Вы тут

Валянцінай Курсевіч: Сучасная беларуская медыцына павінна быць бліжэй да людзей


Карэспандэнт «Звязды» гутарыць з намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Валянцінай Курсевіч.


— Валянціна Вацлаваўна, якая галоўная задача стаіць сёння перад беларускімі медыкамі?

— Калі ўвесь свет пакутуе ад пандэміі каранавіруса, мы ўсе добра разумеем, наколькі важна, каб сістэма аховы здароўя працавала выразна, зладжана, стабільна і эфектыўна. Бо гаворка ідзе пра самае каштоўнае, што толькі ёсць у чалавека, — жыццё і здароўе. Вядома, што любая сістэма аховы здароўя не здольная працаваць без надзейнага прававога падмурка, аснову якога складае заканадаўчая база.

У асноўных напрамках сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021—2025 гады пастаўлена задача «павышэння даступнасці і якасці медыцынскіх паслуг для ўсіх грамадзян незалежна ад месца жыхарства і стварэнне ўмоў для вядзення здаровага спосабу жыцця». Асноўны прынцып — здароўе для кожнага і актыўнае даўгалецце.

Безумоўна, тая задача, якая пастаўлена на пяцігоддзе перад беларускімі медыкамі, — гэта ўдасканаленне даступнасці і якасці спецыялізаванай медыцынскай дапамогі ў рэгіёнах. Карацей кажучы — бліжэй да людзей. У Беларусі створана бюджэтная сістэма фінансавання, якую ў нашай краіне захавалі. На ахову здароўя ў нас сыходзіць больш як 4 % ад валавога ўнутранага прадукту. А гэта своеасаблівы індыкатар сацыяльнай бяспекі, які рэкамендаваны Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя. Акрамя таго, гэта адзначана ў Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.

На сённяшні дзень у Беларусі налічваецца каля 1400 устаноў аховы здароўя, якія ажыццяўляюць аказанне медыцынскай дапамогі ў амбулаторных умовах. Гэта паліклінікі, урачэбныя амбулаторыі, дыспансеры і іншыя ўстановы. У краіне маюцца навукова-практычныя рэспубліканскія цэнтры, дзе працуюць высокакваліфікаваныя вопытныя спецыялісты, якія аказваюць арганізацыйна-метадычную дапамогу ўстановам гарадскога і раённага звяна, прасоўваюць методыкі лячэння сусветнага ўзроўню. Тым не менш, перад беларускімі медыкамі стаіць вельмі важная задача — узняць раённы ўзровень аховы здароўя на больш значную вышыню.

— А якія значныя праекты ажыццяўляюцца сёлета ва ўстановах аховы здароўя?

— У нас, напрыклад, рэалізоўваецца праект «Клапатлівая паліклініка», укаранёныя выязныя формы работы з прымяненнем перасовачных медыцынскіх комплексаў для аказання медыцынскай дапамогі на месцах. У 2020 годзе завершана ўкараненне інстытута ўрача агульнай практыкі. Сёння працуе амаль 2500 камандаў, якія складаюцца з урача, яго памочніка, медыцынскай сястры. Узяты курс на развіццё міжраённых і міжрэгіянальных цэнтраў па аказанні спецыялізаванай медыцынскай дапамогі на базе 143 устаноў аховы здароўя.

— Зусім нядаўна парламентарыі прынялі змяненні ў Закон аб ахове здароўя. Чым гэты варыянт заканадаўчага акта адрозніваецца ад папярэдняга?

— Змяненні ў Закон аб ахове здароўя, над якім працавала наша камісія, пачалі дзейнічаць з 23 ліпеня 2021 года. Асноўная навацыя гэтага заканадаўчага акта заключаюцца ў тым, што будзе адбывацца медыцынская акрэдытацыя ўсіх дзяржаўных устаноў аховы здароўя. Яна прадугледжвае адпаведнасць дадзенай лячэбнай установы тым аб'ёмам і відам медыцынскай дапамогі, якія там заяўлены.

Не менш важнае і тое, што аддзяленні дзённага знаходжання пры паліклініках будуць працаваць толькі на бюджэтнай аснове. Усе жыхары краіны, у тым ліку людзі працаздольнага ўзросту атрымаюць у іх медыцынскую дапамогу за кошт рэспубліканскага альбо мясцовых бюджэтаў. Я маю на ўвазе пацыентаў з такімі захворваннямі, як ішэмічная хвароба сэрца, артэрыяльная гіпертэнзія, хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх, цукровы дыябет. Гэта тыя хваробы, якія складаюць высокую ўдзельную вагу захваральнасці і смяротнасці сярод нашых людзей. Гэтыя аддзяленні на працягу дня будуць працаваць у некалькі змен, што зручна для насельніцтва. Апошняе, на мой погляд, будзе спрыяць скарачэнню шпіталізацыі ў стацыянарах, дзе патрабуецца бесперапыннае назіранне за пацыентам.

Трэба адзначыць і тое, што ў сферы аховы здароўя будзе прымяняцца дзяржаўны сацыяльны заказ, куды будуць прыцягвацца грамадскія некамерцыйныя арганізацыі. Растлумачу, што некаторым жыхарам краіны, у прыватнасці, пажылым людзям, патрэбна не проста медыцынская, а медыка-сацыяльная дапамога, менавіта дома. Да такой работы можна прыцягваць, напрыклад, актывістаў Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Яно, дарэчы, было адным з ініцыятараў уключэння такога раздзела («Дзяржаўны сацыяльны заказ у сферы аховы здароўя») у Закон аб ахове здароўя.

Дадам, што ў закон унесена новая глава, «Інфармацыйнае забеспячэнне ў сферы аховы здароўя», у тым ліку і тэлемедыцынскія тэхналогіі. Яны цяпер атрымліваюць вялікае практычная прымяненне, асабліва з надыходам пандэміі каранавіруснай інфекцыі. У самым аддаленым кутку краіны можна атрымаць кансультацыю ў рэспубліканскіх навукова-даследчых цэнтрах, абмеркаваць, напрыклад, вынікі камп'ютарнай тамаграфіі лёгкіх, параіцца з калегамі аб тым, якія найбольш перспектыўныя метады лячэння прымяніць і г. д.

Ужо сёння вядуцца электронныя карткі стацыянарнага і амбулаторнага пацыентаў, у хуткім часе з'явіцца электронны кабінет пацыента, дзе той можа азнаёміцца з вынікамі сваіх абследаванняў. На мой погляд, гэта будзе вельмі добрай матывацыяй весці здаровы спосаб жыцця.

Для рэалізацыі прафесійнага патэнцыялу медыцынскіх работнікаў устанаўліваецца новая форма паслядыпломнай падрыхтоўкі — рэзідэнтура.

— Якія яшчэ навацыі ў сферы аховы здароўя?

— Асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца якасці медыцынскіх паслуг насельніцтву. З гэтай мэтай будзе праводзіцца экспертыза якасці медыцынскай дапамогі. Аналізавацца будуць не толькі асобныя выпадкі, але і цалкам работа пэўнай установы аховы здароўя: ці створаны ўсе неабходныя ўмовы для аказання медыцынскай дапамогі, як працуе сістэма аказання дапамогі ў медыцынскай установе. Уводзіцца кантраляванае лячэнне пацыентаў з туберкулёзам з мэтай, каб пацыент дакладна выконваў усе ўказанні ўрача. Дарэчы, гэтае складанае захворванне патрабуе некалькіх гадоў лячэння і штодзённага прыёму назначаных лекаў. Таксама гэта распаўсюджваецца і на іншыя сацыяльна істотныя хваробы: гепатыты, рассеяны склероз і г. д.

— Над чым цяпер працуюць члены вашай Пастаяннай камісіі?

— Мы, у прыватнасці, рыхтуем да першага чытання законапраект «Аб донарстве крыві і яе кампанентаў». Адпаведна з рэкамендацыяй Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, якой прызнаецца бязвыплатнае донарства як адзін з бяспечных відаў донарства і які складае аснову службы крыві, будзе ажыццяўляцца паступовы пераход да бязвыплатнага донарства. На пераходным этапе магчымая здача крыві як на платнай аснове, так і бязвыплатна. Дарэчы, плату рэкамендуецца пакінуць для донараў кампанентаў крыві. Вось асноўная сутнасць законапраекта, які цяпер распрацоўваецца.

Да другога чытання рыхтуецца закон «Аб турызме». Акцэнт у ім робіцца на абарону правоў спажыўцоў турыстычных паслуг. Не трэба нагадваць, што на працягу шэрага гадоў турыстычныя кампаніі раптоўна знікалі, а турысты заставаліся, як той казаў, ні з чым. Без грошай і без паслуг. Значна пагоршыла становішча ў турыстычнай сферы і пандэмія. Лічу, што дадзены закон вельмі своечасовы, з яго дапамогай у дзейнасць турыстычнай галіны будуць унесены неабходныя карэктывы. Вось над чым цяпер працуе наша камісія.

— Як дэпутат вы часта сустракаецеся з жыхарамі Мінскага раёна, ад якога выбіраліся ў Палату прадстаўнікоў. З якімі пытаннямі часцей за ўсё да вас звяртаюцца людзі?

— Хачу адзначыць, што работа ў парламенце — толькі частка дэпутацкай дзейнасці. Шмат увагі даводзіцца аддаваць рабоце з людзьмі у сваёй выбарчай акрузе. Іншымі словамі, на месцы. Што датычыцца пытанняў, то яны самыя разнастайныя. Найбольш часта падымаюцца пытанні па праблемах будаўніцтва жылля, рамонтна-будаўнічых работах, па ўтрыманні дарог, транспартных зносінах. Хоць і іншых зваротаў ад грамадзян хапае: пенсіённае забеспячэнне, медыцынскае абслугоўванне, датэрміновае выкарыстанне мацярынскага капіталу і іншыя.

Задаволеная, калі атрымліваецца станоўча вырашыць тое ці іншае пытанне, якое хвалюе жыхароў маёй выбарчай акругі. Усе пытанні мы вырашаем сумесна з Мінскім раённым выканаўчым камітэтам і яго службамі.

Так што смела магу сказаць: дэпутатам увесь час сядзець у парламенце не прыходзіцца, мы заўсёды сярод людзей.

Сяргей РУЧАНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.