конкурсе. Пасля вяртання дадому задаволеныя студэнты распавялі нам, як бавілі час у Расіі.

Аляксандра Бедзіна вучыцца на другім курсе філфака БДУ. Ноччу яна села ў арганізаваны да Пскова аўтобус. «Ехалі дзевяць гадзін, было цяжка. Усе вельмі стаміліся. На месцы нас сустрэлі арганізатары. Раздалі сім-карты з доступам у інтэрнэт, майкі, байкі, дажджавікі, заплечнікі — вельмі шмат падарункаў!»

Улад Кучко.

Улад Кучко скончыў першы курс факультэта журналістыкі БДУ. Ехаць у летні ўніверсітэт спачатку не планаваў, а цяпер аб гэтым не шкадуе.

«Нас прывезлі ў спартыўна-турыстычны комплекс, размеркавалі ў нумары рознага фармату. А камусьці нават дастаўся катэдж з усімі выгодамі для дваіх».

Асобна ўдзельнікі адзначаюць ежу ў сталовай. Кармілі чатыры разы на дзень. Саша ўспамінае, як дзяўчаты ледзьве не скрозь слёзы адносна сваіх постацяў елі булачкі, але... моцна не скардзіліся — было смачна. Сталовая працавала ў фармаце шведскага стала: бярэш колькі хочаш і чаго хочаш.

Удзельнікі «Летняга ўніверсітэта» ў Краснаярску.

Распарадак дня быў насычаны: ранішняя зарадка, сняданак, заняткі, абед, заняткі. Пасля навучальных пар арганізатары пакінулі час для забаўляльнай праграмы.

 «Штодзённыя аэробіка, басейн, настольныя гульні, танцы. Дадаткова ў некаторыя дні адкрываўся запіс на кераміку, жывапіс, прагулку на цеплаходзе, пілатэс, каліграфію. Але больш за ўсё спадабалася выязная экскурсія ў Пушкінскія горы. Пабывалі ў трох сядзібах Аляксандра Сяргеевіча: Міхайлаўскім, Трыгорскім і Пятроўскім. Для мяне як для філолага гэта былі найлепшыя ўражанні ў жыцці. Прайсціся па дарогах, якімі хадзіў Пушкін, паглядзець на краявіды, якія яго натхнялі... І нават анамальныя 35 Со+ не перашкодзілі атрымаць незабыўныя эмоцыі», — распавядае Аляксандра.

Саша Бедзіна падчас катання на сапбордах.

Калі казаць пра найлепшую актыўнасць у Пскове, усе ўспамінаюць сапборды. Гэта як сёрфінг, але з вяслом. На адной дошцы можа знаходзіцца адразу некалькі чалавек. «Сто чалавек! Амаль усе ўпершыню ўсталі на дошкі і адправіліся ўніз па рацэ Вялікая», — прыгадвае Саша.

Даша Серак, кіраўнік праекта-пераможцы.

Насця Казінец — студэнтка трэцяга курса эканамічнага факультэта БДУ. Яна таксама вучылася ў летнім універсітэце. Толькі гэтую частку студэнтаў прымаў Краснаярск. Дзяўчына адзначае цікавы шлях: яны дабіраліся на самалёце з перасадкай у Маскве. Тая доўжылася каля сямі гадзін, таму хапіла часу на Красную плошчу і парк «Зараддзе».

«Спачатку абяцалі звычайны інтэрнат, але ў выніку засялілі ў школьныя. Тым не менш, было нядрэнна. Галоўны мінус — мы павінны былі вяртацца да 23.00. Ні разу так не зрабіла! Пазней гэта правіла і зусім адмянілі. Нашы вячэрнія шпацыры па горадзе сталі легальныя», — дзеліцца Насця.

Насця Казінец ў Краснаярску.

Свае прыемныя бонусы былі і тут: падарункі ад краёвай адміністрацыі, выдатны Енісей, прыгожая прырода, масты.

Самая важная частка летняга ўніверсітэта — гэта падрыхтоўка сацыяльнага праекта. Кожны з іх быў скіраваны на вырашэнне нейкай праблемы. Найлепшы, на думку журы, падрыхтавалі студэнты факультэта журналістыкі БДУ «Лагер натуральнай адукацыі «Альфа».

— Яго сутнасць — дзецям будуць выкладаць дысцыпліны, якія не вывучаюць у школе, але яны карысныя ў жыцці. Напрыклад, гэта фінансавая, інфармацыйная адукаванасць, палавое выхаванне, — расказвае Даша Серак, кіраўнік праекта, студэнтка трэцяга курса журфака БДУ. — Мы доўга займаліся гэтым праектам. Спачатку выслухалі лекцыі, затым атрымалі прыкладны план і пачалі развіваць сваю ідэю. Нашай асноўнай задачай было прадумаць увесь цыкл рэалізацыі задумы. Гэта значыць, ад распрацоўкі ідэі да пошуку выканаўцаў і падрадчыкаў, складання каштарыса. Напрыклад, калі дзяцей трэба некуды прывесці, нам трэба знайсці аўтобусы, выбраць дату, даведацца пра кошт.

Каманда прэзентавала свой праект і перамагла. Усе ўдзельнікі атрымалі сертыфікаты аб праходжанні дадатковай адукацыі.

Іван САЗОН, студэнт ІІІ курса факультэта журналістыкі БДУ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?