Вы тут

Узоры любові


Рамантычная і ў нечым павучальная гісторыя пра рэканструкцыю традыцыйнага абрадавага касцюма народнага строю вёскі Маркавічы падштурхнула мяне выправіцца ў дарогу ў Гомельскі раён, каб зрабіць гэты фотаздымак і распавесці пра апантанага энтузіяста, цікавага чалавека — Віктара Шыпкова. У рубрыцы «Вытокі малой радзімы» мы імкнёмся адкрываць новыя імёны майстроў, якія вяртаюць з нябыту нашыя культурныя каштоўнасці — тыя ж самыя строі. У кожнага такога майстра (а гэта, як вядома, былі і ёсць у большасці сваёй жанчыны) свой непаўторны і адметны шлях да духоўных крыніц. Але супрацоўнік МУС, капітан міліцыі Віктар Шыпкоў, бацька пяцярых дзяцей, музыкант-гарманіст стаў для мяне ў нейкім сэнсе першаадкрывальнікам...


Віктару Шыпкову было васямнаццаць гадоў, калі ён цалкам уключыўся ў творчы працэс вывучэння і вышывання народнага адзення. Трэба сказаць, цікаваць да этнаграфіі, фальклору і абрадаў яму прывіў школьны настаўнік, а навучылі шыць родныя бабулі і прабабулі. Падчас вучобы ў сталічнай Акадэміі МУС наш герой не забываў сваё хобі, паміж заняткамі выкройваў час і «варажыў» над народным гарнітурам для сваёй абранніцы (таксама жыхаркі вёскі Маркавічы!) — задумаў да вяселля стварыць для яе комплекс жаночага адзення і вышыць на ім карункі-кветкі — і на сарочцы, і на «ўшвайцы» (безрукаўцы), і на «запасцы» (фартуху). Выплятаў кругавым пляценнем чырвоныя паясы. Ведаў, што ў старажытнасці ў падобных строях фарсілі маркавіцкія дзяўчаты і гаспадыні. Для Віктара Шыпкова народны сялянскі строй зрабіўся эстэтычным ідэалам жаночай прыгажосці, і ён хацеў, каб яго абранніца Валерыя заўсёды атрымлівала асалоду ад строгага, вытанчага і гарманічнага адзення.

Амаль сем гадоў, як Віктар і Валерыя стварылі сям'ю. Яны часта ўдзельнічаюць у народных святах і красуюцца ў эксклюзіўных адметных строях. Гаспадар па-ранейшаму працягвае вышываць, цяпер ужо — для сына і чатырох дачок.

А на гэтым здымку сужэнцы Шыпковы ў сваім «фірменным» маркавіцкім адзенні з меншымі дочкамі Софіяй і Таццянай каля крынічнай сажалкі паблізу гомельскага мікрараёна Хутар.

Анатоль КЛЯШЧУК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?