Вы тут

Хай будзе святло!


Пішу гэтыя радкі пад праліўны дождж, які ўжо два дні амаль не сціхае за акном нашай вясковай хаты, дзе праводжу свой адпачынак. Спадзяюся, што калі вы будзеце чытаць гэтыя нататкі, надвор'е выправіцца. Але нас цяпер гэтая макрэча не засмучае, бо ў доме ёсць электрычнасць. А вось калі яе тры дні не было... Ды пра ўсё па парадку.


Фота: pixabay.com

Канец ліпеня — пачатак жніўня ў вёсцы — найлепшы час. Яшчэ радуе вока зеляніна, не астывае за ноч паветра, а грады дзеляцца экалагічна чыстай агароднінай, «вітамінамі», вырашчанымі сваімі рукамі. Сад напаўняецца водарам белага наліву. А буслы ў буслянцы за домам настойліва вучаць лятаць сваіх падрослых нашчадкаў. Дарэчы, сёлета ў буслінай пары вырасла чацвёра буслянят. Першы раз бачым такую колькасць за восем гадоў, як мы купілі дом. Звычайна яны пакідаюць двух. Калі птушанят выводзіцца больш, аднаго могуць скінуць з гнязда — суровыя законы прыроды: пакідаюць столькі, колькі могуць выкарміць. Дык вось, цяпер год абяцаў быць шчодры на жабак ды іншую спажыву, і буслы пакінулі ўсіх. А да пачатку жніўня юныя белыя птахі сталі вылятаць з гнязда. У мінулую нядзелю адзін з іх не разлічыў сілы. Са страшным шумам, відаць, чапляючыся нагамі за шыфер, ён імгненна спікіраваў уніз ды бразнуўся на двары, праляцеўшы побач з галавой суседкі, якая сядзела ў нас на лаўцы, цудам не зачапіўшы. Яна аж ускрыкнула. Але буслік устаў, страпянуўся і пайшоў хадзіць па падворку, шукаючы выйсця, потым усё ж узняўся і пераляцеў праз вароты. «Будзе нейкая навіна» — расшыфравала перапалоханая Наталля гэтае паяўленне з неба.

«Навіна» праявіла сябе на наступны дзень — і не госцем ці нейкім электронным паведамленнем, а пахам гарэлага і падазроным трэскам у лічыльніку. Давялося выключыць электрычнасць і званіць у адпаведныя службы, шукаць паратунку. Электрыкі з аварыйнай брыгады, якія заехалі праз суткі пасля званка, канстатавалі няспраўнасць: няма кантакту, перагарэла пробка, трэба ставіць аўтаматыку. Яны нагадалі, што рамантуюць толькі лініі звонку дома, параілі шукаць прыватнага майстра і на ўсялякі выпадак далі нумар тэлефона, калі спатрэбіцца распламбіроўка лічыльніка. Знайсці электрыка ў вёсцы — справа не такая простая; добра, хоць у сельсавеце падказалі. Адным словам, тры дні давялося пражыць без электрычнасці. Ноўтбук пратрымаўся менш за дзень, а потым піскнуў развітальным паведамленнем: «Нізкі ўзровень зараду». З тэлефонаў мы ў інтэрнэт не выходзілі, каб берагчы батарэю і заставацца хоць бы з сувяззю.

Першы вечар было нязвыкла без тэлевізара, але назаўтра мы разабралі скрыні са старымі кнігамі і паперамі, якія даўно вывезлі з кватэры сюды, нешта знайшлі. Напрыклад, я з цікавасцю прачытала запіскі рускага генерала і дзяржаўнага дзеяча Ярмолава, некалі выпадкова купленыя мужам. Даволі цікавыя аказаліся мемуары, да якіх наўрад ці дайшла б чарга, калі б не вымушаная адсутнасць любых электрычных прыбораў. Пра гэтага военачальніка ХІХ стагоддзя памятаю са школьных гадоў, калі прыводзіла ў сачыненні яго выказванне наконт гібелі любімага некалі ў юнацтве Лермантава. А вось пазнаёміцца са светапоглядам, меркаваннямі, разважаннямі чалавека, у якога Грыбаедаў служыў ад'ютантам, было надзвычай цікава. Асобныя парадкі тых часоў выклікалі здзіўленне. Напрыклад, Ярмолаў не ажаніўся з каханай жанчынай — кіеўскай арыстакраткай, таму што, паводле яго вызначэння, быў не ў стане дастойна ўтрымліваць сям'ю. Грашовае ўтрыманне генерал-маёра, якім ён ужо быў, трэба думаць, не дазваляла тое зрабіць. Аляксей Пятровіч, дарэчы, увогуле не жаніўся, так і пражыў век адзін. Паводле сведчанняў сучаснікаў, якія таксама ўтрымлівае кніга, Ярмолаў быў чалавекам высокай годнасці, такіх жа маральных прынцыпаў, напрыклад, рашуча адмовіўся ад графскага тытула, мог запярэчыць цару. Калі выйшаў у адстаўку, прымаў у сябе літаратараў, людзей культуры і мастацтва, але пазбягаў зносін з чыноўнікамі, іншымі «выгаднымі» знаёмымі.

Цікавай падалася і кніга ўспамінаў пра Высоцкага «Уладзімір Высоцкі ў кіно», якая завалялася сярод навуковых брашур. Пра вядомага акцёра згадвалі артысты, рэжысёры, сцэнарысты, аглядальнікі — самыя розныя людзі, з якімі ён кантактаваў у складанай справе кінаіндустрыі. І ўсе яны адзначалі такія якасці артыста, як людскасць, годнасць, інтэлігентнасць. Цікава і хораша выказаўся пра яго і наш Алесь Адамовіч, які ведаў артыста і барда па сумеснай рабоце над фільмам «Сыны ідуць у бой». Адамовіч, дарэчы, у сваіх успамінах прывёў словы Антона Паўлавіча Чэхава: «Як жа хутка яно ўсё робіцца». Гэта значыць, не паспееш азірнуцца, як існае становіцца гісторыяй.

...Да нас, нарэшце, прыехаў усмешлівы майстар Андрэй, наладзіў электрычнасць. Са словамі: «Няхай жыве святло!» пакінуў сваю візітоўку. А мы з мужам ацанілі перавагі галоўнага набытку цывілізацыі — з галавой акунуліся ў інтэрнэт. Але для сябе адкрылі, што пакуль не было святла, мы больш гаварылі, разам абмяркоўвалі прачытанае, часам спрачаліся і з задавальненнем адзначалі, што большасць ацэнак сыходзіцца. Дык, можа, варта рабіць усё гэта і са святлом?

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».